Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы


«Шчыра падзяляю пазіцыю многіх фізіёлагаў, якія лічаць, што пракручванне прыемных альбо цікавых момантаў з перажытага ставіць нейроны ў правільныя пазітыўныя камбінацыі, якія іх (нейроны) амалоджваюць. А калі гэтыя моманты яшчэ і па-добраму апісваць, думаю, працэс амаладжэння ідзе ўдвая хутчэй».

Рызыкнём дадаць ад сябе, што не толькі ў тых, хто піша, але і ў тых, хто потым чытае... Ды скажам, што першай цытатай была прадмоўка дыпламата Алега Іванова да АДНОЙ з праўдзівых гісторый.

А ўсяго іх, баек-бываліц, як адчуваецца, лічыць не злічыць! Бо аўтар — начальнік упраўлення Расіі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь — дзе толькі не працаваў, не быў, не жыў, не збіраў грыбоў і не рыбачыў: Вялікабрытанія, Швейцарыя, ЗША, Японія, Расія, Таджыкістан, Афганістан... (Гл. інтэрв’ю «А дома ўсё-ткі лепш...» «Звязда», 2.09 гг. ). Зразумела: такому чалавеку ёсць што расказаць, напісаць і нават выдаць!.. Мо пад сотню сваіх праўдзівых гісторый, нягледзячы на занятасць, Алег Мікалаевіч «сабраў» у досыць сімпатычную кніжку «Пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023). А таму газеце — ну згадзіцеся — проста грэх не скарыстацца, як той казаў, «службовым становішчам» і што-нішто «не пазычыць» (са згоды аўтара) для любімай звяздоўскай рубрыкі. Такім чынам, чытаем, усміхаемся і... маладзеем!


Сетка і дзедка

Фота: pixabay.com

Аднойчы стракатай студэнцкай кампаніяй мы выбраліся на адну з бярэзінскіх праток. Рабацкага рыштунку ў нас было да халеры, а ўсвядомлены рыбак — я адзін. Значыць, накарміць кампанію рыбай на фоне прэферансу ну ніяк не атрымаецца.

Адзін з карцёжнікаў выказаў жаданне пахадзіць са спінінгам, тут жа атрымаў яго — разам кароткім інструктажам, старой (якой не шкода) лыжкай-блясной і рушыў да вады.

Вярнуўся недзе праз гадзіну, прычым такі шчаслівы! Ну яшчэ б — на лазовым прутку нанізаны акунькі, плоткі, краснапёркі... Мы да яго:

— Каліся, адкуль столькі рыбы?

Хлопец спачатку аднекваўся, але ж потым павёў на месца, паказаў і нават расказаў, што блясной зачапіў сетку і, вядома ж, разумеючы, што яна не наша, не вытрымаў — раздзеўся, выцягнуў на бераг і сабраў рыбу.

Што заставалася рабіць, — пачысцілі, наварылі юшкі.

Толькі селі есці, бачым, — у наш бок на абшарпанай пласкадонцы падграбае вельмі хмуры мужык. Пытае:

— П’янствуеце, значыць? Пад юшку?!

— Так... А што — сетка твая была?

— Ну…

— Дык ты ўжо, — просім, — не злуй. Мы выпадкова яе зачапілі…

Вінаватыя, запрашаем дзядка да вогнішча, наліваем гарэлкі і міску юшкі.

Стары частуецца, на вачах дабрэе, пытаецца:

— А кручкі ў вас ё?

— Ды не пытанне! Бяры — і гэтых парачку, і вось гэтых…

Дзед з зайздрасцю глядзіць на нашы рыбацкія скарбы ў каробачках, бярэ сабе трохі кручкоў, кажа:

— Добрыя вы хлопцы! Шкода, што чужую сетку паднялі... Пайду пагляджу сваю.


Першы «кідок»

...Восенню 1994 года ў Парыжы праводзілася пасяджэнне камітэта «ЮНЕСКА — Чарнобыль». Адным са спонсараў гэтай праграмы выступаў вядомы мадэльер П’ер Кардэн. Ён жа запрасіў удзельнікаў у свой рэстаран «Максім», і вячэра там атрымалася на славу! Мэтр абышоў усе столікі…

Калі падсеў за наш, я расказаў, што з яго прадукцыяй мінчане добра знаёмыя, што побач з маім домам працуе фірменная крама. Спадар Кардэн папытаўся, колькі ж там каштуе касцюм. Я адказаў: каля двухсот амерыканскіх долараў. На што мэтр толькі рассмяяўся: маўляў, у магазінах яго фірмы адна бірка каштуе сто пяцьдзясят. Значыць, на ўсё астатняе застаецца пяцьдзясят... То-бок, прадукцыя выраблена ў э-э паважаным Кітаі. У яго там некалькі заводаў, але ж вы лепш бярыце арыгінальныя касцюмы, тыя, што ад тысячы…

— Ну, як жа, як! — кажу яму. — Абавязкова!

А напярэдадні я быў ля Эйфелевай вежы, зрабіў там некалькі здымкаў з начной падсветкай. Спытаў, ці не напіша мэтр колькі слоў свайму прыхільніку? Кардэн: ды лёгка, маўляў, і размашыстым почыркам спісвае ўвесь адваротны бок здымка словамі, накшталт «рады сустрэчы», «жадаю спадару такому-та поспехаў», «здароўя і шчасця ў асабістым жыцці»…

Прыязджаю дадому, пытаюся ў жонкі, ці ведае яна, што жыве з прыяцелем самога Кардэна?!

Ды і пазней на гэтым, на жаль, не спыняюся: тыдняў праз колькі, у нядзелю ў нас збіраюцца сябры, і я зноўку, як бы між іншым: хацелі, маўляў, схадзіць туды і туды, але ж не атрымалася — вячэраў з Кардэнам. А вось, дарэчы, і яго аўтограф.

Опа... Гляджу і вачам не веру: замест паслання — размытыя пісягі. Народ смяецца…

Злы, як чорт, у панядзелак зранку тэлефаную ў ЮНЕСКА каардынатару згаданай праграмы, пытаю ў яго, што за фігня — знікла пасланне Кардэна!

Ён мне:

— Алек, а як ты думаў? Гэта ж не галівудская зорка, а вялікі чалавек. Такія людзі заўсёды пішуць пасланні адмысловымі чарніламі — хапае тыдні на два, бо ці мала як ты вырашыш ім скарыстацца.

...Я ніколі не займаўся бізнесам, і што такое «кінуць» адчуў упершыню.

Пры гэтым партнёр Кардэна, як я разумею, быў цалкам перакананы, што ўсе ўдзельнікі мерапрыемства засталіся рады і ўсім задаволены.

Мытня венікаў не вяжа...

Калі ў Нью-Ёрку нечага славянскага няма, то на Брайтане будзе. Але ж людскіх венікаў для лазні няма і там. Нашы людзі, прызначыўшы адказнага, везлі іх з радзімы скрынкамі, на ўсю кампанію, на год наперад. Так было аж 11 верасня 2001, да тэракта, пасля якога мытня ў аэрапортах ці не ўзяла «павышаныя абавязацельствы» ў праяўленні пільнасці.

Дык вось вязе наш чалавек чарговую скрынку з венікамі. Надгляд па сканеры — нарад паліцыі і павязалі. «Што за наркату вязём?» — «Ды якая нарката? Венічкі для лазні — з дубіка, з бярозкі, каб сябе, значыць, па грудзях, па спінцы...»

А зараз прыкіньце, як вось гэта патлумачыць патомку афрыканскіх рабоў альбо ацтэкаў?

Ды ніяк: венікі забралі на даследаванне. Чалавеку сказалі чакаць. Колькі? Пакуль не прызнаецца…

Адпусцілі за поўнач.

Скрынку з венікамі на хатні адрас прывезлі дні праз тры.

Дэтэктыў на развітанне спытаў, у чым жа фішка.

Наш чалавек унёс яснасць:

— Разумееце, калі такім вось венічкам ды адхадзіць па спінцы…

— Садо-мазо?

— Ды не, гэта ў нас такая спа-працэдура... А як пасля яе заходзіць гарэлачка... (Сцябацца з дэтэктывамі не рэкамендуецца, але ж не мы пачыналі першымі?).

...Мяркую, што з гэтага выпадку павінен быў складацца рапарт, але нават не ўяўляю, што там напісана пра нашу лазню і яе аксесуары.


Прыгожая маечка

У студзені 1994 года адбыўся візіт у Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. З ім самім неяк перасякацца не давялося, а вось з камандай яго жонкі — папрацаваў. Яна ў той час узначальвала нацыянальны камітэт па рэформе аховы здароўя, у сувязі з чым і быў арганізаваны яе візіт у адну з мінскіх дзіцячых клінік. Абход аддзялення, гутарка з некім з пацыентаў, дзіцячая самадзейнасць, самавар з абаранкамі ў кабінеце галоўнага ўрача — усё як належыць. Персанал клінікі і матулю абранага пацыента папярэдзілі, каб малое было чысценькім і акуратна адзетым.

І вось Хілары з камандай прыехалі, ідуць па праграме, вось-вось будуць у палаце... А мне — ну трэба ж было — крышку абагнаць іх, зазірнуць туды яшчэ раз і ўбачыць, што ўсё чын чынам: ля ложка — медсястрычка (прыгажуня і сама дабрыня!), пасцель у поўным парадку, дзіця, як выглядае, таксама (коўдрачка да падбародка)... Ды яшчэ і хваліцца:

— Мама на «Дынама» (тады стадыён адной вялізнай барахолкай быў) паўдня мне майку шукала. Прыгожая, з англійскімі словамі пра Амерыку.

— А пакажы, — прашу.

Дзіця коўдрачку з сябе і…

Мама дарагая! На зялёнай майцы — рознакаляровае: «Yankee…». Ну, вы зразумелі. Шок. А галоўнае, што мяняць нешта ПОЗНА!

— Хуценька здымай, надзявай задам наперад, — камандую дзіцяці. — І з ложка не ўставай... Ні ў якім разе!

— Ой, ну навошта вы так? — не разумее медсястрычка. — Прыгожая ж маечка…

— Вось толькі Хілары ды іжэ з ёй, наўрад ці ацэняць.

Кажу так, выскакваю з палаты ў калідор, а там ужо і дэлегацыя — лёгкая на памоўцы.

— Алекс, ты што расчырванеўся? — пытае адзін з партнёраў. — Усё ж нармальна!

...Дзякаваць богу, і сапраўды: абышлося... Бо недзе праз тыдзень да мяне на работу падкаціла аўто міжнароднай кампаніі экспрэс-дастаўкі, выгрузіла вялізазную каробку — арэлі, набытыя (як сказана ў паперах) у Варшаве, за асабістыя сродкі Хілары Клінтан.

Там жа, пры вялізнай каробцы для клінікі, была і для мяне — маленькая, накшталт медалькі.

Трэба разумець, што маечку нехта з амерыканцаў усё ж разгледзеў.

Пераклад з рускай мовы (трошкі вольны) Валянціны ДОЎНАР


Ад яе ж заўсёднае: «Пішыце! У тым ліку — пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.