Вы тут

Па імені любоў


Тыдзень бацькоўскай любові ў нашай краіне пачынаецца з 14 кастрычніка, калі адзначаецца Дзень маці. Не сумняваемся — мамы пачуюць шмат цудоўных слоў, якія без нагоды чамусьці не прынята (ці няма калі) гаварыць. Наш карэспандэнт папрасіў вядомых людзей расказаць, за што яны ўдзячныя сваім мамам.


Аксана Волкава: «Мама ніколі не навязвала мне свайго меркавання»

Аксана Волкава разам з мамай.

Зорка опернай сцэны, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава паспяхова спалучае кар'еру і сямейнае жыццё. Неяк яна прызналася, што гэта атрымліваецца таму, што яна «любіць сваю сям'ю і сваю прафесію». У Аксаны Волкавай двое дзяцей і ў іх выхаванні спявачка арыентуецца на досвед сваёй мамы.

— Мая мама заўсёды ставіла найвышэй за ўсё выхаванне дзяцей. Яна ўмела быць строгай, але добрай, патрабавальнай, але мяккай. У нашай сям'і існавалі правілы, якія выконваліся няўхільна, — кажа Аксана Волкава. — Педагог з вялікім стажам, настаўнік матэматыкі, яна вучыла нас з сястрой быць адказнымі за свае ўчынкі, ставіцца да іншых так, як хацелі б, каб ставіліся да нас. З самага дзяцінства мы ведалі, што трэба сваёй працай дабівацца ў жыцці пэўных поспехаў. Мама казала, што не будзе плаціць грошы за нашу адукацыю, таму мы павінны вучыцца так добра, каб паступіць на бюджэт. І мы стараліся, разумеючы, наколькі гэта важна для нашага дарослага жыцця. І я, і сястра скончылі школу з медалямі і атрымалі вышэйшую адукацыю.

Мама заўсёды паўтарала: «Ёсць такое слова — трэба», і гэту фразу я паўтараю сваім дзецям. Я ўдзячная маці за тое, што яна ніколі не навязвала мне свайго меркавання: ні ў выбары прафесіі, ні ў асабістых пытаннях.

Мама мяне вельмі рэдка хваліла. Яна заўсёды казала: «Ты можаш лепш». Мусіць, таму я не спыняюся на нейкіх сваіх невялікіх дасягненнях, а ўвесь час бачу наперадзе новыя мэты.

Я ўдзячная маме за тое, што магу спакойна ездзіць на гастролі і праслаўляць нашу краіну. Мама заўсёды дапаможа, калі трэба, і паклапоціцца пра маіх дзяцей.

Мабыць, найважнейшая маміна якасць, якой я вучуся, гэта ўменне не крыўдзіцца. Я ніколі не чула, каб яна кагосьці асуджала ці камусьці не даравала. Яна заўсёды сустракае і выпраўляе нас з усмешкай, таму што цэніць кожны дзень, калі мы ўсе разам.

Ірына Відава: «Мая мама — увасабленне жаноцкасці»

Ірына Відава разам з бацькамі.

Бацькоў Ірыны Відавай упершыню ўбачыла на юбілейным канцэрце спявачкі «Сакрэт шчасця». Ім таксама апладзіравалі! Гэтая прыгожая пара, якая адзначыла залатое вяселле, не прапусціла ніводнай танцавальнай мелодыі!

— Як усе людзі на зямлі, удзячная тату і маме за факт нараджэння. Ёсць мамы, якія ўсё робяць для шчасця сваіх дзяцей, імкнуцца даць ім самае лепшае, вось мая — такая! Нягледзячы на тое, што яна ўвесь час працавала, што не вельмі тыпова для жонак афіцэраў, у яе заўсёды знаходзіўся час на сям'ю, — распавядае Ірына Відава. — І ў прынцыпе дзякуючы яе прыкладу я зразумела, што паспяховая жанчына — гэта не толькі шчаслівая жонка, але і тая, якая адбылася як асоба. Удзячная за тое, што ўсе мае пошукі сябе: спачатку спорт, потым музыка — мама падтрымлівала безумоўна. Заўсёды развіццё дзяцей, а нас у бацькоў трое, нашы інтарэсы былі на першым месцы.

Вельмі ўдзячная за захаванне культуры, традыцый продкаў, у тым ліку ў сямейных адносінах: клопат пра дзяцей, пра мужа — гэта ўсё ёсць у маёй маме. Мне здаецца, што мая мама — гэта ўвасабленне жаноцкасці: заўсёды дагледжаная, клапатлівая, ніколі не скардзіцца на цяжкасці. Мама здолела знайсці такі баланс, калі ў яе шмат асабістых інтарэсаў, але яна жыве і нашым жыццём, і ёй гэта ў радасць. Сям'я для яе ў прыярытэце.

Самае галоўнае, чаму яна мяне навучыла, гэта стаўленню да сям'і, да мужчыны, мужа. Гэта заўсёды клопат, увага, павага, усё тое, што прынята зваць сямейнымі каштоўнасцямі.

Мой муж Алег Молчан называў маю маму Жанчынай з вялікай літары і любімай цешчай. Ён бачыў, як яна ставіцца да таты, і разумеў, што ўсё гэта будзе і ў нашай з ім сям'і. Трэба сказаць, што і мама любіла Алега, лічыла яго таксама сваім дзіцем. У нашай сям'і ён знайшоў цеплыню, утульнасць, клопат і безумоўную любоў.

Наша мама — гэта цэнтр сям'і, вакол якога ўсе збіраюцца. Дакладна ведаю, што на маму можна разлічваць. Яна прыйдзе на дапамогу ў любой цяжкай сітуацыі. А яшчэ мая мама ўмее радавацца чужому шчасцю!

Юлія Быкава і Яўген Алейнік: «Мамы падарылі нам жыццё»

Юлія Быкава разам з мамай.

Адзін з самых цікавых сямейных творчых дуэтаў — Юлія Быкава і Яўген Алейнік. Яны напісалі сотні прыгожых песень не толькі для сябе, але і для іншых артыстаў. Юлія — салістка групы AURA, паэтка, увасабленне жаноцкасці. Яўген — кампазітар, прадзюсар з катэгорыі вельмі дзейных людзей. Калі я патэлефанавала Яўгену з просьбай распавесці аб яго маме, ён адразу спытаў: «А можна і Юлечка раскажа пра сваю?»

— Удзячная, што мама дала мне жыццё, яна мяне вынасіла, нарадзіла, карміла — гэта штодзённы клопат і безумоўная любоў. Мая ўдзячнасць яшчэ большая пасля таго, калі я сама стала мамай. Цяпер я лепш разумею і цаню тое, што мая мама зрабіла для мяне, — кажа Юлія. — Вельмі ўдзячная маме за тое, што яна нічога не навязвала, не дыктавала, яна заўсёды давала мне шмат свабоды. Я сама вырашала, што мне падабаецца, чым хачу займацца. У той самы час яна заахвочвала, што я выбірала. Гэта вельмі каштоўна, калі бацькі адчуваюць, што трэба дзіцяці: творчасць — калі ласка, навука — значыць, навука. Усё, што спрыяльна, што карысна, — усё заахвочвалася.

Цяпер я вельмі ўдзячная і сваёй маме, і Жэневай за дапамогу: калі б не яны, мы не змаглі б так актыўна працаваць, шмат гастраліраваць. Нашаму старэйшаму сыну 15 гадоў, і ён ужо спакойна пераносіць нашу часам працяглую адсутнасць дома. А малодшаму ўсяго шэсць, і толькі дзякуючы клопатам бабуль яму камфортна, пакуль мы ў паездках.

Увесь гэты час, калі дзеці раслі, мы ведалі, што можна спадзявацца на дапамогу нашых мам, атрымліваць яе — самую добрую, цёплую, адказную. Маме давяраю як сабе, а часам нават больш. Шчаслівая, што ўнукі — радасць для нашых мам, таму што нашы дзеці растуць у любові і клопаце.

— У першую чаргу я ўдзячны сваёй маме за жыццё. Як чалавек, які захапляецца астрафізікай, разумею, што з пункту гледжання Сусвету вялікі цуд, што гэтае самае жыццё на Зямлі ў прынцыпе існуе, — кажа Яўген Алейнік. — У маім разуменні жыццё — гэта працэс, яно не заканчваецца з сыходам кагосьці аднаго ў іншы свет, а працягваецца праз бацькоў у дзецях, унуках і гэтак далей.

Матуля Яўгена Алейніка.

Я ўдзячны маме за тое, што яна ёсць у мяне, за тое, што я адчуваю сябе сабой. За музыкальнасць, якую яна прывіла мне з дзяцінства, бо баяніст Яўген Алейнік з'явіўся ад баяніста Ніны Алейнік. Гэта яна навучыла мяне выконваць творы на маім любімым інструменце — баяне. Мама ўсё жыццё прайшла побач з музыкай. Яна працавала таваразнаўцам у краме «Музыка», і ў нас у доме былі самыя крутыя пласцінкі. Уся любоў да музыкі пайшла ад мамы. Удзячны маме за тыя чалавечыя якасці, якія ўва мне ёсць. Мы жылі ў 90-я, і яна паказвала прыклад, як трэба змагацца з няўдачамі, праблемамі. Захапляюся мамінай жыццярадаснасцю! Не магу паверыць у тое, што зараз скажу: маёй маме 72 гады! Для мяне яна — сябар, успрымаю яе гадоў на 20-30 маладзейшай, яна і выглядае так, і цікавасць да жыцця не страціла. Мама вельмі актыўная, наведвае басейн, канцэрты. Яна займаецца з нашымі дзецьмі, дапамагае нам. Адным словам, мне з мамай вельмі пашанцавала!

Таццяна Давыдзенка: «Мама — мой анёл-ахоўнік»

Таццяна Давыдзенка разам з мамай.

Сёння Таццяна Давыдзенка — паспяховы мадэльер, член Саюза дызайнераў Беларусі. Яна з дзяцінства марыла аб гэтай прафесіі, і ўсё склалася дзякуючы падтрымцы бацькоў.

— Мая мама — самы дарагі і блізкі чалавек, менавіта ёй, безумоўна, належыць самая першая і самая важная падзяка за неацэнны падарунак — жыццё! Мама — мой зямны анёл-ахоўнік, які заўсёды і ва ўсім падтрымлівае, — кажа Таццяна Давыдзенка. — У раннім дзяцінстве я пачала марыць аб прафесіі мастака-мадэльера — мама падтрымала мяне ў выбары, аддала ў мастацкую школу. Потым было паступленне ў ВНУ. Я нарадзілася ў сям'і з сярэднім дастаткам, вывучыць дзяўчынку на дызайнера было зусім не проста, але бацькі зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, дапамагалі ў рэалізацыі маіх пачынанняў. Часам увечары пасля работы ўся сям'я сядзела і прышывала гузікі ў мае калекцыі. Без падтрымкі сям'і я не адбылася б як прафесіянал.

Мая мама — гэта таксама прыклад стойкасці, прыклад ідэальнага мацярынства і выхавання. Яна ні разу за ўсё жыццё не павысіла на мяне голас. Заўсёды старалася зразумець сітуацыю і прапанаваць шляхі вырашэння.

Я адчуваю каласальную маміну падтрымку і любоў з моманту нараджэння кожны дзень. Дзякую табе, мамачка, за тое, што ты са мной! Я люблю цябе!

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістых архіваў герояў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.