Вы тут

Патрэбныя будаўнікі, кухары, трактарысты... Як задаволіць кадравы голад


Не сакрэт, што недахоп такіх спецыялістаў адчуваюць многія галіны эканомікі. Для таго каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова адкрыць электронны банк вакансій. Аб'явы аб патрэбе работнікаў публікуюць перыядычныя і рэкламныя выданні. Відавочна, што менавіта рабочыя прафесіі найбольш запатрабаваныя. А між тым прэстыж іх застаецца невысокім. І гэты перакос якраз і варта змяніць у сучасных эканамічных умовах, лічыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага каледжа Эльвіра Сарока.


Фота дадзена Навагрудскім каледжам.

— Рабочыя прафесіі заўсёды запатрабаваныя. Вось толькі прэстыж іх не на высокім узроўні, — лічыць яна. — Між тым краіна ўзяла курс на паскоранае развіццё, і такія кадры вельмі патрэбныя як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы. Гэтыя пытанні сёння ў полі зроку дэпутацкага корпуса, асабліва той аспект, які датычыцца замацаванасці маладых спецыялістаў.

— Сёння прадпрыемствы хочуць атрымаць падрыхтаванага спецыяліста...

— Перад каледжамі стаіць задача не проста падрыхтаваць работніка, а выпусціць кваліфікаванага спецыяліста высокага прафесійнага ўзроўню. На гэта скіраваны і самі ўстановы адукацыі. У нашым Навагрудскім каледжы мы заўсёды падтрымліваем тых, хто імкнецца атрымаць веды па рабочых спецыяльнасцях, бо яны запатрабаваныя ў эканоміцы. Гэта спецыялісты грамадскага харчавання, трактарысты, кіроўцы, кранаўшчыкі, будаўнікі і іншыя. Аб прэстыжы дадзеных спецыяльнасцяў сведчыць і конкурс, у тым ліку ў нашым каледжы. Мы ўбачылі, што да гэтага павярнуліся тварам як бацькі, так і дзеці.

— Як вядома, многія пры паступленні шукаюць плюсы будучай работы, у першую чаргу, узровень зарплаты, сацыяльную падтрымку. Але тут яшчэ варта ўлічваць і такі аспект, як магчымасць знайсці сабе справу даспадобы. Як абітурыентам разабрацца ў гэтым?

— Мы, па-першае, праводзім прафарыентацыйную работу з дзецьмі свайго і суседніх раёнаў, дзе навучэнцы каледжа дзеляцца сваім вопытам, расказваюць аб сабе. Праводзяцца майстар-класы, падчас якіх можна паспрабаваць сябе ў прафесіі, напрыклад, сесці за руль аўтамабіля ці трактара, прыгатаваць нейкія кулінарныя вырабы, сервіраваць стол. А самым дзейсным, на мой погляд, з'яўляецца паступленне дзяцей тых, хто сам тут вучыўся. Я працую ўжо 25 гадоў, і сёння мае выпускнікі прыводзяць сваіх дзяцей. Гэта радуе, прычым з кожным годам такіх дзяцей усё больш і больш.

— Многія пры паступленні ў каледжы хочуць бачыць свае пункты росту. Наколькі тое магчыма?

— Каб прыцягнуць школьнікаў у рабочыя прафесіі, мы паказваем, што гэты ўзровень можна ўдасканальваць. Напрыклад, удзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства як самім навучэнцам, так і школьнікам, якія атрымліваюць у нас дадатковую адукацыю. Тым самым паказваем, якога ўзроўню можна дасягнуць, калі любіш сваю прафесію і не спыняешся на дасягнутым. Усе нашы дасягненні мы выкладваем у сацыяльных сетках, на сайтах, і гэта аб многім гаворыць.

— Наколькі ахвотна бяруць выпускнікоў наймальнікі? Ці зацікаўленыя яны ў мэтавым накіраванні? Зразумела, што для навучальнай установы такая форма вельмі спрыяльная.

— Мы разумеем, што пасля заканчэння нашы выпускнікі павінны быць працаўладкаваны. Мы на 100 % даём працоўнае месца і бачым, як яны замацоўваюцца, дапамагаем ім, сочым за тым, каб яны мелі сацыяльны пакет, вырашаем нейкія юрыдычныя пытанні. Заканадаўствам замацаваныя нормы для маладых спецыялістаў, у тым ліку фінансавы стымул, дапамога на працоўным месцы, сацыяльныя гарантыі. Усё гэта важна, у тым ліку і мэтавая падрыхтоўка, калі рыхтуюць спецыялістаў пад заказ па заяўках і дагаворах з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Наймальнік упэўнены, што канкрэтны спецыяліст гарантавана прыйдзе на работу. Адпрацоўка па мэтавым накіраванні складае два гады, без накіравання — год.

На жаль, не заўсёды заказчыкі кадраў працуюць з намі супольна. Некаторыя лічаць, што будучых спецыялістаў павінны шукаць менавіта навучальныя ўстановы. Зразумела, было б добра, каб заказчыкі кадраў правялі работу сярод сваіх работнікаў, у якіх дзеці — выпускнікі. Менавіта такі кантынгент найбольш жаданы, бо гэтыя спецыялісты вернуцца на сваю радзіму, дзе яны ўсё ведаюць. Ім будзе лягчэй пры бацьках будаваць свой працоўны і асабісты лёс. Але пакуль колькасць такіх вучняў невялікая. Іншым разам заказчыкі падыходзяць да справы фармальна. Хацелася б, каб яны больш актыўна бралі ўдзел у нашых прафарыентацыйных мерапрыемствах.

— Ці ёсць конкурс у каледжах? Якія прафесіі папулярныя сярод навучэнцаў?

— У нашым каледжы сёлета быў конкурс на спецыяльнасць «грамадскае харчаванне». І ў іншых каледжах таксама. Папулярныя спецыяльнасці кіроўца-аўтаслесар, нават трактарыст, якія вельмі запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы. Вядома, дзеці павінны выйсці спецыялістамі. Адна бяда ў тым, што не хапае майстроў вытворчага навучання. Магчыма, гэта звязана з высокай адказнасцю і невялікай зарплатай.

У нас выпускаюцца спецыялісты грамадскага харчавання, трактарысты, газаэлектразваршчыкі, кіроўцы катэгорыі «С». Для хлопцаў гэта вельмі прэстыжна, ёсць магчымасць атрымаць правы. Ёсць прафесія дарожны рабочы, другі год рыхтуем машыністаў аўтамабільнага крана. Пакуль на згаданыя спецыяльнасці ідуць не вельмі ахвотна.

Маем шмат перамог у кухарскіх конкурсах, моцная кафедра грамадскага харчавання і мы хацелі б адкрыць на ўзроўні сярэдняй адукацыі падрыхтоўку па спецыяльнасці «кухар 5-га разраду». Як правіла, у прэстыжныя ўстановы патрабуецца кухар высокай кваліфікацыі.

— Пытанні падрыхтоўкі рабочых спецыялістаў абмяркоўваюцца заканадаўчымі органамі ўлады?

— Такія сустрэчы праводзяцца з удзелам кіраўніцтва вобласці, дэпутацкага корпуса. Усе разумеюць важнасць падрыхтоўкі рабочых кадраў. Напрыклад, на пасяджэнні Савета Рэспублікі мы паказвалі падрыхтоўку ў тым ліку і нашага каледжа, патэнцыял якога даволі высокі. Мы ўсе разумеем, што тут важна ўлічваць яшчэ і патрыятычны аспект. Прафесія прафесіяй, але будучы спецыяліст павінен любіць працу, быць грамадзянінам сваёй краіны, і на гэта мы робім акцэнт. Нашы заказчыкі так і кажуць: вы навучыце іх асновам справы, жаданню працаваць і спасцігаць новае, каб яны адчулі любоў да сваёй прафесіі, а працаваць на новай тэхніцы мы і самі на вытворчасці навучым.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.