Вы тут

Каля сталічнага Палаца спорту працуе галоўная пляцоўка акцыі МУС


Да ll Гульняў краін СНД падобныя лакацыі беларускія міліцыянеры падрыхтавалі і ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Маладзечне, Оршы, Салігорску і Жлобіне. Пляцоўка ў Мінску пачала сваю працу ўчора, будзе сустракаць гасцей сёння і на наступных выхадных — 12 і 13 жніўня. Як будуць працаваць рэгіянальныя пляцоўкі акцыі МУС «За бяспеку разам!», можна паглядзець па спасылцы


Аднымі з першых гасцей галоўнай міліцэйскай пляцоўкі сталі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, яго намеснікі Генадзь Казакевіч і Дзмітрый Карзюк, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Грыб. Кіраўнікі міліцэйскага ведамства праінспектавалі ахову грамадскага парадку на тэрыторыі каля Палаца спорту. Іван Кубракоў паразмаўляў з супрацоўнікамі і азнаёміўся з ведамаснай лакацыяй.

У тым, што яна карыстаецца папулярнасцю ў мінчан і гасцей сталіцы, можна было пераканацца з першых хвілін. Дзеці і дарослыя з задавальненнем знаёміліся з сімвалам акцыі — Сцяпанычам. Хлапчукі ўсіх узростаў канцэнтраваліся каля выставы рэтра- і сучаснай тэхнікі, самастойна складалі фотаробат і спрабавалі здымаць адбіткі пальцаў: сваю дактакарту можна атрымаць на памяць.

Лакацыя адметная не толькі тым, што дзеці могуць паспрабаваць сябе ў ролі міліцыянераў, а і атрымаць каштоўную інфармацыю з першых вуснаў. Супрацоўнікі розных службаў цэнтральнага апарата МУС, сталічнай міліцыі і ўстаноў адукацыі з задавальненнем дадуць кампетэнтныя адказы на любыя пытанні. Гэтым ужо актыўна карыстаюцца будучыя абітурыенты і іх бацькі — цікавяцца ўмовамі паступлення і вучобы ў Акадэміі і Спецыялізаваным ліцэі МУС, размаўляюць з курсантамі, ліцэістамі і выкладчыкамі.

Атмасферу свята падтрымліваюць вядомыя музычныя кампазіцыі ў выкананні духавога аркестра ГУУС Мінгарвыканкама. Арганізатары абяцаюць яшчэ мноства сюрпрызаў! Прыходзьце да Палаца спорту сёння да 21:00. 

— Імкнёмся ў тым ліку ў гульнявой форме растлумачыць нашым грамадзянам і гасцям Беларусі асаблівасці заканадаўства, а таксама данесці правілы паводзін у грамадскіх месцах, асновы дарожнай бяспекі, — адзначыў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, кажучы аб акцыі МУС «За бяспеку — разам!». — Актыўна працуем і з дзецьмі. І гэта дае вынік — скарацілася колькасць непаўналетніх, якія загінулі на дарогах.

З міліцэйскай лакацыі кіраўнікі ведамства на чале з міністрам унутраных спраў адправіліся на «Мінск-Арэну» для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця ll Гульняў краін СНД. Падчас размовы з журналістамі, Іван Кубракоў адзначыў, што ў беларускай міліцыі ёсць велізарны досвед забеспячэння грамадскага парадку на буйных спартыўных і іншых масавых мерапрыемствах. «Пры гэтым да кожнага з іх мы рыхтуемся вельмі ўважліва, вывучаем навацыі іншых дзяржаў, улічваем аператыўнае становішча ў краіне і тое, што адбываецца вакол нашых граніц, — падкрэсліў ён. — Так, пры ажыццяўленні кантрольна-прапускнога рэжыму на спартыўныя аб’екты ўводзяцца пэўныя абмежаванні, але ўсе яны ў першую чаргу накіраваны на карысць саміх грамадзян».

Як звярнуў увагу кіраўнік міліцэйскага ведамства, для бяспекі беларусаў і гасцей краіны зроблена ўсё. Больш за сем тысяч відэакамер працуе ў сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі. Найменшае парушэнне грамадскага парадку — і супрацоўнікі міліцыі адразу рэагуюць. «Пастараліся арганізаваць службу так, каб наша прысутнасць была мінімальнай, пры гэтым сітуацыя цалкам кантралявалася, — удакладніў ён. — Прыняты ўсе неабходныя меры, бяспека будзе забяспечана як на аб’ектах Гульняў, так і ў цэлым па краіне».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.