Вы тут

Мядзведзь пад душам, альбо Як у заапарку ратуюць жывёл ад спёкі


Спякота ўплывае не толькі на людзей, але і на насельнікаў заапарка. У Гродзенскім жывёлы прыціхлі ў чаканні больш камфортнага надвор'я. Ляніва ходзяць у вальерах капытныя, драпежныя коткі схаваліся ў цяні дрэў. Нават птушкі сцішылі свой гоман. Найбольш актыўныя хіба што ваўкі, якія мітусяцца ў даволі вялікім вальеры.


Маладую вярблюдзіцу Бэту не пазнаць. Некалькі месяцаў таму шэрсць вісела на ёй шматкамі. Цяпер работнікі заапарка яе вычасалі, і ад неахайнасці не засталося следу. І хаця вярблюды, як вядома, спакойна пераносяць спёку, без шубы ім адназначна лягчэй. А тут і душ прыспеў. Работнік заапарка Анжэла напачатку напаўняе вадой ёмістасць для піцця, а затым пускае водную брую на Бэту — даўнюю насельніцу заапарка. — Такая ж працэдура чакае і двух зуброў, якія ляніва пасуцца ў суседнім вальеры. Шчыра кажучы, калі на тэрмометры 34 градусы вышэй за нуль, — і самому хочацца трапіць пад шланг з вадой.

Праўда, на душ пагаджаюцца не ўсе жывёлы. Напрыклад, драпежнікі аддаюць перавагу іншым спосабам ахалоджвання. Такая магчымасць так ці інакш ствараецца ў кожным вальеры.

— Нашым сямействам каціных — ільвам, тыграм, пуме, пантэры і іншым — больш даспадобы басейны, таму работнікі заапарка сочаць за тым, каб яны былі напоўнены да пэўнага ўзроўню, — расказвае метадыст заапарка Алёна Камінская.

Вялікі вадаём у цэнтры парку радуе вадаплаўных насельнікаў — качак, лебедзяў, гусакоў. На беразе чысцяць свае пёркі пеліканы. У гэтыя гарачыя дні птушкі спакойна плаваюць па вадаёме.

— Нашы насельнікі могуць схавацца ад спёкі ў сваіх доміках альбо зайсці пад навес. Яны маюць не толькі штучнае прыстанішча, але і натуральнае. У вальерах растуць дрэвы, кусты, якія абараняюць ад сонца. Вось у гэтым вальеры, як бачыце, сапраўдныя зараснікі. Тут жыве пума, але яе нават не відаць, яна схавалася ад спёкі ў цені. У яе суседа тыгра стаіць басейн, яны аматары прыняць ванну, — заўважае суразмоўніца.

Камфортна адчуваюць сябе і малыя гімалайскія медзведзяняты Маша і Лёша. Яны нядаўна трапілі ў заапарк і сталі сапраўднымі любімцамі як работнікаў, так і наведвальнікаў. Водныя працэдуры малыя гатовы прымаць пастаянна. Напачатку для гэтых мэт тут стаяў тазік, а нядаўна работнікі заапарка ўсталявалі ванну, пакуль дзіцячую, што адпавядае ўзросту мішак. Ім толькі сем месяцаў, але растуць хутка. За час знаходжання ў Гродзенскім заапарку яны сталі сапраўднымі медыйнымі зоркамі — неаднойчы траплялі ў сюжэты тэлепраграм. Вясёлых мішак можна ўбачыць у сацыяльных сетках, куды работнікі заапарка выкладваюць забаўляльныя відэасюжэты з іх удзелам.

Да воднага душа малыя адносяцца з задавальненнем. Назіраць за працэсам вельмі цікава — мішкі весела рэагуюць на водныя бруі і імкнуцца іх злавіць. Па словах работнікаў, вада з ванны ўбіраецца ў шэрсць медзведзянят, у выніку ванна пусцее, а калі шэрсць абсыхае, працэдура паўтараецца. Таму ванну трэба пастаянна папаўняць.

У гарачыя дні для мішак гатуюць сапраўдны ласунак — марожанае з фруктамі. Гэтым разам — з бананам. Фрукт марозіцца з малаком і тварагом у даволі аб'ёмным посудзе. Порцыю вагай каля кілаграма мішкі хутка з'ядаюць. Марожанае, як правіла, даецца на дэсерт. А сілкуюцца мішкі кашай, хлебам, гароднінай, фруктамі.

— Каму марожанае? Салодкае, смачнае!.. — заахвочвае сваіх гадаванцаў ветэрынарны ўрач Валянціна Камарэц.

Па яе словах, для ўмацавання імунітэту ў заапарку вядзецца значная прафілактычная работа. Рацыён збалансаваны, прадугледжаны комплекс вітамінаў і мінералаў, робяцца прышчэпкі. Акрамя гэтага, тут надаюць важнае значэнне псіхалагічнаму стану насельнікаў, бо ён цесна звязаны са здароўем. Апошнім часам гэта тэма часта ўздымаецца на міжнародных канферэнцыях. У Гродзенскім заапарку сочаць за напрацоўкамі ў гэтай галіне і стараюцца прымяніць. «Жывёльны свет вельмі складаны і патрабуе дакладных адносін», — рэзюмуе ветэрынарны ўрач.

Сёння ў калекцыі заапарка сем мядзведзяў. Іх вальеры пабудаваны такім чынам, што назіраць за імі можна з вышыні. У кожным вальеры зроблены вялікія бетонныя ванны. Можна бачыць, як некаторыя жывёлы сядзяць у вадзе па самую шыю. Ёсць тут і тыя, хто нарадзіўся ў заапарку. Мядзведзіца з дачкой жывуць у адным вальеры і амаль зраўняліся па росце.

Дарэчы, апошнім часам усё часцей сустракаецца інфармацыя пра тое, што дзікія бурыя мядзведзі трапляюць на вочы людзям, нават выходзяць да сядзіб. Беларусы сустракаюць іх у лесе ці пры дарозе. Між тым паляванне на гэты від забароненае: мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і лічыцца рэдкім відам.

Гродзенскі заапарк час ад часу папаўняецца. Часткова за кошт уласных відаў. А вось іх разнастайнасць патрабуе закупак звонку. І такая работа вядзецца. Нядаўна з Маскоўскага заапарка ў Гродна прыехалі белагаловы сіп і самка яка. У сваю чаргу гродзенскага яка Ская адправілі ў горад Вялікі Усцюг Расійскай Федэрацыі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза.

Папаўненне прыйшло і з самага вялікага парку птушак Расіі «Вераб'і», што ў Калужскай вобласці. Але адтуль прыбыла не птушка, а самка кітайскага мунтжака па мянушцы Волюшка. У заапарку ўжо ёсць самец гэтага віду, які таксама прывезены ў гэтым годзе. Цяпер у Гродна можна чакаць патомства азіяцкіх аленяў.

Павялічылася папуляцыя малпаў. З Белдзяржцырка сюды даставілі лапундзера Грышу, які не мог знайсці паразумення са сваімі братамі-артыстамі. Па словах ветэрынара, усе жывёлы нармальна адаптаваліся. Хоць распаўсюджаны яны ў цёплых краінах, трэба мець на ўвазе, што нарадзіліся ў нашых шыротах і прывыклі да ўмеранага клімату. У заапарку гэты факт, безумоўна, улічваюць.

Напрыклад, для малпаў, як і для медзведзянят, гатуецца марожанае. Праўда, па іншым рэцэпце. У складзе яго — тварог, варэнне і ягады. Малпачкі розных відаў размеркаваны па некалькіх вальерах. У кожным ёсць невялікія басейны.

— Вось тут жыве пара макакаў, для іх такая спёка ў прыродным асяроддзі — звыклая з'ява, але яны таксама час ад часу любяць пасядзець у вадзе, — заўважае Алёна Камінская. — Для ўсіх жывёл мы стараемся стварыць камфортныя ўмовы, адпаведна з надвор'ем. Супрацоўнікі заапарка пастаянна за гэтым сочаць. Ва ўсіх ёсць доступ да вады, у тым ліку і ва ўнутраных памяшканнях, дзе тэмпература паветра ніжэйшая.


Даведка

Гродзенскі заапарк — першы і доўгі час адзіны такога роду аб'ект у Беларусі. Ён заснаваны ў 1927 годзе па ініцыятыве вялікага аматара і педагога Яна Каханоўскага, якога расстралялі фашысты ў 1942 годзе як заложніка. Падчас акупацыі найбольш каштоўныя экзэмпляры жывёльнага свету былі вывезены ў Кёнігсберг, астатнія знішчаны.

Пасляваеннае адраджэнне пачыналася літаральна з некалькіх відаў. І ў 1946 годзе заапарк быў адкрыты для наведвальнікаў.

Сучасны этап развіцця заапарка пачаўся 20 гадоў таму, калі абласнымі ўладамі было прынята рашэнне аб татальнай рэканструкцыі аб'екта. Плошча павялічылася амаль на два гектары. Усе старыя пабудовы знеслі, на іх месцы пабудавалі новыя вальеры і павільёны, з'явілася кафэ на 40 месцаў.

Сёння тут налічваецца больш за тры тысячы жывёл 312 відаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.