Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Альпіністы» — «Шахцёр»... Хто каго?


Жыццё Таісы і яе шалапутнага Жэніка праходзіла і праходзіць пад дэвізам «І вечны бой, спакой нам толькі сніцца!». Прычына вайны банальная: Жэня злоўжывае, як той казаў... Таіса — пакуль — змагаецца, а галоўнае — з усіх сіл стараецца шмат што не браць да галавы.


Толькі адзін выпадак.

Фота: pixabay.com

У нядзелю нашаму герою ўдалося добра «намурзацца» — з сябрам замачыць яго новы матацыкл.

У панядзелак з раніцы — пад «бой» званоў у галаве — праслухаць Тасіну лекцыю пра шкоду алкаголю ды яго наступстваў і, страціўшы надзею на сто грамаў, ужо сабрацца на работу і тут, у апошнюю хвіліну перад выхадам, заўважыць, што жонка палезла на гарышча. «Па кілбасу, нябось? — зазлаваўся Жэнік. — Дык я ж табе зараз...»

Пад сцягам помсты ў яго падужэлі рукі ды так, што ён не проста падхапіў досыць цяжкую лесвіцу і паклаў на зямлю, а яшчэ і прыхаваў за хлявом: пасядзі, маўляў, даражэнькая, падумай, як трэба да мужа ставіцца.

«Не на тую напаў!» — убачыўшы адсутнасць «трапа», усміхнулася яго баявая сяброўка. А далей толькі і засталося, што звязаць паміж сабой дзве прасціны, якія сушыліся на гарышчы, ды спусціцца ўніз.

...Пад вечар Жэнік з выглядам трыумфатара зайшоў у хату і абалдзеў, бо заспеў сваю Тасю ў кампаніі суседкі за паяданнем бульбы з катлетамі... Але ж выгляду не падаў — як мага весялей прамовіў:

— Прывітанне альпіністам!

— І табе не хварэць! — гэтак жа ласкава адгукнулася жонка, а потым дадала: — У Іры ўнучка нарадзілася. Дык яе бутэлечку мы ўжо таго — выпілі... Схадзі ты, Жэнечка, у склеп: за бочкай з агуркамі я слоічак самагону схавала.

Узрадаваны «пасланец» пры гэтым зусім не заўважыў, як пакруглелі вочы суседкі, у якой ніякай унучкі нават у «праекце» не было, і галопам панёсся на вуліцу.

Пакуль мацаў за бочкай, дзе ж той слоік, неяк раптам... сцямнела.

Не адразу нават дайшло, што ў склепе... зачыніліся дзверы — на жалезную штабу, на замок.

З паўсутак там мужчына трымаўся (гэта вам не гарышча — тут шанцаў нуль, бо сцены — з камянёў ды цэменту...). Разважаў пра жаночае вераломства, пра гаротны мужчынскі лёс і марнасць чалавечага жыцця наогул.

Потым, калі бразнула штаба і ў яго «турму» ўварваўся зыркі сонечны промень, панура выпаўз наверх і ўжо рот нават адкрыў, каб агучыць сваё цвёрдае рашэнне падаць на развод, як пачуў Таісіна мядовае «Прывітанне шахцёрам!»…

Пасля чаго плюнуў, махнуў рукой і моўчкі пайшоў у хату, бо вельмі ж хацелася есці.

А. Навасельская

Мінскі раён


Рука калацілася, ды грошы брала

Да наступлення пенсіённага ўзросту Мікола Макарчук шмат гадоў адпрацаваў кіроўцам аўтобуса, але ж адносіны з аўтапаркам не парываў і пасля: па просьбе адміністрацыі маляваў розныя аб’явы ды шыльды, трафарэты з раскладам руху, якія затым вывешвалі на прыпынках. А заадно — смяшыў калег сваімі байкамі. Ды такімі ж складнымі, што не разабраць было, дзе — праўда, а дзе — хлусня!..

Што-нішто з гэтых выдумак напярэдадні першага красавіка Мікола адсылаў нават у раёнку. І, мусіць, шмат хто з чытачоў за чыстую манету прымалі гісторыі пра тое, што ў азярыне каля аўтабазы плавае невялічкі кракадзіл ці пра тое, што ў райаддзеле міліцыі ён асабіста ўжо зарэгістраваў самагонны апарат, бо санстанцыя, зрабіўшы аналіз ягонай прадукцыі, прызнала гарэлку цалкам прыдатнай для ўжывання (праўда, без права продажу, прынамсі, пакуль).

Але ж найболей Міколавых баек — пра сяброў-кіроўцаў і пра... сябе. Тут і зараз толькі адна:

— Я часта вазіў людзей у сталіцу. Неяк раз і Таня, жонка мая, напрасілася — захацела сястру праведаць. «Добра, — кажу, — выходзь а палове дзявятай на вуліцу: буду ехаць з аўтавакзала — падбяру».

Як дамовіліся, так зрабілі. Уселася мая палавінка на сядзенні, што побач са мной, пытае: «Коля, а грошы за праезд табе аддаваць?» — «Не трэба, — пачынаю тлумачыць. — Я што, за трыццаць гадоў, што сяджу за рулём, не зарабіў сабе права на бясплатны праезд?.. Сам ніколі не карыстаюся, дык хоць ты праедзеш.

А тым часам ужо і Мінск. Жонка пайшла да сваякоў, я другі рэйс зрабіў з Узды ў сталіцу, назад — ужо і Таню вязу.

Села яна побач ды расказвае, якім каньяком частавалі, як пляменнікі падраслі... А потым — нешта прымоўкла: глядзіць на маю руку, што трасецца (ад вібрацыі) на рычагу пераключэння перадач і кажа: «Бачу, Колечка, што ты хвалюешся... А раптам і праўда кантралёр? Дык на вось грошы, давай білет — зайцам я не паеду».

Што рабіць? Усміхнуўся, са скрыначкі з грашыма дастаў жонцы квіток (нехта з пасажыраў не ўзяў), яна і паспакайнела: з білетам у руках аж да нашай вуліцы даехала. А там ужо і выйшла.

Іншых пасажыраў я адвёз на вакзал, пусты аўтобус загнаў на базу, па дарозе за жончыны грошы ўзяў пляшку «Маскоўскай». А дома, бачу, і вячэра на стале. Я да яе бутэльку: наліў нам з жонкай па кроплі за ўдалую паездку і... сэканомленыя грошы. Прызнаўся, карацей, у сваёй афёры.

«Што пачуў у адказ, лепей не ўспамінаць, — смяяўся Мікола. — Але пасля той маралі грошы такім чынам я болей не эканомлю: не збяднеем мы, калі праезд аплацім.

Віктар Сабалеўскі

г. Узда


Не кажы... гаў!

Мае дзеці нарадзіліся ў канцы сямідзясятых, калі мама яшчэ працавала ў калгасе, і таму ім абодвум — і сынку, і дачушцы — можна сказаць, «пашчасціла» папрацаваць і на гародах ды сенакосах, і на сапраўдных абшарах цукровых буракоў, каб зарабіць сваёй бабулі пенсію.

Але ж гэта — пазней, калі дзеці трохі падраслі, а пакуль былі малымі, — гулялі то ў хаце, то на дварэ, найчасцей весялілі ды цешылі нас, дарослых... Засмучалі хіба што зрэдку. Тут і зараз толькі адзін выпадак.

...Гэта і сапраўды: гаспадарку весці — не штанамі трэсці. Тут і розум патрэбен, і досвед, а найболей — здароўе і сілы на штодзённую цяжкую працу: каб гародніну вырасціць (тую ж бульбу-буракі для свіней), каб дроў назапасіць, каб сена для кароўкі (а то і не адной) на ўсю доўгую зімку.

Дык вось. На сенажаці той воз нам дасушыць не ўдалося: сыраватым яго прывезлі дамоў. Па дарозе вырашылі ў гумно пакуль не складаць, каб не збуцвела — скінулі ў двары... Во ўжо дзецям шчасце было! Вакол кучы бегалі, уверх на яе залазілі, у хованкі гулялі, у «падножжы» сядзелі, а ўрэшце Лёшка новы фокус прыдумаў... Убачыў, як бабуля з пашы сустрэла кароўку, як падвяла да кучы з сенам, як уладкавалася на зэдлічку, каб яе падаіць, паслухаў, як цурчыць малачко; зайшоў за «стог», пастаяў за ім, затаіўшыся, — падкраўся да рагулі, а потым як выскачыць, як гаўкне на яе!

Рыжма знянацку ажно падскочыла — ударыла нагой па дайніцы (а магла б, крый бог, па «даярцы»). Вядро паляцела ў адзін бок, бабуля — у другі, малако — белай рэчкай — пацякло ў трэці…

Дзядуля, які ўсё гэта бачыў, не стрымаўся: падхапіў нейкі дубчык і рушыў да любімага ўнука.

Той, бедны, сцяміў, што трэба ўцякаць: куляй паляцеў за хату. Дзядуля — за ім. Лёша сігануў на разлапістую бярозу... Дзед — следам. Малы ўзбіраўся вышэй і вышэй, стары не адставаў, аж пакуль не зразумеў, што дзіця ўжо досыць высока…

Толькі тады паціху-памалу спусціўся ўніз, але ж усё роўна прысеў пад дрэвам на лаўку: перакрыў унуку «шлях да адступлення», бо надта ж хацеў «пачаставаць» бярозавай кашай!

...Калі я па нешта выйшла на двор, яны так і сядзелі: Лёша НА бярозе, дзядуля — ПАД.

Бабуля тым часам падаіла Рыжму, адправіла дзеда, каб у хату занёс малако, а мы сталі казаць малому: «Ну, годзе!.. Ну злазь, а то ножкі самлеюць... Дзядуля больш не злуецца».

Толькі тады Алёша нясмела спусціўся з дрэва і гэтак шчыра паабяцаў, што болей гаўкаць не будзе, што мы рассмяяліся.

А малы, і праўда, — не падмануў.

В. Бабко-Аляшкевіч

в. Радкава, Салігорскі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж (і Фаіны Ранеўскай): «Жыццё занадта кароткае, каб марнаваць яго на дыеты, скупых мужчын і дрэнны настрой. Пішыце!»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.