Вы тут

У наступным годзе ў Беларусі адрамантуюць больш за чатыры тысячы кіламетраў дарог


Пра гэта заявіў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч. 

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што айчынным дарожнікам было вельмі складана выходзіць з зімы — такая максімальная ямачнасць была на дарогах.


Фота: БелТА

«Перш за ўсё трэба было ліквідаваць гэтую ямачнасць, на найбольш складаных участках зрабіць бягучы рамонт без шкоды планам па рэканструкцыі. І з гэтым мы таксама спраўляемся. Сёлета выдзелена 1,4 мільярда рублёў на рэканструкцыю і рамонт усёй дарожнай сеткі — гэта датычыцца і рэспубліканскіх, і мясцовых дарог. Плануем зрабіць каля трох тысяч кіламетраў дарог, гэта значыць, правесці мадэрнізацыю, удасканаленне пакрыццяў, каб дарога магла адслужыць яшчэ 7-8 гадоў.

Што датычыцца наступнага года, вельмі сур’ёзная сума сродкаў прадугледжана на дарогі, менавіта на ўдасканаленне пакрыццяў, — амаль 2,2 мільярда рублёў. За гэтыя сродкі мы зробім больш за чатыры тысячы кіламетраў дарог», — сказаў Аляксей Ляхновіч.

Паводле яго, у Беларусі зменены вектар работ. «Раней мы часцей ездзілі ў Еўропу, а цяпер з’явілася патрэба ў новым калідоры на Санкт-Пецярбург. Гаворка ідзе пра аўтадарогу Р46 Лепель — Полацк — граніца Расійскай Федэрацыі. Сёлета мы прыступілі да рэканструкцыі ад Полацка да Лепеля. Акрамя гэтага, ад Полацка да граніцы РФ пачаты капітальны рамонт гэтай дарогі, завяршыць які плануем у 2024 годзе з павелічэннем нагрузкі на вось», — дадаў міністр.

Ён адзначыў, што інфраструктурныя праекты выконваюцца, нягледзячы на спыненне заходняга фінансавання. «Для нас нічога не змянілася. Цяпер гэта грошы не міжнародных арганізацый, а нашы, бюджэтныя, грошы. Напрыклад, з ЕБРР быў праект па 13 маставых збудаваннях, але з сыходам Еўрапейскага банка мы не спыніліся. І працягнулі іх рэканструкцыю. Увялі ўжо чатыры масты, сёлета ўводзім яшчэ пяць, у наступным годзе плануем астатнія чатыры завяршыць», — праінфармаваў Аляксей Ляхновіч.

Візітная картка краіны

Сёння ў Беларусі налічваецца каля 16 тысяч кіламетраў рэспубліканскіх дарог і 70 тысяч кіламетраў дарог мясцовага прызначэння.

А наогул, тэма дарог і транспартных стасункаў ужо некалькі гадоў запар у топе зваротаў грамадзян па ўсёй краіне. Ад якасці дарожнага пакрыцця напрамую залежаць камфорт кіроўцаў і пасажыраў, бяспека руху і транспартныя выдаткі перавозчыкаў. Дарогі — гэта візітная картка краіны. Працягласць аўтамабільнай сеткі агульнага карыстання ў Беларусі складае больш за 87 тысяч кіламетраў. Каб яны былі бяспечныя і камфортныя, кожны год праходзіць дыягностыка.

Сёлета на рамонт і рэканструкцыю аўтамабільных дарог агульнага карыстання першапачаткова было прадугледжана 1,27 мільярда рублёў, што складае 136,5% да ўзроўню 2022 года. Такое фінансаванне дазволіць адрамантаваць каля 2,5 тысячы кіламетраў дарог і 4 тысячы пагонных метраў маставых збудаванняў, паведамілі ў галоўным упраўленні аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый.

Паводле слоў спецыялістаў, цяпер ідуць работы па прывядзенні ў нарматыўны стан участкаў на М-1/Е30 Брэст (Казловічы) — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі (Рэдзькі), М-3 Мінск — Віцебск, Р-1 Мінск — Дзяржынск, Р-46 Лепель — Полацк — граніца Расійскай Федэрацыі (Юхавічы), Р-53 Слабада — Навасады і шэрагу іншых. Па выніках дыягностыкі і сезонных аглядаў усяго неабходна адрамантаваць сем тысяч 233 кіламетраў рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і 14 тысяч 625 кіламетраў мясцовых дарог. Без уліку запланаваных аб’ёмаў рамонту яшчэ больш за 7 тысяч кіламетраў аўтадарог агульнага карыстання патрабуюць першачарговага аднаўлення: 1,9 тысячы кіламетраў рэспубліканскіх і 5,5 тысячы кіламетраў мясцовых.

Звесткі аб усіх участках дарог як рэспубліканскага, так і мясцовага значэння, якія падлягаюць рамонту, ужо цяпер алічбаваны і ўключаны ў адпаведныя пералікі задач. Акрамя таго, на рэспубліканскіх дарогах не адпавядаюць нарматывам па грузападымальнасці або габарыце 909 маставых збудаванняў (40,1%), па мясцовых дарогах — 1236 мастоў (41,4%).

У канцы лета быў зацверджаны перспектыўны план работ на 2022–2025 гады па капітальным рамонце (рэканструкцыі, мадэрнізацыі) мастоў і пуцеправодаў, размешчаных на рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарогах. Ёсць канкрэтны пералік збудаванняў, арыенціровачны кошт работ і тэрміны. Згодна з гэтым планам, прадугледжаны рэканструкцыя і капітальны рамонт 156 мастоў на рэспубліканскіх і 182 мастоў на мясцовых дарогах.

Па даручэнні ўрада ў кастрычніку была выканана карэкціроўка Дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады з улікам новых эканамічных умоў і прыярытэтных кірункаў развіцця сектараў эканомікі. Былі павялічаны аб’ёмы рамонту аўтадарог агульнага карыстання ў 2024–2025 гадах для прывядзення сеткі ў належны стан. Выдзеленыя дадатковыя фінансавыя сродкі дазволяць знізіць колькасць участкаў дарог і мастоў, якія патрабуюць неадкладнага аднаўлення.

Павінна прайсці праверку на трываласць

Дыягнастуюць дарожнае пакрыццё з дапамогай спецыяльнай машыны з прафілографам. У такім аўтамабілі ўстаноўлены лазерныя датчыкі, якія скануюць паверхню дарогі і затым праз спецыяльную праграму выдаюць індэкс роўнасці ІRІ (сума вертыкальных ваганняў аўто).

Работнікам «Белдарцэнтра», у якіх ёсць такія спецыяльныя машыны, часцяком даводзіцца выязджаць на аб’екты і рабіць адбор пробы матэрыялаў, якія потым адпраўляюць у лабараторыю прадпрыемства. Там такую пробу правяраюць на прэсе, пасля чаго даюць заключэнне, ці дасягнуў матэрыял праектнай трываласці. Таксама ў лабараторыі даследуюць дарожную разметку: ці выкананы тэхналогіі пры нанясенні. Пасля дыягностыкі РУП «Белдарцэнтр» выдае рэкамендацыі ўладальніку магістралі. Але не заўсёды гэтых рэкамендацый прытрымліваюцца — часам з-за недастатковага фінансавання даводзіцца капітальны рамонт замяняць ямачным.

На думку кіраўніцтва РУП «Белдарцэнтр», вырашыць праблему дрэнных дарог можа пераход на цэментабетонныя дарогі.

Вялікая дарожная будоўля разгарнулася на рэспубліканскай трасе М-3 Мінск — Віцебск паміж Лагойскам і Плешчаніцамі. Па праекце гэты 15-кіламетровы ўчастак стане шырэйшы: будзе чатыры паласы, а замест асфальту пакладуць бетон. Тэрмін будаўніцтва — чэрвень 2023 — снежань 2024. За апошнія сем гадоў у Беларусі было ўзведзена і рэканструявана 176 кіламетраў рэспубліканскіх аўтадарог з цэментабетонным пакрыццём. Вяртанне да маштабнага будаўніцтва бетонных магістраляў — адно з даручэнняў Прэзідэнта краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Добрых дарог стане больш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.