Вы тут

Выстаўка «Пад знакам бясконцасці» ў НММ прысвечана 70-годдзю Пракапцова


Расповед пра бясконцасць — задача складаная, калі спрабаваць неяк вызначыць сутнасць гэтай з’явы з розных матэрыялістычных ці нават філасофскіх пазіцый. Вось толькі не для мастацтва, таму што ў яго ёсць свая формула бясконцасці: што застаецца альбо павінна застацца ў гісторыі. Таму назва выстаўкі — у нейкім сэнсе выклік і заклік паразважаць менавіта пра тое, што застаецца і не губляе каштоўнасці незалежна ад часу. Уладзімір Пракапцоў, які ўзначальваў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі 25 гадоў выдатна ведае пра мастацкія каштоўнасці. А па выстаўцы можна зразумець, што з’яўляецца каштоўным — адпаведна, бясконцым — для яго.


А тут выявы радзімы, любімых мясцін, прыроды, творы, прысвечаныя блізкім, каханай. У прынцыпе, тое, без чаго няма чалавека. Работы створаны ў розныя перыяды жыцця, для персанальнай выстаўкі абралі 35 твораў — пейзажы, нацюрморты, партрэты... Не надта многа, калі разабрацца. Іх аўтар скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (а гэта горад натхнення для многіх), але быў надта заняты самымі рознымі справамі згодна з пасадай. Праўда, час ад часу Уладзімір Пракапцоў як дырэктар галоўнага музея краіны рабіў інтрыгу для гледачоў, арганізуючы таямнічыя прэзентацыі ўласных твораў: пэўны дзень, пэўны час і не надта доўга. Нейкая свайго роду гульня атрымлівалася. Было ж такое.

Але было і іншае. Пра гэта распавядае дакументальная стужка, што дэманструецца літаральна ў зале сярод твораў, дзе адлюстраваныя этапы жыцця юбіляра. А яшчэ — што вельмі істотна менавіта ў кантэксце размовы пра мастакоўскую бясконцасць — яго кнігі, прысвечаныя мастакам, асобам ды творцам, якія ўвайшлі ў гісторыю беларускага мастацтва. Некаторыя імёны вярнуліся ў кантэкст беларускай культуры дзякуючы працы мастацтвазнаўцаў. Уладзімір Пракапцоў мае званне кандыдата мастацтвазнаўства і стаў ініцыятарам выдання серыі «Славутыя мастакі Беларусі», сказаў сваё слова пра класікаў Станіслава Жукоўскага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Фердынанда Рушчыца, і пісаў пра беларускіх творцаў савецкага часу і тых, каму выпала папрацаваць на нашу краіну, калі яна атрымала незалежнасць. Даследчыцкая праца не менш важная, асабліва на этапе «збірання камянёў», калі народ і краіна павінны ўсвядоміць сябе. Праца Пракапцова на пасадзе дырэктара была адзначана яшчэ і большай увагай менавіта да беларускага мастацтва, дзеля якога адкрылі асобны корпус для выставак як аўтараў мінулага, так і сучасных мастакоў нашай краіны. У 2013 годзе Уладзімір Іванавіч Пракапцоў атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтва Беларусі. Пасаду дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ён займаў з 1998 года да лета 2023 года. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.