Вы тут

Кожнаму сваё, альбо Хто першы ўстаў, таго і тапкі


Кожнаму сваё, альбо Хто першы ўстаў, таго і тапкі

Досыць цёплы сёлета лістапад. А — успомніце — ЯКІ быў верасень…

Фота: pixabay.com

Многія такіх не прыпомняць, але ж яны здараліся — з цёплымі дажджамі, з сонечнымі днямі... Вакол толькі і гутаркі было, хто куды ездзіў у грыбы, колькі баравікоў прывёз ці прынёс. Іх сотнямі тады лічылі!

Мне таксама хацелася.

Угаварыла мужа махнуць у лес.

Сябры падказалі надзейнае месца.

...Мяркуючы па «схеме», да яго заставалася кіламетраў з дзесяць, калі я папрасіла спыніць машыну, зайсці ў невялікі лясок. Муж, зірнуўшы на яго (маладыя дубкі ды крывыя елачкі), хіба спытаў, што я там забылася. (Сказалі ж, маўляў, куды трэба ехаць!) Аднак на сваім не настойваў: паслухаўся, з багажніка дастаў кашы, адзін узяў сабе, другі даў мне.

...Тое, што на пад’ездзе мне здавалася таямнічым ляском, зблізку аказалася звычайнай пасадкай: радок дубкоў, радок невялічкіх елачак. Вырашылі — была не была — прайсціся, што называецца, навылет — з канца ў канец: раптам нешта натрапіцца... Хоць шанцаў, як выглядала, было няшмат: дрэўцы нізкія ды разлапістыя, галінкі амаль на траве.

Я першай «нырнула» пад першы дубок і ўголас ахнула, бо вакол ствала, па ўсім перыметры дрэўца, то «паасобку, то па пары» сядзелі прыгожыя баравічкі, штук мо... з дваццаць!

Мужа паклікаць не паспела — ён, пачуўшы вокліч, з’явіўся сам. «Вось гэта знаходка!» — не верачы вачам, прамовіў (чамусьці шэптам) і тут жа «нырнуў» пад дубок на суседнім радзе…

Поўзаць ад дрэўца да дрэўца, ад радка да радка, было, вядома, нязручна, але ж хто на гэта зважаў! Там дзесяць баравічкоў, там пяць, там тры, зноў дзесяць... І вакол — ні душы, як здавалася…

Але ж раптам, немаведама адкуль, «намаляваўся» сабачка і так гучна гаўкнуў, што я аж падскочыла. 

Я затаілася і пачула галасы. Адзін быў пісклявы, злы:

— Куды ты мяне прывёў? Тут жа нічога няма і нават быць не можа, — сварылася нейкая жанчына. — Я казала, што трэба ехаць далей — туды, дзе сосны. А тут я поўзаць не буду! Нават не спадзявайся!

— Ну і не поўзай — ідзі да машыны, — ціха бараніўся мужчына. — А я пад вунь тымі дубкамі зараз пагляджу…

Двое парачкай (муж першым, я ўжо бачыла яго) крочылі ў... наш бок, пад нашы з мужам дубкі, па нашы (!) баравікі.

І я ўжо не стрымалася: схаваўшы за дрэвам кош, выйшла на прагаліну і амаль гэтак жа гучна, як тая баба, стала гарадзіць свайму чалавеку, што спыніліся няўдала, што тут лавіць няма чаго («Вунь, нават людзі пра тое кажуць!»), што трэба ехаць далей…

Незнаёмец са здзіўленнем паглядзеў на мяне, трохі паслухаў, потым рашуча павярнуўся, паклікаў сабачку і пайшоў да жонкі, якая, з форсам задраўшы галаву ад сваёй слушнасці, ужо крочыла ў бок дарогі, дзе, напэўна, стаяла машына.

Мы з мужам пераглянуліся, ціха пасмяяліся і з палёгкай уздыхнулі, а калі пераканаліся, што канкурэнтаў болей няма, — зноў нырнулі пад нізкае голле…

Праз нейкую гадзіну-другую, змораныя, трохі абадраныя, але бясконца шчаслівыя, мы-такі вылезлі з-пад цудоўных дрэўцаў з двума паўнюткімі кашамі маладых баравічкоў! Каб злажыць тыя, што ў кашы не ўлезлі, мне давялося зняць сваю хустку…

Па дарозе дамоў — не без таго — мяне даймалі згрызоты сумлення. Ну як жа: падманула, сказала незнаёмцам, што грыбоў няма — не здолела падзяліцца шчасцем.

А з іншага боку…

На нашым месцы так зрабіў бы, мусіць, кожны заўзяты грыбнік: як той казаў: хто першы ўстаў, таго і тапкі, хто першы спыніўся, таму і грыбы.

В. Бабко-Аляшкевіч

в. Радкава, Салігорскі раён


А не шкодзь, альбо За дабро — «дабром»?

Вы думаеце, што помста — гэта ўласцівасць людзей?

Фота: pexels.com

І я так думала, але ж неяк у скверы да мяне падсела маладая жанчына, паглядзела, як я кармлю птушак, а потым расказала пра непрыемнасць, якая здарылася ў брыгадзе знаёмых будаўнікоў.

...У звычайныя дні яны, муляры, абедалі ў бытоўцы. У той — вырашылі нікуды не ісці: падсілкавацца на месцы, на доме, сцены якога яшчэ трэба было ўзводзіць. Заслалі газетай паддоны ад цэглы, аб’ядналі свае ссабойкі, выпілі піва, павесялелі…

Можа, на іх вясёлы гоман, можа, на пах каўбасы прыляцела шэрая варона — стала пазіраць на стол. Адчувалася, што яна галодная, бо тут жа падбірала кінутыя кавалачкі хлеба, знікала і з’яўлялася зноў. «Што — смачна? А хочаш, я смачней зраблю?» — папытаўся ў птушкі Пеця і, паліўшы скарыначку півам, кінуў яе вароне: частуйся, маўляў, я сёння добры.

Што здзівіла, птушка не адмовілася: вокам не міргнула — хапнула хлеб і на гэты раз нікуды не паляцела: засталася чакаць новага пачастунку.

За Пецем «не заржавела»: кінуў птушцы яшчэ…

Што далей было, здагадацца няцяжка: здаволіўшы не тое голад, не тое смагу, варона паварушыла крыламі — паспрабавала ўзляцець... Ды дзе там — ледзь адышлася ў кут. «Во... Як мы іншым разам!» — зарагаталі мужчыны.

Паабедаўшы, яны вярнуліся да работы, і тое, што ў куце птушкі няма, заўважылі толькі пад вечар. «Праспалася і паляцела», — парадаваліся будаўнікі і, напэўна, забыліся б, але назаўтра, варта было ім сесці вакол тога «стала», варона прыляцела зноў: паразглядала кампанію здалёку і як бы знізу (з «вышыні» свайго росту), потым — узляцеўшы на вугал толькі што складзенай сцяны, зверху і…

Бедны Пеця: не паспеў ён вокам міргнуць — адкусіць ад свайго бутэрброда, як на ім, акурат пасярэдзінцы, з’явілася такая прыгожая «кветачка»…

Хлопец знямеў, пазелянеў ад злосці — кельмай запусціў у птушку, але той, вядома ж, і след прастыў.

Ні яна сама, ні яе сяброўкі на будоўлю больш не прыляталі.

Зрэшты, будаўнікі таксама зрабілі высновы: з таго самага дня абедаць ды часам піва піць сталі выключна ў бытоўцы.

...Праўда гэта ці не, сцвярджаць не бяруся: як той казаў, за што купіла, за тое прадала. Можа, каму навукай будзе?

Ганна Мікалаева

г. Гомель


Справа прынцыпу, альбо Маладосць — буйносць...

На пытанне пра сваю адукацыю наша цётачка Маня заўсёды адказвала аднолькава: «Два класы і калідор». Мы здагадваліся, што гэта вельмі мала, а вось чаму не болей, даведаліся куды пазней.

У школу, як многія дзеці вайны, гэтая дзяўчынка пайшла пераросткам, скончыла першы клас і другі, стала хадзіць у трэці, як тут…

Урок арыфметыкі. Настаўніца піша на дошцы ўмовы задачы, выклікае Маню рашаць. «А я, — расказвала потым цётачка, — ну як з неба якога звалілася: нейкі ступар напаў... Дзеці з месцаў падказваюць, рукамі махаюць, — я нічога не разумею, нічога не раблю.

А настаўніца, бачу, нервуецца: яна ў нас строгая была, паблажак нікому не давала. Вось і тут паўстала ў мяне над душой са сваім „рашай!“ ды яшчэ і за каршэнь узяла. Трымае мяне, як шкадлівага ката, ад чаго ў галаве ну ніякіх думак, апроч адной: як бы вырвацца? Ага: можна папрасіцца ў туалет.

„Добра, — згаджаецца настаўніца, — мы з табой удзвюх (!?) туды сходзім, потым вернемся, і ты будзеш рашаць задачу“.

Кажа так не жартуючы — вядзе да дзвярэй і з класа на вуліцу…

Туалет у нас за школай быў, але ж пайсці ў яго разам з настаўніцай... Ды божа барані! Лягчэй — мне здалося — на ганку адштурхнуць яе, вырваць сваю шыю з учэпістых пальцаў і кінуцца прэч…

На дварэ быў добры мароз, але па вопратку і торбу з кніжкамі я не вярнулася: пабегла дамоў. „Нешта ты сёння рана?“ — спытала матуля. — „А хай не крыўдзяць!“ — ляпнула я і палезла на печ. Паплакала там, сагрэлася — не заўважыла, як заснула…

Прачнулася ад нейкіх галасоў, высунула галаву з-за коміна, бачу — Макарыха прыйшла, тая самая настаўніца, уласнай персонай. Прынесла маю вопратку і падручнікі, гаворыць маме, каб заўтра я абавязкова прыходзіла ў школу, каб, крый божа, не злавала, не дзьмулася. „А што ў вас там адбылося? — пытае матуля. — Маня казала: яе пакрыўдзілі“. — „Не... Што вы, што вы, — бароніцца Макарыха. — Не было нічога такога!“. — „А вось і было“, — кажу ім абедзвюм, бо дома, на сваёй печы ды яшчэ і пры маме я ж такая смелая…

Праўда, у школу ісці „пабаялася“: дакладней — гордая — проста не захацела: з прынцыпу сядзела дома, дапамагала маме пыніць гаспадарку, потым стала хадзіць у калгас на палявыя работы...»

Вось такая гісторыя пра два класы і калідор.

Да яе можна дадаць, што ў працы роўных нашай цётачцы Мані і блізка не было! Ды і ў жартах, у танцах, мусіць, таксама.

Не дзіва, што яна хутка выйшла замуж, што нарадзіла і вывела ў людзі чатырох сыноў (адзін, на жаль, вельмі рана памёр), што прычакала ўнукаў і ўнучак, што ўсім малым ды маладым пад старасць казала, каб хаця стараліся, каб хаця вучыліся, бо з адукацыяй чалавеку лягчэй жывецца. «Да мяне гэта позна дайшло», — шкадавала цётка і нязменна дадавала, што трэ было паслухаць тады Макарыху — пайсці назаўтра ў школу.

Святлана Міхайлоўская

Уздзенскі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж (і, напэўна, яшчэ раз?). Прыказкі ды прымаўкі з іншых моў на беларускую і наадварот не перакладаюцца — шукаецца адпаведнік. Такім чынам рускаму «Молодо — зелено» адпавядаюць нашы «Маладосць — буйносць» і «Маладосць — усё дурносць».

Хрэн за рэдзьку не саладзейшы.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.