Вы тут

Наколькі камунальнікі і энергетыкі гатовыя да халадоў?


Каб аб'екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі і энергетычнага комплексу працавалі ў ацяпляльны сезон спраўна, іх трэба папярэдне праверыць і падрыхтаваць да халадоў. Як выконваюцца гэтыя работы, распавялі эксперты «Белэнерга», «Белпалівагаза», Дзяржэнергагазнагляда і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Выпрабаванні на кацельнях

Усе работы да асенне-зімовага перыяду 2023—2024 гадоў праводзяцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў адпаведнасці з пастановай урада і рабочай праграмай, адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела энергетыкі і надзвычайных сітуацый упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей Філановіч.

Пры падрыхтоўцы аб'ектаў міністэрства праводзіць штотыднёвы кантроль па 13 асноўных паказчыках, сярод якіх — замена і капрамонт катлоў, замена цеплавых сетак, стварэнне запасаў драўнянага паліва, прафілактычны рамонт сістэм ацяплення жылых дамоў, цеплавых пунктаў. Таксама штомесяц кантралюецца ход выканання работ па 89 паказчыках, якія не менш значныя. Гэта выпрабаванне абсталявання кацельняў, сетак, прафесійны рамонт абсталявання кацельняў, цэнтральных цеплавых пунктаў, прафілактычны агляд і рамонт водаправодных, каналізацыйных сетак. Праводзіцца праверка работы электраабсталявання жылых дамоў, печаў і прыбораў уліку.

«Усе гэтыя мерапрыемствы павінны гарантаваць надзейнае, бесперабойнае і безаварыйнае цепла- і водазабеспячэнне жыллёвага фонду, а таксама функцыянаванне ўсёй інфраструктуры як гарадскіх, так і сельскіх населеных пунктаў краіны ў ацяпляльны перыяд», — падкрэсліў Аляксей Філановіч.

У цэлым па сістэме Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі праведзены работы па выпрабаванні абсталявання больш чым 2,4 тысячы кацельняў. Выпрабавана каля 10 тысяч кіламетраў цеплавых сетак, прафесійны рамонт выкананы ў прыблізна 2,5 тысячы кацельняў і 1,1 тысячы цэнтральных цеплавых пунктаў. Паводле яго слоў, ход работы можна ацаніць на ўзроўні трох чвэрцяў ад плана — ад 70 % да 80 % гатоўнасці.

Паліва хапае

Па словах Аляксея Філановіча, да зімы нарыхтавана звыш 1,5 тысячы кубаметраў драўнянага паліва, гэта практычна сто працэнтаў ад гадавога плана. Ужо цяпер заменена 163 кіламетры цеплавых сетак, што складае каля 40 % ад даведзенага ўрадам задання, якое неабходна выканаць да 20 верасня. Таксама перакладзена каля 200 кіламетраў сетак водазабеспячэння (звыш 50 % ад гадавога плана) і 73 кіламетры сетак каналізацыі (таксама каля 50 %). Выкананы прафілактычныя рамонты сістэм ацяплення (27 тысяч дамоў), прафагляды цеплавых пунктаў (каля 25 тысяч).

У мэтах падрыхтоўкі аб'ектаў жыллёвага фонду да ацяпляльнага перыяду выконваецца рамонт стыкаў сценавых панэляў, дахаў. Вядуцца работы па падрыхтоўцы цеплавых крыніц, якія забяспечваюць жыллёвы фонд, — афармляюцца пашпарты гатоўнасці. Прадпрыемствамі ЖКГ атрымана 448 пашпартоў на адпаведную колькасць цеплакрыніц.

«Падрыхтоўка да работы ў асенне-зімовы перыяд сёлета знаходзіцца на адносна высокім узроўні. Поўная гатоўнасць аб'ектаў ЖКГ будзе забяспечана», — падсумаваў Аляксей Філановіч.

У любое надвор'е

Арганізацыі энергакомплексу краіны прымаюць неабходныя меры для якаснай падрыхтоўкі да будучага ацяпляльнага сезона. Зацверджаны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія забяспечваюць устойлівае і надзейнае энергазабеспячэнне спажыўцоў у ацяпляльны сезон, складзены графікі выканання рамонтаў энергетычнага і тэхналагічнага абсталявання на аб'ектах электраэнергетыкі. Загадзя створаны аператыўныя групы па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых і рамонтных работ, стварэнні неабходных запасаў паліва.

На аб'ектах энергасістэмы выканана амаль чвэрць ад запланаваных работ па абслугоўванні газатурбіннага абсталявання, звыш 30 % работ па рамонце дымавых труб, градзірань і газаходаў, больш за 35 % работ па капітальным рамонце электратэхнічнага абсталявання. Праведзены замена і рамонт цеплавой ізаляцыі ў цеплавых сетках працягласцю 108,7 кіламетра — гэта 51 % ад плана.

Намеснік галоўнага інжынера «Белэнерга» Аляксандр Міхнюк адзначыў, што запас топачнага мазуту ў іх у сістэме склаў каля 92 %. «Энергетыкі рыхтуюцца да любых пагодных умоў, нават самых неспрыяльных. Зыходзячы з вопыту папярэдніх ацяпляльных сезонаў зроблены высновы і праводзіцца планавая падрыхтоўка», — падкрэсліў прадстаўнік «Белэнерга».

Газавыя катлы мяняць лепш цяпер

Своечасова рэалізоўваюць комплекс мер па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду і арганізацыі газавай гаспадаркі. Для павышэння якасці абслугоўвання аб'ектаў газаразмеркавальнай сістэмы праведзена комплекснае прыборнае абследаванне 5,2 тысячы кіламетраў падземных газаправодаў, выканана дыягностыка тэхнічнага стану 537 кіламетраў падземных газаправодаў з тэрмінам службы 40 і больш гадоў — гэта 78 % ад плана, распавёў першы намеснік генеральнага дырэктара «Белпалівагаза» Дзмітрый Шаўлоўскі.

Праводзіцца і замена газавага абсталявання ў спажыўцоў. «У верасні-кастрычніку ўсе ўспамінаюць, што трэба памяняць газавы кацёл. Хачу звярнуцца да ўсіх: лепш мяняць цяпер, у ліпені-жніўні, так камфортней, не трэба будзе чакаць. Нашы прадпрыемствы гатовыя, забяспечаныя любым абсталяваннем для замены газавага абсталявання ў насельніцтва ў поўным аб'ёме незалежна ад яго складанасці», — звярнуў увагу ён.

Прадпрыемствы «Белэнерга» праводзяць работы па прывядзенні кацельняў у здавальняючы тэхнічны стан, па падрыхтоўцы і навучанні эксплуатацыйнага персаналу, па забеспячэнні рацыянальнага рэжыму цеплазабеспячэння спажыўцоў. «Своечасовая гатоўнасць арганізацый да асенне-зімовага перыяду пацвярджаецца і афармленнем пашпартоў гатоўнасці: атрыманы 23 пашпарты гатоўнасці цеплакрыніцы і 32 пашпарты спажыўцоў цеплавой энергіі. Плануецца да 30 верасня атрымаць усе пашпарты ў поўным аб'ёме», — сказаў прадстаўнік»Белпалівагаза».

Торфу хопіць усім

Вядзецца нарыхтоўка да ацяпляльнага сезона тарфяной паліўнай прадукцыі. Дзмітрый Шаўлоўскі падкрэсліў, што прадпрыемствы гатовыя ў поўным аб'ёме паставіць тарфяныя брыкеты ў якасці паліва не толькі насельніцтву і прамысловасці, але і на экспарт. У цэлым па краіне да цяперашняга часу здабыты 1 мільён 216 тысяч тон торфу, што складае 54 % ад гадавога плана. Выраблена 410 тысяч тон паліўных брыкетаў і драблёнага, сушанага паліва («сушанкі»). Ужо цяпер насельніцтву рэалізавана 86,8 тысячы тон паліўных брыкетаў.

«Прадпрыемствы «Белпалівагаза» гатовыя да надыходзячага ацяпляльнага перыяду, не назіраем праблем або пазаштатных сітуацый па бесперабойнай пастаўцы паліўных рэсурсаў як для фізічных, так і для юрыдычных асоб», — адзначыў Дзмітрый Шаўлоўскі.

Давярай, ды правярай

Як растлумачыў начальнік аддзела цеплатэхнічнай інспекцыі Дзяржэнергагазнагляда Сяргей Стасенка, інспектары выразна адсочваюць пытанні забеспячэння надзейнага, устойлівага энергазабеспячэння ў асенне-зімовы перыяд.

Менавіта ўлетку праводзіцца праверка тэхнічнага стану ўнутраных газаправодаў, дымавых, вентыляцыйных каналаў. Ужо праверана больш за шэсць тысяч газіфікаваных шматкватэрных жылых дамоў. Дзяржэнергагазнагляд таксама кантралюе аднаўленне пашкоджаных кабельных ліній.

«Зарэгістравана каля 6,3 тысячы пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі, або больш за 20 працэнтаў ад іх агульнай колькасці, а таксама каля 1,7 тысячы пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц», — удакладнілі ў Мінэнерга.

Інспектарскім персаналам Дзяржэнергагазнагляда праводзяцца абследаванні электра- і цеплаўстановак спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц. «Наша мэта таксама — забяспечыць спраўны стан і безаварыйную работу сістэм вентыляцыі і дымавыдалення ў жыллёвым фондзе», — распавёў начальнік аддзела газавага нагляду Дзяржэнергагазнагляда Юрый Цярлецкі.

Паводле яго слоў, праведзена праверка гатоўнасці амаль усіх шматкватэрных жылых дамоў, у тым ліку 1,5 тысячы — з ацяпляльным і вадагрэйным газавым абсталяваннем. Па выніках праверак каля 90 працэнтаў жылых дамоў пацвердзіла гатоўнасць да халоднага перыяду.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.