Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Наша галоўная задача — не дапусціць новай сусветнай вайны


Урачыстая цырымонія, якая афіцыйна пацвярджае сяброўства і супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі, прайшла ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 11 дзяржаў. 


Вітаў гасцей, беларускі лідар выказаў спадзяванне, што іх дыпламатычная работа будзе садзейнічаць збліжэнню нашых народаў, дапаможа развіццю па-сапраўднаму дружалюбных міждзяржаўных адносін.

«Вы пачынаеце выканаць сваю місію ў вельмі няпросты перыяд. Сёння ўвесь свет знаходзіцца на складаным шляху фарміравання новай структуры міжнародных адносін, якая няўхільна рухаецца да шматпалярнасці. Гэты працэс незваротны, як бы камусьці не хацелася інакш. Цяпер выбудоўваецца новы, на мой погляд, больш справядлівы і разумны парадак узаемадзеяння ўсіх, а не абраных дзяржаў на прынцыпах павагі і партнёрства», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, у Беларусі якая перажыла нямала ўзрушэнняў і неаднаразова станавілася тэатрам ваенных дзеянняў, добра засвоілі ўрокі гісторыі. «Наша галоўная задача — не дапусціць новай сусветнай вайны», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што Мінск увесь час праводзіў вельмі адказную знешнюю палітыку. 

«Ніколі ў гісторыі мы не распаўсюджвалі сваю юрысдыкцыю за межы нацыянальных граніц. Мы праводзім адкрытую і міралюбівую палітыку. Але не ўсім заходнім дэмакратыям гэта падабаецца. І тады ў ход ідуць аргументы бяссілля — санкцыі. Вашы краіны гэта неаднаразова адчулі на сабе. Таксама, як і Беларусь. Таму мы паслядоўна і настойліва выступаем супраць любых незаконных абмежавальных мер, якія шкодзяць не столькі нам, колькі ўсяму свету», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што санкцыі да беларускіх калійных угнаенняў, напрыклад, сельгаспрадукцыі і тэхнікі сур’ёзна падрываюць глабальную харчовую бяспеку, цягнуць зніжэнне ўраджайнасці і рост цэн на харчаванне, у той час як мільёны людзей у свеце галадаюць. 

«Упэўнены, у нашых агульных інтарэсах яшчэ гучней заяўляць аб гэтай праблеме і разам дабівацца адмены абмежаванняў у гандлі, асабліва па жыццёва важных пазіцыях», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, па яго словах, адказы на гэтыя выклікі ўжо знойдзеныя. 

Цяпер актыўна фармуюцца новыя сістэмы разлікаў у нацыянальных валютах, перабудоўваецца лагістыка. Гэтыя тэмы абмяркоўваюцца на пляцоўках ШАС і БРІКС. Па словах беларускага лідара, усе стаміліся ўвесь час чакаць міласці з-за акіяна. 

«Хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і бар’еры, якія ствараюць апаненты на Захадзе, беларусы не збочылі са свайго шляху развіцця. Наша эканоміка ўпэўнена выходзіць на траекторыю росту. Мы запрашаем да сябе ўсіх людзей добрай волі. Для гэтага ўтаноўлены бязвізавы парадак уезду для грамадзян многіх краін. Нягледзячы на заходнія абмежаванні, мы праводзім масу яркіх міжнародных культурных і спартыўных мерапрыемстваў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё гэта адлюстроўвае сапраўдныя памкненні нашага народа і з’яўляецца ў тым ліку адказам тым краінам, дзе здзекуюцца з мігрантаў, узмацняюць правілы ўезду, ствараюць загараджальныя збудаванні, закрываюць пункты пропуску, пагражаюць транспартнай блакадай і проста знішчаюць гэтых людзей», — дадаў ён. 

Прэзідэнт заявіў, што ў цяперашняй сітуацыі для нас асаблівае значэнне мае развіццё даверных і ўстойлівых сувязей з сяброўскімі партнёрамі за мяжой. І такіх партнёраў вельмі шмат па ўсім свеце. "Сведчаннем таму з’яўляецеся вы«,- падкрэсліў ён, звяраючыся да паслоў. 

Па традыцыі кіраўнік дзяржавы коратка спыніўся на ўзаемадзеянні Рэспублікі Беларусь з краінамі, якія прадстаўляюць паслы. 

Казахстан

Звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ерлана Байжанава кіраўнік дзряжавы падкрэсліў, што Казахстан — блізкая Беларусі дзяржава, стратэгічны партнёр і саюзнік, брацкая дзяржава. «Нас злучае агульная гісторыя, развітыя гандлёвыя і гуманітарныя сувязі. Сяброўскія адносіны на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў даюць магчымасць абмяркоўваць любыя пытанні без абмежаванняў. Мы будзем рады сёлета вітаць у Беларусі Прэзідэнта Касым-Жомарта Такаева для прадаўжэння дыялога па шырокім спектры тэм двухбаковага і міжнароднага парадку дня», — адзначыў Прэзідэнт.

Венгрыя

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Венгрыя з’яўляецца даўнім і надзейным сябрам Беларусі, адносіны з якім, прайшоўшы выпрабаванне часам, выбудоўваюцца на прагматычнай і ўзаемапаважлівай аснове. «Мы асабліва адзначаем прапановы і ініцыятывы Будапешта па бяспецы і мерах даверу ў Еўропе. Гатовыя да працягу дыялогу з Венгрыяй у мэтах дээскалацыі напружанасці ў рэгіёне шляхам вырашэння спрэчных пытанняў толькі мірнымі перамовамі», — сказаў ён Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Зіце Ілоне Бенчык.

Егіпет

У зале таксама прысутнічала прадстаўнічая група паслоў з краін Афрыкі. Па словах беларускага лідара, гэта прамое пацвярджэнне узаемнай цікавасці Беларусі з краінамі Афрыкі. 

«Хачу сказаць, што тут, у Беларусі, вы заўсёды можаце разлічваць на раўнапраўнае і выгоднае для ўсіх супрацоўніцтва. Запрашаю вас як мага часцей бываць у нас, прывозіць з сабой афіцыйныя дэлегацыі і прадстаўнікоў дзелавых колаў. Нашы дзверы для вас заўсёды адчыненыя. Мы верым у ваш кантынент і ўскладаем на яго вялікія спадзяванні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён прызнаўся, што шчыра рады прыбыццю ў Мінск новага пасла Егіпта — Назіха Аль Баха Ад-Дзін Аль-Нагары. Кіраўнік дзяржавы назваў Егіпет — адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўночнай Афрыцы. «Нас звязваюць добрыя асабістыя кантакты з Прэзідэнтам аль-Сісі, сумесныя эканамічныя праекты. Разлічваем на пасоўванне нашых агульных напрацовак на рынкі іншых дзяржаў Афрыкі, а таксама на больш актыўную працу на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза», — сказаў ён. 

Зімбабве 

Ігнаціус Грэхэм Мудзімба стаў першым у гісторыі двухбаковых адносін Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Зімбабве ў Беларусь. «З задавальненнем адзначу, што супрацоўніцтва з Харарэ з’яўляецца пераканаўчым прыкладам таго, як Мінск узаемадзейнічае з краінамі Афрыканскага кантынента. Сумесна з Прэзідэнтам Мнангагвай мы вызначылі вельмі амбіцыйныя задачы на бліжэйшыя гады. Перакананы, што Пасол прыкладзе ўсе намаганні для поўнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Экватарыяльная Гвінея

Прэзідэнт нагадаў, што зусім нядаўна, напачатку верасня, вітаў на беларускай зямлі кіраўніка Экватарыяльнай Гвінеі. Па яго словах, адкрытая размова пацвердзіла, што афрыканскія дзяржавы маюць намер пакінуць у мінулым ролю сыравінных прыдаткаў і імкнуцца да індустрыялізацыі эканомікі. «Мы ў гэтым будзем вам добрымі памочнікамі, — запэўніў кіраўнік дзяржавы — Выкананне ўзгодненых планаў запатрабуе падтрымання высокага тэмпу двухбаковых кантактаў». — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусі Лусіяна Нкога Ндонг Айекаба будзе частым госцем у беларускіх міністэрствах і на прадпрыемствах, а калі неабходна — ва ўрадзе і Палацы Незалежнасці. «Мы да гэтага гатовы», — запэўніў ён.

Ангола 

«Нашы сувязі з Анголай маюць даўнюю гісторыю. У нас значны патэнцыял для больш істотнага росту тавараабароту. Пацвярджаю зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі двухбаковага палітычнага дыялогу, супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і іншых сферах», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Аугушту да Сілва Кунья.

Уганда

Гэту краіну Аляксандр Лукашэнка назваў адным з перспектыўных партнёраў у Афрыцы. «Мы маглі б істотна прыбавіць у гандлі, больш актыўна ўзаемадзейнічаць у сферах сельскай гаспадаркі, медыцыны і адукацыі, падрыхтоўкі кадраў. Гатовы пастаўляць нашу сельгастэхніку, якасныя прадукты харчавання», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што з удзелам новага Пасла Мозэса Каваалуука Кізіге гэтыя і многія іншыя тэмы атрымаюць далейшае развіццё. 

Камбоджа

Умацоўваючы шматпланавае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі свету, Беларусь працягвае актыўны рух на Усход. Па словах кіраўніка дзяржавы, адзін з нашых прыярытэтаў у Паўднёва-Усходняй Азіі — Каралеўства Камбоджа. «Бачым магчымасці для значнага пашырэння двухбаковай кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, мадэрнізацыі інфраструктуры», — сказаў ён, звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Пічкхун Паня.

Філіпіны 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, разглядаем Рэспубліку Філіпіны ў якасці значнага для нашай краіны партнёра. «Гатовы ўзаемадзейнічаць з Манілай у сферы харчовай бяспекі, уключаючы перадачу вопыту ў стварэнні аграпрамысловых холдынгаў, якія ажыццяўляюць як вытворчасць, так і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі», — запэўніў ён Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Ігара Гарліта Байлена.

Іарданія 

Мінск зацікаўлены ў далейшым пашырэнні кола партнёраў на Блізкім Усходзе, звярнуў увагу Прэзідэнт. 

«Іарданія мае заслужаны міжнародны аўтарытэт і выступае як краіна-міратворац у рэгіёне. Падобныя падыходы блізкія і Беларусі. Перакананы, нашы краіны маюць усе перадумовы для больш актыўнага супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, навуковай, культурнай, турыстычнай і іншых сферах. Гэта ў поўнай меры адпавядае інтарэсам нашых дзяржаў», — сказаў ён. Сваю дыпламатачную місію ў Бедарусі пачаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Іарданіі ў Беларусі Халід Абдулла Шавабка.

Калумбія 

«Важным партнёрам у Лацінскай Амерыцы з’яўляецца Калумбія, якая стала праводзіць больш узважаную і незалежную палітыку ў міжнародных справах. Аднолькавыя падыходы Мінска і Багаты адносна нелегітымных абмежаванняў і ацэнкі сітуацыі ў свеце адкрываюць новыя магчымасці для актывізацыі дыялога на ўсіх узроўнях, пашырэння гандлю і ўзаемадзеяння ў іншых сферах», — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Эктара Ісідро Арэнаса Нейра.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі 2023 год аб’яўлены Годам міру і стваральнай працы. «Перакананы, што вы будзеце ўвесь час выкарыстоўваць гэтыя паняцці ў якасці галоўных крытэраў эфектыўнасці ў сваёй працы. Упэўнены, ваша знаходжанне тут у якасці афіцыйных прадстаўнікоў сваіх дзяржаў будзе цікавым, насычаным і карысным з прафесійнага пункта гледжання. Закрытых тэм у нас няма! — сказаў ён. — Мы зробім усё для таго, каб вы змаглі лепш спазнаць і зразумець нашу краіну, глыбей пазнаёміцца з яе гісторыяй і культурай, адчуць усю паўнату яе гасціннасці». Прэзідэнт пажадаў паслам поспехаў у выкананні іх важнай і адказнай місіі.


У тэму

Казахстан вітае прагрэс у супрацоўніцтве з Беларусю

У размове з журналістамі пасол Казахстана ў Беларусі Ерлан Байжанаў падкрэсліў, што патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва вельмі вялікі, і сёлета адзначаецца значны рост узаемнага тавараабароту. За 7 месяцаў 2023 года ён склаў 700 мільёнаў долараў і па выніках года, хутчэй за ўсё, істотна перавысіць адзнаку 1 мільярд долараў. 

«Самае галоўнае, у чым зацікаўлены Казахстан, гэта прамысловая кааперацыя — прасунутыя, тэхналагічна развітыя беларускія кампаніі. Асабліва ў машынабудаванні. Намечана яшчэ шэсць буйных праектаў па лакалізацыі вытворчасці. У гэтым наш галоўны інтарэс — у інвестыцыйнай сферы. Гэта будзе даваць плён у тым ліку і ў гандлёвых адносінах», — дадаў дыпламат.

Уганда разглядае Беларусь як адну з вядучых краін у сферы АПК

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Уганды ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Мозэс Каваалувука Кізіге падкрэсліў: «Мы разглядаем Беларусь як адну з вядучых краін у вобласці сельскай гаспадаркі. Будучы паслом Уганды ў Беларусі, я, несумненна, хачу скарыстацца перспектывамі нашай краіны ў гэтай сферы», — расказаў ён. Дыпламат таксама адзначыў, што Уганда мае прыцягальны інвестыцыйны клімат, і запрасіў беларускіх бізнэсмэнаў у якасці патэнцыяльных інвестараў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.