Вы тут

Бясцэнны дар, або Тое, што нас яднае


 

У вёсцы, дзе я нарадзілася, ёсць такі жарт: «Калі бульба не ўрадзіла — гэта гора. А калі ўрадзіла — яшчэ большае гора». Дык вось сёлета «Скарб» вырас на славу, таму на мінулыя выхадныя мы адправіліся на маю малую радзіму дапамагаць маці «гараваць». Бо (вясковыя людзі зразумеюць) сабрацца ўсёй сям'ёй на копку бульбы — гэта святое. Гэтым разам — і так паўтараецца штогод — мама падчас тэлефоннай размовы сказала: «Мо не едзьце. У вас жа сваіх спраў хапае, ды і на бензін шмат грошай пойдзе, не блізкі ж свет. Мо я неяк сама паціху выкапаю тую бульбу ці найму каго...» Мама, як заўсёды, у першую чаргу думае пра нас. А мы — пра яе. Зразумела, далёка (нам ехаць больш як 300 кіламетраў у адзін бок), зразумела, дорага, але тут гаворка зусім не пра грошы і нават не пра вялікую колькасць сваіх спраў (іх, як паказвае жыццё, у вёсцы не становіцца меней). А пра адчуванне сям'і, еднасці, калі ты разумееш, што не адзін у гэтым свеце. Што ёсць блізкія людзі, якія, калі трэба, кінуць усе свае справы і прыедуць на дапамогу. Дарэчы, пачуццё еднасці, характэрнае для беларускіх сем'яў спакон вякоў, нікуды не знікла і цяпер, мяркуючы па колькасці машын, якія мы сустрэлі на выездзе з Мінску ў пятніцу. Да варожкі не хадзі — большасць з іх ехалі дапамагаць бацькам капаць бульбу.


Што такое ўвогуле моцная сям'я? З гэтым пытаннем я звярнулася да некалькіх жанчын, прадстаўніц дружных, на мой погляд, «ячэек» грамадства. Некаторыя адказы расчулілі да слёз. «Моцная сям'я — гэта сям'я, дзе ўсе любяць адно аднаго і стараюцца, каб кожнаму было ўтульна і камфортна. Як кажуць, у дружнай сям'і і ў холад цёпла».

«Думаю, што моц сям'і — ва ўменні разам пераадольваць цяжкасці. Згадваю, як цяжка нам было, калі страшнае слова «анкалогія» ўвайшло ў наш дом. Мы стараліся не засмучаць маму і прасілі ў Дзеда Мароза не цацак, а здароўя для самага роднага чалавека. Памятаю, як свяціліся ад шчасця маміны вочы, калі ўпершыню пасля тых выпрабаванняў тата павёз нас у Нясвіж і мы зноў пачалі падарожнічаць па Беларусі сям'ёй. З начоўкамі ў палатках на прыродзе, юшкай, прыгатаванай на вогнішчы... Нашы бацькі перажылі шмат цяжкасцяў, але працягвалі падтрымліваць адно аднаго, нягледзячы ні на што. І гэта быў прыклад для нас».

«Моцная сям'я — гэта калі мы сыходзім ад бацькоў і ствараем уласныя сем'і, калі сыходзяць ад нас, стаўшы дарослымі, дзеці, але ўсім хочацца часцей збірацца разам, дзяліцца сваім радасцямі і нягодамі, перамогамі і паражэннямі, знаходзіць агульнае рашэнне праблем, проста кантактаваць. У прыватнасці, нашу вялікую сям'ю як раней, так і цяпер гуртуе не толькі праца, але і песні. Мая бабуля часта паўтарала такую фразу: «Як патанцуеш, так і папрацуеш». Таму мы заўсёды збіраемся за сталом і спяваем. І гэта вельмі моцна збліжае».

Хтосьці параўнаў сям'ю з клетачкай, ад стану якой залежыць стан усяго арганізма — краіны. З гэтым не паспрачаешся, сапраўды, ад таго, наколькі моцнай і трывалай будзе кожная клетачка, у многім залежыць моц і трываласць нас, беларусаў, як нацыі. Менавіта таму так важна памятаць, што сям'я — гэта бясцэнны дар. Яго трэба берагчы, а не разбураць.

А яшчэ мне вельмі падабаецца кітайская прытча пра ЛАДную сям'ю, у якой налічвалася больш за сто чалавек. Славілася яна тым, што не было ў ёй ні сварак, ні лаянкі, ні разладаў. Дайшла пагалоска аб гэтай сям'і да самога імператара. І вырашыў ён праверыць, ці праўду кажуць людзі. Прыбыў у сяло, і душа яго парадавалася: чысціня і парадак, прыгажосць і мір. Добра дзецям, спакойна старым. Здзівіўся імператар і вырашыў даведацца, як дабілася гэтага ўсяго сям'я. З такім пытаннем ён і прыйшоў да старэйшыны роду. Той штосьці напісаў на аркушы паперы і працягнуў уладару. На паперцы былі напісаны ўсяго тры словы: «Любоў, Дараванне, Цярпенне». А ў самым нізе — прыпіска-ўдакладненне: «Сто разоў Любоў, сто разоў Дараванне, сто разоў Цярпенне». «І ўсё?» — здзівіўся імператар. — «Так, — адказаў стары, — гэта і ёсць аснова ўсякай дружнай сям'і». І падумаўшы, дадаў: «І свету таксама».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.