Вы тут

Галоўны індыкатар — увага гледачоў. Чым нам запомняцца ІІ Гульні краін СНД


Абаяльны Рысік развітаўся і адправіўся дадому ў Белавежскую пушчу, усе медалі знайшлі сваіх герояў, арганізатары выдыхнулі — ІІ Гульні краін СНД сталі гісторыяй, незабыўнай, непаўторнай гісторыяй. Заўсёды сумна развітвацца. Але як прыемна захоўваць ва ўласнай памяці яркія моманты, у памяці тэлефона — вясёлыя фотаздымкі і як карысна мець самае каштоўнае — вопыт.


ІІ Гульні краін СНД сталі экзаменам для ўсёй краіны, упершыню спартыўны форум праходзіў ва ўсіх рэгіёнах. Гомель паказаў гарачыню на татамі, Жлобін закахаўся ў самба. Магілёў паказаў вытрыманую прыгажосць стральбы з лука, а затым здзівіў энергіяй каратэ. Брэст пацвердзіў званне гандбольнай сталіцы і горада, дзе ўсё атрымліваецца ў плыўцоў. Гродна працягнуў чэмпіёнскія традыцыі ў цяжкай атлетыцы і заклаў новыя ў хакеі на траве. Віцебскі летні амфітэатр упершыню прымаў не канцэрт, а спаборніцтвы па тайландскім боксе, у Оршы панавалі баксёры. Горад сонца Маладзечна прыняў турнір па самым летнім відзе спорту — пляжным валейболе. У горадзе моцным духам людзей — Салігорску — выступалі моцныя целам барцы. Мінск стаў сталіцай лёгкай атлетыкі, мастацкай гімнастыкі, валейбола, баскетбола, пляжнага футбола, міні-футбола, сучаснага пяціборства. Свята адчула ўся краіна. «У Гомелі прайшлі спаборніцтвы па дзюдо — запоўненыя трыбуны. У Гродне на спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы таксама запоўненыя трыбуны. У Оршы спаборніцтвы па боксе — яблыку няма дзе ўпасці. У Мінску ідзе звычайны матч па валейболе, гуляюць жаночыя і мужчынскія зборныя Беларусі і Арменіі — поўнасцю запоўненыя трыбуны. Спаборніцтвы праводзяцца для людзей, і самы галоўны індыкатар — увага гледачоў», — адзначаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Ідэя правядзення спартыўнага форуму ў розных наградах асабліва спадабался гасцям, якія змаглі пазнаёміцца з некалькімі гарадамі. Ацанілі яе і прадстаўнікі Азербайджана, якія ў 2025 годзе будуць прымаць ІІІ Гульні краін СНД. Намеснік міністра спорту Мар'яна Васільева адзначала, што ідэя з рознымі гарадамі атрымае працяг і ў 2025 годзе.

Галоўнае дзейства разгортвалася, безумоўна, унутры спартыўных арэн. Але і побач з імі было чым заняцца і на што паглядзець. У кожным без выключэння горадзе дзейнічалі фан-зоны. Фантазія арганізатараў не ведала межаў, на фан-зонах было ўсё і нават больш. А самае галоўнае — у месцах правядзення мерапрыемстваў было бяспечна. Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, правапарушэнняў, злачынстваў і надзвычайных сітуацый у час правядзення ІІ Гульняў краін СНД дапушчана не было. Грамадскі парадак і бяспеку забяспечылі ў поўнай меры.

Пастаўленыя задачы выканалі

Дэвіз Гульняў «Моцны характар — яркая гульня» стаў вызначальным для кожнага ўдзельніка спаборніцтваў. І гэта дало свае вынікі: у Беларусі 236 медалёў, з іх 48 залатых, 78 сярэбраных і 110 бронзавых. У медальным заліку наша краіна саступіла толькі Расіі, спартсмены якой сабралі 288 медалёў. А галоўнымі ўзнагародамі для ўсіх аматараў сталі незабыўныя моманты спаборніцтваў. Хіба можна забыць, як беларускія гандбалісты ў апошнія імгненні фінальнага матча вырвалі перамогу ў сапернікаў з Расіі і перамаглі з розніцай у адзін бал — 38:37. Нагоду для радасці для ўсіх аматараў беларускага футбола дала зборная па пляжным футболе. Нарэшце беларускія футбалісты сталі чэмпіёнамі! «Фантастыку» ў гульнявых відах спорту паказалі беларускія баскетбалісты, якія ў турніры 3х3 заваявалі чатыры медалі. Спякотнымі атрымаліся спаборніцтвы па пляжным валейболе, якія прынеслі «бронзу» мужчынскаму дуэту і «серабро» жаночаму. Медалі беларускім спартсменам прынеслі і спаборніцтвы па класічным валейболе: мужчынская юніёрская зборная стала сярэбраным прызёрам, а жаночая — чэмпіёнам ІІ Гульняў краін СНД. Хакей на траве быў прадстаўлены ў новым фармаце — 5х5, які для многіх спартсменаў можа быць нязвыклым. Але беларусы не разгубіліся — і мужчынскія, і жаночыя каманды сталі чэмпіёнамі. У гульнявых відах спорту беларусы засталіся без узнагарод толькі ў спаборніцтвах па міні-фуболе — занялі чацвёртае месца. Але спорт ёсць спорт. Гульнявыя віды спорту ў Беларусі перамогамі на буйных міжнародных стартах не распешчаныя. Таму ІІ Гульні краін СНД прынеслі не толькі жаданыя медалі, але і веру ў тое, што ў гульнявых відах расце моцная моладзь.

Традыцыйна радуе сваімі поспехамі айчынная лёгкая атлетыка. А на ІІ Гульнях краін СНД яна пераўзышла ўсе чаканні. Па словах дзяржаўнага трэнера па лёгкай атлетыцы Ігара Сівадзедава, медалістамі ІІ Гульняў краін СНД сталі 96 працэнтаў каманды. Беларускія спартсмены заваявалі 39 медалёў, з іх — 11 залатых. У Гродне, горадзе, дзе вырас двухразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Курловіч, не перамагаць беларускія цяжкаатлеты проста не мелі права. Усяго ў беларусаў 22 медалі. На гродзенскі памост выйшла сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Дар'я Наумава. Сапраўды фурор выклікала выступленне алімпійскага чэмпіёна 2008 года Андрэя Арамнава, які заняў трэцяе месца.

У кожнага віду адзінаборства свая прыгажосць і свая філасофія. У гэтым усе ўпэўніліся падчас ІІ Гульняў краін СНД. «Відаць, што працуе федэрацыя, што моладзь ідзе ў барацьбу, ёсць канкурэнтнае асяроддзе. Атрымалася сапраўднае свята спорту. Мне тут радасна і камфортна», — дзяліўся сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў па барацьбе алімпійскі чэмпіён Раман Уласаў. У скарбонцы беларускай зборнай па спартыўнай барацьбе 21 медаль: 6 залатых, 7 сярэбраных, 8 бронзавых.

Беларускія дзюдаісты на ІІ Гульнях краін СНД сабралі адзін сярэбраны і сем бронзавых медалёў. Таму, як падкрэслілі трэнеры, наперадзе ў іх шмат працы. І гэта вельмі важна, бо цяпер у нацыянальнай камандзе ідзе змена пакаленняў. «Шчыра кажучы, мы не чакалі, што дасягнём такога поспеху. Калі планавалі гэтае мерапрыемства, разлічвалі, што ў нас будзе дзесьці чатыры медалі. А па факце двух дзён бескампраміснай і яркай барацьбы мы атрымалі 11 медалёў — 4 сярэбраныя і 7 бронзавы», — падвёў вынікі спаборніцтваў па каратэ старшыня Беларускай федэрацыі Аляксей Багданаў. І гэтым усё сказана. Спаборніцтвы па самба ў Жлобіне прывялі да таго, што мясцовыя ўлады задумаліся аб адкрыцці тут аддзялення па гэтым відзе. Самбісты ў горадзе металургаў выступілі на дзясятку — сабралі 10 медалёў (6 бронзавых, два сярэбраныя і два бронзавыя). Беларускія баксёры заваявалі на ім два залатыя, сем сярэбраных і дванаццаць бронзавых медалёў. І, па словах галоўнага трэнера маладзёжнай зборнай Алега Каракова, выканалі 150 працэнтаў з таго, што маглі. Чатыры залатыя медалі заваявалі беларусы і ў спаборніцтвах па тайскім боксе.

Зборная Беларусі па плаванні на ІІ Гульнях краін СНД заваявала 32 медалі, у тым ліку адзін залаты, 11 сярэбраных і 20 бронзавых. Для таго каб зразумець значнасць гэтага поспеху, варта ўлічвабць, што для спартсменаў гэта першы міжнародны старт. Не падвялі і пяціборцы, а дакладней пяціборкі: Марыя Гнедчык стала чэмпіёнкай ІІ Гульняў краін СНД, Міра Бурая заняла другое месца ў індывідуальным турніры. А разам дзяўчаты сталі пераможцамі ў эстафеце. Сапраўдны фурор, як і заўсёды, выклікалі гімнасткі. Аліна Гарнасько, Арына Аверына, Лала Крамарэнка выступалі на дыване. А з трыбун за імі назіралі Аліна Кабаева, Святлана Хоркіна, Яўгенія Канаева і іншыя славутыя чэмпіёнкі.

Адстраляліся на «золата» і стралкі. У плане на ІІ Гульні краін СНД былі заяўлены 17 медалёў, у тым ліку 8 асабістых. «План аказаўся выкананы на ўсе 100 працэнтаў: як ні дзіўна, менавіта такі расклад ад асноўнай каманды мы і атрымалі — 8 індывідуальных узнагарод і 17 у суме», — расказала старшы трэнер нацыянальнай каманды Вікторыя Чайка. Сярэбраныя медалі ў камандным турніры мужчын і жанчын, у спаборніцтвах змешаных пар ад беларускіх стралкоў з лука сталі найлепшым падарункам для старшыні Беларускай федэрацыі Мікалая Марусава. І для ўсіх аматараў.

ІІ Гульні краін СНД вылучаліся сваім наватарскім падыходам да многіх рэчаў. Але захавалі адну традыцыю, уласцівую Беларусі, — форум прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні. Але сутнасць спорту — у пастаянным удасканаленні. На гэта звярнуў увагу і міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, ацэньваючы перспектывы Гульняў краін СНД: «Гульні, якія два гады таму прайшлі ў Казані, былі пробныя. Беларусь узняла планку, і яна знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні. У Азербайджане, які праз два гады будзе іх праводзіць, думаю, агульнымі намаганнямі выведзем Гульні на яшчэ больш высокі ўзровень. Гэта цікава і спартсменам, і гледачам, і нам, функцыянерам, якія арганізоўваюць такія мерапрыемствы».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.