Вы тут

Дараванне. Несвяточная гісторыя да Дня маці


Гэтага сівога, крыху прыгорбленага дзядзьку я памятаю з самага дзяцінства. Пасля Вялікадня, у Наўскі чацвер, мы заўсёды ездзілі на могілкі да «далёкай» бабулі, мамінай маці, якая памерла зусім маладой, у 61 год. Мама прыбіралася на магілках, размаўляла з дарагімі нябожчыкамі, бы з жывымі, ціхенька плакала. Я крыху ёй дапамагала, але больш назірала за незнаёмымі людзьмі, якіх у гэты дзень на тамтэйшых кладах заўжды шмат. Усе завіхаліся, парадкуючыся пасля зімы ў агароджах, пасля рассцілалі абрусы, садзіліся ля родных магіл абедаць. З агульнай мітусні гэты нейкі панылы чалавек заўсёды вылучаўся сваёй нерухомасцю, я нават сказала б — скамянеласцю.


Ён кожны год моўчкі сядзеў каля простага металічнага крыжа, на якім не было пазначана ні імя, ні даты жыцця і смерці, нават таблічкі не было, за невялікім столікам. На століку заўжды стаяла адкаркаваная бутэлька і напалову налітая «маліноўская» шклянка. Я ніколі не бачыла, каб ён з яе піў — ён проста сядзеў са схіленай галавой, думаў аб чымсьці сваім. Калі хтосьці (вельмі рэдка) з ім вітаўся, падымаў вочы, ледзь чутна адказваў. Загаварыць з ім асабліва ніхто не спрабаваў. Так паўтаралася кожны год, я ўжо скончыла школу, а ён усё сядзеў каля той безыменнай магілы, нібы нікуды і не сыходзіў. Толькі валасы станавіліся ўсё бялейшымі ды постаць — больш прыгнутай…

Я дадумалася спытацца пра яго ў мамы, калі ўжо вучылася на журфаку і пачынала штосьці пісаць. Стала цікава, што гэта за чалавек, якое ў яго такое гора здарылася ў жыцці, што сам сабе дараваць не можа. «А, гэта ж Мішка Немчык, — адказала мама, і ў голасе яе я пачула як мінімум непавагу. — Сядзіць, перажывае. 

Загнаў маці ў магілу, цяпер вось мучаецца».

Аказваецца, мама добра ведала гэтага чалавека — раслі разам, ён на нейкіх пяць гадоў маладзейшы быў за яе. Яго маці, Алімпіяда, Алімпа, як звалі яе ў вёсцы, была равесніцай нашай бабулі, у пачатку вайны ёй і дваццаці не было. У 43-м фашысты разам з паліцаямі зладзілі па навакольных вёсках аблаву — зганялі моладзь на работы ў Германію. Бабулі пашанцавала, схавалася за комінам на гарышчы разам з дваімі дзецьмі, немец толькі зазірнуў туды з драбіны, а лезці паленаваўся, з аўтамата паласнуў наўгад, ды комін выратаваў. Алімпе, як і многім іншым мясцовым хлопцам і дзяўчатам, пашанцавала менш — іх пагрузілі ў Койданаве ў цяплушкі і павезлі на захад.

Што праўда, з таго нямецкага рабства ўсе пасля Перамогі знясіленыя, але жывыя, павярталіся. Усе, акрамя Алімпы. Бацькі ўжо яе і аплакаць паспелі, бо ніхто сказаць ім не мог, ці жывая яна. А яна вярнулася-такі, праз паўгода пасля астатніх. З паўтарагадовым Мішкам на руках.

Вёска — яна заўсёды заядлая і злосная, калі за каго возьмецца. А тая вёска была яшчэ і знявечаная вайной, са свежай памяццю, з незагоенымі ранамі. А тут з’яўляецца гэта... з Германіі, з нагуляным ад немца дзіцем. Жыцця Алімпе не далі з самага пачатку. Нават бацькі — спачатку шкадавалі-ўгаворвалі: здай ты гэтага немчыка ў які дзетдом, гэта ж такая ганьба. Пасля, калі катэгарычна адмовілася дзіця пакідаць, проста выгналі з роднай хаты. Ніхто і слухаць не хацеў, што гаспадар памесця, куды яе прывезлі на работу, ледзь не кожную ноч яе гвалціў, што, калі нарадзіўся Мішка, загадаў ссекчы яго ў свіным карыце, што выратавала гаспадыня — пэўна, пашкадавала, бо былі ж свае дзеці... Што да вызвалення жылі з Мішкам у катуху побач з тымі ж свіннямі і з іхняга карыта елі. Вёсцы было ўсё роўна — занадта свежая была памяць, занадта балючыя раны. Вёска ёй не даравала.

Дзецца ёй з дзіцем не было куды, і яна пасялілася ў дамку-развалюсе на беразе рэчкі, у былой калгаснай лазні. Працавала ў калгасе на самай цяжкай рабоце — ніхто яе не шкадаваў. Сяк-так падлатала сама тую хаціну, так і жылі. Фактычна ў галечы, але, калі які кавалачак выпадкова перападаў — усё Мішку, сама ніколі ўдосталь і не ела. Мішка хутка ў школу пайшоў — з апошняй сукенкі кашулю яму шыла. А ён, як пайшоў у школу, саромецца яе стаў. Да яго мянушка Немчык з першых дзён надзейна прыляпілася, ён у гэтым і ва ўсіх астатніх бедах вінаватай толькі яе лічыў. Нават мамай перастаў зваць, клікаў як усе, пагардліва: «Алімпа».

Яна цярпела. Вінавата ўсміхалася, баязліва працягвала руку, каб пагладзіць сына па галаве — а ён рэзка адхінаўся. Адкладвала па капейцы, каб справіць яму якую абноўку. Хлопец быў недурны, нямецкая мова асабліва лёгка яму давалася (нездарма ж — Немчык). Настаўнік, як убачыў такую цікавасць, дык і дапамог, стаў займацца з ім дадаткова. Паступіў Немчык у «ін’яз».

А як паступіў — дык і след прастыў. Да Мінска па чыгунцы самае большае гадзіна язды, а ён за ўсе гады вучобы можа раз да маці і прыехаў. Яна не скардзілася нікому, не. Толькі на пошту зрэдку заходжвала, перавод сыну адправіць. Калі тры рублі, калі пяць — колькі мела.

Ён з’явіўся ўжо гадоў праз сем, як скончыў той «ін’яз». У модным плашчы і чаравіках, пры капелюшы. Не адзін — прывёз з сабой старшыню сельсавета і ўчастковага (ад іх пасля людзі і даведаліся). «Тут, Алімпа, вось якая справа. Мяне на дыпламатычную работу бяруць, але з маёй біяграфіяй — „дзякуючы“ табе, шанцаў няма. Трэба, каб ты засведчыла, што мае бацькі — савецкі афіцэр і яго жонка, загінулі ў Германіі падчас абстрэлу, а ты мяне проста падабрала і вывезла адтуль. З таварышамі я дамовіўся, яны ўвайшлі ў становішча, гатовы пацвердзіць і засведчыць...» Кідаў словамі, нібы камянямі, не гледзячы ў вочы.

Яна пакорліва ўсё падпісала, не сказаўшы ні слова наперакор. Калі сыходзіў — нясмела працягнула руку, нібы хацела пагладзіць па галаве. Ён нават не азірнуўся... Назаўтра яе знайшлі мёртвай каля парога. Урач сказаў: сэрца. Ёй не было і пяцідзесяці.

А вёска, злосная, зацятая вёска, калі стала вядома ўся гісторыя, стала на яе бок. І Мішку дарога туды была заказана — бабулі клялі прама ў твар. З дыпламатычнай кар’ерай у яго не склалася, настаўнічаў дзесьці пад Мінскам. З сям’ёй таксама не выйшла — развёўся, жонка з’ехала кудысьці ў Прыбалтыку, забрала дзяцей. Застаўся ў яго толькі гэты крыж без таблічкі на светлых бярозавых кладах…

Казалі сваякі, яшчэ гадоў сем таму бачылі яго там на Радаўніцу. Стары ўжо зусім, нямоглы, вымольваў дараванне. Хоць, напэўна, яна яму даўно ўсё даравала. Маці — яны такія.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.