Вы тут

Ахвярам спаленых вёсак прысвячаецца


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга мастацкіх і дакументальных твораў пісьменнікаў Міншчыны, прысвечаных Хатыні і іншым беларускім паселішчам, якія былі спалены ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


Ініцыятарам стварэння зборніка «Званоў перазвон» выступіла Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сярод аўтараў кнігі — Яўген Пясецкі, Мікалай Смірноў, Леанід Крыванос, Галіна Нічыпаровіч, Галіна Нупрэйчык, Алесь Карлюкевіч, Уладзімір Цанунін, Лёля Багдановіч, Рыгор Саланец, Ірына Карнавухава, Віктар Сабалеўскі, Таццяна Цвірко, Вольга Савасцюк, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Рэгіна Рэўтовіч, Антон Анісовіч, Марыя Шакун, Іна Фралова, Людміла Круглік, Аляксандр Пастушкоў, Аляксей Шаўцоў, Лідзія Навумава, Аляксандр Плавінскі, Наталля Жылевіч, Наталля Жызнеўская, Лілія Мялешка, Віктар Кажура, Васіль Цішкевіч, Зінаіда Гасціловіч, Славамір Даргель, Алена Разумоўская, Тамара Бярэзіна. У зборнік уключана і перакладзеная на беларускую мову паэма калмыцкага пісьменніка Міхаіла Ханінава «Званы Хатыні». Яе аўтар партызаніў на Міншчыне, з’яўляеца ганаровым грамадзянінам горада Беразіно. Перакладчыкі твора на беларускую мову — Адам Шостак і Рагнед Малахоўскі. Дарэчы, Р. Малахоўскі і выступіў укладальнікам кнігі.

З прадмовы Леаніда Крываноса «Літаратурная вахта памяці»: «У 2023 годзе споўнілася восемдзесят гадоў з трагічных падзей, якія адбыліся 22 сакавіка 1943 года. Кажуць, што на сёння ўжо памінутна даследавана храналогія таго чорнага дня. Магчыма. Асабіста мяне найбольш за ўсё па-чалавечы ўразіў адзін момант гэтай гісторыі. Зусім нядаўна я даведаўся, што дваім жыхарам вёскі давялося трапіць у вогнішча двойчы. Хатынскія дзяўчынкі Юлія Клімовіч і Марыя Федаровіч, як і Іосіф Камінскі, выжылі ў падпаленым хляве. Абгарэлых падлеткаў сваякі завезлі на суседні хутар Хварасцені. Іх выхадзілі. Але праз некаторы час нямецкія карнікі дабраліся і да гэтага паселішча. Разам з сям’ёй, якая прытуліла іх, адна з дзяўчынак была зажыва спалена ў хаце, а цела другой знайшлі ў калодзежы на тым жа хутары. Імёны пакутніц уключылі ў спіс знішчаных жыхароў Хатыні і змясцілі на сямейныя шыльды, усталяваныя на мемарыяле. Жудасны лёс. Пра гэта трэба не толькі памятаць, але і публічна выказваць свае пачуцці.

Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі да 80-х угодкаў Хатынскай трагедыі правяло літаратурны марафон памяці ахвяр Хатыні і іншых спаленых вёсак Міншчыны. Удзел у ім прынялі паэты, празаікі і публіцысты аддзялення, калегі-землякі са сталічнай арганізацыі, прадстаўнікі аматарскіх літаратурных аб’яднанняў вобласці. Іх творы змяшчаліся на інтэрнэт-сайце аддзялення і склалі зборнік „Званоў перазвон“. Чаму такая назва? Бо памінальны звон, што праз кожныя паўхвіліны раздаецца над мемарыялам, парушаючы лясную цішыню, выклікае пачуцці, якія адзін з аўтараў назваў „рэінкарнацыя болю“, а другі — „вібрацыяй памяці“.

Лічу, што дадзеная кніга ўяўяле сабой не толькі творчы погляд сучасных літаратараў на трагічную гістарычную падзею, гэта яшчэ і наша літаратурная вахта памяці».

Кніга, выдадзеная накладам у 500 экзэмпляраў, вартая таго, каб знаходзіцца ў кожнай школе, у кожнай бібліятэцы вобласці, у іншых установах нашай краіны. Поруч з мастацкім і дакументальным расповядам пра Хатынь у зборніку прадстаўлены творы, якія прысвечаны спаленым вёскам Случчаны (нарыс Васіля Цішкевіча «Апошнія сведкі...»), Вілейшчыны (верш Віктара Кажуры «*** Ад паразаў немец ашалелы...»), Пухавіччыны (нарыс кандыдата гістарычных навук Аляксандра Плавінскага «Трагедыя вёсак Балоча і Маяк Пухавіцкага раёна», нарыс Вольгі Савасцюк «Сярод белых бяроз. Ваенны лёс вёскі Беразянкі»), паселішчам Міншчыны ў іншых раёнах. Адкрываючы старонкі зборніка, можна выкарыстоўваць мастацкія творы як дакументы сэрцаў і душ, занепакоеных захаваннем гістарычнай памяці беларускага народа, сэрцаў і душ, якія прапусцілі праз сябе ўвесь боль, усё драматычнае гучанне слова «генацыд»...

«Калісьці пад Вілейкай вёска/ Была пазначана на карце./ Цяпер маўклівыя бярозкі/ Стаяць на варце./ Зялёна-шэрай паласою/ За полем узараным — хвоі./ Вайна бязлітаснай касою/ Скасіла тут усё жывое./ Звычайным быў вясновы ранак./ Ды раптам на дарозе чыстай/ З узлеску ўзнікла нечакана/ Калона карнікаў-фашыстаў./ Агонь над дахам заскуголіў./ Слуп дыму ў неба ўзняўся горкі.../ І засталося толькі поле/ Там, дзе былі калісьці Боркі» (Уладзімір Цанунін, верш «Боркі»). Вёска Боркі Вілейскага раёна спалена ў маі 1943 года батальёнам Дзірлевангера падчас аперацыі «Сарвігалава» разам з 97 жыхарамі.

У кнізе «Званоў перазвон» ёсць уклейка з рознымі ілюстрацыйнымі матэрыяламі, звязанымі найперш з Хатынню. Але яшчэ ёсць і фатаграфічныя выявы газетных палос «раёнак» Мінскай вобласці. Газетныя старонкі вяртаюць нас у 1969 год, калі пачаў сваю працу мемарыяльны комплекс «Хатынь». Ёсць і паведамленне БЕЛТА ад 30 чэрвеня — «Хатынскі набат»: «Закладка ўрны мемарыяльнага комплексу „Хатынь“ зямлі з вёсак, поўнасцю знішчаных фашысцкімі акупантамі і не адроджаных пасля вайны». Вось і словы намесніка старшыні Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР І. Ф. Клімава: «Сёння, напярэдадні слаўнага свята беларускага народа — 25-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы сабраліся тут для таго, каб зрабіць вельмі важны акт перад адкрыццём Хатынскага мемарыяльнага комплексу. Захоўванне ў гэтым комплексе зямлі з вёсак, знішчаных гітлераўцамі і не адроджаных у пасляваенны перыяд, з’яўляецца данінай нашгага народа велізарным ахвярам, панесеным у імя перамогі, усім тым, хто сваёй смерцю пракладваў дарогу ў наш сённяшні дзень». І 1969 год — ужо гісторыя. Гісторыяй становіцца і наш сённяшні час, час ушанавання гераічнай памяці беларускага народа. І, канешне ж, клопат мастакоў слова — занатоўваць гэты час, выкладаць сваю грамадзянскую і творчую пазіцыю ў дачыненні да мінулага і сучаснага ўсведамлення даўніх падзей.

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.