У Беларусі ўбіраюць другі хлеб. Ураджайнасць бульбы ў гаспадарках краіны вышэйшая за мінулагоднюю: кожны гектар дае каля 360 цэнтнераў. Ужо сабрана звыш 150 тысяч тон. Усяго ж гэтай восенню ў сельгасарганізацыях трэба будзе ўбраць бульбу з плошчы 26 тысяч гектараў, як і летась. І калі тады вынікам працы аграрыяў сталі 789,9 тысячы тон бульбы, то сёлета, відавочна, ураджай будзе яшчэ вышэйшы.
Цешыць ураджай бульбы і дачнікаў, і гаспадароў прысядзібных участкаў, нягледзячы на чэрвеньскую засуху. І ўсё ж, кажуць вучоныя, у галіне селекцыі бульбы ёсць яшчэ вельмі шмат напрамкаў работы. Што ў планах у селекцыянераў, мы спыталі доктара сельскагаспадарчых навук, галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела селекцыі НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Георгія Піскуна.
— Георгій Іванавіч, у гэтым годзе для многіх сельскагаспадарчых культур склаліся экстрэмальныя ўмовы. Што можа супрацьпаставіць зменам клімату сельгаснавука?
— Падобныя экстрэмальныя перыяды ў апошні час паўтараюцца з году ў год: чэрвень з высокімі тэмпературамі і практычна без ападкаў, і ападкі ліўневага характару ў ліпені ды жніўні, калі літаральна залівае палі. І гэта ўжо трэба ўспрыняць як данасць: так змяняецца клімат. Для бульбы гэта азначае абвастрэнне раней малазначных у нашай кліматычнай зоне хвароб. У першую чаргу альтэрнарыёз — ён праяўляецца канцэнтрычнымі карычневымі плямамі на клубнях. Шкода ад гэтай хваробы павялічваецца — асобныя сарты (асабліва раннія) былі амаль цалкам ёю пашкоджаныя. І калі метады эфектыўнай барацьбы і прэпараты для аховы бульбы ад больш звыклага для Беларусі фітафтарозу распрацаваныя і паспяхова выкарыстоўваюцца, то для альтэрнарыёзу іх яшчэ толькі трэба ствараць — і гэта цяпер першарадная задача.
— І ўсё ж ураджай бульбы сёлета радуе…
— Так, ён большы за леташні. Пакуль бульбу ўбіраюць у некаторых рэгіёнах — гэта такія гаспадаркі, як Талачынскі кансервавы завод — або, напрыклад, вядомая гаспадарка «Дзіяна» (Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён): там саджаюць па 1200 гектараў, і кожны год ураджайнасць складае каля 400 цэнтнераў і вышэй. Паводле апошняй зводкі, у сярэднім па краіне ўраджайнасць дасягае 358 цэнтнераў, і гэта — еўрапейскі ўзровень. Ужо сёння можна прагназаваць, што ў цэлым ураджай бульбы сёлета будзе нядрэнны. Але ў сувязі з чэрвеньскай спякотай пад кустамі завязалася мала клубняў (асабліва ў ранніх сартоў). У далейшым рост клубняў быў нармальны, і, як вынік, сёлета будзе пераважаць вельмі буйная фракцыя. Іншымі словамі, будзе адчувацца недахоп насеннай фракцыі. Акрамя таго, могуць узнікнуць некаторыя складанасці з захоўваннем: з-за пераўвільгатнення глебы ў ліпені клубні мелі недастаткова кіслароду, і падчас захоўвання гэта праявіцца — бульба можа загніваць. Але вернемся да таго, што могуць супрацьпаставіць селекцыянеры змяненню клімату.
Я вывучаю дадзенае пытанне ўжо на працягу дзесяці гадоў і лічу, што ў нейкай ступені трэба мяняць стратэгію селекцыі. Па-першае, ствараючы новыя сарты, належыць рабіць упор на ўстойлівасць да засухі і высокіх тэмператур, адначасова — закладваць трываласць да пераўвільгатнення. І другі найважнейшы крытэрый — устойлівасць да хвароб, у першую чаргу да альтэрнарыёзу.
— Які цяпер сартавы састаў бульбы на нашых палях?
— На працягу апошніх гадоў сарты беларускай селекцыі з году ў год займаюць не менш за 60-70% плошчаў. З сярэдняранніх сартоў не здае свае пазіцыі «брыз», з бульбы сярэдніх тэрмінаў паспявання на першым месцы «скарб», з сярэдняпозніх — «вектар». Гэтая тройка ў лідарах.
З сярэдняранніх сартоў у апошні час шырока распаўсюдзіўся створаны ў 2016–2017 гадах «маніфест».
З новых у ранняспелай групе добры вынік паказваюць «першацвет» і раяніраваны літаральна два гады таму сярэдняранні сорт «мастак». З сярэдняспелых сартоў практыкам (у першую чаргу фермерам і прыватнікам) спадабаўся «водар», унесены ў Дзяржаўны рэестр летась, а таксама сорт «гарантыя». Адзначу, што «водар» па прадукцыйнасці пераўзыходзіць «скарб», ды, на мой погляд, таксама і па смакавых якасцях. З сярэдняпоздніх сартоў у апошні час распаўсюджанне атрымалі «нара» і «рубін». Трэба сказаць, што ў «рубіна» і «гарантыі» самая высокая ўстойлівасць, мабыць, з усяго сусветнага асартыменту, да фітафтарозу.
А ў цэлым (і такая стратэгія распрацавана ўжо даўно) і гаспадаркам, і фермерам, і прыватнікам мэтазгодна з улікам сучасных кліматычных асаблівасцяў мець як мінімум тры сарты розных груп спеласці. Напрыклад, у адзін год можа «стрэліць» больш ранні сорт, у іншы — сярэдняспелы або сярэдняпозні. Сёлета склаліся такія ўмовы, што найбольшую прадукцыйнасць пакажуць сярэдняпознія сарты — «вектар», «журавінка», з навейшых — «нара» і «рубін».
— А калі казаць аб самых новых сартах — ці ёсць да іх цікавасць у практыкаў сельскай гаспадаркі? Напрыклад, да сорту бульбы з фіялетавай мякаццю, які быў створаны нядаўна?
— Фіялетавых сартоў у нас пакуль два, абодва знаходзяцца на дзяржаўным сортавыпрабаванні. «Сапфір» выпрабоўваецца другі год, «лекар» — першы. Яны яшчэ не ўнесены ў дзяржаўны рэестр, але ў нашым інстытуце вядзецца па іх насенняводства, і ўжо сёння да пасяўнога матэрыялу ёсць вялікая цікавасць, у першую чаргу ў фермерскіх гаспадарак і прыватнікаў, а таксама ў прадпрыемстваў, якія выпускаюць чыпсы. Акрамя таго, сёлета мы выпрабоўваем гібрыд — яго пакуль не перадалі ў Дзяржкамісію, і ён называецца проста наборам лічбаў, імя атрымае пазней. Гэты гібрыд мае ярка-ружоваю мякаць, стравы з яго — ад пюрэ да чыпсаў — атрымліваюцца вельмі прывабнымі вонкава. Дадам, што каляровыя сарты бульбы маюць цэлы спектр карысных для здароўя ўласцівасцяў, таму будуць запатрабаваныя і рэстаранамі, і для дзіцячага харчавання.
— Ці давяраюць прыватнікі — фермеры, індывідуальныя прадпрымальнікі — айчынным сартам?
— Я не сказаў бы, што прыватнікі больш давяраюць бульбе замежнай селекцыі. Вядома, у заходніх кампаній выдатна працуюць маркетынг і рэклама, яны моцна «раскручваюць» свае навінкі. Але фактычна іх дасягненні часцяком бываюць пераацэненыя — і практыкі тое бачаць. Скажам, разрэкламаваная «каралева Ганна» ў мяне ў калекцыі з таго часу, як яе раяніравалі ў Беларусі. І я не сказаў бы, што ў ёй ёсць нешта асаблівае — ні па ўраджайнасці, ні па смакавых якасцях. Беларускім сартам таксама не перашкодзіў бы агрэсіўны маркетынг. Хоць яны і так карыстаюцца попытам. Кожны год увосень адбою няма: «Дайце «першацвет», «маніфест», «вектар», «водар», «нару» і гэтак далей. Беларускія сарты запатрабаваныя і ў гаспадарках, і ў фермераў, і ў дачнікаў.
— Пагаворым аб перспектывах. У які бок, скажам так, сёння ідзе селекцыя бульбы?
— Сёння патрэбныя разнастайныя сарты. У першую чаргу, натуральна, сталовыя, якія выкарыстоўваюцца ў свежым выглядзе для гатавання розных страў. Таксама ва ўсім свеце, і ў тым ліку ў нас, хуткімі тэмпамі развіваецца вытворчасць бульбапрадуктаў — чыпсаў, фры, сухога пюрэ, вакуумаванай бульбы. У Расіі, напрыклад, літаральна за некалькі гадоў з 1% ад агульнага аб’ёму ўраджаю перапрацоўка культуры на бульбапрадукты вырасла да 15%. Сёння гэта найбольш перспектыўны напрамак. У краінах Заходняй Еўропы на бульбапрадукты адпраўляецца ад 40% да 60% ураджаю. У Беларусі на Талачынскім кансервавым заводзе пабудавана сучаснае прадпрыемства па вытворчасці бульбы фры, якое можа вырабляць да дзесяці тысяч тон прадукцыі за год, і сёння яно выходзіць на такія аб’ёмы. Гэта дазваляе цалкам закрываць рэспубліканскія патрэбы (каля 2,5 тысячы тон), а астатняе адпраўляецца на экспарт — і пакупнікі знаходзяцца адразу. Найбольшыя аб’ёмы забіраюць Казахстан і Кітай. А для вытворчасці кожнага віду бульбапрадуктаў неабходныя свае сарты з тымі ці іншымі асаблівасцямі... Таксама важны напрамак работы — сарты для вытворчасці крухмалу. Крухмал неабходны ў дзясятках сфер: ад тэкстыльнай і папяровай прамысловасці да фармацэўтыкі, медыцыны, харчовай вытворчасці. У нас у краіне працуюць сучасныя прадпрыемствы па вытворчасці крухмалу, якія выпрацоўваюць ад 16 да 25 тысяч тон у год. І тут ёсць важны нюанс. Чым вышэйшая колькасць крухмалу ў клубнях, тым большая эфектыўнасць яго вытворчасці. Кожны дадатковы працэнт крухмалу павышае рэнтабельнасць вытворчасці на 5%, а мінімальная рэнтабельнасць можа быць атрымана, калі сыравіна паступае з крухмалістасцю вышэйшай за 15%.
У Беларусі створана цэлая лінейка крухмалістых сартоў бульбы — ад «архідэі» (18-20%) да «здабытку» (каля 26% крухмалу ў клубнях). Але практыка паказвае, што з клубняў з утрыманнем крухмалу вышэй за 22% яго практычна немагчыма атрымаць цалкам. Таму я мяркую, што аптымальная крухмалістасць тэхнічных сартоў павінна быць у межах 18-22%, і лепш ствараць не чыста тэхнічныя сарты, а сталова-тэхнічныя. Тады клубні прыдатнага памеру можна выкарыстоўваць для перапрацоўкі на тыя ж самыя бульбапрадукты, а нестандартную фракцыю — на крухмал. Менавіта такі наш сорт «баярскі» — рашэнне Дзяржаўнай камісіі па сортавыпрабаванні ў дачыненні да яго будзе прынята неўзабаве. Яго можна выкарыстоўваць і для перапрацоўкі на крухмал, і ў кулінарыі, ён пасуе для вытворчасці сухога бульбянога пюрэ. Дарэчы, чыста тэхнічныя сарты (з утрыманнем крухмалу на ўзроўні 22-26%) у кулінарыі могуць быць вельмі смачнымі. Іншая справа, што гэта не занадта карысна для здароўя: усё ж крухмал — вугляводы.
— Існуе міф, што бульба — наогул не надта карысная ежа…
— І зусім неабгрунтаваны. Бульба — у першую чаргу вітамін С. Нават пасля тэрмічнай апрацоўкі гэтага вітаміну ў клубнях застаецца каля 60%, асабліва калі варыць бульбу не абіраючы. 300 грамаў бульбы ў дзень задавальняюць сутачную патрэбу арганізма ў дадзеным вітаміне. Акрамя таго, бульба змяшчае вялікую колькасць калію, то-бок яе рэгулярнае спажыванне — прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў. Бульба — гэта таксама клятчатка, мікраэлементы, незаменныя амінакіслоты. І гэта бялок, які па карыснасці прыраўноўваецца да курынага. Яшчэ гадоў 50 таму — і доўгі час да таго — асноўнымі складнікамі рацыёну ў сельскай мясцовасці былі бульба, хлеб, сала і малако. Усе тыя прадукты, якія сучасная дыеталогія часта не прымае. У маім дзяцінстве менавіта яны складалі аснову харчавання ў вёсцы, адкуль я родам (яна ў Карэліцкім раёне). І трэба сказаць, што ў нашай вёсцы і сёння рэдка пажылыя людзі не дажываюць да 90 гадоў. А ў цэлым, любыя якасныя прадукты харчавання даюць карысць, калі ўжываць іх не празмерна і ў правільным спалучэнні з іншымі.
— Чым парадуюць беларускія селекцыянеры аграрыяў (і ўрэшце, спажыўцоў) у найбліжэйшай будучыні?
— Штогод у дзяржаўную камісію па сортавыпрабаванні мы перадаём мінімум два сарты бульбы. І работа не спыняецца. Можа ўзнікнуць пытанне: навошта нам столькі сартоў? Але гэта пытанне абывацельскае. Прывяду прыклад. Замежныя сарты цяпер у Беларусь практычна не паступаюць. І добра, што наша краіна не зрабіла ўхіл у бок сартоў замежнай селекцыі. У нас на плошчы пад сартамі беларускай селекцыі, як я ўжо казаў, прыпадае 60-70%. А на замежныя сарты пакуль застаецца каля 30%. Кіраўнік дзяржавы адзначае, што каля 20% сартоў замежнай селекцыі на палях краіны — гэта правільна: для параўнання, каб была здаровая канкурэнцыя, каб не заніжаць планку. А вось у Расіі некалі быў зроблены ўпор на сарты заходняй селекцыі. У іх свайго пасяўнога матэрыялу штогод — каля 10-15% ад агульнай плошчы, занятай пад бульбу. І сёння гэта праблема. Год-два ім яшчэ будзе хапаць насеннага матэрыялу, а далей? Так хутка сваё насенняводства не адновіш. Так што змяншаць тэмпы селекцыйнай работы мы не плануем. З новых сартоў цяпер праходзяць дзяржаўныя сортавыпрабаванні адзін-два сарты ў кожнай групе. У ранняй гэта, напрыклад, чырвонаклубневы сорт «красавік», а таксама «дзясятка» і «умка» (з беласнежнай мякаццю). З сярэдняранніх — нам пастаўлена задача да наступнага года перадаць у дзяржкамісію новы сорт з пэўнымі якасцямі для вытворчасці бульбы фры. З сярэдняспелых сортавыпрабаванне праходзяць «баярскі», «вілія», «венера» і «лекар». З сярэдняпозніх — «сапфір». Усе гэтыя сарты — «на падыходзе», у найбліжэйшай будучыні іх змогуць ацаніць і дачнікі, і гаспадаркі.
— Вяртаючыся да ўраджайнасці, з якой мы пачалі гутарку: як вы лічыце, ці трэба яе ўзнімаць яшчэ вышэй, закладаючы гэты крытэрый у новыя сарты?
— Што датычыцца ўраджайнасці, то ўсе нашы новыя сарты маюць патэнцыяльную ўраджайнасць не ніжэй за 50 тон з гектара, а ў асноўным — 60-70 тон з гектара. І, на мой погляд, гэтага ўзроўню дастаткова. Больш слушна засяродзіцца на іншых крытэрыях — напрыклад, на смакавых якасцях, на патрабаваннях па сухім рэчыве, на нізкіх паказчыках рэдукуючых цукроў і іх стабільным утрыманні на працягу ўсяго тэрміну захоўвання клубняў. адносна рэдукуючых цукраў існуюць дакладныя патрабаванні, асабліва гэта датычыцца сартоў для перапрацоўкі на бульбапрадукты. Для вытворчасці якасных і смачных чыпсаў утрыманне рэдукуючых цукроў у клубнях не можа перавышаць 0,2%, для бульбы фры дапушчальна да 0,4%. Вельмі важны аднолькавы памер клубняў: для чыпсаў — кругла-авальныя, да 60 міліметраў у дыяметры, для бульбы фры — падоўжаныя, 9-11 сантыметраў даўжынёй. Акрамя таго, у кожны новы сорт, як я ўжо казаў, важна закласці ўстойлівасць да захворванняў, засухі, высокіх тэмператур і пераўвільгатнення глебы. Словам, патрабаванні растуць пастаянна. І ўзяць гэтую вышыню — пытанне нашага прафесіяналізму і навуковай кампетэнтнасці.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.