Вы тут

У Магілёве ўпершыню можна ўбачыць персанальную выставку Віктара Бутры


Выстава адкрылася ў музеі імя В. Бялыніцкага-Бірулі. Пачынаеш іх глядзець – і не адарвацца, бо гэтыя чорна-белыя здымкі перыяду 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя валодаюць містычнай прыцягальнай сілай. Віктар Бутра адзін з яркіх прадстаўнікоў народнага фотаклуба «Мінск», якога звязвае з Магілёвам шматгадовае сяброўства. З вядомымі аўтарамі магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка» ён сябраваў яшчэ з 70-х гадоў. Дагэтуль у Магілёве можна было ўбачыць яго адзінкавыя работы у міжклубных фотавыставах. Магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна паклапацілася, каб нарэшце адбылася і яго персанальная выстаўка.


— Гэты аўтар фактычна ўзначаліў у фотаклубе кірунак, які ўмоўна можна назваць псіхалагічная фатаграфія, — расказвае яна. — Адна з яго работ, якая ў свой час звярнула на сябе ўвагу, усіх павесяліла і парадавала — «Натхненне дантыста». У Магілёве яна была паказана ў 1980 годзе. Праект «Фатаграфуюць медыкі» быў арганізаваны тагачасным кіраўніком клуба «Вясёлка» Зіновіем Шэгельманам, таксама урачом, як і Віктар. Высветлілася, што сярод гэтых спецыялістаў у розных куточках Савецкага Саюза, а таксама за мяжой шмат творчых людзей, якія любяць фота і здымаць у вольны ад работы час. Хаця ў тыя гады гэта была таксама не простая справа. Сядзець пад чырвоным ліхтаром, разводзіць хімікаты, праяўляць, друкаваць, рэтушаваць — гэта праца і вялікае напружанне.

Перыяд, які ахоплівае выстаўка, ранні ў творчасці аўтара. Хаця здымаць ён пачаў яшчэ ў школе — рабіў фота для сценгазеты. Найбольш актыўна займаўся фатаграфіяй падчас вучобы ў медінстытуце. Прызнаецца, што вельмі часта карыстаўся фотаапаратамі сяброў і нават амаль незнаёмых людзей, якія бачылі, што ён вельмі захоплены гэтай творчасцю і ў яго добра ўсё атрымліваецца. 

— Не ведаю, што мяне прымушае запаволіць крок, каб зрабіць кадр, — разважае ён пра сябе. — Прыпыніць імгненне немагчыма, а зняць трэба...
На нямецкую трафейную фотакамеру «Rolleicord» ён не пашкадаваў нават амаль дзве свае зарплаты лабаранта.

— У мяне ўжо была адна камера — савецкая «Старт». Выдатная для пачатку 60-х гадоў, але са сваімі недахопамі, — успамінае ён. — Я прыйшоў у камісіёнку, каб пашукаць сабе яшчэ і замежную. А там да мяне падышоў мужчына і прапанаваў як раз нямецкую камеру на шырокую плёнку з квадратным кадрам. І я асабліва не таргаваўся. Купіў і ні разу не пашкадаваў. Якасць здымкаў з таго моманту не выклікала ў мяне пытанняў. Фотаапарат быў просты і надзейны, дазваляў здымаць нават пры самых нізкіх тэмпературах. У адрозненне ад таго ж «Старту», які замярзаў на холадзе.

Дарэчы, амаль палова фотаработ, якія можна пабачыць у музеі, напрыклад, «Халодны пляж» або «Букавы лес», зроблена менавіта той самай трафейнай нямецкай фотакамерай. І сама яна трапіла ў кадр на здымку «Аўтапартрэт ў разбітым люстэрку».

«Чалавек, які галіўся да мяне, выпусціў люстэрка, яно ўпала на падлогу і разбілася. А я склаў асколкі і — добры кадр атрымаўся», — усміхаецца Віктар Бутра.

А знакаміты здымак «Натхненне дантыста» сапраўды кур’ёзны. Аўтар зрабіў усяго два кадры, а атрымалася шэдэўральнае фота. Падлавіў момант, калі ўрач навобмацак вызначае, ці добра шчыпцы абхапілі зуб, каб не саслізнулі.

Неверагодна моцныя па ўздеянні фотаздымкі са знакамітым архімандрытам і іканапісцам Аліпіем (Іванам Воранавым). Былы франтавік ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя стаў настаяцелям Свята-Успенскага Пскова-Пячорскага манастыра. Віктар Бутра наведаў гэты манастыр у жніўні 1963 года.

— Я паехаў туды з выкладчыкамі вышэйшых ваенных вучылішч і камерцыйным дырэктарам Акадэміі навук Латвіі, — успамінае Віктар Бутра. — Так атрымалася, што было свабоднае месца, мне прапанавалі скласці кампанію і я пагадзіўся. У манастыры ішла святочная служба, было вельмі шмат народа. I я нейкім чынам апынуўся непадалёк ад айца Аліпія. Адна фотакамера ў мяне была на шыі, другая ў руках — я пачаў хутка здымаць. Я не ведаў, што на гэта трэба браць благаславенне. Мяне штурхалі, шчыпалі, але свяшчэннік сказаў: «Не чапайце, я яму дазваляю». А тады, калі ён акрапіў мяне вадой, я думаў, хай аб’ектыў нават сапсуецца, але гэты кадр зраблю. І ён атрымаўся.

Ёсць у здымках майстра нешта няўлоўнае, вельмі шчырае і прыцягальнае. Практычна на ўсіх іх прысутнічаюць людзі, але яны не пазіруюць. Такое ўражанне, што яны наогул не бачаць фатографа, жывуць сабе сваім жыццём. Можна толькі здзіўляцца, як такое магчыма зрабіць.

— Адным з візітных фота Віктара я б назвала «Раніцу ў Пагары», — адзначае Ірына Савосіна. — Гэта старадаўні рускі горад Радагошч, які быў спалены і зноў нарадзіўся, але пад іншай назвай. Нішто на здымку не нагадвае пра старадаўнюю Русь, але яна нябачна прысутнічае. Пападанне аўтара вельмі дакладнае. Яго фотаздымкі наогул вельмі складаныя, у іх шмат розных планаў, трэба прыпыніцца і падумаць. На іх прыемна глядзець, пра іх цікава разважаць. Там ёсць душа, думка неабыякавага аўтара. Тое, што ён рабіў — гэта ювелірная работа, вельмі складаная. Бо плёнка мае свае асаблівасці, тут шмат дубляў не зробіш.

Старшыня народнага фотаклуба «Вясёлка» Анатоль Талкачоў лічыць Віктара Бутру адным з трох кітоў класічнай беларускай фатаграфіі:

— Яшчэ два — гэта магіляўчане Павел Цішкоўскі і Зіновій Шэгельман, якія стаялі каля вытокаў фотааматарскага руху ў Магілёве і на якіх усе раўняліся, — удакладняе ён.

— А Віктар скарае тым, што заўсёды цвёрда прытрымліваўся класічнай чорна-белай фатаграфіі. І, трэба аддаць яму належнае, дагэтуль не змяняе сваім прынцыпам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.