Вы тут

Парламентарый з Малых Славеняў


У вёску Малыя Славені збіралася з іншай нагоды, але выпадкова пазнаёмілася з Русланам Краўцовым. Калі шукала ў інтэрнэце каардынаты Славенскага сельсавета, знайшла нумар яго мабільнага тэлефона. Чалавек, зразумела, адказны, не перажывае, што могуць турбаваць і не ў рабочы час. Так яно і аказалася. І гэта прытым, што ён не толькі намеснік старшыні Славенскага сельсавета, але яшчэ і галоўны аграном ЗАТ «Вялікія Славені» Шклоўскага раёна. Нягледзячы на малады ўзрост, ён ужо мае добры і прафесійны, і дэпутацкі, і нават сямейны вопыт.


Парламентарый з Малых Славеняў

Руслан — адзін з тых дзесяці маладых людзей з Магілёўскай вобласці, якія ўвайшлі ў 2020 годзе ў першы склад Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Ад Шклоўскага раёна вылучалася шмат кандыдатур, але выбралі менавіта яго. Перспектыўны, пры пасадзе, актывіст. Тады Руслан Краўцоў ужо быў галоўным аграномам. Лічыць, што той вопыт, які ён атрымаў, быў для яго вельмі каштоўным.

— На нашых сесіях у Мінску ўзнімаліся розныя тэмы, у тым ліку палітычныя, — успамінае Руслан. — 2020-ы быў складаны год ва ўсіх адносінах. Абмяркоўвалі маладзёжныя пытанні, як растлумачыць аднагодкам тыя падзеі, што адбываюцца ў свеце. У парламенце размаўлялі наконт таго, як моладзь можа развіваць свае лідарскія якасці, а ўжо тут, на месцы, разам з рабятамі вырашалі, якія ідэі хацелася б рэалізаваць. Была магчымасць данесці мясцовыя ініцыятывы і прапановы да самага высокага ўзроўню. Спачатку я прагаворваў ідэю старшыні нашай камісіі, а ўжо потым яна агучвалася на сесіі. На іх заўсёды прысутнічала кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава.

У аграпрадпрыемстве, дзе працуе Руслан, моладзі дастаткова, лічы, чвэрць працоўнага калектыву. Дарэчы, ЗАТ «Вялікія Славені» — адна з найбольш перспектыўных гаспадарак, якая ўваходзіць у аграхолдынг «Купалаўскае». Яе назва размешчана на абласной Дошцы гонару па выніках сацыяльна-эканамічнай дзейнасці за мінулы год. У Шклоўскім раёне таварыства ў тройцы лідараў па ўраджайнасці: у 2021-м займала трэцяе месца, летась — другое. Адпаведныя месцы прысуджваліся і галоўным аграномам гаспадарак, у тым ліку Руслану Краўцову. У маштабах краіны гаспадарка мае сярэднія па памерах сельгасугоддзі — больш за пяць тысяч гектараў.

— Асноўным відам дзейнасці таварыства з'яўляецца жывёлагадоўля з развітым раслінаводствам, — удакладняе суразмоўнік. — Пагалоўе жывёлы — 7 тысяч. Клапоцімся, каб у нашага статка быў паўнавартасны рацыён. Вырошчваем рапс, пшаніцу, трыцікале, ячмень. Гэты год паказаў, што азімы ячмень лепш ад яравога. Апошні вельмі моцна пацярпеў ад засухі. А вось азімы сябе цудоўна паказаў. Магчыма, налета трэба зрабіць акцэнт менавіта на яго. Да таго ж убіраць апошні зручней. Яравы косім практычна адначасова з іншымі культурамі, а вось з азімым лягчэй размеркаваць уборку.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

Малая радзіма Руслана — менавіта аграгарадок Малыя Славені. Тут ён нарадзіўся, скончыў сярэднюю школу ў суседнім Заброддзі, паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, дыплом якой атрымаў восем гадоў таму.

— Кіраўнік гаспадаркі прапанаваў мне ісці вучыцца ў акадэмію ў Горкі і вяртацца сюды на работу, — расказвае малады чалавек. — Я пагадзіўся і слова сваё трымаю. І нават планаў на тое, каб з'ехаць адсюль, не раблю. Мяне ўсё задавальняе.

На зарплату і сацыяльныя выгоды малады чалавек не скардзіцца, падкрэслівае, што ўсім неабходным тутэйшыя спецыялісты забяспечваюцца. Калі жаніўся, кіраўнік гаспадаркі адразу ж уручыў ключы ад кватэры. Потым, калі вызваліўся катэдж, маладыя пераехалі туды. Жонка ў Руслана, дарэчы, магіляўчанка. «На жаль, пакуль ездзіць у Магілёў на работу, — заклапочаны ён. — Але не выключана, што ў будучыні што-небудзь перспектыўнае і для яе знойдзецца ў аграгарадку».

— А як вольны час праводзіце? — цікаўлюся.

— А гэта што такое? — суразмоўнік робіць здзіўлены выгляд, даючы зразумець, што такога амаль няма.

Калі сур'ёзна, то для мясцовай моладзі, асабліва калі ёсць свой транспарт, з месцамі для правядзення вольнага часу праблем няма.

— Каля канторы ёсць спартыўнае поле для міні-футбола, — удакладняе Руслан. — Зімой можна скарыстацца спартыўнай залай у школе, пагуляць там у валейбол. У гандлёвым цэнтры «Карона» ў Шклове ёсць два кіназалы, там жа ў райцэнтры знаходзіцца некалькі кавярняў, дзе можна адпачыць. Калі вечар свабодны, можам з жонкай культурную праграму ў Оршы арганізаваць або з'ездзіць пагуляць у Горкі. Горад прыгожы, і яго ведаю як свае пяць пальцаў. Пасля «Дажынак» ён стаў яшчэ больш прывабны. Наогул у нас месцазнаходжанне вельмі зручнае: да Магілёва — 40 кіламетраў, да Оршы — 25, да Горак — 55, да Шклова — 17; куды захацеў, туды і паехаў. Бывае, і сына Арсенія з сабой бяром. Яму восенню чатыры гады споўніцца. Але часцей на бабуль і дзядуляў разлічваем, ім радасць з малым пасядзець. Наогул сын для нас — вялікі гонар. Як-ніяк прадаўжальнік нашага роду. Значыць, прозвішча далей пойдзе.

— І ў вялікія гарады зусім не цягне?

Руслан адмоўна ківае галавой: «Я не ўяўляю сябе без асабістага дома. Калі ты студэнт і сям'і яшчэ няма, зручна, вядома, жыць у кватэры, але для сямейнага чалавека гэта не варыянт».

— А дамашняя гаспадарка ёсць?

— Сёння прасцей купляць усё ў краме. Лепш вольную хвілінку на падарожжы пакінуць. Каля дома вырошчваем крыху гародніны-садавіны. Эксперыментую з кавунамі, а яшчэ пасадзілі таматы і перцы. Але ў нас са старэйшым братам ёсць хобі — вырошчваем у вялікай колькасці бульбу. Бацька перадаў трактар, на ім апрацоўваем тэрыторыю. Восенню збіраем ураджай і сабе, і на рэалізацыю. Яшчэ спрабую пасябраваць з пчоламі, але яны пакуль нейкія сквапныя, мёду не даюць. Напэўна, нешта раблю не так, трэба разабрацца.

— І як вас на ўсё хапае?

— Кручуся (усміхаецца). Як той казаў, добра было б працаваць зімой аграномам, а летам настаўнікам.

З народам на сувязі

Руслан Краўцоў — асоба вядомая ў сваёй акрузе, ён дэпутат сельсавета. Прызнаецца, што народнымі праблемамі не абцяжараны. У асноўным просяць дапамагчы з пакосам травы, нешта выпісаць, падвезці-адвезці.

— Ва ўсіх ёсць нумар майго мабільнага тэлефона, і я заўсёды на сувязі, — кажа народны абраннік. — У нас жывуць у асноўным былыя работнікі гаспадаркі, таму нейкіх пытанняў, якія нельга было б вырашыць, не ўзнікае. Але гэта не значыць, што я дзялю жыхароў на сваіх і чужых. Для мяне гэта наогул непрынцыпова. Часта званілі людзі з зусім іншых мясцовасцяў, кансультаваліся наконт могілак. Тлумачыў, падказваў, што рабіць і з кім звязацца. Усе, хто звяртаўся, не засталіся без увагі. Ведаю, што ў старшыні сельсавета работы шмат, з усім справіцца цяжка, таму бяру частку абавязкаў на сябе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Шклоўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.