Вы тут

Жальбіны каля помніка паэта


Жальбіны з нагоды гадавіны смерці Янкі Купалы адбыліся 28 чэрвеня на Вайсковых могілках Мінска. 81 год таму не стала народнага паэта Беларусі. У дзень яго гібелі праз гады да гэтага помніка традыцыйна прыходзяць, каб сказаць добрыя словы аб Купале і прачытаць вершы, прысвечаныя творчасці класіка беларускай літаратуры.


Падчас мерапрыемства першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла, што Купала — гэта прыклад служэння свайму народу:

— Ён быў чалавекам, грамадзянінам, патрыётам. Яго жыццё — прыклад усім нам, як здзяйсняць сябе ў жыцці.

Таксама на Жальбінах выступіў намеснік дырэктара — загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Навум Гальпяровіч. Ён гаварыў, што чым больш мінае гадоў, тым больш мы павінны думаць пра нашых песняроў, пра нашы вытокі, пра нашу гісторыю. Менавіта па гэтай прычыне на канале «Культура» рэгулярна, кожную апошнюю суботу месяца чытаюць вершы з кнігі Купалы «Шляхам жыцця», якая сёлета адзначае юбілей.

— Калі мы зусім нядаўна, 24 чэрвеня зноў казалі пра купалавы вершы, то наш артыст Алег Вінярскі не мог устрымацца ад хвалявання, — падзяліўся Навум Гальпяровіч. — Ён доўга яшчэ быў пад уражаннем ад твораў. Чытаў ад усяго сэрца — і Купалавы словы, Купалавы радкі гучалі для ўсіх, хто хацеў іх слухаць.

Свой верш, прысвечаны народнаму песняру, пад назвай «Каля помніка Янкі Купалы» зачытаў паэт Уладзімір Мазго. Пасля гэтага выступіла ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Яна агучыла асабістыя запісы Якуба Коласа, прысвечаныя трагічнай падзеі, — смерці Янкі Купалы і верш «Над магілай паэта».

Жальбіны — гэта адно з мерапрыемстваў пад агульнай назвай «Купалаўскія дні». Пачаліся яны напрыканцы чэрвеня і прадоўжацца ажно да 8 ліпеня. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская дала невялікі анонс на «Купалаўскія дні»:

— У гэты час у музеі праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечанных Купале, якія ўслаўляюць яго жыццё і творчасць. Так, 1 ліпеня мы запрашаем усіх у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» на свята «Купала заўсёды ў сэрцы маім». 7 ліпеня мы сустракаем усіх у парку імя Янкі Купалы, дзе праводзіцца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае яго дню нараджэння. І 8 ліпеня на закрыццё «Купалаўскіх дзён» мы запрашаем усіх у Купалаўскі мемарыльны запаведнік «Вязынка». 

Усе гэтыя мерапрыемствы арганізуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. На іх вы зможаце пачуць сучасных паэтаў і пісьменнікаў, паслухаць іх творы, натхнённыя творчасцю народнага песняра Беларусі.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.