Вы тут

Жаніцьба Міхася, альбо Як цікаўнай Эмілі нос прышчамілі


Жаніцьба Міхася, альбо Як цікаўнай Эмілі нос прышчамілі

Міхась (прозвішча ды зваротны адрас называць не будзем) — стары халасцяк, вясковы гумарыст і рэдкі працаўнік. Яму, як найлепшаму брыгадзіру паляводчай брыгады, досыць часта перападалі пуцёўкі ў санаторый. Ездзіў ён туды з вялікай ахвотай, а вяртаўся назад, і амаль адразу ж вакол яго збіралася кампанія: піва накупляюць, пасядуць ды чакаюць новых Міхасёвых гісторый.

Фота: pexels.com

Трохі праўды ў іх, напэўна, было, але ж аўтар ледзь не бажыўся, што ўся і ён — ні на кроплю — нідзе не салгаў. Ну хіба ў выхаваўчых мэтах?

...Неяк раз, гадоў з дзесяць таму, вось такім жа восеньскім днём вёску абляцела навіна: вярнуўся Міхась з санаторыя, але гэтым разам — не адзін: нейкую маладзіцу пад ручку вёў, разам з хлопчыкам…

Пачуўшы гэта, суседка Эміля ледзь да раніцы дажыла — так цікава было ўбачыць, хто ж такая гэтая прыезджая?

Міхася на дварэ ўбачыла першым: з хаты выйшаў, прычым прыбраны, паголены... Не тое, што раней — у брудных портках ды парванай кашулі.

А вось маладзіцы відаць не было:

— Можа, нейкая касая ці крывая, калі нос не высоўвае?.. Але ж — добра — з гатовым дзіцем, — гаварылі жанкі ля калодзежа. — Пашчасціла бабылю: сваіх не займеў, дык хоць чужога паняньчыць.

— А чаму гэта раптам — чужога?! — абурыўся Міхась, калі тая ж суседка разнесла плёткі далей. — Мой гэта хлопчык!

— ?!

— ...Помніце, гады з чатыры таму я ў санаторый ездзіў? Вось там з Марусяй і пазнаёміўся. Нават палюбіў — клікаў з сабой паехаць, але ж яна тады не згадзілася. Званіла калі-нікалі... А што сын расце — толькі нядаўна прызналася. Дык я вось паехаў і прывёз — і яе, і малога. Цяпер будзем разам жыць.

Расказвае так і ў вусы смяецца, а тая ж суседка ўсё за чыстую манету прымае і далей разносіць:

— Каб мне з месца не ўстаць: на свае вочы бачыла — хлопчык — шустры, чарнявенькі такі — на Міхася падобны... Ды што там — усе кропелькі з яго сабраў! Гадочкі тры малому, не болей. Міхась казаў…

(Міхась — калі папраўдзе — больш нічога не казаў: цётка сама дадумала), што Маруся, калі трохі асвоіцца, пойдзе працаваць у калгас, можа, нават на ферму, што яна некалі замужам была, але развялася, што браты ў яе дужа багатыя і Міхасю, калі парадняцца, машыну купяць…

Што яшчэ — трактар, мэблю, новы дом — Эміля не прыдумала, ёй часу не хапіла, бо ледзь не назаўтра на ўездзе ў вёску спынілася легкавушка. Мужчына, што быў за рулём (і салідны такі!) спытаў у бабуль, дзе тут жыве Міхась.

Яны расказалі і паказалі, а недзе праз гадзіну ўбачылі, як тая ж машына, але ўжо з Марусяй і хлопчыкам, выязджае з вёскі.

Такога павароту ну ніхто не чакаў! Першай не вытрывала ўсё тая ж суседка — прыбегла да Міхася, спытала:

— Ну што — не дагадзіў? Уцякла твая жоначка-любімачка?

Міхась у адказ хіба засмяяўся:

— Любімачка — так, але не жонка, а мая пляменніца з-пад Ушач. Я да яе разоў колькі ў госці заязджаў, вось і яна захацела адведаць, паглядзець, як жыву…

Хочаце верце, хочаце — не, але пасля гэтага пацішэла Эміля, прыкусіла крыху свой доўгі язык.

А Міхась налета зноў у санаторый паехаў. І землякі яго зноў з нецярпеннем чакалі вяртання: добра было б, каб з жонкай і дзіцем, а то і трыма. Людзі ў вёсцы вельмі патрэбны.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


Невінаватая, бо «Радыё падвяло»

У тую снежаньскую раніцу школьную тэхнічку, як заўжды, пабудзіла радыё, а дакладней — гімн. Жанчына прывыкла ўставаць пад урачыстае «Союз нерушимый республик свободных...», хоць якраз тады і не хацелася... Трэба было: сёння яна дзяжурная, значыць, у школе павінна з’явіцца ў восем, а туды, у суседнюю вёску, і дабрацца ж яшчэ, і дома ўсё парабіць. Час, што называецца, падціскаў.

Ніна хуценька падхапілася, адзелася, распаліла ў пліце — звечара і дровы злажыла, і бульбы для свіней у гаршкі насыпала... Гаспадыняй яна была спраўнай, усё гарэла ў руках…

Факт, што недзе праз паўгадзіны і сняданак у яе быў гатовы, і боршч на абед варыўся, і катлеты ў чыгунку тушыліся.

— Казік, хлопчыкі, уставайце! — скамандавала мужу і сынам.

А пакуль тыя, уздыхаючы ды пазяхаючы, адзяваліся, паспела замяшаць свінням.

— Ды варушыцеся ж! — падганяла сваіх мужчын і найперш — вечна задуменнага чалавека. — Ты, Казічак, занясі кабанам і запрагай там Орліка. Адвязеш нас у школу. 

А вы, соні, — гэта ўжо сынам, — хуценька мыцца і за стол!..

— Ну сягоння і мяце! — вярнуўшыся ў хату, далажыў сваім засыпаны снегам Казік і дадаў: — Нешта Стася сёння заспала... І ў Івана з Анютай святла няма.

— Яны ўчора да дачкі паехалі. А Стася ж на пенсіі — ёй што? Калі захацела, тады і ўстала. Гэта нам трэба спяшацца.

Трэба дык трэба: хвілін праз колькі цёпла апранутае сямейства ўкулілася ў сані, і рахманы конік, насуперак завеі, весела павёз іх па знаёмым маршруце.

Аднак што гэта? Абапал вуліцы — толькі цьмяныя ліхтары на слупах: у вокнах каб дзе, каб адзін агеньчык?!

Казік спыніў Орліка — палез у кішэнь па гадзіннік (днямі там раменьчык парваўся), чыркнуў запалкай, паглядзеў на цыферблат, праз паўзу, моўчкі падсунуў яго жонцы, пасвяціў: на гадзінніку было дзесяць хвілін на другую.

— Во, гэта ж мяне радыё падвяло! — не паверыла вачам Ніна. — Я ж заўсёды пад гімн устаю…

— А што ён двойчы гучыць — у шэсць раніцы і ў дванаццаць ночы — ты што, не ведала? — папытаўся муж.

— Ведала, — сказала Ніна. — Але забылася.

З намі, жанчынамі, гэта часта бывае: мы мала ў чым вінаватыя.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Жулік, ён жа рычард… І наадварот

У мяне ў вёсцы (я там наездамі) быў падапечны барбос: невялічкі, руды, відаць, што дагледжаны, а галоўнае — інтэлігентны, калі можна так казаць пра сабаку, бо за час нашага знаёмства я ніколі не чула, каб ён на кагосьці гаўкнуў, не бачыла, каб клянчыў прысмакі. Ён іншую звычку меў: падыдзе, прысядзе, стрэльне на чалавека сваімі вочкамі, а потым апусціць долу і чакае…

Ну як было не «купіцца» на такія «манеры», як не аддаць (нават апошняе?!).

За іншых не скажу, а сама аддавала, хоць і звала яго чамусьці Жулікам.

...У тую раніцу ён ужо ішоў у мой бок па першым снезе, па суседскім гародзе, а я, чакаючы яго, чамусьці ўспамінала, як на цягніку «Гомель — Кругавец» дабіралася ў вёску Завідаўка, як па дарозе глядзела ў акно і раптам на такім жа заснежаным полі ўбачыла... 

лісу. Патанаючы месцамі ў гурбах, яна бегла з вёскі, што цікава, з курыцай (ці пеўнем?) у зубах.

— Во, усё нібы ў казцы! — таксама цікуючы за рыжай, засмяялася мая спадарожніца, а потым стала расказваць, што нарадзілася за Уралам, у вёсцы, што іх двор там ахоўваў Рэкс — вялікі і злы (да чужых) сабака, якога трымалі на ланцугу.

— Дык вось неяк перад Вадохрышчам, — распавядала жанчына, — я прачнулася ад нейкага незвычайнага сабачага выцця. Яно было досыць гучным і ў той жа час — вельмі жаласным. На дварэ стаялі проста лютыя маразы, і я зашкадавала барбоса — скурай адчула, як яму холадна.

Не ўтрымалася — пабудзіла тату. Ён, праўда, не хацеў уставаць, але ж таксама прыслухаўся да выцця і таксама насцярожыўся: накінуў на плечы кажух, рушыў за дзверы. Я — следам... І спачатку нічога не зразумела: Рэкс сядзеў не ў будцы, дзе на мяккім сене было б значна цяплей, а паводдаль, на снезе.

Але ж крокі нашы пачуў, прыўзняўся, вінавата завіхляў хвастом. «Ты чаго развыўся? — стаў сварыцца на яго тата. — І чаму не ў будцы?»

Я зірнула ў той бок, дзе яна стаяла, і тут жа ўбачыла, што з будкі выглядае... ліса. Можа, Рэкс сам, па-джэнтльменску, пусціў яе пагрэцца, можа, яна яго сілай выгнала, а хутчэй за ўсё, як у казках, хітрасцю ўзяла?..

«Яна, вось гэтая хітрасць, — сказала тады жанчына, — досыць страшная зброя».

А я трохі пазней убачыла, наколькі ж яна непрыемная…

Ну ўявіце: у той самы вечар на сваім вясковым прыпынку я зноў убачыла Жуліка. Ён паслужліва мітусіўся каля пажылога мужчыны, відавочна, свайго гаспадара. А потым, зусім неспадзеўкі, «адарваўся» ад яго і з гучным брэхам кінуўся... на мяне.

— Рычард, назад! — скамандаваў мужчына.

Сабака спыніўся — разоў колькі, для парадку, пагаўкаў на мяне (паказаў гаспадару сваю службу) і, што называецца, падціснуў хвост.

Вось такім, гнілым, аказаўся той інтэлігент... Мне за яго аж сорамна стала!

...Не, нездарма лісу называюць махляркай.

І я таксама нездарма Рычарда празвала Жулікам ды гісторыю пра яго пачала са слоў: «БЫЎ падапечны барбос».

Наталля ШАСТАКОВА

г. Гомель


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.