Вы тут

Літаратурная карта Гродзеншчыны


Гартаю старонкі невялікага памера і даўно выдадзенага паэтычнага зборніка «На скрыжаванні». Кніга вершаў Зміцера Арцюха пабачыла свет у 2015 годзе ў серыі «Маладая паэзія Беларусі» ў выдавецтве «Харвест». Шмат намаганняў для развіцця, пашырэння гэтага творчага праекта прыклаў вядомы паэт Рагнед Малахоўскі. Ён падбіраў аўтараў, укладаў кнігі, рэдагаваў творы, якія ўваходзілі ў зборнікі маладых паэтаў. 


«Неапраўданая самота/ Нашаптала самотны снег./ Я душы адчыніў вароты,/ Ад самоты за горад збег./ У той край, дзе спявае Нёман, / Дзе няспынна чытаюць Псалтыр.../ Тут душа сустракаецца з домам,/ Тут яна набывае мір...» («За Нёманам»). Зміцер Арцюх нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Рутка Навагрудскага раёна, на Гродзеншчыне. Першая кніга паэта выйшла ў 2006 годзе — «Вясна ў кароткім паліто». Аўтар многіх публікацый у літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Працаваў на Беларускім радыё і тэлебачанні. 

Чытаючы вершы Зміцера Арцюха, нават тыя творы, дзе адсутнічае «геаграфія», дзе няма тапонімаў ці мікратапонімаў, якія гаварылі б пра адрас натхнення, усё роўна адчуваеш далучанасць слова да славутых гістарычных мясцін. Найперш — да Навагрудчыны. Ды і да яе ваколіц — таксама... У адным з інтэрв’ю паэт так расказваў пра сваё дзяцінства: «... дзяцінства маё прайшло ў вялікай, прасторнай хаце ў Рутцы. Дарэчы, пейзажы нашай вёскі Адам Міцкевіч параўноўваў з пейзажамі французскага Фантэнбла і, адпаведна, аддаваў перавагу нашым навагрудскім палеткам, лясам, узгоркам. Тут вялікі паэт напісаў баладу „Люблю я“, тут жыў у свайго апекуна Медорда Растоцкага...» І яшчэ з таго інтэрв’ю: «...Існуе легенда, што жыхар суседняй вёскі Валковічы засумняваўся, што на Пасху нельга працаваць. Запрэг двух валоў і, калі зазванілі царкоўныя званы, пачаў араць. Валы пераўтварыліся ў валуны, а ён — у дрэва. Да 1950-1960-х гадоў гэты пейзаж на ўскрайку леса нагадваў людзям пра здарэнне. Пасля старшыня калгаса загадаў вывезці камяні, якія нікому і не мяшалі. Адны гавораць, што патрапілі яны ў Гарэвічы, другія — на Рутку. Толькі вось, дзе менавіта валуны знаходзяцца, ніхто да гэтага часу не ведае». 

З верша Зміцера Арцюха «Лаўрышаўскі манастыр»: 

Яшчэ да Боскай літургіі

Лічыў сняжынкі за акном,

Якія ў соснах гаманілі,

Затым зямны шукалі дом. 

 

Яны ў ім знікнуць, разляцяцца — 

І знойдзе манастыр зіма.

Ў такой зіме хачу застацца,

Бо ў ёй жыццё, бо ў ёй — вясна. 

Лаўрышава — святое месца Беларусі!.. Таленавіты творца захоплены родным краем. Навагрудчына — сапраўднае месца сілы для паэта. «Ёсць у Сусвеце месца, дзе мой рай./ Дзе кожны куст, травінка — думка Бога./ Знайдзі і ты яго, не забывай/ У родны сад кароткую дарогу...» Навагрудчына, Наваградчына — калыска многіх паэтаў, празаікаў, сапраўдных мастакоў слова... Адам Міцкевіч, Ніна Тарас, Яўген Лецка, Самсон Пярловіч, Таццяна Яцук, Мікола Гайба... А зусім поруч, на навагрудска-карэліцкім узмежжы, узгоркі, наднёманскія прасторы пеставалі таленты Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Міколы Бусько, Пятра Ламана, чые вершы, аповесці і апавяданні — адлюстраванне і родных краявідаў, адбітак сонечных праменняў, якімі свеціцца кожны куст, кожная травінка на Наваградчыне... 

І холад вершам стане нечаканым.

Дыханнем паспрабую грэцца ноччу.

І мне прысніцца твар знаёмы — мамін — 

Найлепшыя ў бясконцым свеце вочы. 

 

І цёпла стане. Роднаю зямлёю — 

Наваградскай — у думках буду грэцца. 

І дзень пачнецца. Будзе так вясною. 

Упэўнены, бо гэтак хоча сэрца. 

Чытаю ў кнізе «На скрыжаванні» яшчэ адзін «навагрудскі» верш — «Чантарэі». «Заснежаныя дрэвы ў Чантарэях/ Маўкліва спяць./ Ім сняцца цуда-сны,/ Што зноў вясна разбудзіць і сагрэе,/ Што стануць зноў зялёнымі яны./ Ад белай футры нітка застанецца/ Вады жывой./ Што ў Рутку пацячэ./ Яна вытоку рэчкі дакранецца/ І дружак новых сабярэ яшчэ./ І курс на Нёман выбера імклівы...» А дружкі-рэкі Навагрудчыны — Сэрвач, Асоцка, Беніца, Лешчанка, Налібаўка, Нягрымаўка, Промша, Сваротва, Трасцянка, Ятранка... Малыя і крыху большыя, шырокія і вузкія, усе яны — рэкі-прыгажуні!.. З пяшчотнай вадою, з крыніцамі і балацінамі вакол... 

Паэт, які грэецца «Роднаю зямлёю —/Наваградскай...», вылучае і сваю версію нараджэння Адама Міцкевіча ў адной з мясцін Наваградчыны, на хутары, — у вершы "«На хутары Выгода»:

Тут зорка Адама Зямлю асвяціла,

А Неба душу падарыла яму.

Тут з крыкам акрэпла ягоная сіла,

І маці сказала: «Сынок мой, люблю!»

 

Тут першую слухаў сваю калыханку,

І прагна смактаў першы раз малако.

Тут спаў ён салодка да самага ранку

Пад брэх злых сабак, завыванне ваўкоў. 

Роднае, блізкае, зразумелае, цёплае ўжо ў саміх назвах як часцінка нашай Беларусі паўстае галоўным архетыпам у паэзіі Зміцера Арцюха, творцы з канкрэтным мастацкім адрасам, творцы з Навагрудскага песеннага літаратурнага гнязда... 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.