Вы тут

Размалёўка «Малюй — вандруй!» адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту


Дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая — таленавітая прыдумшчыца. Цыкл яе кніг пра Вухуціка, што выдаецца і перавыдаецца ў Выдавецкім доме «Звязда», займеў свайго чытача па ўсёй краіне. Спрыяе гэтаму, відавочна, і тое, што і самога аўтара можна даволі часта бачыць на розных сустрэчах у школах і бібліятэках, на розных фестывалях дзіцячай кнігі. А зусім нядаўна пісьменніца разам з выдавецтвам прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам... вуху — размалёўку «Малюй — вандруй!». Адрасавана яна дзецям малодшага школьнага ўзросту.


Пісьменніца Кацярына Хадасевіч — Лісавая і мастачка Вольга Лапіна запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак у кампанію Вухуціка. Пад вокладкай дарэчы, змешчаны не толькі расфарбоўкі. Тых, хто пачне гартаць гэтую невялікую памерам кніжачку, чакаюць гульні, галаваломкі, самыя розныя цікавыя і вясёлыя заданні. З Вухуцікам проста нельга не пасябраваць. Ён нават дапаможа малодшым школьнікам вучыцца, бо ў кнізе ёсць такія заданні, што развіваюць логіку, увагу, пільнасць, фантазію, вучаць творчасці, развіваюць мастацкі густ.

Ужо з самага пачатку прапаноўваецца самім намаляваць Вухуціка. Зрабіць гэта як быццам і не так цяжка: «Каб сябра новага табе вітаць,/ Яго патрэбна тэлепартаваць!/ Злучы ўсе кропкі лініяй адной/ І на малюнку з’явіцца герой!». Дарэчы, вы яшчэ не ведаеце, што такое «Ву-ху!» Гэта ж — «Прывітанне». І калі чытачы, кожны з якіх можа без праблем стаць мастаком, добра пазнаёмяцца з Вухуцікам, паступае запрашэнне пагуляць. «Вандрульня» — такая гульня чакае ўсіх... «Пачынай свой рух са старту —/ І не стрымлівай азарту!/ Вясёлай будзе „Вандрульня“!/ Гэта ж вандроўка + гульня!» А гульня часам і няпростая: акрамя віртуальнай тэлепартацыі, ёсць шмат пытанняў — і пра беларускія стравы, і пра нашы гарады, і нават трэба назваць тры свае любімыя кнігі. А яшчэ — адціснуцца ад падлогі тры разы з воклічам «Ву-Ху!», прыдумаць і паказаць вухуцкі танец... Адным словам, з вуху-размаўлёўкай, паверце, сумна не будзе. Нават шкада, што кніжачка «Малюй — вандруй!» выдадзена тыражом усяго ў 2 000 экзэмпляраў.

Спяшайцеся яе набыць! І ў кнігарнях ААТ «БелкнігІ» па ўсёй краіне, і ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасу: праспект Незалежнасці, 72.

Міхась ЗАГОРСКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.