Вы тут

Пацыенты цэнтра дапамогі ахвярам ДТЗ пра жыццё насуперак абставінам


Прачнуцца раніцай, умыцца, паснедаць і прыняць таблеткі, а затым займацца некалькі гадзін на хатніх трэнажорах, распрацоўваючы непаслухмяныя рукі ці ногі, — праз невыносны боль, ад якога з вачэй коцяцца слёзы, не шкадуючы сябе. З іншых даступных заняткаў — выезд у двор на інвалідным вазку, фільм, кніга ці гульня на камп’ютары. А заўтра ўсё паўтарыць зноў... Штогод у Беларусі адбываецца больш за тры тысячы ДТЗ, у якіх гіне каля 450 чалавек, а больш за тры тысячы атрымліваюць траўмы. На жаль, многім з іх ніколі не ўдасца аднавіцца цалкам. Такіх людзей не ўбачыш на вуліцы ці ў краме, яны прыкаваны да ложка ці інваліднага вазка.


У 2019 годзе ў аграгарадку Лясны пад Мінскам быў адкрыты Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ. Яго мэта — дапамагчы пацыентам у коме ці вегетатыўным стане дасягнуць хоць бы мінімальнага прагрэсу, палепшыць якасць жыцця, а таксама навучыць блізкіх штодзённаму догляду без шкоды для ўласнага здароўя. Тут прымаюць і пацыентаў, якія атрымалі траўмы некалькі дзесяцігоддзяў таму, і тых, хто толькі пачаў аднаўляцца. А галоўнае — даюць надзею, што аднаўленне магчымае. Медыкі з’яўляюцца сведкамі рэальных гісторый, калі пацыенты і блізкія з іх дапамогай зрабілі, здавалася б, немагчымае.

«Урачы давалі мне суткі-двое»

Дзень, які раздзяліў жыццё 32-гадовай жыхаркі Клецка Віты на «да» і «пасля», — 13 чэрвеня 2022 года.

— З пяцігадовай дачкой я паехала ў Капыль да сваёй маці, была за рулём. Калі вярталіся, у Сашы ўпала цацка і яна папрасіла мяне падняць. Я адшпіліла рэмень і нахілілася. Апошняе, што памятаю: калі падняла галаву, убачыла, што машына вылецела з дарогі. 

Я не паспела нічога зрабіць. Як мне расказалі пасля, у кювеце машына шмат разоў перавярнулася і спынілася на даху. Мяне выкінула праз лабавое шкло. Саша была ў дзіцячым крэсле, яна не пацярпела, нават змагла выбрацца з машыны, знайшла мяне ў полі. Потым спыніліся іншыя кіроўцы — два хлопцы, выклікалі «хуткую».

Апрытомела на другія суткі пасля аперацыі ў Слуцку, гэта была найбліжэйшая бальніца, куды былі шанцы давезці мяне жывой. У мяне былі пераломы 5-га і 6-га пазванкоў, сцісканне і ўдар спіннога мозгу, пералом лапаткі, рэбраў, адкрытая траўма грудной клеткі. 

Былі моцна пашкоджаны лёгкія, і медыкі найперш змагаліся не за рукі-ногі, а за лёгкія, бо я не магла самастойна дыхаць. Урачы мне давалі суткі — максімум двое — так і сказалі блізкім, што мне засталося няшмат... Я, калі апрытомела, сама зразумела, што ўсё: не варушацца ні рукі, ні ногі. Але першыя думкі былі пра дачку — я памятала, што была з ёй. Калі сказалі, што з ёй усё добра, мне таксама стала добра.

Насуперак прагнозам Віта пражыла і суткі, і двое. Яе перавезлі ў абласную бальніцу, дзе ў нейрарэанімацыі маладая жанчына правяла некалькі месяцаў.

— Я не дазваляла сабе раскісаць нават у рэанімацыі, урачы называлі мяне чэмпіёнам. Не плакала, паміраць не збіралася, хацелася жыць і аднавіцца. Які сэнс плакаць? Трэба змагацца і спадзявацца на лепшае. Ніхто ў гэтай сітуацыі табе не дапаможа, калі не ты сам.

Сёння побач з жанчынай муж, свякроў, маці, дачка, сяброўкі. Дома ёй пастаянна патрабуюцца памочнікі, нягледзячы на тое, што дзякуючы курсам рэабілітацыі і штодзённым самастойным заняткам удалося часткова аднавіць рухавасць рук і ўмацаваць мышцы. Сёння яна можа самастойна трымаць бутэльку з вадой і нават паесці — істотны прагрэс для чалавека, у якога цела было цалкам нерухомым.

Найбліжэйшая мэта — навучыцца самастойна садзіцца. Для гэтага трэба максімальна ўмацаваць спіну і рукі. Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ — чарговы этап рэабілітацыі, які дазволіць наблізіцца да жаданай мэты.

— Ці ёсць шанцы аднавіць ногі? Калі ў гэта верыць, то ёсць. Мне ўвогуле шанцаў на жыццё не давалі — не тое, што змагу быць у прытомнасці, самастойна есці і кантактаваць. Калі верыш, то ўсё атрымаецца, — упэўнена Віта.

«Я спрацаваў як падушка для астатніх пасажыраў»

Такая ж мэта — аднойчы ўстаць з вазка — і ў 30-гадовага Аляксандра з Барысаўскага раёна. Цалкам спакойна, як звычайны дзень, ён згадвае 24 ліпеня 2022 года.

— Быў на рабоце ў Карэліі, горадзе Сартавала. Выхадны, ноччу вяртаўся з дыскатэкі — пешшу прайсці трэба было 20 кіламетраў. Прагаласаваў, спынілася машына. Людзей у ёй не ведаў, як і тое, што кіроўца аказаўся нападпітку. Ён не даў рады кіраванню, урэзаўся ў скалу, зляцелі ў абрыў. Усе засталіся жывыя, з нязначнымі пашкоджаннямі. Нас ззаду сядзела чацвёра, і я спрацаваў як падушка для астатніх пасажыраў.

Апрытомнеў, калі мяне грузілі ў верталёт. З Сартавалы за 500 кіламетраў даставілі ў Петразаводск, дзе ў адной з найлепшых клінік Расіі зрабілі аперацыю.

Былі пашкоджаны чатыры пазванкі, на галаве наклалі 18 швоў... Раніцай пасля аперацыі апрытомеў, добра сябе адчуваў. Зайшоў доктар, кранае за нагу, а я нічога не адчуваю, ён кажа: «Дзіўна». Пасля я сам пачаў кранаць і зразумеў, што палову цела не адчуваю. Але ніякіх дрэнных думак не было ні тады, ні да гэтага дня. Я застаўся такім, якім быў да аварыі, — ніколі не маркочуся.

З Петразаводска праз дзевяць дзён Аляксандра перавезлі на радзіму, у Барысаў. Там паўтара месяца ён правёў у аддзяленні траўматалогіі.

— Хірург у Петразаводску даваў 80%, што я буду хадзіць, але не раней, чым праз год, бо пашкоджаны спінны мозг. У Барысаве маці сказалі, што сын ніколі не будзе ранейшым, — згадвае мужчына.

Сёння Аляксандра даглядае маці-пенсіянерка, якая сама некалькі гадоў таму перанесла інсульт. Жыве сям’я ў вёсцы, у прыватным доме, на пенсію маці і Аляксандра па інваліднасці. Прычым зімой пенсія мужчыны цалкам сыходзіць на аплату ацяплення — у доме ўстаноўлены электракацёл.

Вясковы дом не разлічаны на інваліда — перасоўвацца па ім на вазку мужчына не можа, шмат парогаў. Ды і з-за пролежняў перамяшчацца ў вазок пакуль непажадана.

— Год таму я паехаў на рэабілітацыю, але праз чатыры дні мяне адправілі ў Барысаў з запаленнем лёгкіх. Пачалося заражэнне крыві, я паміраў. Па 12 гадзін мне капалі антыбіётыкі, пералівалі кроў, плазму. З’явіліся пролежні.

Але мужчына не здаецца. Штодзень у яго абавязковыя заняткі.

— За тры месяцы я свой стан самастойна нашмат палепшыў. Да гэтага не мог павярнуцца, адкрыць корак. Да столі ў мяне прыкручаны гумкі, перакладзіны, побач з ложкам — скамейка, на якую можна садзіцца, — своеасаблівая спартзала.

У планах — прыбраць парогі і пабудаваць навес у двары, каб мужчына на вазку мог выязджаць на вуліцу. Яшчэ больш амбіцыйная мэта — устаць на ногі.

— Мне 30 гадоў, я толькі збіраўся заводзіць сям’ю, мяне цанілі як спецыяліста на рабоце. Толькі пачало ўсё атрымлівацца, як здарылася аварыя... Я ні разу не заплакаў і не засумаваў, увесь час на пазітыве. Але сёння рэальнасць такая, што без маці я ніхто. Таму выбару няма: трэба ўставаць.

«Паліятыў — гэта не перадморгавае аддзяленне»

Тое, што палепшыць стан любога пацыента можна, упэўнена і Ірына Сідарэнка, урач-тэрапеўт (загадчык) аддзялення паліятыўнай медыцынскай дапамогі з цэнтрам дапамогі ахвярам ДТЗ Мінскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў ВАВ, галоўны пазаштатны спецыяліст па паліятыўнай дапамозе Мінскай вобласці. Іх аднаўленне адбываецца з яе непасрэдным удзелам. Герой адной з самых натхняльных гісторый — 19-гадовы маладзечанец Павел Варонін. 

У цэнтры ён пабываў ужо тройчы.

— Першы раз пацыент паступіў да нас у стане комы. Тады ён толькі скончыў лячэнне ў рэанімацыі. На сёння ён інвалід-калясачнік. Разумее звернутую да яго размову, самастойна есць, можа складваць словы, лічыць, адрознівае колеры, гуляе ў гульні на камп’ютары. Калі бачыш такі вынік сваёй працы, гэта кранае да слёз. Ніколі не ведаеш, чым скончыцца тая ці іншая гісторыя, часам яна аказваецца зусім не сумная, — кажа Ірына Пятроўна.

Вядома, большасць гісторый тут зусім іншыя. Шмат пацыентаў паступае ў стане комы і ў вегетатыўным стане. І мэта работы цэнтра — палепшыць якасць жыцця кожнага з іх. Калі гэта кома — зрабіць так, каб чалавек быў у свядомасці.

Амаль усе пацыенты прыязджаюць з блізкімі, бо самастойна сябе не абслугоўваюць. Сваякоў тут вучаць догляду: як правільна рабіць павароты ў ложку для прафілактыкі пролежняў, своечасовай змене падгузкаў, кармленню, прысаджванню ў ложку. Для блізкіх, якія забіраюць такога хворага з рэанімацыі і вымушаны клапаціцца пра яго самастойна, такія навыкі — сапраўднае выратаванне.

Пакуль у цэнтры, які з’яўляецца часткай паліятыўнага аддзялення шпіталя ветэранаў ВАВ, усяго пяць палат на шэсць ложкаў. Калі б у перспектыве ён стаў паўнавартасным цэнтрам са сваім штатам вузкіх профільных спецыялістаў, у прыватнасці ўрачом паліятыўнай дапамогі, неўролагам, лагапедам, псіхолагам, то натхняльных гісторый было б нашмат больш. Для гэтага варта мяняць і адносіны да паліятыву.

— Паліятыў — гэта не перадморгавае аддзяленне. Мы можам рэальна палепшыць якасць жыцця пацыента, не толькі ў вегетатыўным стане ці коме, але і тых, у каго ўзровень свядомасці захаваны, хто можа сядзець і перасоўвацца на вазку. Гэта такія ж паўнапраўныя члены грамадства і любімыя кімсьці людзі, — кажа Ірына Сідарэнка.

«Сіла чалавека правяраецца ў экстранных сітуацыях»

У героях гэтага матэрыялу ўражвае найперш іх моц. Ад іх не пачуеце песімістычных думак, жалю да сябе і дакладна не ўбачыце слёз — толькі настрой перамагчы. Пра гэта разважаем з настаяцелем Свята-Троіцкага прыхода аграгарадка Лясны ў гонар Святой Жыццепачатнай Троіцы протаіерэем Андрэем Круцялёвым. Са шпіталем ветэранаў вайны ён супрацоўнічае даўно, з 1996 года, калі быў прызначаны настаяцелям. Цяпер пад духоўным наглядам знаходзяцца і пацыенты Цэнтра дапамогі ахвярам ДТЗ.

— Сіла чалавека правяраецца ў экстранных сітуацыях. Калі ў жыцці ўсё добра, ён жыве ў дастатку, на сваіх нагах і сваім розумам, нельга сказаць, ці моцны гэта чалавек. У экстранных сітуацыях — у турме, канцлагеры, падчас хваробы, вайны — праяўляецца наша сапраўднае я, — кажа айцец Андрэй. — Калі чалавек атрымаў інваліднасць і годна нясе свой крыж, па законах нашай веры яго чакае вянец у тым, вечным, жыцці, бо ён тут выпакутаваў усё, не зламаўся, не азлобіўся на людзей і жыццё. Я заўсёды звяртаю ўвагу на блізкіх — маці, жонак, мужоў. Важна, каб у іх хапіла цярпення вынесці гэты цяжкі крыж — пакуты блізкага чалавека. Заўсёды хвалю, што не адмовіліся, не кінулі — гэта сапраўды подзвіг.

Айцец Андрэй усцешаны, што ў апошнія гады пачалі звяртаць нашмат больш увагі на людзей з інваліднасцю.

— Гэта вялікая справа, што наша грамадства павярнулася да такіх пакутных людзей. Часцей за ўсё чалавек так лічыць: пакуль мяне не датычыцца, я пра гэта не думаю, закране — буду думаць. Усё ж такі мы, здаровыя, павінны клапаціцца пра гэтых людзей.

Алена КРАВЕЦ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.