Вы тут

97 гадоў на карысць міру і стварэння баявога лётчыка ВАВ Фёдара Крываногава


У Магілёве павіншавалі з днём нараджэння чалавека, жыццёвы шлях якога апісаны ў кнігах і паказаны ў дакументальных стужках. Франтавік, працаўнік, шчаслівы бацька шасцярых дзяцей, любімы дзядуля і прадзядуля. Нарадзіўся Фёдар Іванавіч у Казахстане ў шматдзетнай сям’і, падлеткам працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1944 годзе пасля заканчэння 2-й Іванаўскай вышэйшай афіцэрскай школы лётчыкаў і штурманаў 18-гадовым юнаком трапіў на фронт, у якасці стралка-радыста лятаў на цяжкім бамбардзіроўшчыку далёкага дзеяння Іл-4 за сотні кіламетраў бамбіць варожыя аб’екты. Самалёт двойчы падбівалі, але абодва разы экіпажу шчасціла даводзіць баявую машыну да свайго аэрадрома. За баявыя заслугі чырвонаармеец узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «За баявыя заслугі», іншымі медалямі. 


Не менш слаўным быў і пасляваенны шлях ветэрана. Ён шмат працаваў і ў Беларусі, і ў Расіі, займаў кіруючыя пасады ў райкоме камсамола, быў дырэктарам саўгаса, старшынёй сельсавета. 

Павіншаваць Фёдара Іванавіча з днём яго нараджэння прыйшлі прадстаўнікі мясцовай ўлады, ветэранскай арганізацыі, дэпутаты. Для ганаровага імянінніка быў арганізаваны канцэрт, для яго спявалі песні ваенных гадоў, расказвалі вершы, гралі на музычных інструментах.

— Для нас вельмі прыемна сустрэцца з вамі, зарадзіцца вашай моцнай энергетыкай, — звярнулася да ветэрана намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка. — Гэта цудоўна, калі побач любімыя дзеці, унукі, людзі, якія за гады знаёмства сталі фактычна роднымі. Здароўя, цеплыні, утульнасці вам і ўсёй вашай сям’і, дабра. Ваша жыццё было няпростым, яно было гераічным. Вы — прыклад для ўсіх нас. 

Уручаючы падарункі ганароваму імянінніку, намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Валерый Яленскі адзначыў, што сёння такія людзі, як Фёдар Іванавіч Крываногаў, з’яўляюцца залатым фондам ветэранскай арганізацыі. 

— На жаль, ветэраны сыходзяць ад нас, — канстатаваў ён. — На сённяшні дзень у вобласці застаўся ўсяго 141 ветэран вайны, з іх толькі 56 — удзельнікаў вайны. І нам вельмі хацелася б, каб вы як мага даўжэй былі побач з намі. Дзякуй за тое, што вы адважна ваявалі і плённа працавалі на карысць грамадства. Два ордэны Знак Пашаны таму пацвярджэнне. 

Свае падарункі з цёплымі словамі віншавання ўручылі ветэрану таксама член Савета Рэспублікі Ігар Каско і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка, іншыя госці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.