Вы тут

Аляксандра Мелех: Гэта як і не праца зусім


У сацсетках яна называе сябе народнай душой і ў гэтыя словы ўкладае ўсю сваю любоў да поп-фолку. Гэта тое, чым жыве і дыхае. «Там, дзе я, там народныя песні. 24 на 7 у мяне ў вушах гучыць толькі народны матыў. Я вялікі фанат гэтага кірунку, гэта маё жыццё», — сказала яна падчас аднаго інтэрв’ю. Спявачка ўпарта ішла да сваёй мары. Аднак шлях да поспеху не быў лёгкі. Маладая артыстка шмат працавала і грукалася ва ўсе дзверы, каб дамагчыся жаданага. Многім можа здацца, што яе характар такі ж мяккі, як і знешнія рысы, але, пагутарыўшы з творцай, разумееш: яна мае ўнутраны стрыжань і моцную прагу да творчасці. Два гады таму зорка Аляксандры Мелех заззяла на небасхіле беларускай эстрады. Хіт 2021 года «Ах, Аляксандр!» застаецца любімым трэкам многіх. Гэта не толькі першая песня, якая зрабіла Аляксандру папулярнай, але і яе першы кліп. Гэтым творам, кажа сама артыстка, аўтары Яўген Алейнік і Ганна Сялук трапілі ў самае сэрца, ну і, вядома ж, сэрцы мільёнаў беларусаў. Маладая спявачка не збіраецца стаяць на месцы і прадаўжае скараць музычны Алімп сваімі новымі, не менш гучнымі, запальнымі хітамі — «Брось слова» і «Цените настоящего мужчину». Мы сустрэліся з салісткай і пагутарылі пра шчаслівую зорку, незвычайны вобраз і яе душэўную музыку.


— Аляксандра, раскажы, калі ласка, ты заўсёды марыла апынуцца на сцэне і стаць спявачкай? Які шлях табе прыйшлося прайсці?

— Калі мне было тры гадкі, бацькі тады ўжо ўбачылі, што я адчуваю сябе на сцэне як рыба ў вадзе. Заўсёды ведала, што буду спявачкай. Ніхто не забараняў спяваць, наадварот, падтрымлівалі. Я сама напрасілася ў музычную школу (усміхаецца). 

У першым класе да нас прыйшлі набіраць дзетак на інструменты і вакал. Ніхто не падняў рукі, адна я. Мне было шэсць гадоў. Памятаю, прыйшла і кажу маме: я пайду ў музычную школу. Маці, Анжэла Міхайлаўна, працуе ў школе матэматыкам. Але яна ніколі не настойвала, каб я таксама стала ім. Бачыла, што я жыву сцэнай. Са мной было ўсё зразумела. Аднак не ўсе верылі, што шлях артысткі будзе паспяховы. Пасля скончыла Мазырскі музычны каледж па спецыяльнасці «Харавое дырыжыраванне. Акадэмічны хор», затым паступіла ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Народны хор». Падчас вучобы спявала ў заслужаным калектыве «Неруш». Трапіла ў гурт «Аўра» да Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай. Па размеркаванні працавала педагогам у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Светач». Пасля адпрацоўкі засталася там яшчэ на год. І зразумела, што вельмі мала часу на дзетак. Прыйшлося выбіраць. Вырашыла, што трэба развівацца ў сольным кірунку. Сваіх вучняў я адправіла да добрых выкладчыкаў, нікога не пакрыўдзіла, усе прытулены (усміхаецца). Сёлета афіцыйна стала паўнавартасным супрацоўнікам музычнай медыякампаніі, бо раней працавала па сумяшчальніцтве. Так і пачалася творчая кар’ера. Мне казалі, маўляў, куды тваё народнае! Гэта ўзровень вясковага клуба. Далей ты нікуды не трапіш і не пройдзеш. Але я стукалася ва ўсе дзверы, удзельнічала ў розных конкурсах, канцэртах. І мяне заўважылі.

— Цікава, а ці складана было перастроіцца з народных матываў на сучасныя? Як шукала свой стыль? Хто стваральнік такога прыгожага сімбіёзу ў ім?

— Нескладана. Мяне ніхто «не ламаў». Я працягнула займацца тым, чым займалася, толькі сольна. З музычным стылем, а менавіта сімбіёзам народнага з сучасным, я даўно вызначылася, яшчэ калі вучылася ва ўніверсітэце культуры. Ведала, што гэта будзе менавіта поп-фолк. Што датычыцца знешняга стылю і вобраза, то яго прыдумала прадзюсар Таццяна Кулакова. Яна раілася з цэлай камандай стылістаў, мы разам шукалі мой вобраз. Напрыклад, якая прычоска павінна быць — тоненькая альбо аб’ёмная коска. І толькі нядаўна мы намацалі патрэбнае.

— Як лічыш, з чым звязаны рост папулярнасці народных матываў у песнях?

— Як мне здаецца, народнага мала, і слухачу гэтага не хапае. Калі раней саромеліся народнай культуры, то цяпер людзі разумеюць, што гэта нешта незвычайнае і класнае. Многія пачынаюць укараняць гэты народны матыў. Эстрадная музыка ўяўляецца звычайнай, а тут адчуваюць нешта цікавае, з народнымі ноткамі. Іншымі словамі, людзям надакучвае аднолькавае, а калі штосьці незвычайнае — яны пачынаюць слухаць. Таму ў гэтым плане цудоўна, што народнага нестае, а мы гэта развіваем.

— Ці ёсць у цябе жаданне стылізаваць якую-небудзь беларускую народную песню на сучасны лад?

— Цяпер мы робім ухіл на аўтарскія песні, іх прасоўваем. Але на карпаратывах, напрыклад, прыслухоўваемся да таго, што любіць народ, робім аранжыроўкі і на свой лад іх выконваем.

— Чым натхнялася падчас работы над першым сваім хітом «Ах, Аляксандр!». Раскажы, калі ласка, гісторыю стварэння трэка. Які сэнс і пасланне ты ў яго ўклала?

— Гэта песня прысвечана нашаму кіраўніку дзяржавы. Не хаваю, што, калі яе запісвалі, глядзела на фотаздымак, каб гэта было ад шчырага сэрца і душы. Вось так натхнялася. Тэкст песні даслала Ганна Сяргееўна. Яна патлумачыла сэнс. На той момант музыку яшчэ не ведала. Крыху пазней дэмаверсію даслаў Яўген Алейнік, і я адразу зразумела, што гэта будзе хіт (усміхаецца). Сказала, давайце хутчэй працаваць над гэтым! Здымачны працэс над кліпам — гэта было «ваў»! Эмоцыі і цяпер не адпускаюць. У здымках прымалі ўдзел і бабулі — народны хор ветэранаў Палаца культуры «МАЗ», і наша каманда. Настолькі адно аднаго падтрымлівалі. І ў кліп увайшлі тыя моманты, якія ўвогуле не планаваліся, усе атрымлівалі задавальненне і асалоду.

— Як лічыш, ці трэба ў сучасным свеце прасіць дапамогі ў прафесіяналаў, нягледзячы на тое, што ёсць сацсеткі і можна самой сябе прасоўваць?

— Я за тое, каб артысту дапамагалі менавіта яны. Мяркую, што інтэрнэт — гэта цудоўна, аднак недаўгавечна. А вось прафесіяналы — людзі, якія прайшлі доўгі шлях і могуць ужывую паказаць, як трэба. Гэта самае галоўнае.

— Як праходзіць твой дзень?

— Мой ранак пачынаецца ў сем гадзін. Падымаюся хутка, хоць вельмі люблю паспаць, вельмі. Для мяне раннія пад’ёмы — гэта праблема (усміхаецца). Хаджу на вакал. А цяпер мы рыхтуемся да канцэрта, таму працуем над рэпертуарам, падбіраем касцюмы. Я не заўважыла, як праляцела лета: кожны дзень у нас былі здымкі, выступленні. Часу на асабістае жыццё не застаецца — толькі на творчасць.

— Раскажы, дзе аднаўляешся, які адпачынак найлепшы? Напэўна, любіш пабыць дома? Ці часта ўдаецца з’ездзіць на радзіму?

— Родам я з Нароўлі Гомельскай вобласці. У нас там рака Прыпяць, альтанка, шмат чаго цікавага. Дома бываю нячаста, год таму ездзіла. Матуля прыязджае да мяне ў Мінск. Сіл набіраюся і адпачываю на рабоце. Звычайна еду на Цнянку і сяджу каля вады. А сапраўдны адпачынак для мяне — на канцэртах. Я там атрымліваю кайф. Адпачываю, калі займаюся працай. Усе кажуць, Саша, маўляў, як так? Я адказваю: зараз адпачну на канцэрце. Вось паездка будзе, я там і адпачну. Ёсць у мяне каманда, яны мяне не напружваюць, кажуць: кайфуй (смяецца). Гэта як і не праца зусім.

— Твая творчасць сёння вельмі запатрабавана... Як ставішся да славы? Ці паспеў поспех скружыць галаву?

— Мяне яшчэ не ўсе пазнаюць. Мы простыя людзі і ведаем, адкуль прыехалі. Таму я думаю, чаго тут зазнавацца! (смяецца).

— Што ёсць у тваім асабістым плэй-лісце, хто з’яўляецца прыкладам на эстрадзе?

— Сярод любімых выканаўцаў — Марыя Дзявятава, Надзея Кадышава, Надзея Бабкіна, музыка айчынных спевакоў — Руслана Аляхно, Вікторыі Алешка. Сёлета выйшла песня «Сапраўды» Леры Бернатовіч і Арцёма Скараля — гэта таксама нашы выканаўцы, вельмі падабаецца. Прыкладам для мяне з’яўляецца Марына Дзявятава.

— Аляксандра, як думаеш, у цябе з’явіліся канкурэнты ў беларускім шоу-бізнесе?

— Пакуль што я такая адна. На самай справе, гэта класна. Таму што пачала б перажываць (усміхаецца). Аднак усё роўна не сяджу склаўшы рукі, працую. Калі гэтага не рабіць, могуць з’явіцца і канкурэнты. Таму нельга расслабляцца. Неабходна працаваць.

— З кім з нашых артыстаў сябруеш?

— З Дзянісам Вяршэнкам, гэта мой сябар, ён таксама артыст, з Вікторыяй Алешка, бо часта працуем разам, Настай Краўчанка. Мы ўсе дружна камунікуем. Ніхто сцежку не пераходзіць, усе адно аднаму рады.

— Падтрымліваеш сувязь з прыхільнікамі?

— Так. Яшчэ калі была ў гурце «Аўра», яны прыходзілі на канцэрт і пасля мне пісалі, каб выйшла сфатаграфавацца. Хоць мы часта вельмі спяшаемся, усё роўна выходзім і фатаграфуемся. Ну і, вядома, камунікуем, бо гэта патрэбна.

— Сярод тых, каму падабаецца твая творчасць, напэўна, ёсць і хлопцы. Скажы, ці вольнае сэрца Аляксандры Мелех?

— Маё сэрца вольнае пакуль, так (усміхаецца). Я раблю ўхіл на кар’еру.

— У цябе ёсць дэвіз па жыцці, якім кіруешся?

— Трэба працаваць, і ўсё будзе добра!

— Што параіш артыстам-пачаткоўцам, якія хочуць стаць папулярнымі?

— Найперш шмат працаваць. Не слухаць, што нічога не атрымаецца. І, вядома, грукацца ва ўсе дзверы. Якія-небудзь абавязкова адчыняць. Вось бачыце, мне адчынілі, і я вельмі шчаслівая, што знайшла сваё месца на нашай беларускай сцэне.

— Чым парадуеш у найбліжэйшай будучыні сваіх слухачоў?

— Новымі песнямі, планую чарговыя хіты. Будзе вясёленькае і запамінальнае — усё як заўсёды! Хіт адным словам! (усміхаецца).

Надзея ЗУЕВА

Фота дадзены спявачкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.