Вы тут

Аляксандр Раманькоў пра Алімпійскія гульні, самаадданасць спорту і кнігу рэкордаў Гінэса


Дзесяць залатых медалёў з чэмпіянатаў свету (па пяць у асабістым і камандным выступленнях), асабістае серабро Алімпійскіх гульняў 1976, серабро Алімпіяды-80 у камандным турніры і бронза ў асабістым, асабістая бронза і каманднае золата Алімпійскіх гульняў 1988 года. За свае спартыўныя дасягненні рапірыст Аляксандр Раманькоў нават уключаны ў кнігу рэкордаў Гінеса. І гэта ўсё беларуская школа фехтавання! «Калі я працаваў у Аўстраліі, мне прапанавалі памяняць грамадзянства. А я адказаў: „Мая родная Беларусь, перада мной ні ў чым не вінаватая, каб я мяняў грамадзянства. Гэта я ёй павінен“. Больш ніхто да мяне з такімі пытаннямі не падыходзіў», — успамінае чэмпіён. Судзячы па колькасці медаляў Аляксандра Раманькова, абавязак Радзіме ён аддаў спаўна. А яшчэ была і трэнерская дзейнасць, і праца старшынёй Беларускай федэрацыі фехтавання. А сёння ёсць пасада намесніка старшыні федэрацыі фехтавання, актыўная дзейнасць у розных грамадскіх арганізацыях, моцная сям’я, выдатнае пачуццё гумару, шмат ідэй і энтузіязму. Для інтэрв’ю з такімі людзьмі асаблівая нагода не патрэбна. Але ён усё ж такі ёсць, у чырвоны дзень календара, 7 лістапада, Аляксандру Раманькову споўнілася 70 гадоў.


— Аляксандр Анатольевіч, ваша кар’ера ўнікальная не толькі з-за вялікай колькасці перамог, але і таму, што вы ўсю кар’еру правялі з адным трэнерам. Якім чалавекам быў Эрнст Уладзіміравіч Асіеўскі?

— Для фехтавання наогул нонсэнс, калі спартсмена ўсю кар’еру вядзе адзін трэнер. Я трэніраваўся ў Эрнста Уладзіміравіча з 11 да 40 гадоў. Гэта, дарэчы, яшчэ адна прычына, па якой мяне можна ўключыць у кнігу рэкордаў Гінэса. Для мяне трэнер быў і мамай, і татам, і сябрам, і псіхолагам. Для кожнага спартсмена, незалежна ад віду, галоўны псіхолаг — яго трэнер, астатнія ідуць у даважку. Эрнст Уладзіміравіч — трэнер ад бога. Маючы ўсяго першы спартыўны разрад, выгадаваў трох алімпійскіх чэмпіёнаў — мяне, Колю Алёхіна и Барыса Карэцкага. І пры гэтым Асіеўскі — трэнер-самавучка. Я настолькі давяраў свайму трэнеру, што браў у яго ўрокі фехтавання без маскі. Эрнст Уладзіміравіч быў членам нашай сям’і. Мы і сварыліся, і спрачаліся, але ў цэлым жылі мірна. Бо гэта быў чалавек з вялікай літары. Мне пашанцавала, што мяне выхоўвалі людзі, якія бачылі вайну, якія ведалі, што такое праца. У іх была асаблівая псіхалогія, якую яны закладалі мне і іншым сваім вучням.

— Акрамя Эрнста Уладзіміравіча, хто яшчэ быў такім чалавекам?

— Мабыць, Герман Мацвеевіч Бокун, заснавальнік беларускага фехтавання, намеснік старшыні Спорткамітэта БССР. Мне было 15 гадоў, калі памёр бацька, Бокун мяне падтрымаў, паабяцаў усялякую дапамогу і сапраўды дапамагаў. Калі мне было гадоў 18, ён папрасіў у Асіеўскага аддаць мяне яму. Эрнст Уладзіміравіч адмовіў. А Бокун у адказ: «Ну добра, не хвалюйся, я табе дапамагу». І не крыўдзіўся, палкі ў колы не ўстаўляў, а дапамагаў. Чалавечышча! Калі правініўся — узгрэе так, што мала не здасца. Усе ведалі, што калі Бокун падымае акуляры на лоб, трэба «хавацца ў бульбу, і чым хутчэй, тым лепей». За сваіх спартсменаў ён стаяў гарой. І ведаў, як знайсці падыход да кожнага. Прывяду адзін прыклад. Мне 20 гадоў, я выступаю на сваім першым чэмпіянаце свету сярод дарослых, 1974 год Грэнобль. Усе выдатна разумелі, што ніякага медаля ў мяне і быць не можа. Ну нерэальна, каб спартсмен, які да гэтага нідзе не выступаў, раптам узяў медаль на чэмпіянаце свету. Мне паставілі простую задачу: «Фехтуй, як зможаш». І тут я выходжу ў фінал! Апошні бой з італьянцам Карла Мантана, у ім 100 кг вагі і 180 сантыметраў росту, але на дарожцы рухаецца, як мячык. Перад фіналам Герман Мацвеевіч адводзіць мяне ў бок, падымае акуляры на лоб і як выдасць, не саромеючыся ў выразах: «Ты якога чорта сюды прыехаў? Ты ведаеш, колькі людзей у вайну загінула. Тады мы абаранялі краіну са зброяй у руках, а зараз ты яе абараняеш. У цябе там мама, трэнер — фехтуй». Ён ведаў, што тэма Вялікай Айчыннай вайны для мяне вельмі важная, і зрабіў акцэнт менавіта на ёй. Я выскачыў і як накінуўся на італьянца! Лік 4:1 на маю карысць, а потым і 5:1. Так у 20 гадоў на сваім першым міжнародным старце я стаў чэмпіёнам свету. Шчасце азмрочвалася толькі тым, што мой трэнер не бачыў гэтай перамогі, яго ў Грэнобль не ўзялі. Пазней мне расказалі, што пра перамогу Эрнст Уладзіміравіч даведаўся ад нашага збройніка, які на 90 працэнтаў размаўляў жартамі. Спачатку не паверыў. Але калі пераканаўся, што гэта праўда, зняў маску, адклаў рапіру, выйшаў на вуліцу і заплакаў.

— Сапраўды прыгожы пачатак вашых бліскучых перамог…

— Гэта было неверагодна. 20-гадовы невядомы спартсмен абышоў грандаў. Уявіць цяжка! Я ехаў у Грэнобль праверыць сваю тэхніку, набрацца досведу. Мне было гадоў 17, калі нас запрасілі для спарынгу з Аленай Бяловай. Я правёў з ёй адзін бой, прайграў, вядома, але быў вельмі шчаслівы, што фехтаваў з самой Бяловай. Але тое спарынг. А тут чэмпіянат свету і адразу перамога! Праўда, знайшліся людзі, якія не прамінулі сказаць: «вось ён зараз выйграў, і больш мы пра яго нічога не пачуем». Што ж, іхняя справа. А ў 1988 годзе, калі ў 35 гадоў я стаў алімпійскім чэмпіёнам, яны ж мне казалі: «Саша, табе нельга сыходзіць, маладняк без цябе не справіцца».

— Цікава, што будучага чэмпіёна свету адлічылі з юніёрскай зборнай СССР. За што?

— Будучы ў складзе юніёрскай зборнай СССР, у 17 гадоў, я нідзе не перамагаў. Маім найлепшым вынікам было шостае месца. Гэта зараз шостае месца — поспех, а тады — правал. І на трэнерскім савеце на мяне наклеілі налепку «бесперспектыўны» і выключылі са зборнай. Сабраліся мы з трэнерам: ён першаразраднік, трэнер-самавучка, я ўжо майстар спорту, але бесперспектыўны, — і сталі працаваць. Як я ўкалваў! Жылі мы ў Чыжоўцы. У 6 раніцы выязджаў з дому, у 8 раніцы быў на трэніроўцы ў Палацы спорту. Адпрацоўваў трэніроўку, потым яшчэ гадзіну ўрока ў Асіеўскага. Пасля ехаў на заняткі ў інстытут фізкультуры. У сем гадзін вечара — трэніроўка на стадыёне «Дынама». У 11 вечара, а то і пазней быў дома. І так шэсць дзён на тыдзень!

— Вядома, што падчас спартыўнай кар’еры ў вас была мянушка «вясковы Д’Артаньян». Адкуль яна ўзялася?

— За вясковага Д’Артаньяна дзякуй нашым журналістам, якія так мяне ахрысцілі. Але ў свеце мяне ведалі пад іншай мянушкай. У Францыі, Іспаніі, Венгрыі, Італіі мяне называлі проста «наш Саша» (з націскам на апошні склад, на французскі манер). Нават на спаборніцтвах аб’яўлялі не па прозвішчы, а «наш Саша».

— Спартыўны псіхолаг Мікалай Волкаў калісьці адзначаў, што «Аляксандр Раманькоў — спартсмен з самай глыбокай філасофіяй». Як вы думаеце, што ён меў на ўвазе.

— Адкуль жа мне ведаць. Але ж, напэўна, не проста так мне ўручылі прыз Рабэра Феерыка з фармулёўкай «За інтэлект і высокія маральныя якасці, што спрыяе распаўсюджванню фехтавання ў свеце». У мяне ніколі не было праблем з партнёрамі па камандзе. Мы маглі не сыходзіцца ў бытавым плане, але на спаборніцтвах стаялі адзін за аднаго гарой. Гэта частка спартыўнай філасофіі. Я заўсёды паважліва ставіўся да сапернікаў і гледачоў. У мяне ніколі не ўзнікала праблем з суддзямі, у фехтаванні ёсць месца прадузятасці і лепш падтрымліваць з імі паважлівыя адносіны. Калі ўжо філасофстваваць, то я б сказаў, што кожны спартсмен павінен прайсці тры ўзроўні. Першы — навучыцца сваёй справе, вывучыць тэхніку валодання зброяй, тэхніку валодання целам, сабраць як мага больш ведаў. Прайшоўшы гэты ўзровень, спартсмен можа добра выступаць. Але каб быць найлепшым, трэба прайсці другі ўзровень — навучыцца валодаць сабой. А трэці ўзровень для найлепшых з найлепшых — уменне валодаць супернікам і публікай. Сюды дайшлі вялікія спартсмены, напрыклад, у фехтаванні — Алена Бялова, Віктар Сідзяк і іншыя. Маё пакаленне вучылася на іхнім прыкладзе, асабіста я вучыўся ў Сідзяка быць мужыком.

— Дарэчы, пра Віктара Сідзяка. Ужо стала легендарнай гісторыя пра тое, як на Алімпійскіх гульнях 1972-га, атрымаўшы сур’ёзную траўму вока, ён выйшаў выступаць. Вы б на яго месцы зрабілі гэтак жа?

— Несумненна. На шчасце, у мяне абышлося без такіх сур’ёзных траўм, як у Віктара. Але таксама выступаў з траўмамі — рука наскрозь прабіта, а я іду фехтаваць. Нават думкі не ўзнікала зняцца з турніру. Гэта псіхалогія савецкіх спартсменаў. «Ёсць такая прафесія — «Радзіму абараняць». А гэта не толькі пра вайскоўцаў. Усе, хто сее хлеб, пячэ яго, капае шахты, вучыць дзяцей — абараняюць Радзіму. Я бараніў Радзіму на спаборніцтвах. Заўсёды перад выступленнем думаў пра маму, жонку, дзяцей, трэнера, сяброў — яны мая радзіма і я за іх выступаў. А што да траўмаў, дык без іх у фехтаванні нікуды. На жаль, нават здараліся трагедыі. У 1982 годзе на чэмпіянаце свету падчас бою нашага Уладзіміра Смірнова з немцам у саперніка зламалася рапіра. Абломак прабіў маску Валодзі, а затым вока, быў закрануты і мозг. Валодзя загінуў. А чаму мы ў 1980-м на Алімпіядзе не выйгралі ў камандзе? У паўфінале паранілі Валодзю Лапіцкага, рапіра слізганула па рэбрах і прабіла жывот. На шчасце, жыццёва важных органаў не закранула. Запаснога ў нас не было і нам у каманду паставілі шпажыста. І якая ў такім разе перамога? Пасля гэтага была зменена экіпіроўка, сталі выступаць у кеўларавых касцюмах, якія робяць з таго ж матэрыялу, што і бронекамізэлькі. У клінкі сталі дадаваць марагенавую сталь, яны гнуцца, але не ламаюцца. Экіпіроўка стала істотна даражэйшай, але няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё.

— Як вы думаеце, у сучасных спартсменаў хапае такой жа самаадданасці, што была ў вашага пакалення?

— Я веру, што нашы сучасныя спартсмены лягуць касцьмі для дасягнення выніку, як гэта рабілі мы. Так, ва ўсіх характары розныя — у кожнага свае шкілеты ў шафах і тараканы ў галаве. Але яны ўсе настроены на вынік.

— Аляксандр Анатольевіч, як гэта — выступаць на двух Алімпійскіх гульнях і кожны раз заставацца без залатога медаля?

— Гэта сапраўдная трагедыя. Кожны раз я быў фаварытам. У Манрэалі ў асабістым турніры прайграў італьянцу Фабіа дэль Зота, якому не прайграваў ні да, ні пасля Алімпіяды. На Гульнях у Маскве ў асабістых спаборніцтвах я не тое што перагарэў — мяне знішчыла маё шалёнае жаданне перамагчы. Атрымаў бронзу. Адчай шалёны — ёсць алімпійскія серабро і бронза, дзевяць перамог на чэмпіянаце свету, пяць з іх асабістыя, ужо ўнесены ў кнігу рэкордаў Гінэса, а алімпійскага золата няма. У 1985 годзе мне прапануюць паступаць у Вышэйшую партыйную школу. Пагаджуся — са спортам давядзецца заканчваць. А я ўжо жанаты, дачушка нарадзілася, трэба і аб сям’і падумаць. Жонка Тамара, сама спартсменка, усё разумеючы, сказала толькі: «Саша, у цябе няма аднаго — самага галоўнага медаля». Я вырашыў, што паеду па алімпійскае золата. На Алімпіяду 1988 года нашу каманду адпраўляць не хацелі, пасылалі толькі мяне. Абыходзілі розныя кабінеты, кляліся, што ў Сеуле будзем мінімум трэцімі. Пад маю адказнасць адправілі каманду на Гульні. Я ў асабістым стаў трэцім, па сутнасці абяцанне выканаў. На шчасце, і каманда сваё абяцанне выканала. Мне было 35 гадоў, хлопцы маладзейшыя, але фехтавалі выдатна. Яны мне і дапамаглі стаць алімпійскім чэмпіёнам. Да сеульскай Алімпіяды я амаль два месяцы не быў дома, а жонка адна з маленькай дачушкай. Аднойчы ў тэлефоннай размове спытала, калі ж мы ўжо ўбачымся. Я ёй адказаў проста: «Калі выйграю залаты медаль, ты мяне ўбачыш па тэлевізары». У Сеуле падчас інтэрв’ю я сказаў у камеру: «Тома, я ж абяцаў, што ты мяне ўбачыш, калі я выйграю залаты медаль. Я яго выйграў».

— Якая Алімпіяда для вас самая яркая?

— Па ідэі, я павінен сказаць, што Сеул, бо там было доўгачаканае золата. Але кожная Алімпіяда асаблівая. На першых Гульнях мне быў 21 год. Хто я быў? Ніхто. А вакол зоркі. Мяне ніхто не ведаў, а я ведаў усіх. У 1980-м годзе мяне ўсе ведалі, і я ўсіх ведаў. А у 1988-м годзе мяне ўсе ведалі, але я нікога не ведаў. Я яшчэ выступаў да 1992 года. Мне амаль 40 гадоў, ужо фехтавальны пясок сыплецца. Я ўжо выйграў усё, што можна. А мне прапануюць паехаць на Алімпійскія гульні ў Барселону. Але ехаць на Алімпіяду «турыстам» я ўжо не хацеў.

— Аляксандр Анатольевіч, каштоўнасць асабістага і каманднага медаля адрозніваюцца?

— Для кіраўніцтва, трэнераў, вядома ж, лепш пяць медалёў, чым адзін. Можна па пальцах пералічыць спартсменаў, якія перамагалі ў асабістых спаборніцтвах, гэта богам адзначаныя людзі — Алена Бялова, Віктар Сідзяк, Таццяна Самусенка. Іх адзінкі. А перамога каманды — гэта паказчык сілы краіны. Ёсць, вядома, універсалы, якія могуць перамагаць і ў камандзе, і ў асабістым турніры. Сустракаецца і такі парадокс — некаторыя бліскуча фехтуюць у асабістым турніры, але зусім не могуць выступаць у камандзе. А некаторыя ў камандзе выступаюць як багі, але не могуць паказаць рэзультат у асабістым. Прыклад — прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах, бліскучы камандны гулец. Дарэчы, у мяне ён ні разу не выйграў, пра што і дагэтуль мне нагадвае. Неяк на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі расказваў, што ні разу не выйграў у мяне. Калегі нават жартавалі, што мне трэба было і паддацца. І на закрыцці Еўрапейскіх гульняў у Мінску ён зноў расказваў журналістам, што ні разу не выйграў у Раманькова.

— Аляксандр Анатольевіч, аб’ектыўна ўзровень сучаснага беларускага фехтавання далёка не такі, як быў раней. Будзе вельмі крыўдна ўпусціць від спорту з такімі традыцыямі. У чым праблема?

— Спорт — гэта перш за ўсё капіталаўкладанне, а яно зараз далёка не такое, як было раней. У нас шмат трэнераў з’ехала, і гэта таксама вялікая праблема. Мы сёння спрабуем адрадзіць нашы традыцыі, адчыняем новыя залы, запрашаем трэнераў. Нядаўна ў Гомелі адкрылі новую цудоўную залу. Зараз там пахне фарбай, але хутка будзе пахнуць потам, а пот прывядзе да алімпійскіх медалёў. Сёння ў нас шмат класных спартсменаў, але мы не можам вывозіць іх на міжнародныя старты. Нам пашанцавала, што мы можам спаборнічаць з расійскімі сапернікамі. Яны моцныя і ў баях з імі нашы атрымліваюць досвед і практыку. Так, пакуль мы не можам балюча ўшчыпнуць расіян, але ўсяму свой час. Я ўжо так хачу, каб хто-небудзь з беларускіх фехтавальшчыкаў выйграў Алімпійскія гульні ці чэмпіянат свету. Я нават згодзен, каб мой рэкорд пабілі. Мне не шкада.

— Дарэчы, як вы даведаліся, што патрапілі ў кнігу рэкордаў Гінэса?

— У кнігу мяне ўключылі ў 1983-м годзе, калі стаў пяціразовым чэмпіёнам свету. А даведаўся я пра гэта толькі ў 1988-м. Інфармацыя і спецыяльны дыплом прыйшлі ў Спарткамітэт СССР у Маскву, і там заваляліся. Пазней з сябрам Барысам Карэцкім зайшлі ў кнігарню. А на паліцы ляжыць кніга рэкордаў Гінэса, загорнутая ў цэлафан, дарагая. Цікава ж на сябе паглядзець. Прапаную прадаўшчыцы заклад: разгортваем кнігу, калі я ў ёй ёсць — мне яе дораць, калі не — я яе купляю. Ужо і народ сабраўся, хохма такая адбываецца. Разгортваем цэлафан, раскрываем кнігу — і бачым маю фатаграфію. Прадаўшчыца ў шоку, але ледзь не плача, бо не можа проста так кнігу падарыць. Дарэчы, мой рэкорд 40 год ужо трымаецца, ніхто так і не пабіў.

— Аляксандр Анатольевіч, у фехтаванні вы былі і спартсменам, і трэнерам, і кіраўніком федэрацыі. У якой ролі камфортней за ўсё?

— У статусе мужа сваёй жонкі. Але калі казаць сур’ёзна, то, мусіць, самым яркім перыядам у маёй біяграфіі, быў час, калі я быў спартсменам. У мяне заўсёды было адно заданне — заняць месца з першага па трэцяга, калі займаў трэцяе, атрымліваў наганяй. Я быў малады і не баяўся нічога, мяне ўсе баяліся. Быць трэнерам вельмі складана, трэба вельмі шмат бачыць і аналізаваць. Трэнерам трэба нарадзіцца. Вось мой трэнер ім нарадзіўся, а я нарадзіўся спартсменам.

— Улічваючы вашу насычаную біяграфію, чым вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Сям’ёй, у мяне жонка і двое дзяцей, ёсць унукі. Ч чаго яшчэ жадаць? Так, спорт — гэта прызнанне, слава. Але спорт — гэта, перш за ўсё праца, і спорт — гэта не ўсё жыццё. Таму трэба старацца, каб дома ўсё было добра. Тады і ў спорце ўсё будзе атрымлівацца, і медалі будуць, і рэкорды.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.