Вы тут

Глабальнае пацяпленне няўхільна набліжаецца


Сёлета ў нас быў досыць дажджлівы красавік, але засушлівыя май і чэрвень. Як вядома, на клімат уплываюць прамысловасць і аўтатранспарт, а ад рэзкай змены клімату пакутуюць лясная і сельская гаспадаркі. Кваліфікаваныя спікеры з розных міністэрстваў і ведамстваў абмеркавалі гэтыя пытанні падчас круглага стала ў БелТА на тэму «Уплыў кліматычных змяненняў на надвор'е залежныя галіны эканомікі».


Парніковыя газы — зімой, аэразолі — летам

«Уклад нашай краіны ў агульнасусветныя выкіды парніковых газаў параўнальна невялікі — 0,2 %, але нават гэтую велічыню варта ўлічваць, — адзначыў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка. — На рост тэмператур у летні перыяд уплываюць у асноўным аэразолі і сонечная радыяцыя. Парніковыя газы аказваюць уплыў у зімовы перыяд».

Меры, якія прымаюцца сусветнай супольнасцю ў частцы экалагізацыі прамысловасці і пераходу на электратранспарт, даюць станоўчы эфект — утрымання аэразоляў у атмасферы становіцца ўсё менш. Гэта можна назіраць па даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і шматгадовых даных спадарожнікавых назіранняў, лічыць спецыяліст.

«У Інстытуце прыродакарыстання выкананы работы па ацэнцы сувязі паміж аэразольным забруджваннем паветра і кліматычнай характарыстыкай на тэрыторыі Беларусі і Еўропы. Так, для тэрыторыі Еўропы выяўлены выразны станоўчы трэнд патоку сонечнага выпраменьвання на ніжняй мяжы атмасферы, праз якую з кожным годам праходзіць усё больш радыяцыі ў летні перыяд. Аэразольная аптычная таўшчыня на тэрыторыі Еўропы за апошнія 20 гадоў знізілася прыкладна на чвэрць», — адзначыў навуковец.

За кошт зніжэння эмісіі аэразоляў сярэдні радыяцыйны форсінг (паток электрамагнітнай энергіі на адзінку плошчы) для тэрыторыі Еўропы толькі за перыяд з 2000 да 2020 года павялічыўся на 3,7 Вт/м2 у летні перыяд. Такая ж велічыня назіралася б пры падваенні ўтрымання ў атмасферы СО2. Гэта змяненне радыяцыйнага балансу больш чым на 60 % было абумоўлена ўскоснымі эфектамі аэразоля, звязанымі з яго ўплывам на воблачнасць.

«Максімальны трэнд радыяцыйнага балансу ў летні перыяд адзначаецца для тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Так, у выніку зніжэння эмісіі аэразоляў сярэдняя летняя тэмпература ў Еўропе за 2000—2020 гады павысілася на 0,5—0,6 градуса, што ўзмацніла рост сярэдняй тэмпературы», — падкрэсліў дырэктар інстытута.

Далейшае пацяпленне клімату, асабліва ў летні перыяд, будзе шмат у чым залежаць ад балансу паміж уздзеяннем аэразоляў і парніковых газаў на кліматычную сістэму.

Калі выпарэння не болей, чым ападкаў

У ліку найгоршых наступстваў глабальнага пацяплення — павелічэнне вільгацезмяшчэння атмасферы і патэнцыяльнага выпарэння з ростам тэмпературы паветра, лічыць Сяргей Лысенка. У выніку ў кантынентальных раёнах, дзе выпарэнне ўзрастае, а колькасць ападкаў застаецца на ранейшым узроўні, становяцца ўсё больш частымі і інтэнсіўнымі засухі.

У тэрыторыі нашай краіны гадавая сума атмасферных ападкаў перавышае гадавое выпарэнне на 18—30 % (максімум адпавядае Віцебскай вобласці, мінімум — Гомельскай). Пры гэтым у цёплы перыяд года на ўсёй тэрыторыі Беларусі адзначаецца адмоўны водны баланс, калі выпарэнне перавышае ападкі на 8—23 %.

«У выніку глабальнага пацяплення розніца паміж ападкамі і выпарэннем паніжаецца ва ўсіх абласцях краіны. Калі ў канцы 1970-х гадоў яна складала 30—40 % у адносінах да гадавой колькасці ападкаў, то да 2020 года — паменшылася да 18—25 %. Менавіта таму ў нас фіксуюцца засухі і паніжэнне агульных водазапасаў», — сказаў навуковец.

Падобныя працэсы назіраюцца практычна на ўсёй тэрыторыі Еўропы, за выключэннем некаторых раёнаў Скандынаўскага паўвострава. «Пры гэтым сітуацыя са змяненнем запасаў глебавай вільгаці ў Беларусі ідзе значна лепш, чым у астатніх краінах Усходняй Еўропы. Нашы глебы ў сярэднім з'яўляюцца больш увільготненымі, чым на тэрыторыі Польшчы. Аднак узровень увільготненасці глеб на працягу апошніх 30—40 гадоў крыху, але паніжаецца», — падкрэсліў Сяргей Лысенка.

Біяпрадукцыйнасць умоўна падзяліла краіну на дзве часткі

Як растлумачыў спікер, у сучасны перыяд залежнасць біяпрадукцыйнасці ад сярэднегадавой тэмпературы і колькасці ападкаў у паўночнай і паўднёвай частках Беларусі адрозніваюцца знакамі.

«У паўночнай частцы краіны біяпрадукцыйнасць станоўча карэлюе з тэмпературай паветра і адмоўна — з ападкамі. На поўдні, наадварот, назіраецца слабая адмоўная карэляцыя чыста першаснай прадукцыйнасці з тэмпературай і моцная станоўчая карэляцыя з гадавой сумай ападкаў», — распавёў Сяргей Лысенка.

Сучасная мяжа паміж шыротнымі зонамі з рознымі знакамі залежнасці біяпрадукцыйнасці экасістэм ад вільготнасці глебы праходзіць якраз па тэрыторыі Беларусі.

У цяперашні час да зоны, у якой біяпрадукцыйнасць экасістэм абмяжоўваецца рэсурсамі вільгаці, адносіцца ўся паўднёвая частка Беларусі (ніжэй шыраты Мінска). У гэтай частцы міжгадавая зменлівасць ліставога індэкса на ворных землях больш чым на 40 % тлумачыцца колькасцю атмасферных ападкаў у цёплы перыяд года (з мая да верасня). На поўначы краіны залежнасць біяпрадукцыйнасці экасістэм ад колькасці ападкаў з'яўляецца слабай і адмоўнай, што сведчыць аб лішку гэтага рэсурсу для мясцовых біягеацэнозаў.

Згодна з новым пакаленнем кліматычных мадэляў, адаптаваных для Беларусі, ужо ў найбліжэйшыя 20 гадоў сітуацыя з вільгацезабяспечанасцю ў Віцебскай вобласці можа кардынальна памяняцца.

Цяпер сярэднегадавая тэмпература ў Віцебскай вобласці складае плюс 6,6 градуса, а ў Гомельскай — плюс 7,8 градуса. Згодна з кліматычнымі праекцыямі на аснове глабальных лікавых мадэляў, сярэднегадавая тэмпература ў Віцебскай вобласці ўжо да 2040 года стане такой жа, як цяпер у Гомельскай вобласці.

Паводле прагнозаў, рост сярэднегадавой тэмпературы ў Беларусі да 2050 года складзе каля 3,8 градуса.

«Цяпер рост тэмпературы (ад нормы) складае 2,3 градуса. Істотна ўзрасце колькасць зімовых ападкаў. У параўнанні з сучасным узроўнем яны павялічацца на 14 % да 2050 года, а да канца стагоддзя — на 30—40 %. Колькасць летніх ападкаў практычна не зменіцца, аднак выпарэнне ўзрасце на 8 % да 2050 года, а да 2100 года — да 20 %. Гэтыя тэндэнцыі могуць толькі пагаршацца, калі глабальнай супольнасцю не будуць прыняты меры па зніжэнні глабальных выкідаў парніковых газаў», — падкрэсліў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі.

Кавуны, фундук і спаржа

Сельская гаспадарка найбольш залежыць ад надвор'я. Гэта галіна, якой кожны год даводзіцца пераадольваць рознага роду выпрабаванні, адзначыў начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Ядлоўскі. «Аналіз апошніх 33 гадоў паказвае, што самае складанае для нас — гэта паўтарэнне засух, у прыватнасці перыяд, калі некалькі тыдняў, а ў гэтым годзе амаль месяц, няма ападкаў. Менавіта гэты фактар аказвае найбольшы ўплыў на зніжэнне прадукцыйнасці палёў. Прычым менш за ўсё гэтым разам схільная да засушлівых умоў Віцебская вобласць, часткова Брэсцкая і Гродзенская вобласці», — адзначыў начальнік упраўлення.

Аднак ёсць і станоўчыя моманты ў павышэнні тэмпературы. Напрыклад, больш ранні (на 10—15 дзён) пачатак вясновых палявых работ і больш позні (на 3—4 тыдні) — восеньскіх, дадаў ён. Вялікі ўплыў аказваюць ападкі (у перыяд вегетацыі) на збожжавыя і кармавыя культуры, асабліва шматгадовыя травы. Так, аналіз дынамікі аб'ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў паказвае ўстойлівую залежнасць ападкаў і аб'ёмаў нарыхтаваных кармоў. Асабліва выразная карэляцыя была ў 2013—2015 гадах. Пасля гэтага вытворцы змянілі структуру пасяўных плошчаў і павялічылі аб'ёмы плошчаў кармавых культур. Гэта дазволіла ў далейшым нівеліраваць негатыўны ўплыў зніжэння колькасці ападкаў на аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі», — растлумачыў спецыяліст.

«Цяпер у Беларусі вырошчваюцца такія нетрадыцыйныя для нас 20—30 гадоў таму культуры, як вінаград, арэхі, бахчавыя, у прыватнасці кавуны. Акрамя таго, у нас закладзены індустрыяльныя плантацыі арэха (фундука), якія займаюць крыху больш за 600 гектараў. З іх 10 % знаходзяцца ў пладаносным узросце», — заявіў начальнік упраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча. Ён таксама запэўніў, што змены клімату дазволілі вырошчваць у нашай краіне цукровую кукурузу, спаржу і зялёны гарошак. У мэтах забеспячэння плодаагародніннай прадукцыяй у краіне вядзецца мэтанакіраваная праца па пашырэнні аб'ёмаў яе вытворчасці за кошт пасадкі садоў. Праграмай «Аграрны бізнес» прадугледжана штогадовая пасадка не менш за 500 гектараў садоў інтэнсіўнага тыпу на кропельным арашэнні.

«Гэтыя планы штогод перавыконваюцца, таму за апошнія 10—15 гадоў у два разы павялічылі аб'ёмы вытворчасці пладоў — вырошчваем больш за 200 тысяч тон пладова-ягаднай прадукцыі. Таксама апошнім часам шырока распаўсюдзіліся буякі. У цэлым па краіне маецца больш за 2 тысячы гектараў такіх насаджэнняў», — адзначыў Васіль Ядлоўскі.

Дапамагае паліў і леташнія запасы

Якія меры прымаюцца ў сельскай гаспадарцы для згладжвання наступстваў ад недахопу ападкаў? Эксперт адзначае, што ў сувязі з гэтым пашыраюцца пасевы больш засухаўстойлівых культур, змяняецца сама структура пасеваў, у прыватнасці павялічваюцца збожжавыя азімых культур. Гэтыя аперацыі дазваляюць на 15—20 % атрымаць больш прадукцыйнасці за кошт асенне-вясновай вільгаці. «У гэтым годзе ў два разы павялічана плошча азімага ячменю, і мы бачым, што гэтая культура менш за ўсё пацярпела ад майскай засухі ў адрозненне ад іншых азімых. Таксама пашыраецца спектр вырошчвання засухаўстойлівых культур», — падкрэсліў Васіль Ядлоўскі.

Пашыраюцца плошчы асноўнай кармавой культуры — люцэрны. Яе пасевы за апошнія восем гадоў павялічыліся практычна ў два разы. Цяпер яны складаюць 260 тысяч гектараў і штогод маюць тэндэнцыю да павелічэння. «У гэтым годзе пашырэнне пасеваў люцэрны сябе апраўдвае, паколькі яна вытрымлівае засуху лепш, чым іншыя травы», — дадаў начальнік упраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча.

Гаворачы аб дадатковым паліве рознымі дажджавальнымі перасоўнымі ўстаноўкамі, ён адзначыў, што ўсяго ў нас арашаецца больш за 5,5 тысячы гектараў, што складае ўсяго 1 % ад пасяўных плошчаў. У асноўным паліваюцца плодаагароднінныя культуры, таксама часткова кармавыя культуры, травы і збожжавыя.

«Гэты год паказаў, што трэба больш такой тэхнікі для павелічэння колькасці палітых плошчаў. Пры гэтым ёсць станоўчыя прыклады гаспадарак, якія самі закупляюць сістэмы паліву. Напрыклад, на адным прадпрыемстве ў Пінскім раёне закупілі і плануюць задзейнічаць у ліпені новую дажджавальную ўстаноўку, каб на 50 % павысіць выхад травяных кармоў з угоддзяў за кошт іх прадукцыйнасці», — распавёў прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Спецыяліст адзначыў, што найбольшае хваляванне выклікаюць кармавыя культуры, з якіх вырабляюцца травяныя кармы. Сёлета прадукцыйнасць шматгадовых траў знізілася ў сярэднім на 20 %, стрымліваецца іх адрастанне. Акрамя таго, фіксуецца частковае адміранне пасеваў такіх траў.

«За кошт таго, што летась мы нарыхтавалі больш кармоў, чым патрабавалася, у нас яшчэ ёсць запасы. Менавіта яны дазволяць згладзіць магчымыя недахопы кармоў сёлета. Адзначу, што ўжо прагназуецца недабор збожжа, але яго можна завезці з іншых краін, а травяныя кармы мы не завязём. Таму цяпер наша першарадная задача — забяспечыць жывёлагадоўлю травянымі кармамі», — падкрэсліў начальнік упраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча.

Прадухіляць пажары

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктара Звяртоўскага, у Беларусі ўжо зафіксавана больш за 330 выпадкаў лясных пажараў на плошчы 193,1 гектара, пры гэтым сярэдняя плошча ўзгарання складае 0,58 гектара (у мінулым годзе — 0,77 га). «Каб прадухіляць пажары, мы працягваем закупляць сучасную тэхніку. З 2021 да 2022 года ў нас закуплена 174 пажарныя аўтамабілі, а таксама шэсць усюдыходаў. На выпадак надзвычайных сітуацый з 2021 года ў кожнай вобласці ў нас створана шэсць узбуйненых пажарна-хімічных станцый, у якіх акумулююцца ўсе сродкі пажаратушэння і тэхніка», — адзначыў Віктар Звяртоўскі.

Для павышэння эфектыўнасці сучаснага выяўлення лясных пажараў у Беларусі працягваецца работа па ўкараненні аўтаматызаваных сістэм відэаназірання, якія дазваляюць вызначаць па дымавой заслоне ўзгаранне. «Такія сістэмы ўжо ўстаноўлены ў 80 лясгасах. Яны ажыццяўляюць назіранне за 77 % плошчаў ляснога фонду. Немалаважна, што аўтаматызаваныя сістэмы відэаназірання павышаюць аператыўнасць тушэння лясных пажараў», — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі.

Стварэнне змешаных лясных культур

Навукоўцамі Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта па заказе Міністэрства лясной гаспадаркі распрацавана стратэгія адаптацыі лясной гаспадаркі краіны да змены клімату да 2050 года. Акрамя таго, падрыхтаваны нацыянальны план дзеянняў па адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змены клімату да 2030 года, адзначыў Віктар Звяртоўскі.

Сярод асноўных кірункаў стратэгіі — захаванне лясістасці на ранейшым узроўні. Падтрыманне лясістасці дасягаецца ў выніку правядзення несуцэльных высечак галоўнага карыстання. Акрамя таго, Мінлясгас забяспечвае стварэнне змешаных лясных культур.

«У лясах мы стараемся высаджваць не адну пароду дрэў, а дзве і больш. Згодна са стратэгічным планам, змешаныя культуры павінны займаць больш за 77 % насаджэнняў. Таксама мы міксуем змешаныя і лісцяныя культуры, ствараем сасновыя і яловыя насаджэнні. Тут важна выканаць баланс, пакідаць больш за 50 % пад натуральныя культуры, якія больш устойлівыя да змены клімату», — адзначыў Віктар Звяртоўскі.

Паводле яго слоў, цяпер вядзецца стварэнне лясных культур з дапамогай закрытай каранёвай сістэмы. «У 2022 годзе было пасаджана 6,6 тысячы гектараў пасадачнага матэрыялу з такой сістэмай. На дадзены момант у нас ёсць чатыры цэнтры, у якіх можна высадзіць каля 30 мільёнаў штук пасадачнага матэрыялу», — падкрэсліў ён.

«Экалагічныя праблемы, звязаныя са змяненнем клімату, у тым ліку ў галіне лясной гаспадаркі, знаходзяцца пад пільнай увагай навукоўцаў і практыкаў усёй краіны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Лясная гаспадарка ўжо адчула на сабе наступствы змены клімату. У прыватнасці, мы сутыкнуліся з засушлівымі вегетацыйнымі перыядамі, паніжэннем грунтавых вод, паслабленнем насаджэнняў. На фоне павелічэння колькасці ствалавых шкоднікаў пачалося масавае ўсыханне іглічных насаджэнняў. Пік гэтага здарыўся ў 2018 годзе, калі ўсохла больш за 45 тысяч гектараў хваёвых насаджэнняў», — сказаў Віктар Звяртоўскі.

Паводле яго слоў, за 2022 год суцэльныя санітарныя высечкі ў іглічных насаджэннях праведзены на плошчы 5,2 тысячы гектар — гэта ў 9 разоў менш у параўнанні з 2018 годам. «З іншага боку, у апошнія гады назіраецца пашкоджанне насаджэнняў у выніку моцных вятроў. Так, у 2022 годзе па краіне былі пашкоджаны лясныя насаджэнні з утварэннем ветравалаў і бураломаў на плошчы 106 тысяч гектараў. Больш за ўсё пацярпеў лясны фонд у Магілёўскай вобласці, дзе пашкоджаны лясныя насаджэнні ў аб'ёме 3,3 мільёна кубічных метраў (66 % ад агульнага аб'ёму)», — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.