Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Пачатак вялікага шляху

Гэта гісторыя ўжо досыць даўняя: недзе ў сярэдзіне 90-х два калгасныя шафёры сабраліся ў камандзіроўку ў горад.


«Сарафаннае радыё» тут жа разнесла гэту навіну па вёсцы, і на мужчын пасыпаліся заказы. Хтосьці прасіў завезці дзецям гасцінцаў, хтосьці — нешта купіць, здаць у рамонт тэлевізар... Іван з Міколам нікому не адмаўлялі, бо вяскоўцы — народ дружны: сёння ты чалавека паслухаеш — заўтра ён цябе ўважыць...

Дзядзька Аляксей — запыханы — прыбег да машыны перад самым ад'ездам:

— Хлопчыкі, выручайце! З каровай бяда. Можа, спужалася чаго ці дрэнным вокам хто паглядзеў?.. Не есць і ўсё! А ветэрынар — ніякай хваробы не бачыць... Дык мне параілі да шаптухі адной звярнуцца, яна ваду загаворвае. Вось адрас, хлопчыкі, вось бутэлька... Вам жа якраз па дарозе. Дык не адмоўце — вазьміце вады!

— Ну чаму ж не ўзяць? — сказаў Іван, хаваючы за сядзенне бутэльку, а ў кішэнь — паперку з адрасам. — Але ж жанчыне трэба заплаціць.

— От жа... Спяшаўся, браткі: не паспеў я грошы ўзяць. Дык вы ўжо са сваіх разлічыцеся. А прыедзеце — я аддам.

«Браткі» пераглянуліся (ведалі, што ў дзядзькі снегу зімой не возьмеш), але ж прамаўчалі. Хіба, ужо крануўшыся, Іван уздыхнуў:

— Не мела баба клопату...

— Ды ўжо ж, — падтрымаў Мікола. — Аддасць ён грошы... Трэ было неяк адмовіць.

...Назад сябрукі вярталіся ў добрым гуморы, бо і справы калгасныя ўладзілі, і гасцінцаў дзецям купілі, пра жонак ды аднавяскоўцаў сваіх не забылі...

— Ваня, — досыць рэзка тармазнуў Мікалай, — мы ж вады карове не ўзялі! І вёску тую праехалі. Трэба назад вяртацца?

— Ты звар'яцеў? Кіламетраў дваццаць туды, дваццаць назад! І не думай!

— А што тады дзядзьку скажам? Што знахаркі дома не было?

— Не, пачакай.

Іван дастаў бутэльку і трохлітровы слоік з-пад выпітага кампоту — выскачыў з машыны. У прыдарожнай канаве (дождж нядаўна прайшоў) набраў у посуд вады...

— Вось, дзядзька, лекі для тваёй кароўкі, — сказаў пасля гаспадару. — Вадой з бутэлькі будзеш на рагулю пырскаць, а са слоіка — паіць — пакрысе... Запомніў?

— А як жа, хлопцы! Дзякуй вам! А грошы, — дзядзька запнуўся, — я потым аддам. Цяпер нямашака.

— Ды бог з імі, з грашыма, — махнуў рукою Іван. — Абы дапамагло.

...Праз тыдзень ён ужо расказваў Міколу, што сустрэў Аляксея, што кароўка ў таго здаровая: паправілася! Ад першага ж разу!

— Дык, можа, ну яго, гэта шафёрства, Іван? Давай будзем ваду замаўляць, скаціну лячыць, — прыжмурыў вока Мікалай.

— А што — можна паспрабаваць, — гэтак жа сур'ёзна адказаў Іван, і абодва зарагаталі.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён.


Такое шчаслівае плаванне...

Людзям маладым уласціва марыць, людзям пажылым — успамінаць мінулае.

Пасля першага курса інстытута (хіміка-біялагічны факультэт) мы праходзілі так званую палявую практыку ў вёсцы Полцева: пад кіраўніцтвам выкладчыкаў рыхтавалі гербарыі па батаніцы, калекцыі па заалогіі, вялі назіранні за гнездаваннем птушак... Жылі ў вялікіх намётах каля вясковай школы, штодня па два чалавекі дзяжурылі па кухні.

...У той дзень была наша чарга, і снеданне мы з Валей ужо «адбылі». На абед на дваццаць з лішкам галодных, якія разам з выкладчыкам пайшлі вывучаць флору і фаўну роднай Беларусі, наварылі шчаўя. Атрымалася недзе з вядро ў вялізнай каструлі.

Але ж зварылі і разгубіліся: на дварэ — спякота, а ў нас яшчэ і страва гарачая. Што рабіць? Мы з Валяй тую каструлю за «вушкі» і да Дзвіны. Прынеслі на бераг, «укапалі» ў пясок каля самай вады, а самі ў гэты час паскідалі сукенкі, зайшлі ў раку, працягваем размову... Пра што? Ну, вядома ж, пра сваё, дзявочае. Валя скардзіцца, што Лёня пры ёй толькі чырванее ды заікаецца: не, каб пра каханне сказаць... Я разважаю, што будзе далей, калі ўсё ж такі скажа? У загс ісці як быццам ранавата?

Пытаюся так і ў тое ж імгненне бачу, што каструлі на месцы, дзе прыкапалі, няма — знікла! Глянулі на Дзвіну — плыве!

Валя адразу ў піск, бо плаваць не ўмее, а я — у ваду і давай даганяць.

Не ведаю, адкуль, але ж раптам з'явіўся Лёня. Ён таксама кінуўся ў ваду, падобна — каб ратаваць мяне, бо так зразумеў крык Валі.

— Я ў парадку! Даганяй каструлю! — загадваю хлапцу, спрабуючы стаць на дно. Ды дзе там — глыбіня, параходы ходзяць...

На шчасце, Лёня пачуў мяне — «штурхае» каструлю перад сабой, плыве да Валі. Я — на спіне — следам за ім... Але ж бачу, што непадалёк — чыясьці галава, далей — яшчэ адна, і тая дальняя гоніцца за той, што плыве за мной, якая ў сваю чаргу стараецца дагнаць мяне. Нічога не разумею: навошта? Я ж не таплюся! Крычу так, а «галовы» нібы не чуюць.

Рэчка робіць зігзаг, і дальняга чалавека я ўжо не бачу. Затое наперадзе — наша пясчаная каса, на ёй — людзі: глядзяць у мой бок, крычаць: «Давай!», «Хутчэй!»...

Даплываю, выходжу з вады (следам — нашы Ніна з Лідай), а насустрач — фізрук... З секундамерам.

— Ну ты малайчына! — хваліць мяне. — А казалі, што дзяжурыш па кухні, што табе не да спаборніцтваў...

Толькі тут я пачынаю разумець, што трохі вышэй ад месца, дзе мы з Валяй «прыкопвалі» каструлю са шчаўем, знаходзіўся старт, што Ніна і Ліда змагаліся за перамогу, а тут раптам я...

Прыйшлося патлумачыць, адкуль узялася.

А перад вячэрай яшчэ і Лёня прызнаўся, што калі «лавіў» каструлю, — зачарпнуў ёй трохі вады.

Аднак шчаўе ўсе са смакам з'елі, і чаргі ў маленькі домік, на шчасце, не было.

Зоя НАВАЕНКА

г. Глыбокае.


Вучыся, нябожа, вучэнне паможа

Нявестку маёй сяброўкі завуць Васілісай. Я ж заву яе Васькай, як суседскага дачнага ката, бо мне яны абодва, мякка кажучы, не вельмі сімпатычныя: кот так і цікуе, каб прашмыгнуць у дом ды сцягнуць нешта з ежы, а Васіліса...

Калі пра яе заходзіць размова, сяброўка хіба цяжка ўздыхае ды напамінае, што свякруха павінна быць на адно вока слепаватая, на адно вуха глухаватая, то-бок шмат чаго не бачыць, шмат чаго не чуць.

А я ж дык зусім не такая: я ў абодва бачу, у абодва чую і ведаю, што нявестка ў Любы вельмі «эканомная»: усё па зніжках купляе... (Дарэчы, нядаўна — яшчэ адно футра з норкі. Па акцыі... Сабе)

Што свекрыві?

Неяк вечарам я да яе на кубак гарбаты зайшла. Бачу, на палічцы нейкія «дзікія» рэчы стаяць (Люба ніколі такіх не купіла б!): тры аднолькавыя сувенірныя талеркі з выявай зубра, дзве свечкі ў металічнай гільзе... А найболей здзівіла невялікая пластмасавая штучка — на клізму падобная. Пытаю ў сяброўкі, што гэта? Яна, бедная, толькі плячыма паціснула:

— Нявестка на юбілей падарыла. Можа, рэч і патрэбная, але ж я не ведаю, для чаго. Наклейка ўнізе амаль што сцерлася.

З дапамогай лупы прачыталі «Цы...іца». Трэба разумець (я часта рэбусы разгадваю), — цыбульніца? Для захоўвання толькі адной?.. (Больш проста не змесціцца.)

— Доранаму каню ў зубы не глядзяць, — тлумачыць Люба і прызнаецца, што пасля нявестчыных падарункаў часам месца сабе не знаходзіць.

— Во, паглядзі, — кажа яна і выцягвае з шафы дзве адзежыны. — Гэтую сукенку Васіліса мне на Новы год падарыла, а гэты пінжак — на 8 Сакавіка... Не мае ж фасоны і колеры, нават памер не мой. Васіліса адкрытым тэкстам сказала, што абедзве рэчы купляла сваёй матулі. Ёй — не тое не спадабаліся, не тое на 50-ы памер замалыя былі, дык яна іх мне падарыла, на мой 46-ы, бо трэба ж некуды дзець. Як той казаў, вазьмі Даніла, што нам няміла. І нельга ж не ўзяць...

Дапазна ў той вечар мы з Любай сядзелі: меркавалі і так і гэтак, а ўрэшце прыдумалі, што пара і Васілісе нейкі рэбус задаць. Сяброўка на антрэсолі злазіла, дастала адтуль каробку з вялікім сувенірным кубкам (з выявай Дзеда Мароза... Казала, ён гадоў 30 там праляжаў), вырашыла нявестцы падарыць — на дзень нараджэння, 28 жніўня.

...Якраз да яго я з сям'ёй пражыла на дачы. У госці да Любы завітала толькі нядаўна і адразу ж, на знаёмай палічцы, убачыла знаёмы навагодні кубак.

— Не падарыла? — спытала ў Любы.

— Не, — уздыхнула сяброўка. — Я грошай падсабрала... Добры падарунак зрабіла. Абы які — не змагла.

— А яна табе? — нагадала я.

— Дык яна ж яшчэ маладая, — усміхнулася Люба. — Некалі, дасць бог, зразумее, што можна дарыць, што не?

Надзея, кажуць, памірае апошняй.

Наталля СЯМЁНАВА

г. Гомель.


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж (і Ніла Гілевіча) мудрае:

Ці мала што ў жыцці

бывае!

Якіх вузлоў не вяжа лёс!

Няшчасны той,

хто ўсё прымае

Да сэрца блізка і ўсур'ёз.

А з гумарам яно ж хоць трохі ды лягчэй. Ці не так?

Пішыце!

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.