Ула і ваколіцы


У Бешанковіцкім раёне нямала адметных паселішчаў, якія прыцягваюць і сваім геаграфічным ландшафтам, і гістарычнай памяццю, што выяўляецца праз адметныя архітэктурныя збудаванні. Напрыклад Бачэйкава. Сяло, мястэчка, цэнтр Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні, цэнтр аднайменнага калгаса, аграгарадок... Размешчанае за 21 кіламетр ад Бешанковіч, паселішча вядомасць сваю мае з 1460 года як сяло, уласнасць князя Юшкі Ямантавіча. З XVІ стагоддзя Бачэйкава належала роду Цеханавіцкім. За мінулыя стагоддзі, да Першай сусветнай вайны, гаспадары сабралі вялікую ўнікальную калекцыю твораў мастацтва, а таксама немалую бібліятэку. Кніжніцу ў Першую сусветную вайну вывезлі ў Маскву. Сляды бібліяфільскай калекцыі па сёння невядомыя. Дарэчы, у гэтым зборы знаходзілася перапіска Аляксандры Цеханавецкай з вялікім французскім пісьменнікам Анарэ дэ Бальзакам... Цікавасць уяўляе аграгарадок (былая вёска) Астроўна. Дарэчы, адна з вуліц Астроўна носіць імя Льва Сапегі. І гэта зусім не выпадковае рашэнне. У вёсцы Астроўна ў родавым замку нарадзіўся Леў Сапега (1557—1633), дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, дыпламат, аўтар прадмовы да Статута ВКЛ 1588 года... Тут, у Астроўне, засталіся руіны праваслаўнага храма — Свята-Троіцкай царквы (пабудавана ў 1564 годзе, спярша гэта быў касцёл, а ў 1873 годзе перабудаваны ў праваслаўную царкву). У 1962 годзе ў паселішчы ўсталяваны помнік на месцы бою ў час Айчыннай вайны 1812 года. Болей як 210 гадоў таму 13 ліпеня пяхотны корпус генерала А. Астэрмана-Талстога і чатыры кавалерыйскія палкі расійскай арміі трымалі абарону перад французскімі захопнікамі. Гэты бой паспрыяў злучэнню 1-й і 2-й рускіх армій каля Смаленска... А ў вёсцы Слабодка месціцца Свята-Мікалаеўская царква, якая пабудавана напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ стагоддзя...


Ула. Касцёл. Малюнак Н. Орды. Сярэдзіна ХІХ ст.

А мы давайце зазірнём у аграгарадок Ула. Ад Бешанковіч — усяго 27 кіламетраў. Прыстань на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ракі Ула. У калекцыі філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава захоўваецца нямала старых паштовак з выявамі гэтага прыкметнага, багатага на гісторыю паселішча Віцебшчыны, Бешанковіцкага краю. І выгляд на набярэжную Заходняй Дзвіны, і Прабойная вуліца пачатку XX стагоддзя, дзе мы віртуальна можам зазірнуць у местачковыя лаўкі, наведаць, напрыклад, адмысловую крамку «Аптэкарскі гандаль». І выгляд на мястэчка Ула ад ракі з такой самай назвай, і касцёл Святога Духа... Дарэчы, ёсць і рэпрадукцыя малюнка легендарнага Напалеона Орды, на якім паказаны той самы касцёл Святога Духа. І паштоўка з выявай пераправы на рацэ Ула ў 1918 годзе. Так што да жывой сустрэчы з Улай можна з дапамогай старых паштовак падрыхтавацца як след…

Бой у Астроўна. 25 ліпеня 1812 года. Літаграфія пачатку XX ст.

Экскурсія па паселішчы, якое сёння мае надзвычай цікавы, можна сказаць, канструктыўны, мірны герб (геральдычны сімвал нададзены гораду вялікім князем літоўскім Стэфанам Баторыем 27 студзеня 1577 года: «...у чырвоным полі замак з вежай пасярэдзіне»; у суверэннай Беларусі афіцыйны статус герб атрымаў 9 лютага 2004 года), можа заняць нямала часу. Тут — і знаёмства з рэшткамі замка і ўмацаванняў, якія яшчэ называюць «Баторыеў шанец», такі вось «паход у XVІ стагоддзе». І яшчэ — знаёмства са Свята-Троіцкай праваслаўнай царквой, пабудаванай у 1896 годзе. Пра Вялікую Айчынную вайну нагадваюць помнікі на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, — землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную, помнік на магіле ахвяр нацызму.

Ула. Унутраны выгляд касцёла.

Ва Уле некаторы час у пачатку 1860-х гадоў жыў паэт Фелікс Тапчэўскі (1838—1892), які нарадзіўся ў вёсцы Будзішча (цяперашні Полацкі раён). Вучыўся літаратар у Лепельскім павятовым вучылішчы. Пасля заканчэння паступіў на службу пісарчуком-канцылярыстам у Віцебскі земскі суд. Пасля працаваў валасным пісарам у мястэчку Ула... У розныя гады Ф. Тапчэўскі пісаў гумарыстычныя творы, якія разыходзіліся ў рукапісах. Вершы насілі дэмакратычную скіраванасць. Пры жыцці паэта быў надрукаваны толькі адзін верш — з красамоўнай назвай «Панскае ігрышча». Браніслаў Эпімах-Шыпіла ўключыў у сваю рукапісную хрэстаматыю вершы Тапчэўскага «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Вечарынка» і «Панскае ігрышча». Некаторы час лічылася, што Тапчэўскі з'яўляецца аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе»... У 1920 годзе ў паселішчы нарадзіўся рускі пісьменнік, капітан ІІ рангу Юрый Сямёнавіч Тарскі. У Вялікую Айчынную вайну наш зямляк служыў на Балтыйскім флоце. Сярод баявых узнагарод Юрыя Тарскага — ордэн Чырвонага Сцяга, два ордэны Чырвонай Зоркі, медалі. Пісьменнік — аўтар кніг «Выпрабаванне трываласці», «Расповед пра падводную лодку», «Падводная вахта», «Мацней смерці», «Выпрабаванне агнём», «Падводная лодка сыходзіць у пошук», «Ваенна-марскі флот» і іншых. Ула — і радзіма савецкага і расійскага літаратуразнаўца Івана Канстанцінавіча Горскага (1921—2001). Доктар філалагічных навук, ён напісаў нямала цікавых даследаванняў: «Адам Міцкевіч» (1955), «Гістарычны раман Сянкевіча» (1966), «Крашэўскі і Дантэ» (1968), «Аляксандр Весялоўскі і сучаснасць» (1975)... Таксама наш зямляк з'яўляецца адным з аўтараў кнігі «Акадэмічныя школы ў рускім літаратуразнаўстве» (1975). Іван Канстанцінавіч рэцэнзаваў і многія працы беларускіх гісторыкаў літаратуры. І. Горскі — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 годзе быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. На тэрыторыі Ульскага сельсавета, у вёсцы Хоціна, нарадзіўся легендарны генерал Вялікай Айчыннай — Герой Савецкага Саюза Леў Даватар (1903 — 1941), які ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі. Імя генерала-кавалерыста, военачальніка, які неймаверна шмат зрабіў дзеля арганізацыі знішчэння фашысцкіх войскаў у першыя месяцы вайны, носяць вуліцы многіх гарадоў на прасторах былога Савецкага Саюза. У тым ліку — і ў Данецку. Вось толькі ў Кіеве вуліца і завулак Даватара перайменаваны ў рамках дэрусіфікацыі ў 2022 годзе... З Улы родам — і народны артыст Карэльскай АССР, акцёр тэатра Барыс Хацяноў (1918—1979)... Такое вось ва Уле «гістарычнае гняздо», якое выпеставала яркіх, зорных нашых суайчыннікаў! І такіх мясцін на Віцебшчыне, як і па ўсёй нашай краіне, нямала…

Ула. Прабойная вуліца. Пачатак ХХ ст.

Ула. Від на мястэчка. Пачатак ХХ ст.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.