Вы тут

Праект «Лінія памяці. Код вайны» прадставілі на сцэне БДУКМ


Безнадзейна-чорнае, вогненна-чырвонае, празрыста-сіняе і ахінутае святлом — галоўнае было здабыць эмоцыю. Складаны праект «Лінія памяці. Код вайны» прадставілі на сцэне спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.


Атрымаўся спектакль публіцыстычнага гучання, у якім спалучыліся словы, спевы, пластыка, танец. Усе выяўленчыя сродкі (і тэхнічныя таксама) выкарыстаны дзеля таго, каб нагадаць гісторыю падзей, якія адбываліся ў Беларусі і з беларусамі з 1941 да 1945 года. Ды не толькі нагадаць, а стварыць эмацыянальны выбух. Вядома, з разлікамі перш за ўсё на моладзь: каб яна адчувала, што значыць патрыятызм, як яго разумеюць у Рэспубліцы Беларусь. Стваральнікі зыходзілі з пытання: што мы ведаем пра вайну?

Гэта боль і жах, пакуты і катаванні, галеча і сіроцтва, смерць... І жаданне выжыць, якое ўласцівае чалавеку — маленькаму і даросламу. Мірнаму жыхару і вайскоўцу. Дзе б і ў якіх умовах чалавек ні знаходзіўся: на акупаванай тэрыторыі ці ў канцлагеры (а ў іх утрымлівалі не толькі дарослых, але і дзяцей). Публіцыстычная частка даносіцца голасам актрысы Веры Паляковай. З рэальнымі гісторыямі, фотаздымкамі і лічбамі, па якіх можна ўявіць глыбіню і маштаб трагедыі, у выніку якой адбывалася расчалавечванне адных, а іншых імкнуліся ператварыць з асоб у рэчы, што маркіравалася лічбай: чаравік 3209, вязень 32 815. «Лічбы на сэрцы» — гэта не толькі асабісты боль мастака Міхаіла Савіцкага, але і крык пра тое, што не павінны перажываць людзі. Гэта і пра тое, што «ніколі больш»... Але ў Беларусі ў гэтым, здаецца, нікога не трэба пераконваць. Але нагадваць, рэтрансліраваць у сучаснай форме тым, хто падрастае цяпер, у краіне будуць, напэўна, доўга.

Грамадска значны, асветны, патрыятычны праект атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры. Аўтар і галоўны балетмайстар спектакля — старшы выкладчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Наўроцкая. Але разам з ёй асобныя фрагменты ў якасці балетмайстраў стваралі Ірына Капуста, Стас Грэчка, Ганна Лепо, Юлія Ролева, Дзмітрый Бяззубенка.

Задзейнічалі немаленькую рэжысёрска-пастановачную групу ў складзе Агаты Мацко, Яны Калачынскай, Валерыя Салаўёва, Іны Лазаравай, Віктара Салаўя, Яўгена Камароўскага, Віктара Крылова, Аляксандра Барскага. Насамрэч кожны асобны фрагмент (ці песня) можа жыць сваім жыццём. Усё робяць і ствараюць маладыя людзі. Асноўныя сілы — студэнтаў кафедры харэаграфіі ўніверсітэта культуры (па спецыяльнасці «Эстрадны і сучасны танец). Але ў праекце задзейнічаны юныя чытальнікі, пераможцы конкурсу «Жывая класіка» мінулага года. Далучыліся і дзіцячыя харэаграфічныя калектывы: узорны ансамбль танца «Натхненне», танцавальны праект «RDC» са сталіцы і «Stay Dance project» з Рагачова. У спектаклі гучыць сучасная музыка — ад Дзмітрыя Парфёнава, Travіs Lake, Іday.

Колькасць людзей на сцэне, якія змяняюць адзін аднаго, таксама дадае эмоцый: заўсёды кранальна бачыць, як стараюцца юныя артысты, як імкнуцца зрабіць добра, бо тэма такая, што інакш нельга. Беларусь сапраўды страціла ў тую вайну шмат: «кожны трэці» — гучыць у спектаклі. І нават беларускіх дзяцей не трэба пераконваць: ніколі больш (настолькі глыбока гэтая тэма ўваходзіць сёння ў іх свядомасць). Яны і самі здольныя ў гэтым пераконваць дарослых, ад якіх залежыць іх будучыня.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.