Вы тут

Анфімаў: Спорт расцэньваецца як найважнейшы элемент кансалідацыі грамадства


У стратэгічных дакументах Садружнасці Незалежных Дзяржаў спорт вызначаны як важнейшы элемент, які дае магчымасць паглыбляць узаемадзеянне, наладжваць дыялог паміж дзяржавамі, умацоўваць дружбу і мір паміж народамі. Правядзенне Гульняў краін СНД стане новым этапам у супрацоўніцтве краін Садружнасці. Нездарма ж спорт лічыцца адным з найлепшых сродкаў дыпламатыі.


Як пажартаваў першы намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Леанід Анфімаў, пасля правядзення ІІ Гульняў краін СНД можна аднавіць Савецкі Саюз. Але кажучы сур’ёзна, арганізацыя комплексных спаборніцтваў на сістэмнай аснове — гэта сапраўды важны крок ва ўмацаванні сяброўскіх сувязей паміж краінамі СНД. З 1991 года пасля развалу Савецкага саюза, па лініі Міжнароднай канфедэрацыі спартыўных арганізацый на прасторы СНД праводзілася шмат спартыўных мерапрыемстваў. Міжнародныя спартыўныя Гульні краін СНД праходзілі ў розных гарадах: Маскве (1994 год), Мінску (1999 год), Кіеве (2001 год), Астане (2003 год), Баку (2005 год), Мінску (2006 год), Кішынёве (2008 год). У іх удзельнічалі дэлегацыі ўсіх краін СНД, спартоўцы ва ўзросце ад 10 да 60 гадоў у 50 відах спорту. Арганізоўваліся і асобныя спаборніцтвы па розных відах спорту. Але яны не мелі сістэмнага характару. У адрозненне ад Гульняў краін СНД.

«Спорт расцэньваецца як найважнейшы элемент кансалідацыі ўсіх пластоў грамадства. Калі мы не будзем супрацоўнічаць у сферы спорту, следам пацягнуцца наступныя кірункі сумеснай дзейнасці. І з часам мы страцім пазіцыі і злучальныя ніткі, якія аб’ядноўваюць нашы краіны. Мне з маім вялікім досведам дзяржаўнай дзейнасці лёгка зрабіць высновы, якія органы галіновага супрацоўніцтва СНД працуюць найболей эфектыўна. І я магу ўпэўнена сказаць, што супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту найбольш ярка выяўляе сябе практычнымі вынікамі на прасторы СНД. Тут нараджаюцца маштабныя праекты, якія ўмацоўваюць нашае адзінства, адзінства нашых народаў. І гэтыя праекты ў будучыні прывядуць да паглыблення інтэграцыйных сувязей у іншых напрамках супрацоўніцтва ў СНД», — адзначыў Леанід Анфімаў.

Першы намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў заўважыў, што ў праграму Гульняў уключаны віды спорту, якія развіваюцца ва ўсіх краінах-удзельніцах СНД. Гэта значыць, што Гульні адпавядаюць інтарэсам кожнай краіны. Леанід Анфімаў расказаў, што калі вырашаўся лёс праекту назіралася аднадушная кансалідаваная пазіцыя ўсіх краін-удзельнікаў. Таму, хоць і з невялікімі рабочымі агаворкамі, усе прынялі гэтую ідэю і актыўна ўзяліся за яе рэалізацыю. Гульні 2021 года ў Татарстане выканалі важную аб’яднаўчую ролю. Спартыўны форум у Мінску выключэннем не стане.

«Першыя гульні ў Казані прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні пры аднадушнай падтрымцы балельшчыкаў. Гульні былі настолькі душэўна арганізаваны, што прыцягвалі людзей, далёкіх ад спорту, на трыбуны і прымушалі перажываць за спартоўцаў. Хацелася паглядзець усе спаборніцтвы. Уся Казань жыла гэтым святам. Я думаю, што не меншую цікавасць Гульні выклічуць і ў Беларусі. Я ўпэўнены, што прыйдуць заўзятары, бо гэта цікава і для дарослых, і для дзяцей. Вельмі мудрае рашэнне размеркаваць спаборніцтвы па гарадах Беларусі, гэта дасць магчымасць кожнаму гораду прыняць і ацаніць спаборніцтвы. Спартсмены павінны добра сябе паказаць і заявіць аб сабе як аб прэтэндэнтах на галоўныя старты», — падзяліўся сваім чаканнем ад ІІ Гульняў краін СНД Леанід Анфімаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.