Вы тут

Справа дарослых


Менавіта летам часцей, чым у іншы час, гінуць дзеці. Трагедыі адбываюцца ў вадзе, на дарозе, у агні... І як ні папярэджваюць перад пачаткам школьных канікулаў ратавальнікі, якую прафілактычную работу не вядуць іншыя кампетэнтныя органы, з году ў год няшчасных выпадкаў пазбегнуць не ўдаецца...


Толькі за два летнія месяцы на вадаёмах краіны сёлета загінулі дзевяць непаўналетніх — дзевяць будучых мам і татаў, дзевяць патэнцыяльных студэнтаў і выпускнікоў, прафесіяналаў, а галоўнае — любімых дзяцей...

Вядома, горш за ўсіх адчуваюць сябе бацькі. Кожны з іх шукае ў тым, што здарылася, сваю віну — па статыстыцы, у большасці трагічных выпадкаў дзеці, якія тонуць, адпачываюць на вадаёмах увогуле без прысутнасці дарослых. Скажаце, урок тым, хто пускае непаўналетніх адных да ракі ці возера? Магчыма. Хоць ці ўсе бацькі або іншыя сваякі, адказныя за іх на летні перыяд, дакладна ведаюць, чым у пэўны прамежак часу занятыя іх дзеці, унукі, пляменнікі?

Як расказвае наш сусед, які нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці, яго бацькі толькі ў падлеткавым узросце сына даведаліся, што той умее плаваць. Андрэй, як высветлілася, навучыўся плаваць яшчэ ў пяць гадоў — таемна ад бацькоў яны з сябрамі-аднагодкамі не раз выпрабоўвалі свае сілы на мясцовым вадаёме. Добра, што ўсе заплывы добра заканчваліся. Я і сама практычна кожны летні дзень у дзяцінстве праводзіла каля вады. Калі была зусім малая, хадзілі туды з мамай. Ужо падлеткам з дазволу дарослых шпацыравала да ракі ці возера з сяброўкамі. Але ці ўмела добра плаваць? Не. Нават цяпер не ўпэўненая ў сваіх сілах: люблю плаваць там, дзе ў любы момант можна адчуць дно.

З таго часу нічога не змянілася. Адным дзецям дазволена самастойна знаходзіцца на вадаёмах. Іншыя ходзяць туды цішком. Кантраляваць іх, вядома, трэба. Але, на мой погляд, яшчэ больш важна навучыць сваіх дзяцей плаваць. І калі здарыцца так, што ваша паслухмянае дзіця, якое ніколі нікуды без дазволу не сыходзіла, раптам акажацца без суправаджэння дарослых каля вадаёма, яно будзе паводзіць сябе ў вадзе ўпэўнена.

На жаль, забірае дзіцячыя жыцці не толькі вада, а і агонь. Безумоўна, здараюцца трагічныя выпадкі, прадугледзець якія надзвычай складана, амаль немагчыма. Аднак многіх трагедый, як паказвае следства, усё ж можна было пазбегнуць. Напрыклад, калі б гаспадары прыватных дамоў рэгулярна правяралі свае печы (калі яны ёсць), кантралявалі спраўнасць праводкі і — што зусім не патрабуе ні траты часу, ні вялікіх грашовых намаганняў — устанавілі ў кожным пакоі пажарны апавяшчальнік. Такая рэкамендацыя актуальная і для гарадскіх кватэр.

Між іншым, сучасныя новабудоўлі здаюцца з пажарнымі апавяшчальнікамі ў пакоях. Многія лічаць, што гэтыя невялікія ўстройствы псуюць інтэр'ер, і спяшаюцца іх зняць, безумоўна, не думаючы ў той час пра бяспеку. Паклапаціліся сённяшнія забудоўшчыкі і яшчэ пра адзін момант: вокны ў сучасных кватэрах устанаўліваюцца з замкамі. Усе ключыкі лёгка дастаюцца і хаваюцца. Свядомым бацькам не варта баяцца, што дзіця самастойна адчыніць акно — зрабіць так у яго проста не атрымаецца. Калі вокны такім дэвайсам не абсталяваныя, гэта лёгка выпраўляецца.

Павышанай увагі бацькоў юных удзельнікаў дарожнага руху або пасажыраў патрабуюць і дарогі. Калі ўстаноўлена заканадаўствам перавозіць дзіця ў спецыяльным крэсле і прышпільваць яго, то так і патрэбна рабіць. Нават калі вы плануеце праехаць зусім няшмат (напрыклад, з крамы да дому або з адной вёскі ў іншую), ніхто не ведае, што ў гэты час можа здарыцца на дарозе. І калі ўжо набываеце сваім дзецям веласіпеды або самакаты, навучыце нашчадкаў правілам паводзін на дарозе.

Бяспека дзіцяці — у руках яго бацькоў. Вядома, настане час, калі вы не зможаце быць заўсёды побач. Таму прадугледзьце ўсе магчымыя сітуацыі і навучыце сваіх дзяцей элементарным правілам бяспекі, паводзін у пазаштатных выпадках. Няхай ім ніколі не спатрэбіцца іх прымяняць, затое вашы дзеці будуць ведаць, як дзейнічаць, каб яшчэ адна трагедыя не папоўніла сумную статыстыку.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.