Вы тут

У пачатку кастрычніка будзе на 1–4 градусы цяплей за норму


На самай справе сёлетні верасень падарыў нам з вамі магчымасць яшчэ адзін месяц атрымліваць асалоду ад летняга цяпла. У гэты час надвор’е «наштампавала» мноства рэкордаў. Так, у Мінску і Магілёве ў першым месяцы восені (па падліках сіноптыкаў) усяго 5 дзён максімальная тэмпература паветра апускалася ніжэй за плюс 20 градусаў, а ў Брэсце і Гродне ў верасні было ўсяго па адным такім дні. У Гомелі дзён з тэмпературай паветра ніжэй чым плюс 20 градусаў было ўсяго 3, а Віцебску — 6. Цёплае і сухое надвор’е захаваецца і ў пятніцу, а вось у апошні вераснёўскі дзень надвор’е пачне змяняцца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У пятніцу будзе без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 7–13 градусаў, а месцамі — плюс 3–6 градусаў. Днём паветра прагрэецца да 22–27 градусаў.

У суботу ноччу надвор’е прагназуецца пераважна без ападкаў, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай па паўднёвым усходзе слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад 5 градусаў па паўднёвым усходзе да 16 градусаў па захадзе, а днём — ад плюс 16 градусаў у паўночна-заходніх раёнах да 26 градусаў у паўднёва-ўсходніх.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, з пачаткам кастрычніка пры паступленні больш халодных паветранай масы з паўночнага захаду Еўропы тэмпературны фон панізіцца, але ўсё роўна яшчэ будзе на 1–4 градусы вышэй за кліматычную норму. У нядзелю ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах магчымы слабы туман. Уначы чакаецца 4–11 градусаў, а па паўднёвым усходзе — да 13 градусаў. Днём тэмпература дасягне плюс 13–20 градусаў.

У панядзелак у асобных раёнах краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай згусціцца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 3 да 10 градусаў, а ўдзень — ад 12 да 19 градусаў.

У аўторак месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны згусціцца слабы туман. Уначы сіноптыкі абяцаюць 3–10 градусаў, а ўдзень — 16–23 градусы. У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Тэмпература паветра ўначы падымецца да плюс 7–14 градусаў, а ўдзень — да 12–19 градусаў. Па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да 20–23 цяпла.

Тым часам зноў зацвілі каштаны

Такую прыродную анамалію можна ўбачыць на трасе паблізу вёскі Федзькавічы, што ў Жабінкаўскім раёне. Каштаны абсыпаныя пладамі, лістота практычна ўсюды пожухла. Тым дзіўней назіраць асобныя квітнеючыя гронкі. Дарэчы, адзін з каштанаў цалкам апрануты ў зеляніну і кветкі, як быццам цяпер канец вясны, а не пачатак восені.

Паўторнае красаванне можна назіраць пасля экстрэмальных умоў (засухі і спякоты), якія склаліся гэтым летам. На такія незвычайныя для гэтай пары года паводзіны раслін правакуюць пахаладанне і дажджы, а потым зноў пацяпленне. У Брэсцкай вобласці гэта не адзінкавы выпадак паўторнага цвіцення гэтай восенню. Напрыклад, у пачатку верасня на тэрыторыі Брэсцкай гарадской бальніцы № 1 можна было ўбачыць квітнеючы бэз.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.