Вы тут

Лепельскімі сцежкамі


Лепель — з гарадоў, якія ва ўсе часы былі ў эпіцэнтры самых няпростых падзей гісторыі нашай Айчыны. І ў Вялікую Айчынную вайну — таксама. У мяне даўно захоўваецца кніга народнага пісьменніка Удмурціі Міхаіла Ляміна «Чатыры гады ў шынялях». Кнігу перадаў мне другі народны пісьменнік Удмурціі — ужо наш сучаснік Вячаслаў Ар-Сяргі. Прывёз, дарэчы, у Мінск, калі гасцяваў на Дні беларускага пісьменства ў 2008 годзе. Кніга пісьменніка-франтавіка — пра баявы лёс 357-й ордэна Суворава 2 ступені стралковай дывізіі. Яна была сфарміравана ў Іжэўску — сталіцы на той час Удмурцкай АССР. Вайсковае злучэнне прайшло праз драматычныя падзеі пад Ржэвам. З 12 000 байцоў і камандзіраў у жывых засталося ўсяго... 600 чалавек. Пасля папаўнення былі баі за вызваленне Беларусі... З кнігі Міхаіла Ляміна паўстаюць і многія падрабязнасці баёў на Полаччыне, Лепельшчыне...


Згадка пра Вялікую Айчынную — як і напамін пра тое, што ў дачыненні да такіх шматпакутных мясцін старая паштоўка, якая ўзнаўляе даваенны час, з’яўляецца асаблівым дакументам гістарычнай памяці... 

Так склалася, што доўгія гады я ліставаўся з лепельскім краязнаўцам, музейшчыкам і настаўнікам Іллёю Юльянавічам Янушам. Дзесяткі яго краязнаўчых, гістарычных артыкулаў у мясцовай раённай газеце і рэспубліканскіх выданнях узнаўлялі многія цікавосткі пра Лепель і Лепельскі край. І часта ў ліставанні мы згадвалі землякоў, ураджэнцаў Лепеля, Лепельшчыны. І паэтаў, і вучоных, і рэжысёраў, акцёраў... Гэтая зямля нарадзіла і Анатоля Ільіча Вярцінскага, у каго сваё адмысловае месца і ў беларускай паэзіі, і ў беларускай літтаратурнай крытыцы... Дарэчы, першы вершаваны зборнік Анатоля Вярцінскага мае назву сакральную — «Песня пра хлеб» (1962). Паэт з вёскі Дзямешкава ў паэме «Песня пра хлеб» расказаў пра хлеб, як ён выпякаўся маці ў вясковай печы ў часы маленства паэта. Над паўсядзённым жыццём вітаў дух тых боханаў хлеба, што давалі сялянскай сям’і жыццё... «І хлеб, які сёння я шчыра слаўлю,/ табе, печ, нямала ў заслугу стаўлю./ Была да яго ты прыналежная,/ ад печы тут многае залежала,/ ад яе духу, ад яе жару,/ якія палілі, не знаючы жалю,/ не знаючы жалю, ды знаючы меру, —/ служыла печ русская праўдай і верай.../ Я жыва ўяўляю малюнак гэты./ Хлебніца чынна стаіць ля загнета./ Наведзен парадак належны ў печы./ Тміну — найлепшай з вясковых спецый — / маці ўжо ў цеста замяшала,/ спрабуе, солі ў ім ці не мала./ З’яўляецца хлебная лапата, / З ручкаю доўгаю прылада./ І вось рассцілае таропна маці/ лісце кляновае на лапаце,/ на лісце сонечнае, узорнае/ кідае цеста жменяю спорнаю... <...>Час настае,/ і на загнеце/ дымяцца боханы — /лепшыя ў свеце...» Сапраўды, сваё, роднае, і ёсць лепшае ў свеце... 

Лепель. Вуліца Пушкіна. Пачатак ХХ ст.

Лепельшчына — радзіма драматурга Пятра Дудо, тэатразнаўца Міхася Модэля, празаіка Уладзіміра Міхно, расійскага журналіста, дырэктара выдавецтва «Петроград» Якава Ліўшыца, мовазнаўцы, цюрколага Салія Майзеля, пушкініста Барыса Мейлаха, краязнаўца Міхаіла Кусцінскага, паэта, перакладчыка Тодара Кляшторнага, паэта, празаіка Сяргея Рублеўскага, сатырыка Антона Васілеўскага, літаратуразнаўцы Алы Шэшкен, паэтэсы Веры Міхно, празаіка, журналіста, тэатразнаўцы Алены Мальчэўскай... І гэта мы не назвалі мастакоў, вайскоўцаў, высокапрафесійных урачоў, гісторыкаў, Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы!.. Край слаўны сваімі ўраджэнцамі, яркімі і дзейснымсі асобамі!.. 

Лепель. Гарадскі садок. Пачатак ХХ ст.

Каб крыху болей прыадкрыць гісторыю Лепельшчыны, павятовага ў даўнія часы Лепеля, давайце зазірнём ў XIX стагоддзе... Лепельскае павятовае вучылішча закончыў паэт Фелікс Тапчэўскі. Сябар Адама Міцкевіча, адзін з арганізатараў таварыстваў філаматаў і філарэтаў паэт-рамантык Ян Чачот працаваў у Лепелі ў дырэкцыі Бярэзінскага канала. Тут і рэабілітацыю некаторую атрымаў: быў адзначаны чынам губернскага сакратара. На флоце (Лепельскі канал, зразумела не роўны Балтыйскаму мору) гэта б значыла наступнае: чыноўнік атрымаў званне мічмана. Ніжэйшае званне — толькі ў калежскага рэгістратара. У 1844 годзе казённыя маёнткі ў Лепелі інспекціраваў паэт-рамантык Тамаш Зан. 

Лепель. Касцёл. Пачатак ХХ ст.

А ў хуткім часе, калі мы ўсё ж паслядоўна крочым па XIX стагоддзю, у Лепель прызджае наладжваць сваё пенсійнае жыццё 53-гадовы Уладзімір Карлавіч Войт. Цвярскі дваранін. Да нядаўняга часу — кіраўнік мытнай акругай у Бесарабіі, падарожнічаючы па Расійскай імперыі, чамусьці прыгледзеў Лепельскі край. І купіў маёнтак у Забалацці, непадалёку ад горада. У спісе землеўласнікаў 1878 года высокапастаўлены чыноўнік значыцца як гаспадар земляў у 682 дзесяціны. Невялікі калгас!.. Як правіла, астатнія паны валодалі тэрыторыямі шмат меншымі — ад 20 да 300 дзесяцін... Хто моцна багаты, мелі пад хлеб, злакавыя пад 1000 дзесяцін. А яшчэ валодалі лесам, сенакосамі. З лепельскіх памешчыкаў, якія марнавалі час на розныя забавы, мала хто і ведаў, што іх сусед мытнік Войт — яшчэ і пісьменнік, аўтар «пірацкіх» раманаў, спявак флібусцьерскай рамантыкі. Яшчэ ў 1838 годзе часопіс «Сын Отечества и Северный архив» надрукаваў урывак з рамана Войта «Вось мая жарсць!» І ў тым самым годзе часопіс друкуе фрагмент з другога «марскога рамана» афіцэра Марскога кадэцкага корпуса «Бітва з піратамі». Героі-рамантыкі верылі ў вечнае каханне, супрацьпастаўлялі сябе бездухоўным абывацелям правінцыйных гарадкоў. Лепяльчанам не варта журыцца: гэта не пра іх прашчураў!.. Бялінскі, крытыкуючы Войта, напісаў у «Отечественных записках», што ўсё «гэта старое, зацяганае, пошлае, зацёртае і зацяганае». Пасля такіх адзнак і пісаць павінна расхацецца!). У Лепельскім краі Уладзімір Карлавіч пражыў да глыбокай чстарасці, раманаў болей не пісаў, толькі і сузіраў навакольную рэчаіснасць. Лепель на той час вырас у сур’ёзную павятовую сталіцу. Чым толькі гараджане не займаліся!.. Будавалі экіпажы і драўляныя лодкі самых вялікіх памераў (так што, магчыма, і дарэмная іронія адносна марской аналогіі з чыноўнічым званнем Яна Чачота), здабывалі карысныя выкапні, плавілі метал, займаліся керамікай. Поруч з традыцыйнай вытворчасцю спіртных напояў, гарэлкі, піва нават хімічную вытворчасць наладзілі. А яшчэ выраблялі інструменты для хірургіі. Вось дзе ўжо майстры!.. Мо таму адсюль, з Лепеля, у вялікі свет выйшлі дзіцячы хірург Леанід Варахобаў (болей 20 гадоў ён займаў пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Масквы), доктар медыцыны, вядомы савецкі анколаг Міхаіл Ліўшыц, іншыя вынаходнікі, вучоныя, канструктары, арганізатары вытворчасці…

Лепель. Млын. Пачатак ХХ ст.

Былі ў Лепелі, як сведчыць гісторык Д. Даўгала, і «асобы няпэўных заняткаў»... Але гэта, відаць, не тыя «асобы», пра каго вы падумалі, таму што незразумела, чым займаліся не адны жанчыны, але і мужчыны. Магчыма, толькі ў карты гулялі, сілы свае ні на што не марнуючы... Але гэта — адзінкі ў горадзе з насельніцтвам у 6 284 чалавекі. Корчмаў, гатэляў і клубаў тады, на пачатку XX стагоддзя, было ў Лепелі каля дзесяці. Параўноўваць, добра гэта ці дрэнна не бяруся. У кожнай эпохі —свае сацыяльныя, грамадскія адмеціны. 

Лепель. Пошта. Пачатак ХХ ст.

Былі ў лепельчан у той час і свае друкаваныя СМІ — выходзіў «Лепельский вестник» адзін раз на тыдзень, а таксама два разы на месяц — «Известия Лепельского общества сельского хозяйства». Народ жыў, адпачываў, працаваў, жадаў вучыцца новаму і лепшаму. Атрымлівалася, праўда, па-рознаму. І частка гэтага жыцця, яго выразныя адбіткі — на старых паштоўках з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Дарэчы, у бліжэйшы час у Выдавецкім доме «Звязда» пабачыць свет філакартычны альбом Уладзіміра Ліхадзедава «Ад Віцебска да Полацка», дзе можна будзе ўбачыць рэпрадукцыі паштовак не толькі пра Лепель, а літаральна пра ўсе гарады і іншыя буйныя паселішчы Віцебскай вобласці. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.