Вы тут

Каля Траецкай крыніцы


У Чавускім раёне ёсць знакамітыя Байкаўскія крыніцы, на якія ў праваслаўную Троіцу збіраецца шмат людзей. Так павялося спрадвеку, лічылася, што ў сёмушны час крынічная вада набывае асаблівую гаючую моц, таму людзі і спяшаліся сюды. Мясцовыя жыхары цанілі, аберагалі і благаслаўлялі гэты сакральны куточак некранутай прыроды. Крынічны комплекс уяўляе сабою каскад вытокаў, якія зліваюцца ў адну ручаіну. Вада ніколі не перасыхае і поіць звілістую раку Проню. Перад крыніцамі на зялёнай палянцы ў траецкі дзень праводзіліся кірмашы, на дрэвах і крыжах павязвалі абракальныя ручнікі, хусткі і стужкі, святары асвячалі ваду і прамаўлялі малітвы. Дзяўчаты кумаваліся і кідалі вянкі ў рачную плынь, гадалі на шчасце. У наш час традыцыя ажыла, і ў «Зялёныя святкі» тут праводзіцца абласны міжрэгіянальны фестываль народнай самадзейнасці і рамёстваў. Як і Блакітная крыніца ў суседнім Слаўгарадскім раёне, комплекс «Байкаўскія крыніцы» з'яўляецца не толькі прыроднай, але і культурна-гістарычнай каштоўнасцю. Тут здзяйсняюцца рэлігійныя паломніцтвы, праводзяцца богаслужэнні, вернікі прыносяць абразы і размяшчаюць іх над вытокамі. Алеся Далецкая — майстрыха па вышыўцы і адна з арганізатараў фестывалю — ганарыцца, што Байкаўскія крыніцы для яе і землякоў знакавае месца, без якога нельга ўявіць малую радзіму.


А яшчэ адным — духоўным — вытокам Алеся лічыць народны жаночы строй Падняпроўскага этнарэгіёна, які сваёй адметнасцю і прыгажосцю здзіўляе і чаруе. Чаруе строгай арнаментаванай вышыўкай, ткацтвам, гармоніяй спалучэння ўсіх кампанентаў адзежы — сарочкі, андарака, фартуха, пояса з кутасамі, галаўнога ўбора (хусткі і наміткі) і абутку, жаночых упрыгажэнняў. Алеся Далецкая першая ў сваім раёне ўзялася за адраджэнне мясцовага строю і, у адпаведнасці з народнымі традыцыямі і павер'ямі, стварыла аналаг аўтэнтычнага касцюма ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Для яе гэта было не так лёгка: спачатку даследавала малавядомыя друкаваныя крыніцы, вывучала музейныя фонды, вучылася працаваць з іголкай і ніткамі, бо раней ёй — кіраўніку мастацкай самадзейнасці і выканаўцу народных і эстрадных песень — не даводзілася мець справу з мастацкай вышыўкай. З цягам часу засвоіла асаблівасці і нават нюансы мясцовага пакрою і аздаблення, а крыніцай яе натхнення стала сямейная рэліквія — прабабулін ручнік, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне. На старым ручніку былі вышыты салярныя знакі — сімвалы роду і плоднасці ў выглядзе сонца і засеянага поля. Па ўзоры прабабулі Алеся ўпрыгожыла арнаментаванай сімволікай рэканструяваны строй, у якім яна цяпер красуецца на народных святах і фестывалях, гістарычных рэканструкцыях і, вядома, на Троіцу каля Байкаўскіх крыніц. На гэтым здымку Алеся Далецкая таксама ў сваім «творы» з вышытым ручніком, каля славутай крыніцы.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.