З кожным годам з’яўляецца ўсё больш неабыякавых людзей, якія хочуць бачыць свой двор дагледжаным, пад’езд — чыстым, а лавачкі — пафарбаванымі. Калі вышэйсказанае — гэта пра вас, паспрабуйце свае сілы ў калегіяльным органе тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). Не трэба палохацца мудрагелістай назвы, усё вельмі проста. Так афіцыйна называецца група людзей, якія неабыякава ставяцца да жыцця свайго раёна і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю. Падрабязней аб тым, чым сёння жыве такая грамадская ініцыятыва, карэспандэнт «Звязды» даведаўся ў КОТГС № 120 Кастрычніцкага раёна сталіцы.
КОТГСы рэгулярна прымаюць удзел у штогадовым раённым і гарадскім аглядзе-конкурсе на найлепшую арганізацыю работы, ажыццяўляюць зваротную сувязь з насельніцтвам, прыцягваючы жыхароў мікрараёнаў да ўдзелу ў работах па добраўпарадкаванні тэрыторый. Ва ўзаемадзеянні з раённай адміністрацыяй і службамі раёна яны ўдзельнічаюць у культурна-масавых, спартыўных мерапрыемствах, а таксама ў рабоце з моладдзю. Прадстаўнікі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 штомесяц удзельнічаюць у савеце грамадскага пункта аховы правапарадку, працуюць з цяжкімі падлеткамі і праблемнымі сем’ямі, прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і дадатковых суботніках, працуюць са зваротамі грамадзян. Праз уласны тэлеграм-канал інфармуюць жыхароў раёна аб мерапрыемствах.
«Наша галоўная задача — быць злучальным звяном паміж насельніцтвам раёна і адміністрацыяй, ЖКГ, МУС, МНС, установамі адукацыі, — распавёў старшыня калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 Алег Брашко. — Акрамя таго пастаянна праводзім шмат мерапрыемстваў з дзецьмі. За нашай тэрыторыяй замацаваны сярэдняя школа № 89 і яслі-сад. У мінулым годзе падрыхтавалі праект „Школьнікі для дашкалят“. Вучні сумесна з педагогам-арганізатарам зрабілі ранішнік для самых маленькіх дзетак з ясляў. Дзень маці, Дзень бацькі, Дзень пажылога чалавека — ніводнае свята не застаецца не заўважаным».
У мінулым годзе прадстаўнікі КОТГС № 120 адрамантавалі спартыўную пляцоўку, закупілі баскетбольныя кольцы, паставілі агароджу, а суседнюю варкаўт-пляцоўку ўпрыгожылі сем трэнажораў.
У сталіцы створаны ўсе ўмовы для функцыянавання КОТГСаў. На сёння ў горадзе налічваецца 128 КОТГСаў, у Кастрычніцкім раёне — 11. Аднак не ўсе органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў горадзе аднолькава адказна ставяцца да сваёй місіі. Каб стымуляваць іх да развіцця, у Мінску кожны квартал праходзяць раённыя агляды-конкурсы на найлепшую арганізацыю работы КОТГС. Перамагчы ў такім конкурсе не толькі прэстыжна, але і выгадна: за першае месца належыць прэмія ў памеры 80 базавых велічынь. Палова гэтай сумы накіроўваецца на заахвочванне актывістаў, другая — на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы КОТГС. Але грамадскія дзеячы могуць распарадзіцца прызам і па-іншаму. Напрыклад, выдаткаваць гэтыя грошы на закупку і ўстаноўку новага дзіцячага гульнявога абсталявання ў двары або малых архітэктурных формаў. Аднак трэба разумець: каб атрымаць аддачу ў выглядзе таго ж абсталявання, набытага за прэмію ад агляду-конкурсу, трэба спачатку нешта ўкласці. Напрыклад, сілы, удзельнічаючы ў суботніках, грошы на прывядзенне ў парадак тэрыторыі. Вось чаму без удзелу і зацікаўленасці іншых жыхароў — КОТГС наўрад ці стане паспяховым. «Па выніках 2022 года мы занялі першае месца ў раёне. Па выніках за першы квартал бягучага года таксама аказаліся найлепшымі», — ганарыцца старшыня.
Кожны другі чацвер месяца прадстаўнікі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 праводзяць прыём грамадзян. Практыка паказвае, што гэта вельмі патрэбнае мерапрыемства. Алег Брашко ўпэўнены: «Калі людзі не ідуць да цябе, трэба самім ісці да людзей. Трэба цікавіцца, пытацца, у чым людзі маюць патрэбу...»
Па словах старшыні, на іх прыёмах грамадзян вырашаецца 90 працэнтаў зваротаў. Асноўная маса — пытанні ЖКГ: «Нярэдка просяць паскорыць капітальны рамонт дома. Так, напрыклад, 6 верасня праводзілі прыём грамадзян сумесна з прадстаўніком ЖКГ Кастрычніцкага раёна. Да нас прыйшла жанчына, якая скардзілася на працяканне даху. Пытанне было вырашана адразу на месцы, — расказвае ён. — Аднойчы да нас звярнулася жанчына, якая па стане здароўя не магла працаўладкавацца. У яе сур’ёзнае захворванне, але групу не далі. Мясцовая жыхарка перадала нам копіі медыцынскіх дакументаў. Тады мы прыйшлі ў выканкам да намесніка кіраўніка адміністрацыі раёна Сяргея Зборцава. Ён перадаў медыцынскія дакументы ў камісію па працаўладкаванні. Жанчыне было рэкамендавана прайсці медкамісію ў сувязі з састарэлай інфармацыяй мінулых заключэнняў. Пасля чаго ёй паабяцалі дапамагчы знайсці работу».
«Мы ў абавязковым парадку ўдзельнічаем ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях, — распавяла сакратар калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 Яўгенія Аляксеева. — Таксама рэгулярна праводзім пасяджэнні членаў КОТГСа, прымаем актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку, праводзім сумесныя сходы з ЖЭА № 4, інфармуем жыхароў раёна з дапамогай тэлеграм-канала. Так, напрыклад, нядаўна мы з задавальненнем паўдзельнічалі ў Дні двара. Разам з ЖКГ Кастрычніцкага раёна, падраздзяленнем Кастрычніцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, СТАА „РЭМОНДЗІС Мінск“ выступілі арганізатарамі вельмі цікавага праекта „Бяспека і экалогія ў сучасным свеце вачыма дзяцей“. Вучням расказалі аб сартаванні і перапрацоўцы адходаў, экалогіі і правілах пажарнай бяспекі. Кожны змог паўдзельнічаць у экалагічнай віктарыне, прымераць на сябе касцюм ратавальніка, пасядзець у кабіне сапраўднай пажарнай машыны і правесці час з карысцю. Школьнікі даведаліся аб тым, што ртутныя градуснікі, батарэйкі і пратэрмінаваныя таблеткі трэба выкідваць толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. Такія мерапрыемствы вучаць дзяцей быць больш экалагічна адукаванымі».
У калегіяльным органе тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 сёння налічваецца 13 чалавек. З іх пяць — прадстаўнікі сістэмы адукацыі. Акрамя асноўнай работы, яны, як правіла, з’яўляюцца яшчэ і старэйшымі па пад’ездзе або доме. Па словах Яўгеніі, прадстаўнікі органа самакіравання ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, вывазе смецця, рамонце і рэканструкцыі жылога фонду. Неабыякавыя людзі займаюцца гэтым у вольны ад работы час. І гэта — бескарысліва.
«На працягу чатырох гадоў спрабавалі вырашыць пытанне з пракладкай тратуара каля адной са школ. Большасці дзяцей даводзілася рухацца па праезнай частцы. Сёлета ўдалося вырашыць праблему. У выніку прыбралі частку дрэў і праклалі бяспечны тратуар, усталявалі асвятленне», — адзначыла сакратар. Але на гэтым пытанні бяспечных дарог не скончыліся. Так, на вуліцы Асаналіева адкрылі новую прадуктовую краму. «Праблема ў тым, што яна стаяла на ўчастку з інтэнсіўным рухам транспарту, але пешаходнага пераходу не было. Жыхарам раёна даводзілася перабягаць дарогу на свой страх і рызыку. Сумесна з кіраўніцтвам крамы дамагліся таго, каб усталявалі два пешаходныя пераходы з адпаведнымі знакамі», — расказвае Яўгенія Аляксеева.
Такім чынам, КОТГС — гэта звычайныя людзі, нашы з вамі суседзі, якія неабыякавыя да жыцця свайго раёна і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю. Акрамя таго, яны садзейнічаюць праваахоўным органам у прафілактыцы правапарушэнняў і падтрыманні грамадскага правапарадку, удзельнічаюць у вырашэнні пытанняў, звязаных з сацыяльным абслугоўваннем насельніцтва адпаведнай тэрыторыі, праводзяць культурныя, спартыўныя, адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы для жыхароў раёна, хадайнічаюць аб заахвочванні актыўных грамадзян, якія ўносяць вялікі асабісты ўклад у развіццё грамадскага самакіравання, ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці са Статутам горада Мінска, якія не супярэчаць дзеючаму заканадаўству нашай краіны.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота аўтара і з тэлеграм-канала kotos 120
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.