Вы тут

Антыдэпрэсанты — не панацэя, або Іншыя спосабы барацьбы са стрэсам


Развод, страта маёмасці, аўтамабільная аварыя, жыллёвыя цяжкасці, судовыя справы, канфлікты са сваякамі, пераезд, змена месца работы, навіна аб невылечнай хваробе, смерць блізкага... У жыцці кожнага рана ці позна здараюцца стрэсавыя сітуацыі. Каб выстаяць у новых умовах, многія пачынаюць прымаць антыдэпрэсанты, якія, не сакрэт, маюць пабочныя эфекты. Ёсць жа больш бяспечныя, але пры гэтым эфектыўныя метады клопату пра сябе. Пра тое, як змагацца са стрэсам, выцягваць сябе з гэтага разбуральнага стану без шкоды для здароўя, пагутарылі з вядомым інструктарам па ёзе Святланай ВАЛЮК.


Фота: pexels.com

Спыніць «бег малпаў» у галаве

Пачынаць барацьбу са стрэсам Святлана раіць з дыхальных практык, бо яны цудоўна расслабляюць і нармалізуюць сардэчную дзейнасць. «Іх вельмі шмат. Таму спынюся на трох самых простых відах дыхання. Дыханне Сокала (дыханне ачышчэння) — гэта хуткі ўдых носам (1 секунда) і павольны выдых ротам (7 секундаў). Дыханне Мядзведзя (дыханне сілы): тут, наадварот, удых праз нос працяглы, расслаблены (7 секундаў), і кароткі (1 секунда) выдых праз рот. Цудоўнае дыханне Змяі (ці Чарапахі) — доўгі ўдых (7-10 секундаў) праз нос і такі ж доўгі выдых праз рот. Яно лічыцца дыханнем жыцця і доўгажыхарства. Вельмі добра рабіць перад сном, калі ў галаве «бег малпаў» — процьма думак, якія не даюць расслабіцца.

Акрамя таго, вылучаюць мужчынскае і жаночае дыханне. Мужчынскае, калі ты ўдыхаеш і выдыхаеш праз нос, дапамагае праявіць рашучасць, узяць волю ў кулак. Жаночае дыханне — удых праз нос, выдых праз рот (можна з гукам «а»). Яно не толькі расслабляе, але і прыбірае напружанне ў сківіцах і адпаведна ў жываце (бо сківіца, звязаныя з жыватом, дзе, як у чашы, асядаюць усе нашы негатыўныя эмоцыі). Ёсць і іншыя практыкаванні на расслабленне сківіцы.

Тут і цяпер

Паспрабуйце памедыціраваць. «Ляжце на спіну, заплюшчыце вочы, правую руку пакладзіце на жывот, левую — на сярэдзіну грудной клеткі. І адчуйце, як пры ўдыху надзімаецца жывот, а пра выдыху здзімаецца. Дыхайце глыбока і павольна. Старайцеся ні пра што не думаць, проста назіраць за сваім дыханнем. 25 цыклаў такога дыхання (гэта прыблізна 10 хвілін у дзень) дастаткова, каб адчуць змены ў сваім псіхалагічным стане».

Цудоўна будзе, калі перад тым як пачаць медыціраваць, вы засвоіце майндфулнес — мастацтва кіравання ўвагай, прысутнасць у моманце «тут і цяпер». Гэта дапаможа спыніць бесперапынны бег думак у галаве. Для трэніровак спатрэбіцца толькі будзільнік. Першае практыкаванне: на працягу хвіліны глядзім, як рухаецца секундная стрэлка, не адцягваючы ўвагу на гукі, думкі, эмоцыі. Другое практыкаванне: заводзім будзільнік на выпадковы дзённы час. Калі ён празвініць, спыняемся, адцягваем увагу ад спраў, у думках адказваем на пытанні: «Дзе я? Што чую? Што бачу? Якія эмоцыі адчуваю? Што адчувае цела?»

Ёга... голасу

Ёга голасу — гэта ў тым ліку работа з целам. Мы рухаемся і дадаём да рухаў гук, каб разняволіцца, вызваліцца ад блокаў і сціскачоў, страхаў і комплексаў. Яшчэ мы працуем з увагай, бо дзе яна, там і наша энергія. Канцэнтруемся на голасе, слухаем, як ён рухаецца ў целе. Даказана, што кожны гук мае сваю вібрацыю і ўздзейнічае на клетачную структру нашага цела.

«Прамаўленне гукаў раю пачаць з «ОМ» — гэты сакральны гук, «слова сілы» дапамагае расслабіцца і аднавіцца. У прыватнасці, са стрэсамі добра спраўляецца гук «х» і ўсё, што з ім звязана. Недарэмна, калі нам дрэнна, мы выдыхаем: «ах, ох». Гэтыя спалучэнні стымулююць выкід з арганізма негатыўнай энергіі, эмоцый», — рэкамендуе Святлана Валюк.

Выдатна знімае трывогу практыкаванне «Зазямленне». Устаньце ці сядзьце з роўнай спінай. Адчуйце ступнямі шчыльны кантакт з падлогай (зямлёй). Пачніце «гудзець» гук «мммм» на выдыху. Ужо праз некалькі хвілін вы будзеце значна больш спакойнымі, чым у пачатку практыкаваня.

«Добра слухаць музыку, якая падабаецца, і ў гэты час заплюшчыць вочы і адпусціць сваё цела — дазволіць яму рухацца адвольна, як хочацца. Падчас танца паспрабуйце прымусціць сябе пазяхаць, пацягвацца, як быццам вы толькі прачнуліся...» У гэты момант з цела таксама сыходзяць перажывані, страхі і хваляванне.

У кожнага свой інструмент

Вялікую ролю ў пераадоленні стрэсу адыгрывае фізічная работа з целам. І гэта можа быць не толькі ёга, але і плаванне, фітнес, бег, трэнажоры. «У кожнага свой інструмент, і трэба спрабаваць, каб выбраць тое, што дапаможа канкрэтна вам. Напрыклад, мой муж ёгай не займаецца, яго інструмент — бег. Фізічная актыўнасць, спорт адцягваюць увагу ад перажыванняў».

Можна паехаць у лес аднаму ці ў кампаніі аднадумцаў, назавём гэта лесатэрапіяй. Пакрычаць там колькі ёсць сілы, паспяваць на ўвесь голас, як быццам ты оперны спявак, пастукаць па пні. Акрамя таго, можна паабдымаць дрэвы — яны валодаюць магутнай гаючай сілай.

Знаходзьце час на хобі. Калі яго няма, згадайце, чым вы любілі займацца ў дзяцінстве, да 12 гадоў, і паспрабуйце паглыбіцца ў творчасць. Гэта можа быць вязанне, лепка з гліны, маляванне, танцы. Даўно закінутыя ці новыя захапленні дапамогуць пераключыцца з негатыўных эмоцый на пазітыўныя.

Вельмі эфектыўным інструментам для барацьбы са стрэсавымі сітуацыямі з'яўляецца нейраграфіка. Гэтая методыка заснавана на алгарытме зняцця абмежаванняў: мы вельмі глыбока паглыбляемся ў негатыў, прапрацоўваем яго, пражываем і «выкідваем» на аркуш паперы, ператвараючы ў штосьці пазітыўнае, светлае, добрае. Тым самым — фарміруем новыя нейронныя сувязі. Каб прапрацаваць адну сітуацыю — намаляваць адну работу — трэба 4-5 гадзін. Аднак гэта не адвольнае маляванне, такой тэхніцы трэба навучыцца.

Станоўчым уздзеяннем на арганізм чалавека славяцца эфірныя алеі. «З тых, што супакойваюць, найбольш папулярныя і ўніверсальныя — лаванда і рамонак, а таксама апельсін, бергамот, шалфей, мята, меліса, чайнае дрэва, пачулі, наёлі. Яны вельмі добра спраўляюцца з шокавымі станамі, непакоем, панікай, трывожнасцю, эмацыянальнай нестабільнасцю. Наогул цудоўна сустрэцца з ароматэрапеўтам, ён правядзе аромадыягностыку і дапаможа скласці індывідуальныя духі, якія будуць рэсурснымі канкрэтна для вас, — кажа спецыяліст.

Варыянтаў прымянення эфірных алеяў шмат. Можна нюхаць адразу з флакончыка альбо нанесці некалькі кропель на яловую ці сасновую шышку, якую потым насіць у сумачцы. Карысна наносіць эфір на актыўныя энергетычныя пункты — міжброўе, ярэмную ямку, сонечнае спляценне, пупок, запясце — што дазволіць арганізму не паглыбляцца ў стан стрэсу. Дапамогуць знізіць агульны ўзровень стрэсу і трывожнасці расслабляльны масаж з эфірнымі алеямі, ванны, у якія можна дадаць марскую соль. Апошняя добра здымае напружанне. Рэкамендуецца на пастаяннай аснове карыстацца дыфузарам для эфірных алеяў.

«Ні ў якім разе не купляйце танныя эфіры за 3-5 рублёў. Гэта штучныя сінтэтычныя алеі, яны не дадуць патрэбнага эфекту, бо не маюць тых уласцівацяў, якімі валодае сапраўдны эфір», — папярэджвае Святлана.

«Сонейка» ў кубку

У дапаўненне да эфіраў яна раіць піць травяныя чаі. «Раю выкарыстоўваць рамонак, мелісу, мяту, фенхель, мацярдушку, шалфей. З зацяжнымі стрэсамі цудоўна змагаюцца корань валяр'яну, сардэчнік. Для падтрымкі жыццёвых сіл арганізма цудоўна падыходзіць жэньшэнь — гэты «корань жыцця» з'яўляецца агульнаўмацавальным сродкам.

Акрамя таго, перад сном карысна ўжываць цёплае малако з куркумой і мёдам. На шклянку малака — палова чайнай лыжкі куркумы і палова чайнай лыжкі мёду. Куркума супакойвае і павышае імунітэт, з'яўляецца натуральным антыдэпрэсантам і антыбіётыкам. У гэты гаючы напой можна дадаваць спецыі. Шыкоўна зарэкамендавалі сябе ў барацьбе са стрэсам карыца і кардамон».

Вельмі эфектыўна, аказваецца, прыгаворваць на ваду і потым яе піць. Для гэтага, трымаючы шклянку з вадзічкай, кажам: «Я ёсць спакой. Я ёсць гармонія. Я ёсць любоў. Я ёсць дастатак. Я ёсць шчасце». Гэты стан з дапамогай вады запускаем унутр сябе. Піце маленькімі глыткамі і адчувайце, як арганізм аздараўляецца, гарманізуецца. Тое самае з ежай. Усё, што мы кладзём у рот, або ідзе нам на карысць, або шкодзіць. Нельга есці на хаду, асабліва калі мы ў стрэсе. Пастаўце прыгожую талерку. Ешце павольна, смакуючы кожны кавалачак. У стане стрэсу карысна дадаваць у ежу пабольш колераў. Няхай гэта будзе чырвоны памідор, жоўты перчык, зялёны агурок, белы рыс... Колератэрапію можна прымяняць і ў адзенні. Не адмаўляцейся ад таго, што прыносіць радасць, задавальненне. У перыяды эмацыянальнай нестабільнасці важна атрымліваць як мага больш станоўчых эмоцый. Можна развесіць па кватэры пазітыўныя выказванні — афірмацыі. І не забывайцеся сябе хваліць, бо пазітыўная ацэнка стымулюе выпрацоўку гармону картызолу, якія адказвае за нейтралізацыю стрэсу.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.