Вы тут

Тры матчы — тры перамогі беларускіх гандбалістаў


Нацыянальная мужчынская зборная па гандболе зноў сабралася разам. На гэты раз для ўдзелу ў Суперсерыі са зборнай Расіі. Тры таварыскіх матчы прайшлі ў трох розных гарадах і прынеслі беларусам тры перамогі. 


Першы матч прайшоў у Магілёве 1 лістапада. З самага пачатку падапечныя Юрыя Шаўцова захапілі лідараства і не аддалі яго да канца. Вынік сустрэчы — 32:28. Лепшым у беларускай камандзе быў прызнаны Арцём Каралёк, які закінуў 6 галоў у вароты суперніка. Другі раз каманды сустрэліся 3 лістапада ўжо ў Гомелі. Гэта была надзвычай непрадказальная гульня. У другой палове сустрэчы расіяне зраўнялі лічбы на табло — 17:17. Але беларускія гандбалісты змаглі вырвацца наперад і перамаглі з мінімальнай перавагай — 27:26. Трэці матч адбыўся 5 лістапада ў сталічным палацу спорта «Уручча». І ў трэці раз гаспадары бескампрамісна захапілі лідарства і не аддавалі яго да канца матчу. Вынік сустрэчы — 25:23. Лепшым гульцом у складзе беларускай каманды прызнаны Мікіта Вайлупаў, які 9 раз паразіў вароты сапернікаў. 

«Нашы хлопцы праявілі сябе з лепшага боку і гэта заслужаная перамога. Мне падаецца, расійскай камандзе не хапіла ўпэўненасці ў сабе і яны не даціснулі там, дзе трэба было даціскаць. Хлопцам нашым было цяжка, яны малайцы, выстаялі і падарылі яркую, прыгожую гульню», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, які назіраў за матчам у Мінску. Ён таксама звярнуў увагу, што на матчы ў Мінску сабраліся поўныя трыбыны. «Гэта сведчыць аб тым, што спорт у нашай краіне любяць, шануюць і хочуць яго глядзець. Нашы людзі нават хварэлі за расіян, калі была вялікая розніца, крычалі „забівай“. У гэтым і ёсць прыгажосць гульні», — падкрэсліў Максім Рыжанкоў. 

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Юрый Шаўцоў расказаў, што ўсё задуманае на Суперсерыю спраўдзілася. «Мы хацелі прадставіць сваю зборную, а для гэтага нам патрэбны былі гульні, якіх нам не хапае. Выдатная арганізацыя ў Магілёве, выдатная арганізацыя ў Гомелі, у Мінску сабраліся поўныя трыбуны. Усё задуманае ўдалося. Я як трэнер убачыў шмат добрага, я ўбачыў гульцоў, якія выраслі за гэты час, пакуль мы не гулялі, якія прэтэндуюць на месца ў зборнай. А працаваць заўжды ёсць над чым. У зборнай цудоўная атмасфера. Я вельмі рады, што прыехалі ўсе хлопцы. Усе ігракі з задавальненнем едуць у зборную. У нас выдатны мікраклімат, ёсць вядучыя гульцы, якія яго падтрымліваюць і мне як трэнеру прыемна з імі працаваць», — сказаў ён. Наступны раз мужчынская зборная сустрэнецца з расійскімі сапернікамі ў студзені на турніры ў Расіі. Але галоўнае надзея — на хуткае вяртанне на міжнародныя старты. 

Застаўся задаволены вынікамі Суперсерыі і старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. «Наша каманда згуляла самааддана, расіяне нашы традыцыйныя сапернікі. Гэта толькі ў назве таварыскія гульні. Яны праходзілі дастаткова напружана, як на чэмпіянатах Еўропы і свету, калі мы сустракаліся паміж сабой. Гэта былі сапраўды прынцыповыя сустрэчы. Невялікі разрыў у ліку ва ўсіх гульнях паказвае, што нашы каманды раўнасільныя. Але гэта не значыць, што калі мы тры гульні выйгралі, то расійская зборная мацнейшая за нашу. Не, яны зараз і па рэйтынгу вышэйшыя і ў расіян не прыехалі шэраг моцных гульцоў. Што тычыцца нашай зборнай, Юры Шаўцоў і Дзмітрый Нікуленкаў малайцы. З нападзеннем у нас заўсёды нядрэнна было, яны папрацавалі добра на абарону. Я думаю, нашая зборная свой узровень не страціла і будзем далей яго трымаць», — падкрэсліў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.