Вы тут

За што прыродаахоўнікі караюць землекарыстальнікаў


Рыхтуючыся да зімы, трэба прыбірацца не толькі ва ўласным двары ці жыллі, але і ва ўсёй краіне, ды і рабіць гэта неабходна не толькі перад маразамі, а своечасова і цягам усяго года. У кагосьці гэта атрымліваецца, у кагосьці — не. Адсюль і наступствы. Тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды сёлета праведзена звыш трох тысяч кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў, якія выявілі больш за 50 тысяч парушэнняў. Аштрафавана больш як 2,5 тысячы асоб на суму звыш трох мільёнаў рублёў. Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў — забруджванне зямель, скід сцёкавых вод і выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу з перавышэннем нарматываў, недастатковая барацьба з інвазійнымі раслінамі.


Драпежнікаў — знішчаць!

Адзін з найбольш актуальных кірункаў работы Мінпрыроды — барацьба з інвазійнымі раслінамі (найперш баршчэўнікам Сасноўскага і сумнікам Канадскім), распаўсюджванне колькасці якіх стварае пагрозу жыццю і здароўю грамадзян і захаванню біяразнастайнасці.

— Мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання колькасці баршчэўніку (па стане на 1 кастрычніка) праведзены ў Беларусі на тэрыторыі 5353 гектары (106% да вызначанага на сёлета задання). Найбольш эфектыўным (хімічным метадам) апрацаваны 4594 гектары. 5490 гектараў (104,7% ад задання) апрацаваны ад сумніку Канадскага, — паведаміў Пётр Нікалаенка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці — начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды. — Такім чынам, усімі раёнамі краіны па выніках дзевяці месяцаў вызначаныя планамі заданні выкананы.

Нягледзячы на прыманыя тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды меры, землекарыстальнікі не заўжды добрасумленна выконваюць мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці інвазійных раслін. Месцы іх росту своечасова не апрацоўваюцца хімічнымі сродкамі і не скошваюцца, што вядзе да квітнення і далейшага распаўсюджвання насення.

— Сёлета органамі Мінпрыроды (па баршчэўніку) выдадзена каля 2000 прадпісанняў. На агульную суму звыш 100 тысяч рублёў аштрафавана звыш 200 вінаватых асоб. Па сумніку таксама выдадзена 2000 прадпісанняў, выпісана штрафаў на агульную суму 50 тысяч рублёў 100 вінаватым, — расказаў Уладзімір Касьяненка, начальнік упраўлення каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды.

Для папярэджання негатыўных наступстваў для біяразнастайнасці ў выніку росту баршчэўніку і сумніку ў сталіцы распрацаваны план для кожнага адміністрацыйнага раёна горада з указаннем выяўленых месцаў росту інвазійных раслін, падзяліўся Дзмітрый Шунькін, намеснік старшыні мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Для знішчэння ў асноўным прымяняюцца механічны, хімічны і камбінаваны спосабы. У адносінах баршчэўніку за апошняе дзесяцігоддзе ў Мінску дасягнуты пэўныя поспехі — плошча яго росту паступова скарачаецца. Як інфармуюць землекарыстальнікі, на пачатак кастрычніка работа па рэгуляванні колькасці баршчэўніку выканана на ўсёй плошчы яго росту ў сталіцы — на 18,2 гектара. Нягледзячы на выяўленне новых месцаў росту баршчэўніку, па выніках сёлетняй інвентарызацыі плошча яго росту скарацілася на 2,4 гектара і складае 15,8 гектара.

Як інфармуюць адміністрацыі раёнаў сталіцы, работа па знішчэнні сумніку таксама праведзена на ўсёй тэрыторыі яго росту ў Мінску — 156,5 гектара. Тым не менш барацьба з сумнікам вядзецца па рэшткавым прынцыпе і мерапрыемствы выконваюцца недастаткова. Як вынік — на тэрыторыі Мінска сёлета плошча яго росту павялічылася, дадаў ён:

— За дзевяць месяцаў па выніках мерапрыемстваў тэхналагічнага характару, якія праводзіў мінскі прыродаахоўны камітэт, выдадзена 532 пункты прадпісанняў, складзена 32 пратаколы больш як на 11 тысяч рублёў.

Віну прызнаў — штраф не атрымаў

Карыстальнікам даецца магчымасць добраахвотна ліквідаваць хібы пасля атрымання прадпісанняў і рэкамендацый без прымянення штрафаў, падкрэсліў Уладзімір Касьяненка:

— Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны механізм вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці вінаватых асоб з прымяненнем папярэджання пры вытрымліванні комплексу ўмоў. Па-першае, вінаватая асоба павінна прызнаць факт здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Па-другое, цягам года асоба павінна не прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці і не вызваляцца ад яе за такое ж самае правапарушэнне. Па-трэцяе, добраахвотна пакрыць нанесеную пры здзейсненым правапарушэнні наваколлю шкоду (калі такое адбылося). Такім чынам, з пачатку года ад адміністрацыйнай адказнасці з прымяненнем прафілактычных мер уздзеяння ў выглядзе папярэджання вызвалена звыш сямі тысяч чалавек.

Для тых, хто рэгулярна парушае прыродаахоўнае заканадаўства і ігнаруе прафілактычныя меры ўздзеяння, маюцца іншыя заканадаўчыя рычагі ўздзеяння, найперш штрафы. Напрыклад, за парушэнне закона аб абыходжанні з адходамі фізічныя асобы могуць атрымаць штраф да 30 базавых велічынь (БВ), а юрыдычныя — да тысячы БВ. Больш за тое, прызначаны штраф не вызваляе вінаватага ад пакрыцця шкоды, нанесенай наваколлю, удакладніў спецыяліст Мінпрыроды:

— З году ў год несанкцыянаваных звалак становіцца ўсё менш, аднак яны ўсё роўна ёсць. З пачатку 2023-га тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды прад’явілі каля 600 прэтэнзій аб кампенсацыі шкоды, нанесенай наваколлю ў выніку забруджвання адходамі. Яшчэ адзін від парушэнняў у галіне абыходжання з адходамі — невытрымліванне схем па абыходжанні з камунальнымі адходамі, што праяўляецца ў перанапаўненні кантэйнераў і захламленні кантэйнерных пляцовак. Прадугледжаны таксама штраф за захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Яго грамадзяне могуць атрымаць, калі пры наяўнасці кантэйнераў для збору камунальных адходаў і для збору ДМР выкідваюць другасную сыравіну ў звычайнае смецце.

Уладзімір Касьяненка ўдакладніў, што ў краіне фіксуецца даволі шмат выпадкаў скіду сцёкаў прадпрыемствамі. Такія парушэнні маюць істотную ўдзельную вагу. Вінаватыя асобы акрамя штрафаў атрымліваюць абавязак пакрыць шкоду, нанесеную наваколлю:

— Каб вызначыць яе памер, адбіраюцца пробы вады вышэй і ніжэй месца скіду, пасля чаго яны вывучаюцца ў лабараторыі, дзе разлічваюцца гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі рэчываў, якія змяшчаюцца на дадзеным участку воднага аб’екта. Зыходзячы з гэтага вызначаецца сума шкоды.

Каб усім разам не жыць у брудзе, трэба каб кожны паасобку не смеціў у лесе, на рацэ, абочыне ды ваколіцы.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.