Вы тут

З глыбінкі з аптымізмам. Тры натхняльныя гісторыі людзей, якія пераехалі і зарабляюць у вёсцы


Летам так хочацца з'ехаць падалей ад асфальту, гулу аўтамабіляў і гарадскіх шматпавярховікаў! Каб адчуць водар скошанай травы, сарваць з куста нагрэты сонцам агрэст, заўважыць ноччу зоры ў небе...

Цяпер усё больш людзей настолькі цэніць перавагі невялікіх населеных пунктаў, што ў горад не вяртаецца. Але яснымі зорамі і чыстым паветрам сыты не будзеш. Як жывецца тым, хто абраў для сябе вёску або гарадскі пасёлак? Як яны гадуюць дзяцей? Чым зарабляюць? Пра што мараць?


Хоцімск мяняе фармат

Сёлета райцэнтр стане сталіцай абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» — і тут адчуваецца ўздым па ўсіх кірунках. На вуліцах працуе дарожная тэхніка, будаўнікі наводзяць марафет на фасадах дамоў, на завяршальным этапе будаўніцтва басейна. Наогул увесь Хоцімск сёння — адна вялікая будоўля. І планы — самыя аптымістычныя.

Першы двухпавярховы электрадом у Хоцімску.

Стаўка на арэнднае жыллё

Летась у Хоцімску былі пабудаваныя два дамы напалову арэндныя — адзін васьмікватэрны двухпавярховік і двухкватэрны сядзібнага тыпу. Жыхары ўжо справілі там наваселлі. Гэта і маладыя спецыялісты, і кіруючыя работнікі. Ужо гатовы праект 12-кватэрнага арэнднага жылога дома ў цэнтральнай частцы Хоцімска. Намеснік старшыні па будаўніцтве Хоцімскага райвыканкама Аляксандр Анжэнка заўважае, што цяпер людзі мабільныя, не жадаюць быць прывязанымі да аднаго месца. Таму попыт павышаны.

— Ёсць жадаючыя і на індывідуальнае будаўніцтва, якім выдзяляюцца зямельныя ўчасткі, — расказвае ён. — І глыбінка — не выключэнне. Напрыклад, знайшоўся чалавек, які захацеў пабудаваць дом у вёсцы Узлогі. Яго не спыніла нават тое, што населены пункт аддалены і маланаселены.

Сёлета ў раённым цэнтры акцэнт робіцца на капітальны рамонт жылля. Гэта, лічы, цалкам абнаўляецца дом — мяняецца дах, унутрыдамавыя інжынерныя сеткі, фарбуецца фасад. Новае жыццё атрымаюць пяць шматкватэрных жылых дамоў агульнай плошчай болей чым 9 тысяч квадратных метраў.

— Для Хоцімска гэта шмат, — удакладняе суразмоўнік. — Акрамя таго, да «Дажынак» рамантуецца шмат сацыяльных аб'ектаў — Дом культуры, бальніца, дарогі...

У Хоцімску актыўна развіваюць прыярытэтны ў краіне напрамак па будаўніцтве электрычных дамоў. Адзін такі двухпавярховік у цэнтры горада ужо ёсць. Але яшчэ больш зацікаўленыя пераводам на электрычны варыянт ацяплення ўладальнікі індывідуальнага жылля. Па словах загадчыка сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Аляксандра Цішчанкі, ледзь не на кожным пасяджэнні райвыканкама разглядаюцца такія звароты ад насельніцтва. Раней акцэнт рабіўся на газавае ацяпленне, цяпер ёсць выбар.

Свой дом — гэта табе не кватэра

Насельніцтва Хоцімска больш паважае прыватнае жыллё. Калі ўязджаеш у населены пункт, звяртаеш увагу на тое, з якой любоўю і густам упрыгожваюць свае сядзібы месцічы. Асабліва прываблівае мноства кветак.

Выконваючы абавязкі старшыні Бярозкаўскага сельсавета Аляксандр Яромін — адзін са шчасліўчыкаў. Некалькі гадоў таму ён атрымаў участак непадалёк ад цэнтра горада і цяпер вядзе на ім актыўнае будаўніцтва.

Аляксандр Яромін са старога зрубу робіць электрадом.

— Побач камунікацыі, у доме можна зрабіць усе выгоды, — пералічвае ён плюсы. — Але галоўнае — прырода. Рэчка Жадунька за агародам, а за ёй — луг, лес. Птушкі спяваюць. Гэта ж выдатна! У доме зробім электраацяпленне, але ад печкі таксама не будзем адмаўляцца. Без печкі жыць нецікава.

Аляксандр, каб расказаць, чым яму падабаецца Хоцімск, прапанаваў праехацца па гарадскім пасёлку. І калі пра такія славутасці, як кола агляду (адзінае на ўсю вобласць!) у парку атракцыёнаў (гэтым таксама не кожны райцэнтр можа пахваліцца), жамчужыну зямлі хоцімскай храм Святой Тройцы, створаны вядомым у вобласці і за яе межамі архімандрытам Кірылам, я ведала, то цудоўнае месца адпачынку на рэчцы Жадуньцы з пляжам і дзіцячай зонай для купання было адкрыццём. Тут сапраўды вельмі хораша. Яшчэ адзін пляж ёсць на рацэ Бесядзі. Наогул у райцэнтры аж тры ракі. Акрамя дзвюх вышэйназваных, яшчэ і Альшоўка.

У Хоцімску ёсць добрыя ўмовы для жыцця — дзве сярэднія школы, каледж, дзе можна атрымаць прэстыжную прафесію кіроўцы або газазваршчыка; бальніца, гісторыка-краязнаўчы музей, Дом культуры. Калі б моладзь больш цаніла сініцу ў руках і не гналася за жураўлём у небе, Хоцімск стаў бы адным з прэстыжных месцаў для жыцця на зямлі, не сумняваецца суразмоўнік.

Праект пад назвай Горня

Яго метадычна ажыццяўляюць вядомыя ўсім у райцэнтры індывідуальныя прадпрымальнікі Андрэй і Алена Шамбы. Яны жывуць у Горні і маюць намер зрабіць з вёскі райскі куточак. У абаіх за плячыма вопыт жыцця ў вялікіх гарадах. Але нідзе яны не адчуваюць сябе так хораша, як у Хоцімску і роднай Горні.

— Нам тут вельмі камфортна, — кажа Андрэй, і Алена яго падтрымлівае. Дарэчы, маладая жанчына родам з Масквы. Кінула сталіцу і змяніла сваё жыццё на 180 градусаў, каб быць з каханым побач. І вось ужо звыш дзесяці гадоў агітуюць праз інтэрнэт маладыя сем'і пераязджаць у вёску.

— Цяпер дапамагаем перасяліцца ў нашу вёску сям'і Яўгеніі з Тулы, — дзеліцца навіной Алена. — Яна знайшла нас праз сацыяльную сетку, напісала і прыехала. Ёй усе спадабалася. Не магла паверыць, што 25 «сотак» зямлі ў нас даюць бясплатна, пакуль сама не атрымала. Дом ужо пабудаваны, засталося толькі зрабіць адстройванне ўнутры.

Насельніцтва Горні — усяго 18 чалавек. Андрэй і Алена спадзяюцца, што змогуць пераманіць сюды яшчэ дзве-тры сям'і, і тады справы пойдуць угару. Нядаўна яны купілі другі дом у Горні. Алена смяецца: не маглі дазволіць, каб яго разабралі. І дадае, што яны з мужам нават гатовыя падарыць яго руплівым людзям, калі тыя згодныя будуць разам адраджаць вёску. Андрэй, у сваю чаргу, прапануе развіваць сельскі клуб, які ён аднавіў, і гатовы аддаць яго пад цікавы праект творчаму чалавеку. Калі ў вёсцы з'яўляюцца энергічныя і неабыякавыя людзі, населены пункт набывае новае жыццё. Галоўнае, каб навасёлы не замыкаліся на сабе. Андрэй, напрыклад, абкошвае не толькі сваю тэрыторыю, але і агульную. Калі акуратна вакол, то і на душы весела. У вёсцы ёсць сажалка, якую сужэнцы зарыбілі. Яны мараць яе пачысціць, зрабіць масткі, купіць катамараны, насадзіць кветак. Усё гэта трэба даглядаць. З сумленнымі суседзямі будзе нескладана. Чалавек павінен быць не спажыўцом, а творцам, — перакананыя яны.

Андрэй і Алена Шамбы сціраюць межы паміж горадам і вёскай.

Ёсць, вядома, пытанні, якія голым энтузіязмам не вырашыш. Тая ж дарога да Горні. Трэба, каб яе час ад часу рамантавалі, грэйдзіравалі. Андрэй звярнуўся ў сельсавет, там параілі з дарожнікамі пагутарыць. «Але ж гэта не работа, — лічыць малады чалавек. — Калі арганізацыя адказвае за стан дарогі, павінен быць наладжаны кантроль. Навошта ёй пра гэта нагадваць?». Дрэнная дарога, на думку сужэнцаў, адзін з фактараў, які адпужвае людзей ад вёскі. Бо сёння амаль у кожнага машына і пытанне якасці дарогі стаіць на першым месцы.

У Андрэя і Алены ў Горні вялікі прыгожы дом, ён аснашчаны сучаснай бытавой тэхнікай. Нядаўна яны адкрылі ў Хоцімску першы ў раёне пункт выдачы тавараў Wіldberrіes. Сіл шмат укладзена, але і аддача ёсць.

— Атрымаўся гіпермаркет па-хоцімску, — радуецца Алена. — Попыт літаральна на ўсё — ад мэблі да ежы. Раней месца было непапулярнае, а цяпер народ ідзе. Яшчэ і пару чалавек працаўладкавалі.

Знайшліся таксама сілы і грошы на тое, каб аднавіць у цэнтры Хоцімска будынак мінулага стагоддзя, мараць здаць яго ў арэнду якому-небудзь рытэйлеру. Гэтым ідэі ініцыятыўнай пары не заканчваюцца. Яны ўжо пагаворваюць пра кластар, які можна было б стварыць вакол Горні і Хоцімска.

— Сёння ў вёсцы ёсць інтэрнэт, а гэта — рэальная магчымасць працаваць і вучыцца на адлегласці, — дадае Алена. — Я цяпер праходжу курсы, якія дапамогуць мне ў развіцці Хоцімскага раёна.

— Мы жывём у такі час, калі мяжы паміж горадам і вёскай няма, — кажуць сужэнцы. — Навошта чапляцца за горад? Там шум, пыл, асфальт. А мы дыхаем свежым паветрам, побач цудоўны лес. Інтэрнэт дазваляе быць усюды адначасова, а заадно развівацца. Людзі рвуцца ў горад, дзе шалёная канкурэнцыя і рызыкі. У глыбінцы канкурэнцыі няма, і гэта самы вялікі плюс. А яшчэ можна эксперыментаваць.

— Быў перыяд, калі я шукала сябе ў птушкагадоўлі — купіла неабходнае абсталяванне і вывела звыш дзвюх тысяч галоў, — удакладняе былая масквічка. — Але хутка зразумела, што гэта не маё, і адмовілася. Цяпер раблю стаўку на развіццё сферы паслуг і гандлю. Гэта тое, што сёння запатрабавана ў глыбінцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Хоцімскі раён

P.S. Сужэнцы спадзяюцца, што нехта з чытачоў «Звязды» пажадае заняцца перспектыўным бізнесам у Хоцімскім раёне, і яны стануць партнёрамі.


Домік з відам на лес. Фізіка і лірыка жыцця пасля гарадскога рытму

Сям'я Рабкавец з Калінкавіцкага раёна восем гадоў таму памяняла жыццё ў Мінску на мару пабудаваць сваё шчасце ў сельскай мясцовасці. Маладыя бацькі Ілья і Анаіт цяпер жывуць, працуюць, гадуюць трох дачок у аграгарадку Сырод. Набыты стары дом перабудавалі, а ў будучым плануюць адкрыць аграсядзібу. Сёлета яны заваявалі другое месца у гранд-фінале конкурсу «Уладар вёскі». Такі поспех — заслуга ўсіх членах сямейнай каманды: Ільі, Анаіт, васьмігадовай Арыны, чатырохгадовай Ангеліны і маленькай Міраславы.

«Горад» адсЫпаўся, прырода прыняла

Пазнаёміліся будучыя муж і жонка ў сталіцы. Сустрэліся на карпаратыве, спадабаліся адно аднаму з першага позірку, а пасля ўжо не расставаліся.

— Ілья адразу расказаў, што бачыць сябе і сваю будучую сям'ю толькі ў сельскай мясцовасці. Я ж была абсалютна гарадская, у мяне было цалкам гарадское кола зносін, таму многія сябры здзіўляліся, чаму я абрала Ілью, які хоча жыць і працаваць на зямлі. Калі мы пераехалі ў вёску, гарадскія знаёмыя «адсЫпаліся», — згадвае Анаіт.

Пасля Мінска маладажоны паспрабавалі пажыць крыху ў Брэсце, потым у Калінкавічах, а шэсць гадоў таму знайшлі сваё месца сілы. Так яны называюць свой дом і ўчастак у аграгарадку Сырод, што за дзевяць кіламетраў ад Калінкавіч. Яшчэ калі яны жылі ў Мінску, Ілья і Анаіт марылі, якім будзе іх будучы вясковы дом. Хацелася, каб абавязкова — з відам на лес. Мары спраўдзіліся.

Стары вясковы дом мужчына перарабіў для жыцця вялікай сям'і. Па словах Ільі, прыкладам працавітасці, нават неўтаймаванасці ў рабоце для яго застаецца бацька Генадзь Мікалаевіч Рабкавец, які стварыў незвычайную вясковую сядзібу ў роднай вёсцы Пагост-Загародскі ў Пінскім раёне на Брэстчыне.

У Сыродзе Ілья адразу ўладкаваўся жывёлаводам у мясцовую гаспадарку — СВК «Дружба-Аўцюкі». Хутка яму прапанавалі работу на трактары, потым — пагрузчыку, а пасля былы сталічны жыхар стаў загадчыкам сельгаскомплексу. Цяпер бацька сям'і працуе аператарам «харвестара» ў Калінкавіцкім лясгасе.

«раскрыла сябе як асоба...»

— Праз шэсць гадоў жыцця ў Сыродзе магу дакладна сказаць, што менавіта ў вёсцы раскрыла сябе як жанчына і як асоба, — падзялілася Анаіт.

Да «дэкрэтных» маладая жанчына паспела папрацаваць у сельскім клубе культарганізатарам. Працягвала вучыцца і развівацца ў любімай справе — вытворчасці прыроднай касметыкі: адвучылася ў маскоўскай школе на водаратэрапеўта. Займаецца натурапатыяй і траўніцтвам, вырабляе эфірныя алеі, натуральную парфуму, духі, гідралаты.

— Калі толькі пасялілася ў вёсцы, па ўсходах кроп ад морквы не адрознівала. Баялася жучкоў-чарвячкоў. Цяпер ужо і агарод вяду. Быў перыяд, калі мы трымалі курэй, свіней. Неяк муж быў на змене, свінка парасілася, прыйшлося самой прымаць папаўненне. Цяпер з гаспадаркі ў нас толькі мой агарод і «плантацыя» буякоў, каб былі вітаміны для дзяцей, — расказвае суразмоўніца.

Маладая маці амаль штодзень выязджае ў райцэнтр. Старэйшыя дочкі займаюцца ў музычнай і мастацкай школах, вучацца вакалу. Міраслава ўсюды суправаджае маму і сясцёр.

— У вялікіх гарадах ёсць адлегласці і большыя. Так што гэта не праблема. У наш Сырод шмат маладых сем'яў прыехала жыць з горада, — растлумачыла Анаіт.

Хочацца знаёміцца і сябраваць

Яны з мужам пагадзіліся ўзяць удзел у конкурсе «Уладар вёскі», спачатку менавіта каб падтрымаць свой сельсавет і раён.

— Не планавалі ехаць на вобласць і рэспубліку. Але выйшла нечакана. Мы не пісалі сцэнарыі, не прыдумвалі пастаноўкі. Проста сваімі словамі расказвалі пра сям'ю, бацькоў, радавод. Пасля раённага этапу, калі сумняваліся, ці працягваць удзел, нас вельмі падтрымала мая мама — Алена Мікалаеўна Грыгаран. Сказала: «Дзеткі, давайце!», і мы рашыліся, — згадала Анаіт. — На рэспубліканскім этапе глядзелі на ўсіх і душа цешылася, настолькі ўсе сем'і былі класныя. Вельмі хацелася, каб пасля такіх конкурсаў праводзілі асобны вечар-сустрэчу для ўсіх удзельнікаў, каб можна было пазнаёміцца бліжэй. Дзеці адразу пасябравалі. Нам, маладым бацькам, хочацца знаёміцца, дзяліцца і пераймаць досвед адзін аднаго.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў


Дарога вядзе ў Сонічы. Як аграсядзіба садзейнічае новаму абліччу беларускай вёскі

Гэты населены пункт Гродзеншчыны знаходзіцца ў баку ад цэнтральных магістраляў і шумнага горада. Сонічы — вёска невялікая і ціхая. І ўсё ж ёсць тут адна адметнасць. На тэрыторыі населенага пункта знаходзіцца адразу некалькі аграсядзіб, дзякуючы якім Сонічы маюць даволі прэзентабельны выгляд.

Доўгі час тэрыторыя вёскі ўваходзіла ў склад пагранічнай зоны. Рух сюды быў абмежаваны. Але з пачаткам рэканструкцыі Аўгустоўскага канала сітуацыя змянілася. Абмежаванні знялі, а вёска пачала аднаўляцца.

Першай ластаўкай стала аграсядзіба мясцовага прадпрымальніка Генадзя Садкоўскага. Праўда, доўгі час ураджэнец вёскі жыў у Калінінградзе. Застаўся там пасля службы ў арміі, а потым адкрыў і сваю справу. Каля дачы паставіў некалькі гасцявых домікаў, лазню. Кажа, што тады, у пачатку 2000-х, такі рух пачынаў фарміравацца і даволі хутка нарастаць.

— Гэта быў мой першы вопыт так званага гасцявога бізнесу, — успамінае прадпрымальнік. — З цягам часу прыйшлі неабходныя навыкі, а калі пераехаў сюды, вырашыў справу працягваць.

Першапачатковы капітал застаўся ад продажу актываў ў Калінінградзе — кафэ, аўтамыйкі, нерухомасці. Гэтыя сродкі дзесяць гадоў таму былі ўкладзены ў беларускі бізнес.

Праўда, найперш прыйшлося прывесці ў парадак бацькоўскі дом. З гэтага і пачалася, можна сказаць, будучая «раскрутка» агратурыстычнай справы. Паспрыяла рамонту і свая лесапільня, якая была арганізавана ў старым памяшканні калгаснай фермы. Паралельна з рамонтам старога дома стартавала будаўніцтва новага.

— Сітуацыя была даволі спрыяльная для развіцця аграэкатурызму. Таму за кароткі тэрмін было пабудавана некалькі дамоў, усе драўляныя. Раённыя ўлады выдзелілі яшчэ адзін зямельны ўчастак, у выніку атрымаліся тры дамы, лазня, альтанка, вадаём, пірс, — пералічвае сваю інфраструктуру Генадзь Іванавіч.

Дарэчы, тэрыторыя населенага пункта будзе пашырацца, што дасць магчымасць асвоіць яшчэ ўчастак у складзе комплексу.

Вёска Сонічы невялікая, але ўтульная. Станоўчае ўражанне стварае аграсядзіба, якая трапляе на вочы пры ўездзе. Прыгожыя драўляныя дамы ў адзін рад нагадваюць казачны ландшафт. Крыху далей — яшчэ дом з бярвення. Ад гэтага аблічча вёскі становіцца больш выразным, адметным, акуратным. Мой суразмоўнік слушна заўважае, што за ўсім гэтым стаіць вялікая праца. Тое, што зарабляецца, усё ўкладваецца ў развіццё аграсядзібы — інфраструктуру, бытавыя прыборы. Без гэтага бізнес не будзе развівацца. Справа Садкоўскага стала прыкладам і для іншых жыхароў вёскі.

— Акуратныя сядзібы не толькі тут, — заўважае герой гутаркі, — самі вяскоўцы таксама стараюцца падцягвацца, глядзяць за сваімі дамамі, прыводзяць іх у парадак. Відавочна, што ў людзей з'явілася жаданне надаць свайму жытлу прыгожы і дагледжаны выгляд.

Вядома, месцазнаходжання аграсядзібы накладае і свае абмежаванні і, магчыма, нязручнасці, бо патрабуе выканання пэўных нормаў. Напрыклад, улічваць вячэрні час і захоўваць парадак. Усе госці папярэджваюцца аб гэтым.

Закранулі магчымасць далейшага развіцця агратурыстычнага бізнесу. Як вядома, з 1 ліпеня рамеснікі і гаспадары аграсядзіб павінны плаціць новы падатак — на прафесійную дзейнасць. 

— Камісія па прыёмцы аграсядзіб разам з кантрольнымі функцыямі аказвае ў тым ліку і значную дапамогу. Указваецца, напрыклад, што трэба зрабіць, каб адпавядаць патрабаванням архітэктуры, санэпіднормам, ахове прыроды, бяспецы і гэтак далей. Пасля таго як заўвагі, якія часам з'яўляюцца, ліквідуюцца, райвыканкам прымае рашэнне на дазвол дзейнасці. Пакуль забароны на спыненне работы не было, атэстацыю праходжу своечасова, — паведаміў гаспадар сядзіб.

Блізкасць Аўгустоўскага канала таксама мае свае плюсы. Прычым для абодвух бакоў. Па словах бізнесмена, канал да гэтай пары не мае патрэбнай інфраструктуры нават ва ўмовах свабоднай эканамічнай зоны, якая тут дзейнічае. Усе спробы прыцягнуць інвестараў, у тым ліку замежных, не прынеслі поспеху. Аграсядзібы сталі астраўкамі «жывой» інфраструктуры на канале. Менавіта яны даюць магчымасць затрымаць турыста на некалькі дзён. Некаторыя прыязджаюць сюды менавіта для таго, каб пакатацца на параходзе, паўдзельнічаць у сплавах на байдарках. Генадзь Іванавіч прызнаецца, што асабліва любіць прымаць удзельнікаў марафонаў, спартыўных спаборніцтваў, велапрабегаў. Як правіла, яны вельмі дысцыплінаваныя, акуратныя. Няма асаблівых клопатаў пасля іх ад'езду. А калі патрэбна дапамога для прыняцця гасцей, гаспадар аграсядзібы спадзяецца толькі на аднавяскоўцаў. Ніхто не адмаўляецца ад падпрацоўкі, паколькі пастаянных нанятых работнікаў на сядзібе няма.

Таксама вяскоўцы дапамагаюць з гароднінай.

— У аграэкатурызме прадугледжваецца такая асаблівасць — частаваць гасцей экалагічнай прадукцыяй. Але апрацоўваць свой участак я проста не ў стане. Таму сваім гасцям рэкамендую суседзяў, якія вырошчваюць сельгаспрадукцыю. У кожнага тутэйшага ёсць свой агарод, у іх можна набыць гародніну, яйкі. Такім чынам вяскоўцы таксама маюць нейкі прыбытак, яны зацікаўленыя ў тым, каб вырошчваць гародніну, садавіну, ягады. Дзякуючы таму, што сюды прыязджаюць людзі, у вёсцы сёлета адкрылі краму, — расказаў Садкоўскі аб сваім узаемадзеянні з аднавяскоўцамі.

Пры развітанні заўважаю, што цяпер Гродзенскі рэгіён наладжвае партнёрскія сувязі з Калінінградам, адкуль пачаў сваю справу беларускі бізнесмен. «Гэта вельмі добра, — згаджаецца ён, — бо там пражывае даволі шмат беларусаў. Было б добра, каб яны з расійскімі сябрамі завіталі ў нашы прыгожыя мясціны».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.