Вы тут

Крыж на зямлі і шлях у неба. Памёр пісьменнік Віктар Карамазаў


У рэдакцыі газеты «Звязда» за яе векавую гісторыю працавала шмат слыных пісьменнікаў. У 1964 годзе сюды ўладкаваўся нядаўні выпускнік аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ і супрацоўнік «Магілёўскай праўды» Віктар Карамазаў. Напачатку — літсупрацоўнікам, потым загадваў аддзелам навукі, ВНУ і школ, потым — аддзелам літаратуры і мастацтва, што, вядома, было бліжэй да сэрца. Наперадзе чакала доўгае журналісцкае і пісьменніцкае жыццё, шматлікія кнігі, экранізацыі, Дзяржаўная прэмія БССР... І вось гэтымі спякотнымі днямі доўгі і плённы шлях пісьменніка, публіцыста, журналіста Віктара Карамазава завершыўся. У наступным годзе ён адзначыў бы свой 90-гадовы юбілей. 


Віктар Карамазаў належаў да так званага філалагічнага пакалення — дзяцей вайны, чыё юнацтва прыйшлося на натхнёныя гады так званай «адлігі». Тое, што прызваннем стала служэнне роднаму слову, было, відаць, прадвызначана — Biктap Фiлiмoнaвiч нapaдзiўcя ў Чэpыкaве Maгiлёўcкaй вoблacцi ў cям’i нacтaўнiкaў. Тэмы ягоных твораў — гэта і Вялікая Айчынная вайна (раман «Бежанцы»), і лёс беларускай вёскі (хрэстаматыйнае апавяданне «Дзяльба кабанчыка» і аповесць «Дзень Барыса і Глеба»). Пісьменніка турбавала тэма роднай прыроды і адносін людзей да яе — у лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» на прыкладзе Лімінскай пушчы на роднай Чэрыкаўшчыне Карамазаў паказаў лёс беларускіх лясоў. Раман быў экранізаваны ў 1987 годзе. Ствараў падарожную прозу — «Глядзіце ў вочы лемуру: аповесць-эсэ з пастскрыптумамі і вернісажам» пераносіць чытача ў самыя экзатычныя мясціны зямлі. А яшчэ кнігі-біяграфіі... Услухайцеся ў адны назвы: «Крыж на зямлі і поўня ў небе», «З вясною ў адным вагоне», «Мой брат духоўны...» Віктар Карамазаў пісаў пра мастакоў — з любоўю, сапраўды як пра духоўных братоў. І мастацкія творы, і дакументальныя. Яго героямі рабіліся Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі, Гаўрыіл Вашчанка, Антон Бархаткоў, Мікалай Неўраў. У пісьменніка сапраўды было мастакоўскае бачанне свету: «Драбкі блакіту ззялі, як сама раніца ў абмытым цёплым дажджом акне, грэліся ў вохрыста-залацістых лужынках сонца. Сонечныя плямы дзе сплываліся і ярчэлі, дзе рассыпаліся і гаслі, а блакіт заставаўся трывалы і чысты» . Ён вывучаў гісторыю беларускага мастацтва, сябраваў з мастакамі, і маляваў сам. Удзельнічаў у пленэрах, занатоўваў хараство беларускай прыроды не толькі ў словах, але і ў фарбах. І разважаў над сутнасцю мастацтва і літаратуры: «Мастак, працуючы над палатном, шчыры сам перад сабою, як кажуць, на ўсе застаўкі, а як перад сабою — дык і перад светам, тут ён без берагоў, у той час як для пісьменніка быць шчырым — гэта адчуваць меру шчырасці, мяжу, пераступіць якую ён не адважваецца. У мастака гэтае боязі няма. Можа, таму, што ён працуе з іншым матэрыялам, не словам — фарбаю, у якой менш рызыкі?» Відаць, што Карамазаў намагаўся сцерці мяжу, пра якую гаворыць, каб быць мастаком да канца і ў слове.

«Людзей яднаюць ці раны і боль, ці дабрыня і любоў» — сцвярджаў пісьменнік у адным са сваіх твораў. Яго творчасць была на баку дабрыні і любові, таму яна заўсёды будзе мець сваіх чытачоў.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.