Вы тут

Чароўнае месца сілы


Можна толькі паспачуваць тым, хто праводзіць лета ў душнай гарадской кватэры. І не таму, што замест вясковага адпачынку людзі аддаюць перавагу аквапаркам, летнім кафэ, атракцыёнам і іншым, выключна гарадскім, забавам. Проста хапае сярод сучасных беларусаў тых, каго нішто не звязвае з вёскай. У горадзе жывуць іх бацькі, даўно тут прапісаліся і дзядулі з бабулямі, пра лецішча таксама ў свой час не было каму паклапаціцца. Вось і радуюцца сучасныя дзеці карове, якую бачаць так рэдка, як жырафа ў заапарку, і здзіўляюцца, як з маленькага зярнятка можа вырасці агурок або гарбуз.


Мне пашчасціла нарадзіцца ў вёсцы. Сюды, на малую радзіму, па магчымасці вырываешся з мітуслівай сталіцы. Да бацькоў спяшаешся ў любы час года, аднак летам жаданне часцей і на большы тэрмін застацца ў вёсцы чамусьці ўзмацняецца. Вось і гэтым разам замест замежных курортаў і айчынных здраўніц аддалі перавагу невялічкай вёсцы на Гродзеншчыне. Менавіта тут маё месца сілы. Менавіта тут адпачываеш напоўніцу.

Хоць у маім дзяцінстве летам у вёсцы было не да адпачынку. Акрамя ўласнага агарода былі яшчэ і палеткі, замацаваныя за кожнай сям'ёй. На сотках, як мы іх называлі, расла бульба і буракі. Палоць іх за лета даводзілася не аднойчы. Восенню з'яўляліся іншыя клопаты — ураджай трэба было ўбраць і спарадкаваць.

Лета майго дзяцінства — гэта перш за ўсё ягады. Акрамя садовай маліны ды вішні, якія трэба было своечасова абабраць ды нешта з іх зрабіць, штораніцы хадзілі з мамай у лес. Спачатку збіралі суніцы, потым — чарніцы. Калі сваёй маліны было мала, хадзілі па лясную. Елі ягады не шкадуючы. Кампоты ды варэнні мама ставіла тады, калі мы з братам на ягады ўжо глядзець не маглі.

Нарыхтоўкі вяліся на працягу ўсяго лета. Не паспелі скончыцца ягады — браліся за агуркі, гарошак, памідоры, перцы. У жніўні тазікамі наразалі салаты — запас на зіму ствараўся грунтоўны. І на кожным этапе работы мне як дзяўчынцы даводзілася дапамагаць. У бацькі з братам хапала свайго клопату.

Вядома, «рабаўладальніцтва» ў сям'і ніколі не было. Знаходзілі час і на тое, каб пакупацца ў возеры ці рэчцы — вадаёмаў, чыстых і бяспечных, побач хапала. Гэта было, як правіла, днём: на санцапёку бацькі працаваць не дазвалялі. Увечары, у выхадныя дні, мы з дзяўчатамі хадзілі на танцы: то ў сваю вёску, то па чарзе — у дзве суседнія.

Згадваецца і яшчэ адна летняя традыцыя. У той час, як некаторыя збіраліся ў летнікі ці да мора, мы з мамай складвалі самыя прыгожыя сукенкі ў сумкі і планавалі паездку да маіх гарадскіх бабулі і дзядулі. У Баранавічы ехалі на цягніку. Гэта быў цэлы рытуал з перакусам і добрай кнігай. У горадзе бабуля Марыя і дзед Валодзя песцілі адзіную ўнучку як маглі. Вадзілі мяне па парках ды заапарках, кафэ і крамах, якія дагэтуль я бачыла толькі па тэлевізары, набывалі мне прыгожыя і, відаць, нятанныя прадметы гардэробу, кармілі прысмакамі, якія звычайна з'яўляліся на стале толькі ў святочныя дні. Адным словам, у той час, калі многія мае сябры з горада ехалі ў вёску, я не магла дачакацца лета, каб пагасцяваць у сваіх гарадскіх бабулі ды дзядулі.

У вясковых — дзядулі Івана і бабулі Тарэсы — была свая атмасфера. У іх невялікай хаце збіраліся ўсе чатыры ўнучкі, зрэдку, але пад'язджалі і старэйшыя браты. Размовы каля кастра да ночы, адпачынак на лясным возеры, самыя духмяныя бабуліны бліны з мачанкай або варэннем з толькі што назбіраных суніц...

Што будуць успамінаць нашы дзеці, якія днямі сядзяць у тэлефонах ды камп'ютарах?!

У нашай вёсцы, на шчасце, такіх амаль не сустрэнеш. Безумоўна, тэлефоны ды камп'ютары ў дзяцей, асабліва гарадскіх, ёсць. Але іх яны пакідаюць дома: на свежым паветры хапае чым заняцца. Мой Арцемій не паспее вочы расплюшчыць — хутчэй на вуліцу. Пакуль старэйшыя дзеці, з якімі ён бавіць час, яшчэ спяць, яны з дзедам Іванам пойдуць на агарод, паядуць гарошку, ягад. Крыху пазней, ужо з бабуляй Ірай, назбіраюць агуркоў ды прынясуць у хату. Пасля будуць гульні з дзецьмі, катанне на веласіпедах, будаўніцтва «логава» (так малыя называюць ці то шалаш, ці то домік), іншыя забавы — і так да самага вечара. Бабуля з дзядулем па некалькі разоў будуць клікаць унука спачатку на абед, потым — на вячэру і карміць самымі смачнымі блінамі з варэннем са свежых ягад... І так, хочацца верыць, яшчэ шмат гадоў. У выніку наш гарадскі ўжо хлопчык, калі вырасце, будзе добра ведаць, што такое вёска. І, спадзяюся, некалі прывязе туды сваіх дзяцей, для якіх гэты найцудоўнейшы куточак Гродзеншчыны стане ўласным месцам сілы.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.