Імя найстарэйшага перыядычнага выдання краіны адзін са сталічных праспектаў носіць з 16 чэрвеня 2005 года. Менавіта ў гэты дзень па ініцыятыве народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна рашэннем Мінгарвыканкама праспект газеты «Известия» быў перайменаваны ў праспект газеты «Звязда». Сімвалічна, што ў доме № 9 (менавіта 9 жніўня 1917 года выйшаў першы нумар «Звязды») жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Барадзін.
Карэспандэнтам «Звязды», якія завіталі да ўдзельніка ваенных падзей у госці, ён расказаў, што жыве па гэтым адрасе ўжо больш як 20 гадоў. Пераехаў сюды, калі яшчэ праспект насіў імя савецкай газеты. «Навошта нам «Известия», калі ў нас ёсць наша «Звязда»?» — перакананы Уладзімір Васілевіч, заўважыўшы, што з вялікай радасцю ўспрыняў рашэнне аб перайменаванні праспекта.
Ветэран падзяліўся, што ў свой час на выбар кватэры паўплываў развіты транспартны вузел (хоць на аўтобусе, хоць на тралейбусе, а цяпер і на метро — едзь куды табе трэба), а таксама харчовая крама, якая знаходзілася праз дарогу. Цяпер, вядома, месцаў, дзе можна папоўніць харчовы запас, стала яшчэ больш. Дарэчы, па прадукты Уладзімір Васілевіч ходзіць сам. «Навошта мне дапамога, калі я і сам магу!» — здзіўляецца ён, калі я пацікавілася, хто яму дапамагае. А ветэрану, між іншым, у верасні споўніцца 98 гадоў!
Мы сядзім у яго ўтульным пакойчыку, і Уладзімір Барадзін у думках пераносіцца ў сваё дзяцінства, маладыя гады. Нарадзіўся ён у далёкім 1925 годзе ў сяле Салянка Уладзімірскага раёна Сталінградскай вобласці. Калі Уладзіміру Васілевічу было два гады, пераехалі ў Мінск — на месца службы бацькі. У Мінску дыслацыравалася 7-я Самарская дывізія імя Англійскага пралетарыяту, дзе бацька быў намеснікам камандзіра эскадрона, а потым намеснікам начальніка школы малодшых камандзіраў. Маці працавала ў палкавой ашчаднай касе. Па першым часе сына бралі з сабой.
— Дзяваць мяне не было куды, таму ўсюды цягалі за сабой, — згадвае Уладзімір Барадзін. — Прывядуць у казарму, да днявальнага, чырвонаармейцы пацяшаюцца з мяне. Дадуць у рукі вінтоўку-трохлінейку, і я стаю — быццам вартавы. Салдаты ідуць у сталовую і мяне ў страі вядуць. Такое і жыццё было, пакуль не адкрылі дзіцячы сад.
Ветэран успамінае, што да вайны Мінск быў зусім невялікі. «З аднаго боку — піўзавод (ён і цяпер там стаіць), за вакзалам — вёска, — кажа суразмоўца. — Ваенныя могілкі ў раёне вуліцы Берасцянскай, з іншага боку — Камароўскі рынак. За ім было балота і балотная станцыя. Вось і ўвесь тагачасны Мінск. Маленькі быў горад».
У 1938—1939 гадах Васіль Барадзін служыў пад Полацкам. Адпаведна, разам з ім была і яго сям'я. У 1939 годзе ваеннаслужачы ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Будучы на маршы, Васіль Барадзін атрымаў тэлеграму з Масквы, у якой паведамлялася аб яго пераводзе на службу ў Літву, у горад Алітус. Ужо ў Каўнас да бацькі, якога прызначылі камісарам артылерыйскага палка, неўзабаве прыехала і сям'я. За два месяцы да пачатку Вялікай Айчыннай вайны вайскоўца перавялі ў Шаўляй.
— Мы ўжо збіраліся да яго ехаць, — расказвае Уладзімір Барадзін. — Планавалі спачатку паглядзець кватэру, а потым рэчы перавозіць. Чамаданы ўжо былі гатовыя. У іх — самае лепшае: адрэзы тканіны, мой новенькі касцюм, які я так ні разу і не адзеў...
У Каўнас яны больш не вярнуліся — у Шаўляі іх застала вайна. «Мы спыніліся ў гасцініцы, — згадвае ветэран. — Прыходзіць бацька і кажа, каб браў збан (тады стаялі ў кожным нумары) і ішоў па піва. Я выйшаў з гасцініцы, метраў 20—30 прайшоў, гляджу — самалёты ўсё круцяць над цэнтрам горада. Ведаю, што манеўры ідуць Прыбалтыйскай ваеннай акругі, таму так і патрэбна. Потым гляджу: самалёт скідвае бомбы. Усё ўзлятае і пачынае гарэць. Ішоў чалавек у цывільным, я ў яго пытаюся, што там такое. Ён кажа, што на месцы выбуху пошта была. Я рвануў назад у гасцініцу. Бацькі ўжо не было...»
Васіль Барадзін, удзельнік стварэння 9-й артылерыйскай супрацьтанкавай брыгады рэзерву галоўнага камандавання, з першых дзён быў на фронце. Па яго сына і жонку, як і па сем'і іншых афіцэраў, прыехала палутарка — заставацца ў горадзе было небяспечна. Накіраваліся ў бок Дзвінска (сучасны Даўгаўпілс).
— Мала сказаць, што ўсю дарогу нас нешта берагло, — успамінае тую паездку мой суразмоўца. — Над намі ляцеў нямецкі знішчальнік: яны ж тады шасталі ўсюды. Наперадзе ішоў аўтобус, і ён на брыючым палёце расстраляў увесь аўтобус. А мы следам ішлі... Нам удалося праскочыць.
Па прыбыцці ў Даўгаўпілс людзей пасадзілі ў эшалоны. Наперадзе ішоў эшалон з каштоўнасцямі — у ім везлі грошы з банкаў, іншыя рэчы. Ад нямецкіх знішчальнікаў людзей выратавала тое, што эшалон з каштоўнасцямі знаходзіўся пад асаблівай аховай савецкіх вайскоўцаў — на кожным вагоне стаялі кулямёты. За ім ішлі цягнікі з насельніцтвам. Эшалон, у якім ехалі Барадзіны, у адрозненне ад саставу, які ішоў следам, паспяхова дабраўся да Оршы. Маці Уладзіміра планавала, што далей накіруюцца ў бок Мінска — там з сынам жыла яе сястра. Ваенны камендант сказаў ёй, што з беларускай сталіцай сувязь страчана, цягнікі туды ўжо не хадзілі — Мінск ва ўсю бамбілі...
Барадзіным выпісалі дакументы на найбліжэйшы эшалон. Яны нават не ведалі, куды ён ішоў. Прыбылі ў Сталінград. Там Уладзімір уладкаваўся ў школу фабрычна-заводскага навучання, дзе вырабляліся катушкі для сувязі — яны былі неабходны на фронце. У Мінску, у тэхнічнай школе, Барадзін займаўся канструяваннем, таму добра ведаў, што трэба рабіць. Яго нават прызначылі памочнікам майстра. У падначаленні ў 16-гадовага хлопца знаходзілася 25 чалавек. Потым яго перавялі на аэрадром. Трапіў у цэх, дзе правяралі на спраўнасць кожны вузел самалёта. Паралельна Уладзімір Барадзін працаваў з моладдзю, стварыў камсамольскую арганізацыю.
Потым юнак уладкаваўся на мэблева-скрыначны камбінат, які ў ваенны час выпускаў планеры для дэсантавання. Бывала, што ад стомленасці Уладзімір Васілевіч не мог дайсці дахаты — дапамагалі міліцыянеры, якія дзяжурылі ў горадзе. Пасля працоўных змен мог суткамі спаць. «Часам мы тыднямі не выходзілі з завода, — расказвае ён. — Лічылася, што мы перайшлі на казарменнае становішча. Цяжка было. Адзінае — кармілі добра. Кавалак каўбасы, некалькі штучак пячэння, кубікаў цукру і нават масла — гэта быў дадатковы паёк. Я ўвесь гэты паёк збіраў і цягнуў дахаты. Са мной жа маці была. Ёй, акрамя хлеба, на рабоце нічога не давалі».
У Сталінградзе яны з маці перажылі першую бамбёжку. Адзін за адным яго таварышы сыходзілі на фронт. «А мяне ўсё ніяк не прызываюць, — расказвае ўдзельнік вайны. — Тады я пайшоў да ваенкама і кажу: «Што ж вы робіце, я ж усё-такі сакратар камсамольскай арганізацыі, таму ў першую чаргу павінен ісці на фронт. А там то радыстамі, то снайперамі бралі. Адным словам, не атрымалася тады».
Толькі з трэцяй спробы ваенны камісар «здаўся». Нягледзячы на тое, што Уладзіміру Барадзіну не было 18 гадоў, яго ўзялі — запісалі добраахвотнікам, каб менш узнікала пытанняў. Аднак перш чым трапіць на фронт, давялося павучыцца ў Адэскім артылерыйскім вучылішчы, якое знаходзілася ў эвакуацыі пад Ніжнім Тагілам. «Вучыцца было няпроста, — успамінае ён. — Зіма на Урале халодная: пад 40 градусаў марозу! Цёплае адзенне, ватныя штаны і валёнкі давалі толькі тады, калі заняткі на вуліцы праводзіліся звыш чатырох гадзін. Калі да чатырох — шынель і ўсё».
Пасля васьмі месяцаў навучання, восенню 1943 года, Уладзіміра Барадзіна накіравалі на Паўднёва-Заходні фронт, які потым перайменавалі ў 3-ці Украінскі. Асноўныя баі для яго пачаліся на тэрыторыі Украіны і Польшчы. Франтавік вызваляў Адэсу, Варшаву, Познань, фарсіраваў Паўднёвы Буг, Днестр, Заходні Буг, а таксама Віслу і Одэр, дайшоў да Берліна.
Тыя падзеі — дагэтуль у галаве ветэрана. Уладзімір Васілевіч да драбніц памятае многія эпізоды найбольш складанага перыяду ў сваім жыцці. І тое, як з таварышам Барысам Пячоным зайшлі на міннае поле і ледзь выбраліся. І тое, як у цемры па гразі пракладваў шлях трактарам, якія цягнулі гарматы. І тое, як еў горкі хлеб. І тое, як аплаквалі сваіх родных уцалелыя жыхары Новай Адэсы...
— Заехалі ў гэты горад, а там такі плач стаіць — проста жах! — не можа забыць Уладзімір Барадзін. — Аказалася, што немцы, адступаючы, забіралі з сабой людзей. Многія пахаваліся ў штольнях (збудаваннях з горных парод. — «Зв».). Сунуліся немцы ў першую штольню — людзі пачалі ў іх страляць. Немцы павярнулі назад. З другой штольні ўсіх (там былі і старыя, і дзеці, і жанчыны) павыцягвалі і расстралялі. У роў скінулі, закапалі ды яшчэ і танкам праехалі. Калі мы ўвайшлі ў горад, роў ужо быў раскапаны, стаялі труны — тыя, хто выжыў, хавалі сваіх сваякоў.
У памяці — і першая на фронце сустрэча з бацькам. Гэта было ў 1944 годзе, за Адэсай. «Абняліся, абмяняліся некалькімі словамі, — згадвае Уладзімір Васілевіч. — Бацька мне сказаў, каб я трымаўся, годна выконваў пастаўленыя задачы, і паехаў». Другая сустрэча бацькі і сына адбылася ўжо ў Берліне.
Уладзімір Барадзін з'яўляўся камандзірам узвода 43-й гвардзейскай армейскай гарматна-артылерыйскай Запарожска-Адэскай ордэна Леніна, Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава брыгады. Пры гэтым ён быў самым маладым — як ён сам кажа, хлапчанём у параўнанні з дарослымі мужчынамі. Але на ўзрост на фронце ніхто не глядзеў: хто старэйшы па званні — да таго і прыслухоўваюцца.
Жорсткія баі, успамінае суразмоўца, былі пад Ковелем. Там іх брыгада рыхтавалася да наступлення. Ветэран памятае і тое, як фарсіравалі Заходні Буг, вызвалялі польскія гарады Хэлм і Люблін.
— Пасля адной такой вогненнай вакханаліі мы пайшлі ў горад — трэба ж паглядзець, па чым мы лупілі з гармат, — кажа ветэран і ўдакладняе, што рэдка такое было. — Мне толькі адзін раз за ўсю вайну ўдалося паглядзець тую батарэю, па якой я страляў. Адна гармата была пашкоджана, другая таксама, дзве яны сцягнулі ўсё-такі. Зайшоў у пакой каменданта. Трафеяў я не браў ніякіх. Але ў яго ляжалі на стале каляровыя алоўкі — гэта артылерысту трэба. Дагэтуль іх захоўваю.
Затым франтавік фарсіраваў Віслу. «Нашу батарэю паставілі акурат на беразе, — згадвае Уладзімір Барадзін. — Паступіла каманда — расчысціць супрацьлеглы бераг. Добранька апрацавалі. Плацдарм быў захоплены. З яго пачалося наступленне на Варшаву. Баі там былі моцныя. Затым не затрымліваліся каля гарадоў. Калі было неабходна, пакідалі пэўную воінскую часць. Астатнія рухаліся наперад, да логава фашысцкага звера — на Берлін!»
Аднак на шляху савецкіх салдат была перашкода — рака Одэр. Фарсіраваць яе было няпроста: гітлераўцы ўсё рабілі для таго, каб не пусціць чырвонаармейцаў на іх зямлю. З абодвух бакоў — вялікія страты.
На адной з агнявых пазіцый Уладзімір Барадзін страціў сем чалавек са свайго падраздзялення. Сам цудам застаўся жывы. Уладзімір Васілевіч лічыць, што яго выратаваў акардэон, які ён пакінуў каля акопа. «Тут выбух, там выбух: думаю, акардэон сапсуецца, — пераносіцца ў тое імгненне суразмоўца. — Скачу ў акоп, бяру акардэон, стаўлю ўніз — літаральна за некалькі метраў ад мяне ўзрываецца снарад...»
З тым акардэонам Уладзімір Барадзін і сустрэў Перамогу, пасля прывёз яго ў Мінск. Але перш давялося пахаваць сваіх баявых таварышаў. За жыццё аднаго з іх змагаліся медыкі, але дарэмна... Да гэтага загінулы таварыш служыў у пяхоце: сем разоў быў паранены, столькі ж — прадстаўлены да ўзнагароды, але ні адной так і не атрымаў. Салдату параілі ісці служыць у артылерыю: маўляў, застанешся жывы. Але выйшла ўсё наадварот. Пасля вайны Уладзімір Васілевіч адшукаў адрас свайго саслужыўца, напісаў родным, як загінуў іх муж і бацька. Адказ, які ён атрымаў, ашаламіў. Яму напісалі, што дзеці не памятаюць загінулага, што жонка хворая і папрасілі больш не турбаваць.
Апошні артылерыйскі залп падраздзяленне, якім камандаваў лейтэнант Барадзін, дало 2 мая. На другі дзень пасля гэтага да яго прыехаў бацька, прывёз сыну вялікі канцэртны акардэон. Глава сям'і ехаў ваяваць на Далёкі Усход.
— Ці распісаліся на Рэйхстагу? — цікаўлюся ў ветэрана.
— Вядома! Гэта быў трэці ці чацвёрты дзень пасля яго ўзяцця, — згадвае ўдзельнік тых падзей. — Паставілі гарматы, трактары на аэрадроме і на грузавіках «Студэбекер» паехалі да Рэйхстага. Уласна кажучы, там не было ўжо месца, дзе і размахвацца. Я ледзь-ледзь тры літары свае (БВВ) надрапаў. Там усе так рабілі. У асноўным, ніз увесь быў распісаны. Наверх жа не залезеш.
Уладзімір Васілевіч прызнаецца: яго ў будынку Рэйхстага здзівіла тое, што там стаяў куфар з узнагародамі (жалезнымі крыжамі). «Ніхто іх нават браць не хацеў, — удакладняе ён. — Потым вырашылі наверх забрацца. Лесвіца, якая вяла туды, была разбітая. Я здзіўляюся, як гэта нашы хлопцы (чырвонаармейцы, якія ўзнялі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам. — «Зв».) туды прабраліся....»
Перамогу Уладзімір Барадзін сустрэў у невялікім сяле, дзе спыніліся па дарозе ад Берліна да месца пастаяннай дыслакацыі. Акурат ішлі з саслужыўцамі глядзець, дзе можна застацца на начлег. «Раптам чую залп: думаю, зноў дзесьці немцы вылезлі, — успамінае ён дзень 9 мая 1945 года. — Мы як рванулі... Прыбягаем у падраздзяленне, а там наперадзе гармат — пажар. Мы таксама прыклалі руку да гэтай справы: некалькі ж залпаў далі. Усе крычалі «Перамога! Перамога! Перамога!» Паставілі сталы (пазбіралі з хат), дзе крэслы, дзе дошкі паклалі замест крэслаў — быў абед. І ў абавязковым парадку — наркамаўскія сто грамаў. Так мы сустрэлі Перамогу».
Пасля вайны Уладзімір Барадзін застаўся ў арміі. Да 1948 года служыў у Германіі — у групе савецкіх войскаў. Затым уся яго служба праходзіла ва Украіне. Званне палкоўніка атрымліваў ужо ў Мінску, дзе і застаўся. Найлепшага горада, па словах ветэрана, няма. «Які Мінск быў, а які стаў! Столькі зроблена!» — кажа Уладзімір Васілевіч.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, на кіцелі якога зіхацяць ордэн Чырвонай Зоркі і тры ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», не можа змірыцца з тым, што зноў у свеце ўзняў галаву фашызм. «Я калі там служыў, гэты беспарадак ужо быў, — кажучы пра Украіну, адзначае ветэран. — Мая рота знаходзілася недалёка ад Львова. У суседняе сяло па начах з горада прыходзілі бандэраўцы. Яны і палілі, і забівалі, і ў балота людзей кідалі. У лясах іх было колькі хочаце. На двух палігонах гэтыя бандыты трэніраваліся ў стральбе. У той час! Таму не дзіўна, што цяпер адбываецца на Украіне. Нам галоўнае — не дапусціць падобнага на беларускай зямлі!»
Менавіта такі запавет ад аднаго з апошніх удзельнікаў той вайны. Варта прыслухацца.
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.