У сталовай аграгаспадаркі «Зара» Магілёўскага раёна з раніцы не менш горача, чым на перадавой уборачнай. Каб камбайнеры і кіроўцы паказалі добрыя вынікі, яны павінны быць як мінімум сытыя. І кухары не шкадуюць ні прадуктаў, ні фантазіі, каб смачнейшыя атрымаліся стравы. У 11 гадзін раніцы ўсё павінна быць нагатавана і падрыхтавана для дастаўкі на палеткі. Хлебаробы ў полі з самай раніцы. Трэба, каб да гадзіны дня яны былі накормленыя і вярнуліся да работы. Тут, як той казаў, кожная хвіліна дарагая.
На будучы ўраджай сёння працуе шмат людзей самых розных прафесій. Вось і мы са старшынёй прафсаюза работнікаў АПК Магілёўскага раёна Валянцінам Салаўём едзем на палі ўзнімаць настрой. Валянцін Адамавіч — каб адзначыць перадавікоў, я — каб даведацца, ці не пакрыўджаныя яны харчаваннем.
Загадчыца сталовай аграгаспадаркі Аліна Рослава дэманструе меню. Чытаю: салат «Марское дно», боршч халодны, ножкі фаршыраваныя, каша грачаная, сок апельсінавы, пернікі, хлеб, вада — досыць сытны набор. Не менш апетытная і вячэра. Салат з гародніны з каўбасой, катлета «папараць-кветка», каша рысавая, сок таматны, хлеб і зноў вада пітная. У аўторак спякота крыху спала, а дагэтуль хлебаробы шчыравалі пры градусе тэрмометра вышэй чым плюс 35.
— З наступленнем уборачнай кампаніі сталовая наша працуе ва ўзмоцненым рэжыме, — удакладняе загадчыца. — Работнікі атрымліваюць абед і вячэру. Прычым цалкам бясплатна. На абед заўсёды халодная закуска, гарачыя стравы, гарнір, абавязкова піццё, сок і дэсерт — можа быць фрукт, пернік або выпечка ўласнай вытворчасці. Напрыклад, смажанка або бяляш. А палове першай машына дастаўляе абеды на поле. Там камбайнераў і кіроўцаў абслугоўвае наш работнік, які таксама выязджае ў рэйс. Усё падаецца ў аднаразовым посудзе. У машыне, акрамя абедаў, едуць стол, крэслы, парасон — умовы для камфортнага прыняцця ежы на свежым паветры. Нават ложкі і відэльцы металічныя, бо былі заўвагі, што пластмасавыя хутка псуюцца.
У сталовай пакуль ні душы, хоць падчас абеду тут таксама людна. Тут гатуюць ежу з разліку на сто чалавек. Амаль палова харчуецца дыстанцыйна. Гаспадарка мае палеткі як у Магілёўскім, так і ў Чавускім раёнах. А адлегласць — не адзін дзясятак кіламетраў. Калі трэба паспяшацца і ўсюды паспець, едзе яшчэ адна машына.
— Вячэру вязём гадзіны ў чатыры-пяць, — удакладняе Аліна Рослава. — У меню салат, другое, плюс гарнір, пітная вада, сок або чай. Стараемся зрабіць комплекс як мага больш разнастайным. Адзін раз на тыдзень абавязкова прысутнічае рыба, гатуем таксама прысмакі з кураціны і свініны. Два разы на тыдзень робім адбіўныя, запечаныя з сырам або грыбамі.
Повар Марыя Сарокіна — малады спецыяліст ужо з вопытам. Яна скончыла тэхналагічны каледж і Беларускі ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. У сваёй рабоце арыентуецца на Гордана Рамзі — брытанскага шэф-кухара, рэстаратара, вядучага тэлешоу «Пякельная кухня».
— Гэта адзін з сусветных прафесіяналаў, — удакладняе Марыя. — У яго заўсёды ўсё самае лепшае. Ён выкарыстоўвае ўсе існуючыя ў свеце кірункі ў прыгатаванні страў.
Марыя, мне здаецца, з лёгкасцю магла б на сто ачкоў пакінуць ззаду гэтага Рамзі. Бачыў бы ён тыя 40-50-літровыя каструлі, з якімі мая суразмоўніца спраўляецца. І сакрэты гатавання надзейна трымае за зубамі.
— Мы тайны не выдаём, — усміхаецца дзяўчына. — Скажу толькі, што гатуем па-дамашняму, каб было смачна і мужчыны былі задаволеныя. Працую я ўжо амаль дзесяць гадоў, апошнія пяць у гэтай арганізацыі.
Намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Ларыса Кавальчук падкрэслівае важнасць місіі.
— Вы дома мужа не накарміце, паглядзіце, які з яго будзе работнік, — кажа яна. — А тут мужчыны цяжка фізічна працуюць, часам па 12 гадзін. Паспрабуйце не пакарміць — якая атрымаецца работа? У нас усе добра працуюць.
Пакуль размаўлялі і фатаграфаваліся, машына з абедамі паехала на палі. Таму прыйшлося прыбавіць газу, каб паспець пацікавіцца, ці спадабалася ежа камбайнерам. А яшчэ паспець паціснуць рукі ўсім тым, хто сёння пераадолеў тысячны, двухтысячны і набліжаецца да трохтысячнага рубяжоў.
— Сярод нашых лідараў — камбайнеры ЗАТ «Сервалюкс Агра» Сяргей Май і Рыгор Бокач, якіх узнагароджвалі ў пятніцу і суботу, — удакладняе Валянцін Салавей. — Таксама адзначаем кіроўцаў. Камбайнеру і яго памочніку па сто рублёў уручаем, а таксама майку, кепку і падзячнае пісьмо. Плюс налепка на шкло камбайна або машыны. Акрамя таго, падарункі дае гаспадарка.
Кіроўцу МАЗа Юрыя Манкевіча ад аграгаспадаркі «Зара» віншуем проста на ўзбочыне дарогі Магілёў — Віцебск каля павароту на санаторый «Сосны». У працаўніка кожная хвілінка на ўліку. Стэлефанаваліся, каб можна было перасячыся дзесьці па дарозе. Ён якраз вёз збожжа на зерняток гаспадаркі. Юрый ужо паеў, але не магла не пацікавіцца, ці спадабалася.
— Смачна, мне ўсё падабаецца — і суп, і салаты, і катлеты, — усміхаецца ён. — З дому ежу не бяру. Наогул дома амаль не бываю. У сям’і двое дзяцей, але калі пасяўная ці ўборачная, рэдка бачымся. Іду на работу, яны яшчэ спяць, вяртаюся, яны ўжо спяць.
Юрый Манкевіч працуе ў гаспадарцы 11 гадоў і практычна заўсёды атрымлівае ўзнагароды за высокія паказчыкі. У тым ліку і непасрэдна падчас святкавання галоўнага фэсту працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
На ўборачнай у ЗАТ «Агракамбінат «Зара» штодзённа задзейнічаная восем камбайнаў, столькі ж МАЗаў. Працоўны дзень пачынаецца рана і цягнецца да позняга вечара. Прагнозы на ўраджай добрыя, нягледзячы на ўсе капрызы надвор’я.
Адно з аддаленых палёў «Зары» ў Чавускім раёне, да якога больш чым 50 кіламетраў. Там працуе некалькі лідараў жніва, якіх таксама трэба павіншаваць. У тым ліку і перадавік з ліку маладых.
Паспяваем на месца якраз пад канец абеду.
— Прэтэнзій да абедаў няма, усё вельмі смачна, — прызнаецца механізатар Віталій Буры. — Ежа сытная, нават дабаўкі не трэба прасіць. Калі пераесці, у камбайне дрэнна сядзець.
Добрая ежа наогул палова справы, разважае суразмоўнік. На рабоце з самай раніцы, у абед ужо хочацца чымсьці гарачым падсілкавацца. Віталію на дзень хапае калгаснай ежы. Дома толькі на чай застаюцца сілы.
Аляксандр Верхатураў абедае, не адыходзячы ад камбайна.
— Гарачае смачнае, мне першае заўсёды падабаецца, — каментуе ён.
Падмацаваўшыся, ён атрымлівае з рук старшыні прафсаюза работнікаў АПК Магілёўскага раёна падарункі за поспехі ва ўборцы і зорку на камбайн з паметкай «1000».
Пад’язджае яшчэ адзін перадавік — Раман Сарокін. Ён кіроўца МАЗа, перавёз дзве тысячы тон збожжа. Спрытны, таму што малады, смяецца ён.
Хлопцу ўручаюць грошы і падзяку, ціснуць руку і натхняюць на чарговыя рэкорды.
— У гаспадарцы працую пяты сезон, — расказвае малады чалавек. — Нядаўна жаніўся. Мая Вольга тут жа працуе. Абяцаюць даць жыллё. Падымаюся вельмі рана і адразу ж бягу на работу. Я цяпер чалавек сямейны, трэба забяспечваць сям’ю.
Паводле інфармацыі прафсаюза работнікаў АПК Магілёўскага раёна, на 8 жніўня ў раёне было з ліку двухтысячнікаў два камбайнеры і два кіроўцы, а таксама з ліку тысячнікаў шэсць кіроўцаў і пяць камбайнераў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Магілёўскі і Чавускі раёны
Колькі каштуе сядзіба Патоцкага?
Мураваных спраў майстар.
Жыллё і здароўе — найбольш хвалюючыя для людзей.