Вы тут

Верхнядзвінск і ваколіцы


Старыя паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава — нашы праваднікі ў мінуўшчыну. На іх — і вуліцы Верхнядзвінска (ранейшая назва — Дрыса), добра вядомага ў нашай краіне гарадка паўночна-заходняй Віцебшчыны. Калі б мы тут вандравалі ў пачатку XX стагоддзя, то, вядомая справа, зазірнулі б на пошту і тэлеграф, у гарадское вучылішча, прайшліся б па Паштовай вуліцы, не абмінулі Старамаскоўскую вуліцу, дзе размяшчалася казначэйства... Зайшлі б і ў Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. А пасля накіраваліся адпачыць у Гарадскі сад... Усе гэтыя мясціны ёсць і на паштоўках у калекцыі нашага руплівага збіральніка гістарычнай памяці.


Верхнядзвінскам паселішча Дрыса стала ў 1962 годзе. Упершыню мясціна гэтая згадваецца ў 1386 годзе ў Хроніцы Мацея Стрыйкоўскага. Якраз тады Дрысенскі замак захапіў і падпаліў князь Андрэй Полацкі. У Сярэднявеччы горад з ваколіцамі ўваходзіў у склад Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. У 1772 — 1776 гг. Дрыса — у Полацкай правінцыі Полацкай губерні, затым — у Полацкім намесніцтве, Беларускай губерні. З 1801 года — у Віцебскай губерні... І з 1917 года на век паселішча хапіла адміністрацыйных перадзелаў. Да 1924 года Дрыса заставалася цэнтрам Дрысенскага павета. Пасля — цэнтр Дрысенскага раёна Полацкай акругі. З 1938 года раён у Віцебскай вобласці, а ў 1944 — 1954 гг. — ужо ў Полацкай. З 1954 года і да сёння — раённы цэнтр у Віцебскай...

Адміністрацыйная геаграфія па-свойму цікавая і не лішняя для пошукаў часам забытай інфармацыі. Крыніцы, архіўныя дакументы і перыядычныя выданні звязаныя, як правіла, менавіта з адміністрацыйным падзелам. А ў выпадку з Дрысай-Верхнядзвінскам пошук павінен быць асабліва карпатлівым. Сваю долю складанасці ўносяць і перайменаванне, шматразовыя далучэнні ці аднясенні да розных тэрытарыяльных адзінак. А самае галоўнае — жахлівыя па сваёй сутнасці падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі гэтых мясцін, у Дрысе і ваколіцах… З 14 лютага да 20 сакавіка прыбалтыйскія і ўкраінскія калабарацыяністы правялі ў гэтых мясцінах у трохвугольніку Себеж — Асвея — Полацк карную аперацыю пад назвай «Зімовае чараўніцтва». Тысячы людзей былі забітыя, спаленыя... Яшчэ большая колькасць выведзена пешшу ў розныя часовыя канцлагеры, а затым перапраўлена ў лагер смерці Саласпілс пад Рыгай. Там жанчын адрывалі ад дзяцей і накіроўвалі на работы ў Германію... Былі знішчаны сотні вёсак. Толькі ў Асвейскім раёне (сёння гэтая тэрыторыя ўваходзіць у склад Верхнядзвінскага раёна) было спалена 183 вёскі, расстраляна і спалена 11 383 чалавекі (з іх 2 118 дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў). І гэтыя лічбы недакладныя. Зазірнуўшы ў тую калатнечу і віхуру, цяжка нешта высветліць з высокай ступенню дакладнасці. Невыпадкова ў нашай краіне і сёння, праз многія дзесяцігоддзі, праводзіцца пошукавая работа па высвятленні ўсіх абставін генацыду беларускага народа…

Зазіраючы ў тыя драматычныя часіны, неўпрыкмет разважаеш пра тое, колькі б яшчэ талентаў выпеставала гэтая зямля ў дадатак да яркіх асоб, якія выраслі тут у XІX — XX стагоддзях. У самім Верхнядзвінску ў 1897 годзе нарадзіўся вучоны-цюрколаг, пісьменнік і перакладчык Аляксандр Пальмбах, вядомы як адзін са стваральнікаў тувінскай нацыянальнай пісьменнасці, сааўтар «Граматыкі тувінскай мовы», «Асноў тувінскай арфаграфіі». У Тыве ў знак памяці пра нашага земляка названа адна з вуліц горада Кызыла. Верхнядзвінск — радзіма мастака, які працаваў у гістарычным і біблейскім жанрах, Ісака Аскназія (1856 — 1902), акадэміка Імператарскай акадэміі мастацтваў. Работы жывапісца ёсць у калекцыях Дзяржаўнага Рускага музея, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка, Курскай карціннай галерэі імя А. Дэйнэкі, іншых музеяў і галерэй.

Асвея — радзіма члена Саюза пісьменнікаў СССР Генадзя Геродніка (1911 — 2000), які напісаў цыкл партызанскіх апавяданняў, тэматычна звязаных з Асвейскім краем. У Бендзялях непадалёку ад Бігосава жыў Эдуард Самуйлёнак (1907 — 1939), які нарадзіўся ў Пецярбургу, а пасля разам з сям'ёй перабраўся на радзіму. Адсюль, з Бігосава, у 1929 годзе пісьменнік быў прызваны ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. Аўтар аповесці «Тэорыя Каленбрун», зборнікаў апавяданняў «Пункт апоры», «Дачка эскадрона», «Паляўнічае шчасце», рамана «Будучыня». З Асвеі родам — і яўрэйскі савецкі пісьменнік Якаў Рывес (1886 — 1975). У гады Грамадзянскай вайны працаваў у бальшавіцкім падполлі Беларусі. Друкавацца пачаў у 1918 годзе. Аўтар кніг «Падполле» (1924), «Ян Дземба» (1935), дакументальнага рамана «Бальшавікі» (1965)...

А колькі цікавага захоўвае ў сабе памяць вёскі Валынцы?! Побач з паселішчам, у фальварку Забелы, пры дамініканскім кляштары ў 1786 — 1811 гг. дзейнічалі калегіум і школьны тэатр. На сцэне тэатра здзяйсняліся пастаноўкі камедый, трагедый. Асновай даволі часта служыў фальклорны матэрыял, які збіраўся ў ваколіцах. Захаваліся Забельскія зборнікі, складзеныя на беларускай, лацінскай і польскай мовах выкладчыкамі калегіума Міхалам Цяцерскім, Каятанам Марашэўскім, Ігнатам Юрэвічам. Дарэчы, п'есу «Камедыя», якую напісаў выкладчык калегіума Каятан Марашэўскі, ставілі ў розных варыянтах і ў мінскіх тэатрах у XX стагоддзі.

У 1811 годзе калегіум пераўтварылі ў гімназію, якая працавала да 1836 года. Дамініканскі касцёл быў разбураны ў канцы 1940-х гг. У гімназіі вучыўся паэт і драматург Арцём Вярыга-Дарэўскі, ураджэнец вёскі Кублічы Ушацкага раёна. А ўжо ў 1920-я гады ў Валынцах настаўнічаў пісьменнік Сымон Хурсік (1902 — 1972), аўтар зборнікаў апавяданняў «Першы паўстанак» і «Шляхамі навальніц», аповесці «Чорны мост». У 1930 г. малады літаратар скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта, а ў ліпені 1930-га быў арыштаваны і высланы на пяць гадоў у Йашкар-Алу (Марый Эл). Працаваў настаўнікам у Марый Эл, Чувашыі, Казахстане. У час Вялікай Айчыннай вайны — на фронце. А ў 1947 годзе ізноў арыштаваны. Рэабілітаваны 13 кастрычніка 1958 года. З 1964 года жыў у Карагандзе, да літаратурнай творчасці ўжо больш не вярнуўся... З Валынцамі звязаны і лёс пісьменніка-франтавіка Тараса Хадкевіча. Тут ён вучыўся ў сямігодцы, у школьнай насценгазеце быў змешчаны першы яго верш — «Да новага жыцця».

Цікавы факт з гісторыі беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў. У маёнтак Лісна (ёсць на Верхнядзвіншчыне такая вёска — Лісна), які набыў у 1773 — 1774 гг., прыязджаў рускі пісьменнік Дзяніс Фанвізін. У гэтым паселішчы ён працаваў над камедыяй «Выбар гувернёра». У 1780-я гг. Фанвізін здаў маёнтак у арэнду барону Ф. Медэму. А праз некаторы час падаў на яго ў суд з той прычыны, што арандатар выціскаў з маёнтка ўсё магчымае і немагчымае. Пасля смерці Фанвізіна маёнтак быў прададзены. З вёскі Мушына родам маці рускага празаіка Сяргея Сартакова (1908 — 2005), Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, аўтара многіх кніг, якія ў савецкі перыяд выдаваліся шматмільённымі тыражамі.

Вандруючы па Верхнядзвіншчыне, згадваючы старадаўнюю Дрысу, зазірнуўшы ў Асвею і Валынцы, не абмініце іншыя вёскі і вёсачкі гэтай прыгожай старонкі Віцебскай зямлі.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.