Вы тут

Разам з карэспандэнтам «Звязды» адпраўляемся на «ціхае паляванне» на Камароўку


Ідзём на «ціхае паляванне», пакуль што на рынак. Колькі грошай браць з сабой? Грыбны сезон у Беларусі стартаваў у трэцяй дэкадзе ліпеня, калі пасля халодных дажджлівых дзён зноў выглянула сонейка. Парталы навін паведамлялі, што ў першыя сонечныя выхадныя пасля чарады дажджоў у лясах каля буйных гарадоў... былі заторы! Але, мяркуючы па сацсетках і асартыменце на «галоўным рынку краіны» — Камароўцы, — грыбоў хапіла ўсім.


І гэта не толькі лісічкі, што ўжо паспелі надакучыць (іх, дарэчы, таксама на рынках зараз дастаткова, у сярэднім 11 рублёў за кіло), а паўнаважкія буйныя баравікі, падбярозавікі, маслякі на засолку. Сыраежкі наогул аддаюць за дзясятку двухлітровае вядзерца, але калі пашукаць, можна знайсці нават за 5 рублёў за той жа або крыху меншы аб’ём. Дарэчы, аб «лясных аўтамабільных заторах», згаданых вышэй. Самы вялікі адбылася 9 жніўня пад Бабруйскам (за кадрам відэа голас паведамляе «Дуброўка, 6 раніцы»). Штогадовая сезонная «грыбная ліхаманка» сёлета накрыла практычна ўсе рэгіёны: пасля некалькіх «негрыбных» гадоў, калі лес неахвотна дзяліўся з людзьмі сваімі дарамі, гэтым летам ён расшчодрыўся. Мяркуючы па відэа ў сеціве, грыбы з лесу ўдачлівыя аматары «ціхага палявання» вывозяць поўнымі багажнікамі, а асабліва ўдачлівыя — нават прычэпамі (не верыце — зайдзіце на сайты мясцовых выданняў). Але так не ўсюды. Некаторыя пішуць: маўляў, амаль нічога не знайшлі. Больш удачлівыя ім адказваюць: значыць, дрэнна шукалі. Карацей, месцы трэба ведаць.

Яшчэ адна штогадовая грыбная тэма для абмеркавання — вялізныя баравікі. 

У гэтым годзе аб такіх пакуль не паведамлялася. У мінулым кілаграмовы баравік быў знойдзены непасрэдна пад Мінскам, літаральна за кальцавой: відэа ўдачлівага грыбніка набрала мільёны праглядаў, пасля чаго шчаслівец парадаваў гледачоў яшчэ і відэа батарэі слоікаў закатак з аднаго-адзінага грыба. Хоць наогул медыкі папярэджваюць, што перарослыя грыбы наогул не карысныя для здароўя, імі лепш проста любавацца, а ў каструлю ці на патэльню адпраўляць невялікія і маладыя. Але пра тое, як не атруціцца грыбамі, пагаворым ніжэй. А цяпер адпраўляемся ў самае грыбное месца гарадскіх джунгляў — на рынак.

Грыбныя месцы гарадскіх джунгляў

Сёлета ў выхадны дзень грыбы атакуюць пакупнікоў ужо на подступах да Камароўкі. Святлана, пажылая інтэлігентнага віду дама, прывезла свае грыбочкі ў Мінск з-пад таго самага Бабруйска, дзе якраз і былі вышэйзгаданыя лясныя заторы. Баравікі ў вядзерцы такія прыгожыя, што здаюцца нават нейкімі бутафорскімі — буйныя, чыстыя, як на падбор. Зрэшты, аб іх сапраўднасці сведчыць смачны лясны пах з вядзерца. Але прыдзірлівая пакупніца выказвае недавер: хоча паглядзець, што там унізе вядзерца. Прадавец не пярэчыць, бо і кошт немаленькі — 80 рублёў просіць Святлана за тры літры «белых». На самім рынку кошты на «царскія грыбы» яшчэ вышэйшыя — 50 рублёў маленькае (літровае) вядзерца, 35 просяць за паўлітровую тару. Але пакупнікі знаходзяцца. Бо баравікі заўсёды дарагія, нават калі прапанова вялікая, як сёлета. Падбярозавікі таннейшыя: маленькае вядзерца можна купіць за 25, а калі пашукаць, то нават за 15 рублёў, рыжыкі прадаюць у сярэднім па 15 за той жа аб’ём, падасінавікі — 20–35, маслякі — за 10–15 рублёў за вядзерца.

«Масляты — на засолку», тлумачыць усмешлівая дзяўчына на радах, дзе гандлююць прыватнікі. І тут жа дзеліцца рэкамендацыямі.

— У маслят даводзіцца чысціць верхнюю ліпкую плёнку, гэта вельмі марудна і доўга. Я пазбаўляюся ад слізі, якая пераходзіць у марынад, па-іншаму: проста некалькі разоў вару грыбы. Павару хвілін дзесяць, зліваю ваду праз друшляк, наліваю чыстую і зноў вару ў ёй маслякі. Другая вада будзе ўжо не такой кіселепадобнай, а трэцяя — яшчэ больш празрыстай. А марынадаў існуе вельмі шмат. Мне падабаецца з лімоннай кіслатой замест воцату, а лішнюю кіслінку можна прыглушыць цукрам.

І абавязкова трэба пакаштаваць марынад перад тым, як апускаць туды грыбы, — смачна вам ці не? Гэта дае магчымасць скарэкціраваць смак, і закатка атрымаецца — пальчыкі абліжаш, дадае суразмоўніца.

Мясцовы прадукт

Летась грыбы прыязджалі ў сталіцу здалёк — спачатку з Брэстчыны, потым з Віцебшчыны. Цяпер іх шлях на прылаўкі стаў значна карацейшы, у асноўным на Камароўцы прадстаўлены мясцовы прадукт, які вырас у радыусе 100 кіламетраў (плюс-мінус). І такая сітуацыя на рынках усіх буйных гарадоў: у лясах грыбоў дастаткова шмат, везці іх здалёк няма сэнсу.

Дарэчы, выбіраць лясныя грыбы прадаўцы рэкамендуюць менавіта нюхам, а потым ужо зрокам і навобмацак. Панюхайце грыбочкі — яны павінны пахнуць так, каб вам захацелася іх прыгатаваць. Ну і, вядома, навобмацак яны павінны быць шчыльнымі і пругкімі, а вонкава — прыгожымі.

Прапанова досыць вялікая, але попыт яна нельга сказаць што перавышае: грыбы відавочна выклікаюць пакупніцкую цікавасць. Сезоннасць і эксклюзіўнасць лясных грыбоў працуе лепш за любыя маркетынгавыя выкруты. Вешанкі і шампіньёны ў продажы — круглы год. Але нават дарагія шампіньёны з крэмава-карычневым капялюшыкам, якія маскіруюцца пад баравікі, маюць «пластыкавы» смак і амаль не песцяць нюх грыбным пахам. А вось дзікія, духмяныя лясныя грыбы паесці свежымі і нарыхтаваць на зіму можна толькі цяпер, і сезон кароткі. Хоць сёлета ён абяцае быць даўжэйшым за звычайны — пачаўся ж крыху раней і за кошт гэтага працягнецца даўжэй.

Грыбны асартымент Камароўкі — баравікі і падбярозавікі, маслякі, падасінавікі і рыжыкі. Так, яшчэ сыраежкі, калі хто любіць. Лісічкі, вядома, таксама, і іх шмат. Лічыцца, што ў лісічак два сезоны — летні і восеньскі (летнія святлейшыя і далікатнейшыя па смаку, восеньскія — буйнейшыя, валодаюць больш насычаным смакам і водарам). Але сёлета, здаецца, абодва гэтыя сезоны зліліся ў адзін доўгі. Лісічкі гаспадыні сёння ўжо бяруць не толькі паесці, але і на закаткі. А ў цэлым, на гандлёвыя месцы пад зялёнымі тэнтамі злева ад уваходу на адкрыты рынак, дзе разгарнуўся прыватны гандаль і стаіць смачны грыбны пах, людзі заходзяць не толькі купіць грыбоў, але і проста прыцаніцца і палюбавацца.

— Грыбы — самы кампанейскі прадукт, — павучае бадзёры мужчына гадоў пяцідзесяці маладую пакупніцу. — Насмажыць з бульбачкай — і можна ў добрай кампаніі да раніцы сядзець, асабліва калі дадаць на стол бутэлечку каньяку. Вось давайце я да вас у госці прыйду? З вядзерцам баравікоў! Або лісічак…

Дзяўчына смяецца і аднекваецца, прадаўшчыца незадаволена глядзіць на вясёлага мужчыну: пакупніца ўцякла да іншага прылаўка, хоць збіралася купіць грыбы тут. Зрэшты, дзядзечка купляе ў яе вядзерца лісічак, і яна глядзіць на яго ўжо не так сурова.

Карысць ці шкода?

А насамрэч, ці карысныя грыбы? Дыетолагі аб гэтым спрачаюцца, а медыкі наўрад ці чакаюць грыбнога сезона з радасцю. Бо кожны такі сезон прыносіць з сабой павелічэнне выклікаў «хуткай» і выпадкаў шпіталізацыі — а з харчовых атручванняў менавіта атручванне грыбамі лічыцца самым небяспечным. Але аб небяспеках пазней, пакуль — аб карысці і некарысці для здароўя ядомых і якасных лясных грыбоў.

Перш за ўсё склад іх макра-і мікраэлементаў напрамую звязаны са складам глебы таго месца, дзе яны раслі і былі сабраныя. Грыбы, як ніводны іншы прадукт, назапашваюць солі цяжкіх металаў і іншыя небяспечныя рэчывы. Таму нельга збіраць грыбы паблізу трас або ў экалагічна небяспечных раёнах. На буйных рынках пакупніку гарантуюць кантроль бяспекі грыбоў, якія там прадаюць, і ў прадаўца можна папытаць дакументы, якія пацвярджаюць гэта. Пры набыцці з рук на падыходах да рынку або ўздоўж аўтатрас такой гарантыі ніхто не дасць: даводзіцца спадзявацца толькі на разважлівасць, сумленнасць і кампетэнтнасць прадаўца.

Зрэшты, нават самыя якасныя грыбы гастраэнтэролагі кваліфікуюць як «цяжкую ежу» з-за багацця ў іх хіціну, што цяжка пераварваецца. Агульнавядома, што педыятры не рэкамендуюць уключаць грыбы ў рацыён маленькіх дзяцей, а ў еўрапейскіх краінах дактары не раяць песціць грыбнымі стравамі нават падлеткаў. Хаця ў нас бацькі так не лічаць.

— Мы заўсёды елі грыбы, і ўнукі мае іх вельмі любяць. Гэты любімы дзіцячы ласунак, — дзеліцца пенсіянерка, якая прыцэньваецца да баравікоў. — Я заўсёды купляю баравікі для малодшага ўнука, яму пяць, і ён ужо сапраўдны грыбнік. Ходзіць з дзядулем у грыбы ў лес, згодны ўставаць у пяць гадзін раніцы, адрознівае ядомыя грыбы ад неядомых.

Грыбы сапраўды любіць большасць дзяцей, і гэта — адзін са спосабаў накарміць малаежку: ад грыбнога духмянага супчыка або смажанай бульбачкі з грыбамі не адмовіцца нават самае пераборлівае дзіця. Сёння ў дыеталогіі існуе меркаванне, што дзеці інтуітыўна адчуваюць, што карысна для іх арганізма, а з узростам (фарміруючы харчовыя звычкі, у большасці некарысныя) сучасны чалавек гэтую здольнасць губляе. Дык вось, лясныя грыбы сапраўды валодаюць цэлым спектрам карысных для здароўя якасцяў. Напрыклад, высокім утрыманнем вітаміну D, аб недахопе якога ў нашых шыротах медыкі паўтараюць увесь час.

Няцяжка здагадацца, што больш за ўсё вітаміну D у элітных белых грыбах. А ў цэлым, у любых лясных грыбах шмат вітамінаў групы В (В2 неабходны нервовай і рэпрадуктыўнай сістэмам, В3 дадатна ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму і змяншае ўзровень халестэрыну). Таксама яны ўмацоўваюць імунітэт і ўтрымліваюць прабіётыкі, якія дабратворна ўплываюць на рост карысных бактэрый у кішэчніку. А кішэчныя бактэрыі — свайго роду «завод» па вытворчасці найважнейшых для нашага арганізма рэчываў: напрыклад, тлустых кіслот або нейрагармонаў — пасрэднікаў перадачы нервовага імпульсу. Сучасныя даследаванні пацвярджаюць, што мікрабіем кішэчніка адыгрывае мноства ключавых роляў у бесперабойнай паўсядзённай рабоце нашага цела, і лясныя грыбы аздараўліваюць яго і наладжваюць яго правільнае функцыянаванне. Але, зразумела, пры ўмове, што грыбы гэтыя ядомыя, чыстыя і свежыя. А на хвалі «грыбной ліхаманкі», асабліва калі грыбны сезон радуе ўраджаем, у лес адпраўляецца мноства гараджан, якія часам не ў стане адрозніць ядомыя грыбы ад умоўна-ядомых і нават атрутных.

З грыбамі жартаваць не варта

«Купіў грыбоў. Пасмажыў. На ўсякі выпадак памыўся, пагаліўся, надзеў усё новае. Сяджу, ем». Гэта стары, «барадаты» анекдот. Але, як вядома, у кожным жарце ёсць доля праўды. Пра тое, як не атруціцца грыбамі, медыкі гавораць і пішуць з году ў год. Падрабязна пісала пра гэта і «Звязда» — і летась, і пазалетась. Так што зараз толькі паўторым асноўныя тэзісы.

— Атручванне выклікаюць як атрутныя грыбы (мухаморы, бледныя паганкі, ілжывыя апенькі і г. д.), так і няякасныя ядомыя: тыя, якія доўга захоўваліся, пакрытыя сліззю, — перасцерагае валеолаг УАЗ «27-я гарадская паліклініка» г. Мінска Лілія Кацер.

Пры гэтым тэрмічнае ўздзеянне не разбурае атрутных рэчываў у грыбах: засцерагчы сябе, пракіпяціўшы грыбы, не атрымаецца, падкрэслівае спецыяліст. Сітуацыя ўскладняецца і тым, што дакладна размежаваць атрутны грыб і неатрутны часам цяжка нават дасведчаным грыбнікам, бо народныя прыметы не заўсёды «працуюць», калі справа датычыцца такога каварнага прадукту, як грыбы. Хаця ведаць гэтыя прыкметы усё ж варта. Напрыклад, у ядомых апенек карычнявата-жоўты капялюшык, а на ножцы — колцападобная плёнка. У лжывых — адценне капялюшыка чырванаватае або жоўта-зялёнае і няма кольца на ножцы. Пад белыя грыбы паспяхова маскіруюцца небяспечныя жоўцевы і сатанінскі. Каб «вывесці іх на чыстую ваду», перакуліце грыб: калі ніжні бок капялюшыка не жоўценькі, а, скажам, ружовы ці нават чырванаваты, — перад вамі подлы ашуканец. Не ўпэўненыя — разламіце капялюшык: у баравіка ён на зломе не змяняе колер, самазванцы ў месцы злому спачатку пачырванеюць, а пазней — счарнеюць. І галоўнае правіла, вядомае нават гараджанам: ілжывыя, атрутныя грыбы часцей маюць зялёнае адценне пласцінак. І яшчэ яны непрыемна пахнуць. Важна таксама памятаць, што адзін і той жа від грыбоў можа мець розную таксічнасць у залежнасці ад месца і часу збору. Словам, не ўпэўнены — пакінь грыб у лесе. І ў цэлым, невядомыя грыбы ні ў якім разе не адпраўляйце на патэльню ці ў суп: рызыка магчымых наступстваў відавочна перавышае задавальненне ад такой стравы. І яшчэ некалькі правіл. Прайдзіце міма як зусім маладых грыбочкаў (у іх яшчэ недастаткова выявіліся знешнія прыкметы), так і старых грыбоў-пераросткаў (яны назапашваюць атрутныя рэчывы і ўтрымліваюць небяспечныя прадукты распаду бялкоў — гэта, дарэчы, да пытання аб грыбах-волатах, якімі любяць выхваляцца ў сацсетках грыбнікі). Тое ж самае датычыцца сухіх і абязводжаных грыбоў: пакіньце іх там, дзе яны ёсць. Аб тым, што грыбы лепш набываць у месцах санкцыянаванага гандлю, мы ўжо гаварылі.

Што рабіць, калі вы ўсё ж атруціліся грыбамі? Гэта значыць, калі на працягу паўгадзіны-сутак пасля ўжывання іх у ежу адчулі галавакружэнне і смагу, з’явіліся млоснасць, ваніты, дыярэя, а ў некаторых выпадках — нават курчы, тахікардыя, ссіненне вуснаў і пазногцяў, ахаладжэнне рук і ног, зблытанасць свядомасці і парушэнне дыхання. Зразумела, тэрмінова тэлефанаваць «103». Але ў выпадку атручэння грыбамі сімптомы развіваюцца імкліва. Так што да прыезду медыкаў выпіце шмат вады і паспрабуйце ачысціць страўнік, выклікаўшы ваніты. Неабходна адсарбіраваць атрутныя рэчывы, так што выпіце актываваны вугаль: таблетка на 10 кг вагі. Калі няма дыярэі — прыміце слабіцельнае: арганізм важна ачысціць. Каб не дапусціць парушэння кровазвароту, прыкладзіце да ног грэлку або цёплы кампрэс. Кантралюйце артэрыяльны ціск і тэмпературу да прыезду «хуткай дапамогі».

Але гэта — крайні выпадак. Калі ставіцца да грыбоў з разумнай асцярожнасцю, грыбны сезон прынясе толькі радасць — і ў выпадку, калі на «ціхае паляванне» вы адпраўляецеся ў лес і калі ідзяце па грыбы на рынак. Бо апошнія тыдні лета ўжо з намі, і яны таксама пройдуць…

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.