Вы тут

Электрамабіль — гэта ўжо не будучыня, а сучаснасць многіх краін


Усё часцей на дарогах нашай краіны можна ўбачыць аўтамабілі з зялёнымі рэгістрацыйнымі знакамі. Не, гэта не трэнд, які толькі цяпер набірае сілу, а дзеючае правіла, згодна з якім з лета 2020 года ўсе электрамабілі атрымалі своеасаблівую адметную пазнаку. Калі ў двух словах апісаць электракар, то гэта звычайная машына, у якой рухавік унутранага згарання і ўсе спадарожныя дэталі і механізмы замененыя электраакумулятарам. Здавалася б, выдатна, бо цяпер, каб пазбавіцца ад перажыванняў з-за чарговага падаражэння паліва, дастаткова купіць сабе «электрычку».


Днямі, падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з маладзёжным актывам, ён звярнуў увагу на гэтую тэму. Па словах беларускага лідара, прыярытэт будзе аддавацца стварэнню электрамабіляў. У Беларусі ёсць вялікія напрацоўкі і іх трэба развіваць. Па сутнасці, у айчынных вытворцаў усё ёсць, акрамя батарэі. «Аўтамабіль у нас будзе. Будзе асноўны добры аўтамабіль, і дадаткова мы яшчэ прыцягваем сюды інвестараў, каб яны выраблялі аўтамабілі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Плюсы і мінусы

Па словах экспертаў, для таго каб зразумець галоўную перавагу выкарыстання электрамабіля, неабходна адна ўмова — такіх машын павінна быць шмат. Тады паветра стане чысцейшае, бруду на вуліцах стане менш, знізіцца шум. На дадзены момант у Беларусі зарэгістравана больш за 10 тысяч электракараў, але гэтай колькасці недастаткова, каб адчуць іх станоўчы ўплыў на навакольнае асяроддзе.

Глабальны недахоп у электрамабіляў адзін — прымяняюцца розныя стандарты раз’ёмаў. У электрамабілях з ЗША, Еўропы і Кітая прымяняюцца розныя тыпы канектараў. Гэта стварае складанасці для аператараў зарадных станцый, ім неабходна прадугледзець магчымасць зарадкі для ўсіх. А астатняе — хутчэй не недахопы, а складанасці. Уладальнікі электрамабіляў сутыкаюцца з такой праблемай, як недахоп зарадных станцый у дварах, каля гандлёвых цэнтраў, крам, кавярняў і рэстаранаў.

Складана і дорага самастойна ўстанавіць станцыю на паркоўках каля жылых дамоў і ў падземных паркінгах — гэта патрабуе мноства ўзгадненняў. Складанасці могуць паўстаць і з рамонтам — усё ж такі гэта не аўтамабіль народнай маркі, якіх па нашых дарогах ездзіць непараўнальна больш.

Сёння на аўтарынку можна адшукаць як аўто прэміум-класа, так і бюджэтныя «электрычкі». Галоўнае адрозненне машын розных катэгорый — ёмістасць акумулятара, ад якога наўпрост залежыць магчымы прабег на адным зарадзе.

Зарадка каля дзевяціпавярховіка

Ці ўсё ў нас у краіне зроблена для выкарыстання электрааўтамабіляў? Як аказалася, пакуль не.

У поўнай меры выкарыстаць увесь патэнцыял такіх машын можна толькі тады, калі ў краіне будзе створана паўнавартасная інфраструктура для зарадкі. Электрамабіль залежыць ад наяўнасці разеткі. Большасць «электрычак» абмежаваныя ёмістасцю батарэй, якія выкарыстоўваюцца ў іх. Можа быць, праз некалькі гадоў батарэя з запасам ходу 1000 кіламетраў стане стандартам нават для недарагіх электрамабіляў, а пакуль што гаворка ідзе пра паказчыкі ў разы меншыя. Асноўная маса электрамабілістаў — людзі, якія маюць магчымасць зараджаць свае машыны дома. Каб новага транспарту стала больш, неабходна інфраструктура. Не ўсе жывуць у сваіх дамах, таму ўмоўнаму жыхару Сухарава ці Зялёнага Луга Мінска патрэбна магчымасць зараджацца ноччу каля свайго дзевяціпавярховіка. Таму ідэальная сітуацыя, калі ты можаш зарадзіць тэхніку заўсёды і ўсюды і не думаць пра гэта. Прычым для гэтага патрэбна не толькі развітая сетка зарадных станцый, але і гарантаваныя вольныя месцы на станцыях для зарадкі.

Напрыклад, ты прыязджаеш на АЗС заправіцца бензінам, там запаркаваны аўтамабіль, а яго ўладальнік спіць дома. 

Абсурдная сітуацыя. А яна тыповая для электракараў: на месцах для зарадкі паркуюцца звычайныя аўтамабілі. Хутка пачнуць дзейнічаць папраўкі ў Правілы дарожнага руху, які забараняе рабіць гэта. Напэўна, з’явяцца прэцэдэнты з выпісваннем штрафаў.

Усе на «электрычкі»

Паўсюдны пераход ад бензінавых аўто да электрамабіляў патрабуе шмат часу і выдаткаў. Дастаткова паглядзець на навіны з Еўропы, дзе плануюць поўную адмову ад выпуску і продажаў традыцыйных аўтамабіляў праз некалькі гадоў. Калі ўсё спраўдзіцца, мы па інерцыі апынемся на гэтым шляху.

Электрамабіль — гэта ўжо не будучыня, а сучаснасць многіх краін. У Беларусі таксама зроблены крокі да пераходу на машыны з акумулятарнымі батарэямі, у прыватнасці, павялічваецца колькасць электразарадных станцый. Калі ж мы цалкам адмовімся ад машын з рухавіком унутранага згарання, сказаць пакуль складана.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Машына з зялёнай пазнакай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.