Вы тут

Прыбаўка да зарплат бюджэтнікаў і рост працоўных пенсій. Што зменіцца з 1 верасня


З першага верасня павялічваецца базавая стаўка і многія могуць разлічваць на павышэнне заработнай платы. У тым ліку настаўнікі, для якіх перагледжаны памер надбавак. Таксама з гэтага часу вырастуць працоўныя пенсіі. Расказваем, хто можа разлічваць на прыбаўку зарплат і пенсій.


Фота: БелТА.

Вырастуць зарплаты ў бюджэтнікаў

З верасня да 235 рублёў павысіцца памер базавай стаўкі. Цяпер яна складае 228 рублёў.

— Базавая стаўка — галоўны элемент у заработнай плаце ў бюджэтнай галіне. Павышаецца базавая стаўка — растуць кампенсацыйныя і стымулюючыя выплаты. Мы ацэньваем, што па выніках года з улікам росту базавай стаўкі і стымулюючых выплат заработная плата ў бюджэтнай сферы вырасце дзесьці на 15 %, — расказала ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Сёння ў Беларусі ў бюджэтнай сферы занята больш за 800 тысяч чалавек. Нагадаем, што базавая стаўка сёлета павышаецца ўжо другі раз. Першы раз яна павысілася з 1 студзеня на 7,5 % і склала 228 рублёў. З 1 верасня тэмп росту складзе 3 %.

Пры гэтым сёлета быў прыняты Указ № 3 «Аб мерах па забеспячэнні своечасовай выплаты заработнай платы».

— Цяпер работніку не трэба хадзіць па калідорах судовых органаў. Калі наймальнік не можа забяспечыць выкананне сваіх абавязацельстваў, уступае ў работу патрабаванне з боку дэпартамента Дзяржаўнай інспекцыі працы. Калі наймальнік іх не выконвае, уключаюцца органы прымусовага выканання, — растлумачыла механізм дзеяння Ірына Касцевіч.

Такім чынам, з красавіка бягучага года па 3,5 тысячы чалавек, якім не была выплачана заработная плата, наймальнікі атрымалі дзвесце патрабаванняў амаль на сем мільёнаў рублёў.

— За кароткі перыяд амаль кожны трэці работнік атрымаў заработную плату. Вядома, гэта не ўсе, і нам хацелася б максімальна хутка ісці па дадзеным працэсе, але мы напрацоўваем практыку і ёсць станоўчыя вынікі. А самае галоўнае, што мы ўбачылі: калі людзі сутыкаюцца з такімі праблемамі, яны прыходзяць да нас, і мы дапамагаем іх вырашаць, — падзялілася міністр.

У настаўнікаў павысяцца надбаўкі

Міністэрства адукацыі ўнесла змяненні ў пастанову № 71 «Аб аплаце працы работнікаў адукацыі ад 3 чэрвеня 2019 года».

Змяненні прадугледжваюць перагляд надбавак з 1 верасня. На 15 % (з 6 % да 21 %) павялічана надбаўка для настаўнікаў за работу ў галіне. Таксама ўстаноўлена надбаўка куратарам вучэбных груп ВНУ на дзённай форме атрымання адукацыі (за выключэннем выпускнога курса) у памеры 100 %
базавай стаўкі, выпускнога курса — 50 % базавай стаўкі.

Пры гэтым напярэдадні Дня ведаў адрасную дапамогу ад дзяржавы атрымалі тыя катэгорыі грамадзян, якія маюць у ёй патрэбу. Пераважна гэта шматдзетныя сем'і, дзе трое і больш дзяцей. 30 % бюджэту пражытковага мінімуму, а гэта 109 рублёў, атрымалі такія сем'і на кожнага школьніка. На выплаты выдаткавана больш чым 23 мільёны рублёў. У выніку дапамогу атрымаў кожны пяты школьнік.

Але падтрымку аказала не толькі дзяржава.

— Мы звярнуліся да нашых сацыяльных партнёраў — гэта прадпрыемствы, прафсаюзы, грамадскія арганізацыі, такія як Беларускі саюз жанчын, «Белая Русь», БРСМ, і яны запусцілі свае праекты «Сабраць партфель у школу». Гэта сапраўдная кансалідацыя грамадства, якая прызваная дапамагчы тым людзям, што маюць патрэбу, і самае галоўнае — стварыць свята дзецям, — падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Павялічацца пенсіі

З 1 верасня вырастуць працоўныя пенсіі. Адпаведны ўказ быў падпісаны Прэзідэнтам краіны і прадугледжвае іх павышэнне ў сярэднім на 5 %.

Паводле папярэдняй ацэнкі, сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага пенсіянера ў верасні складзе 737 рублёў. У параўнанні з вераснем мінулага года гэта 15-працэнтны рост. Памер павелічэння пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і велічыні заробку, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі.

— Сёння ў краіне 2,3 мільёна чалавек атрымлівае працоўную пенсію. Такое павышэнне на 5 % для дзяржавы складзе 72 мільёны рублёў, якія будуць дадаткова накіраваны на выплату пенсій. А ўвогуле вераснёўскія расходы на выплату пенсій — 1,7 мільярда рублёў. Гэта важкія расходы, якія нясе дзяржава, каб забяспечыць свае абавязацельствы перад пенсіянерамі. На выплату пенсій ідзе 9 % ВУП. А гэта сумарныя расходы на адукацыю і ахову здароўя ў нашай дзяржаве, — адзначыла Ірына Касцевіч.

Нагадаем, раней працоўныя пенсіі павялічваліся з 1 мая, прыбаўка ў асноўным склала таксама 5 %. Да гэтага іх павышалі ў снежні 2022-га.

Ірына Касцевіч адзначыла, што ў Беларусі працуе 418 тысяч пенсіянераў.

— У асноўным гэта нашы маладыя пенсіянеры, якія нядаўна пачалі атрымліваць пенсію. Ёсць унікальная норма — адкладзеная пенсія, калі пенсіянер працягвае працаваць, дзякуй богу, што здароўе дазваляе і ён цікавы наймальніку, бо валодае вялікім досведам і ведамі, пры гэтым ён можа не атрымліваць пенсію падчас работы, а, напрыклад, праз пяць гадоў, калі пакіне работу, пенсія можа быць такім чынам значна павялічана, — нагадала міністр.

Эксперымент па аплаце транспарту

Ён стартуе ў Мінску таксама з 1 верасня. У яго рамках плануецца арганізаваць улік усіх катэгорый перавезеных пасажыраў, у тым ліку льготнай (прадстаўнікі якой ездзяць бясплатна), і пралічыць усе расходы, звязаныя з работай транспарту.

З 1 верасня навучэнцам дзвюх сталічных каледжаў і чатырох школ будуць выдадзены бескантактныя смарт-карткі, аналагічныя праязному білету. Далей, з 1 кастрычніка, у рамках эксперыменту карткі будуць выдадзеныя льготнай катэгорыі грамадзян — інвалідам, ветэранам ВАВ. А з 1 студзеня 2024 года ў планах забяспечыць выдачай картак усіх грамадзян ільготных катэгорый.

— Гэта будзе зручна і самім пасажырам, у нас жа будзе магчымасць удасканальваць парадак кампенсацыі расходаў з бюджэту за выкананую транспартную работу, — адзначылі ў камітэце эканомікі Мінгарвыканкама.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.