Вы тут

Успаміны пра Расула Гамзатава


Іншы раз у размове з калегамі, якія распавядалі пра сваё блізкае знаёмства з пісьменнікамі Каўказа, я пытаўся: 

— А ў цябе колькі шабляў, якія табе падарыў хто-небудзь з каўказскіх пісьменнікаў? Ну, напрыклад, Расул Гамзатаў? 


Расул Гамзатаў якраз вылучаўся тым, што дарыў сваім сябрам шаблі ці буркі. 

— Ніводнай. 

— І ў мяне ўсяго толькі адна. 

Гэтую шаблю Расул Гамзатавіч уручыў мне пасля выхаду ў свет чатырохтомніка сваіх твораў, надрукаванага ў выдавецтве «Советский писатель». Я быў рэдактарам збора, двойчы прыязджаў у Махачкалу, працуючы над ім, і Расул Гамзатавіч палічыў, што мяне варта адзначыць шабляй. 

Дарэчы, гэта была цікавая карціна, калі я з шабляю ў руках прыйшоў на дагляд рэчаў у маскоўскім аэрапорце «Унукава». У Махачкале на шаблю ніхто не звярнуў увагі, тым больш службовая «Волга» падвезла мяне адразу да трапа ў самалёт. Гасцей Расула Гамзатава ў махачкалінскім аэрапорце не даглядалі. 

— Ідзіце і атрымлівайце дазвол на зброю, — сказаў адзін з даглядчыкаў. — Гэта вунь там. 

Ён паказаў, куды трэба ісці. 

На шчасце, шабля аказалася не сапраўднай зброяй, і мне лёгка выдалі даведку, што я магу ісці са сваім сувенірам куды заўгодна. 
Я і пайшоў: у адной руцэ пакет з каньяком «Расія» ў фарфоравай бутэльцы, у другой — шабля. 

Было гэта якраз напярэдадні васьмідзесяцігоддзя Расула Гамзатава, якое шырока адзначалася ў Махачкале і Маскве. Паэт ужо цяжка хварэў, але, тым не менш, прысутнічаў на ўрачыстым вечары ў канцэртнай зале гасцініцы «Расія». Яе, між іншым, ужо няма, цяпер там парк «Зараддзе». 

А ў Махачкале Расул Гамзатаў прымаў нас у сваім доме. Ён нават правёў мяне ў рабочы кабінет на другім паверсе, куды не пускаў нікога.

— Кабінет для пісьменніка — інтымнае месца, — сказаў ён мне. — Я тут самнасам з аркушам чыстай паперы, і гэтага ніхто не павінен бачыць. Пазней чытачы ўбачаць вершы, і тыя толькі ў свой час. 

Я паківаў у знак згоды. 

За сталом нас частавалі чуду — блінцамі з тварагом, прыгатаванымі сваячкамі Гамзатава. 

— Па тым, як дзяўчына ўмее гатаваць чуду, у нас перад вяселлем выяўляюць вартасць маладой, — сказаў Расул. — Смачныя чуду падала гасцям на стол — можна браць у жонкі. 

— Вельмі добры звычай, — згадзіўся я. — Трэба было б распаўсюдзіць яго на Беларусі. 

— У вас ёсць свае, — усміхнуўся Гамзатаў. — Не можа быць, каб не было. 

Канешне, гэта так. Я чуў ад многіх людзей, што Расул Гамзатаў сапраўдны мудрэц. Прычым мудрэц вельмі дасціпны. За тым сталом госці смяяліся ледзь не пасля кожнай яго заўвагі. 

— Расул Гамзатавіч, як вам цяпер пішуцца вершы? — спытаўся я. 

— Вершы пішуцца, — уздыхнуў паэт. — Перакладчыкаў няма. Усе памерлі — Грэбнеў, Салаухін, Казлоўскі... 

— А маладыя? 

— Маладых трэба выгадаваць. Гэта як з вінаграднай лазой, якую знішчылі падчас барацьбы з п’янствам. Новую лазу вельмі доўга вырошчваюць... Дзякуй табе за чатырохтомнік. Гляджу на яго і сам сабе зайздрошчу. 

— А я зайздрошчу таму, як паэта Гамзатава вітае моладзь Дагестана. Такой пашаны мала хто ўдастойваецца. 

Мне яшчэ пры першай сустрэчы кінулася ў вочы, што на набярэжнай Махачкалы з Гамзатавым вітаўся амаль кожны махачкалінец: «Салам, Расул!» І гэта тычылася не толькі сталых людзей, але і маладых хлопцаў і дзяўчат. 

— Эх, не тое я паклаў у банк, — уздыхнуў Гамзатаў. — Трэба было маладосць заместа рубля класці. Шкада, што мы зараз пойдзем рознымі шляхамі. Ты — у самалёт, а я — у бальніцу. 

Паэт цяжка хварэў, і яго гумар быў досыць сумны. 

— Вось маё сапраўднае пасведчанне асобы, — узважыў у руках чатырохтомнік Гамзатаў. — Толькі яно скажа, хто ты і чаго варты. Дарэчы, у ім вельмі добрыя ілюстрацыі. Як прозвішча мастака? 

— Касмынін. 

— Дай Бог яму здароўя! На развітанне хачу табе сказаць: самае прыгожае ў жыцці — твар сябра. 

Гэтыя словы я запомніў на ўсё жыццё. 

Алесь КАЖАДУБ 

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.