Вы тут

Вулічныя банды, «апошняя» песня «Бітлз» і патрабаванне адключыць інтэрнэт


Чаму Швецыю захліснула «цунамі» злачыннасці?

У краіне беспрэцэдэнтны разгул крыміналу. Такога каралеўства яшчэ не бачыла. Журналісты нарвежскага медыярэсурсу Aftenposten звярнуліся па каментарыі да крымінолага з універсітэта Мальме Манэ Герэла, спецыяліста па шведскіх злачынных групоўках. «Мішэнню найчасцей становяцца маладыя людзі, — растлумачыў ён. — У нас ёсць 15-гадовыя падлеткі, якія страляюць з аўтаматаў, і 15-гадовыя падлеткі, расстраляныя з аўтаматаў. Гэта вар’яцтва».


У апошнія гады паліцыя б’е трывогу: і ахвяры, і злачынцы становяцца ўсё маладзейшымі. Падлеткаў вярбуюць дарослыя бандыты, таму што непаўналетнім у Швецыі выносяць мякчэйшыя прысуды. Гэтых падлеткаў часта называюць «дзеці-салдаты», адзначыў expert. ru. «Яны хочуць быць крутымі і добра зарабляць, — адзначыў Герэл. — І яны дамагаюцца свайго, калі выконваюць замовы на забойствы». Шведскі ўрад разглядае пытанне аб тым, каб знізіць мінімальны ўзрост крымінальнай адказнасці за злачынствы. У маі міністр юстыцыі Гунар Стрэмер заявіў, што ён можа быць паніжаны да 12–15 гадоў. Міністр таксама паведаміў, што ўвогуле ў бандах знаходзіцца каля 30 тысяч чалавек. Пераважная большасць з іх выдатна ўзброены. Гэтыя даныя інакш як страшнымі не назавеш.

Хваля гвалту пачалася ў Стакгольме ў калядныя святы. Паліцыя з усёй Швецыі была накіравана ў сталіцу, каб паспрабаваць спыніць разгул злачыннасці. Вартавыя парадку шмат чаго дабіліся, але днямі шведскае грамадства здрыганулася ад жаху. Суботнім днём у прыгарадзе Фарста злачынцы адкрылі агонь каля метро. Пацярпелі чатыры чалавекі. Паводле даных паліцыі, была ўжытая вайсковая аўтаматычная зброя. 15-гадовы падлетак памёр на месцы. Яшчэ адзін 15-гадовы хлопец атрымаў раненні. Жанчына ва ўзросце 60 гадоў паранена ў калена, калі спрабавала разблакіраваць свой веласіпед, а 45-гадовы мужчына памёр ад ран у бальніцы. Праз гадзіну пасля стральбы былі затрыманыя двое 20-гадовых маладых людзей, якія спрабавалі ўцячы на BMW. Паліцыя зладзіла самую сапраўдную пагоню, падчас якой аўтамабілі мчалі па трасе Е4 з хуткасцю 200 кіламетраў за гадзіну.

Людзі прынялі расправу ў Фарсце блізка да сэрца, яны неслі да месца злачынства кветкі і запаленыя свечкі. У многіх на вачах былі слёзы. Шведскія СМІ бурляць ад абурэння. Але не вельмі зразумела, чаму шведскія журналісты сарамліва маўчалі аб хвалі гвалту ў Стакгольме да гэтага. Паводле статыстыкі, сёлета да канца мая ў Швецыі адбыліся 144 інцыдэнты са стральбой, у тым ліку 52 у раёне Стакгольма. 18 чалавек былі забітыя, 10 з іх — толькі ў сталіцы. За апошнія пяць месяцаў было арыштавана каля 300 прадстаўнікоў крымінальнага свету, канфіскавана рэкордная колькасць зброі і боепрыпасаў. Адна з прычын, па якіх расце колькасць затрыманых, заключаецца ў тым, што злачынцы становяцца маладзейшымі і робяць больш памылак.

Тым не менш пакуль у Стакгольме працягваюць бясчынстваваць вулічныя банды. На думку начальніка сталічнай паліцыі Макса Окервала, неабходна выявіць і арыштаваць верхаводаў гэтых злачынных груповак. Начальнік нацыянальнай паліцыі Андэрс Торнберг мяркуе, што паліцыя не спраўляецца са злачыннасцю, таму што ў каралеўстве вельмі высокі ўзровень непаўналетніх злачынцаў.

Паліцыя плануе кваліфікаваць вярбоўку бандамі «дзяцей-салдат» як гандаль людзьмі, таму што, тлумачыць Макс Окервал, падлеткаў вельмі часта прымушаюць здзяйсняць асабліва цяжкія злачынствы. Для гэтага дарослыя бандыты звяртаюцца да пагроз і шантажу. Шведская паліцыя запатрабавала ад урада як мага хутчэй стварыць крызісную камісію па барацьбе з бандытызмам. Паліцэйскія кожны дзень рызыкуюць жыццём, але пакуль яны не могуць паставіць заслон хвалі гвалту, якая захліснула Стакгольм. Міністр юстыцыі каралеўства заявіў, што такая «камісія рызыкуе стварыць новыя тупіковыя сітуацыі». «Мы павінны быць сумленнымі. Некаторыя з неабходных мер, якія мае намер прыняць урад, сустракаюць супрацьдзеянне з боку некалькіх партый у рыксдагу», — падкрэсліў Гунар Страмер.


Нідэрланды атрымалі звыш 500 мільёнаў еўра за гандаль рабамі

Каралеўская дынастыя Аранскіх-Насаў у Нідэрландах зарабіла як мінімум 545 мільёнаў еўра ў пераліку на сёння праз свае калоніі на піку гандлю людзьмі ў перыяд з 1675 да 1770 года, паведаміла NL Tіmes. Адпаведнае даследаванне было выканана па замове міністэрства ўнутраных спраў і па справах каралеўства Нідэрландаў пасля запыту ад аднаго з членаў Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты парламента). Даследаванне праводзілася некалькімі інстытутамі пад кіраўніцтвам Каралеўскага інстытута ў Лейдэне.

Вільгельм ІІІ, Вільгельм ІV, Вільгельм V Аранскія выконвалі важную палітычную ролю штатгальтараў у Рэспубліцы Сямі Аб’яднаных Ніжніх Земляў, якая існавала з 1581 да 1795 года. Паведамляецца, што іх «каланіяльны прыбытак» склаў палову даходу, які яны атрымлівалі як штатгальтары на працягу з 1675 да 1770 года.

Як высветлілася, Аранская дынастыя мела прыбытак ад сваіх калоній за кошт розных спосабаў. Напрыклад, важнай крыніцай каланіяльных даходаў была Галандская Ост-Індская кампанія. Каралеўская сям’я не інвеставала ў гандлёвую кампанію напрамую, аднак акцыянеры плацілі ёй, як калі б яна валодала прыкладна трыма працэнтамі акцый.

Гісторыкі даўно мяркуюць, што сям’я Аранскіх-Насаў прымала актыўны ўдзел у каланіяльным праўленні былой Галандскай Ост-Індыі, Сурынама і Карыбскіх астравоў. У Нідэрландах 1 ліпеня будуць адзначаць 150-годдзе адмены рабства ў каралеўстве. У гэты дзень кароль Вілем-Аляксандр выступіць з прамовай на мерапрыемстве ў Амстэрдаме. Паводле звестак дасведчаных крыніц, чакаецца, што ён паўторыць прабачэнні, якія раней прынёс прэм’ер-міністр краіны Марк Рутэ за гістарычную ролю Нідэрландаў у рабаўладанні.

Як вядома, Нідэрланды ў XVІ—XX стагоддзях былі значнай каланіяльнай дзяржавай. У галандскіх калоніях рабства было адменена 1 ліпеня 1863-га. У залежнасці ад краіны дасюль знаходзяцца некалькі заморскіх тэрыторый — расфармаваных Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў: Аруба, Кюрасаа, Сінт-Мартэн, а таксама Карыбскія Нідэрланды: астравы Банайрэ, Саба і Сінт-Эстатыус.


Карэнныя народы Інданезіі запатрабавалі адключыць інтэрнэт

Супольнасць карэнных народаў у Інданезіі запатрабавала адключэння інтэрнэту ў іх раёне, каб звесці да мінімуму «негатыўнае ўздзеянне» віртуальнага сусвету. Як паведаміла РІА «Навіны» са спасылкай на інданезійскі анлайн-партал Merdeka, за ініцыятыву ў першую чаргу выступае карэннае племя Бадуі — супольнасць з 26 тысяч чалавек у правінцыі Бантэн на востраве Ява. Яны вядомыя сваёй адмовай ад сучасных тэхналогій. «Прадстаўнікі племені папрасілі ўлады правінцыі адключыць інтэрнэт або перанакіраваць найбліжэйшыя тэлекамунікацыйныя вышкі, каб сігнал не даходзіў да іх», — піша выданне. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што тэлекамунікацыйныя вышкі, пабудаваныя побач з іх раёнам, могуць «пагражаць іх ладу жыцця і маральнасці маладых людзей, у якіх можа ўзнікнуць спакуса карыстацца інтэрнэтам». «Гэты запыт — частка нашых намаганняў па мінімізацыі негатыўнага ўплыву смартфонаў на нашых людзей», — цытуе партал заяву правадыроў племені. Свабода інтэрнэту ў кансерватыўнай Інданезіі з мусульманскай большасцю з’яўляецца спрэчным пытаннем. Урад забараніў азартныя гульні і патрабуе ад інтэрнэт-правайдараў фільтраваць кантэнт, які яны лічаць непрымальным.


Пол Макартні запісаў «апошнюю» песню «Бітлз» з дапамогай штучнага інтэлекту

Як патлумачыў легендарны брытанскі музыкант «Бі-бі-сі», тэхналогія выкарыстоўвалася для «вымання» голасу Джона Ленана (шляхам яго ізаляцыі ад астатняга гукараду) са старога дэмазапісу, пасля чаго яму ўдалося завяршыць стварэнне песні. «Яна будзе выпушчана ў гэтым годзе», — дадаў Макартні. Ён не сказаў, што гэта за песня, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра кампазіцыю Ленана 1978 года пад назвай Now And Then («Тады і зараз»). Яна ўжо была прэтэндэнтам на «песню ўз’яднання» чацвёркі ў 1995 годзе, калі «бітлы», якія заставаліся ў жывых, перазвялі песні для зборніка Anthology («Анталогія»), які ахоплівае ўсю іх кар’еру.

Макартні атрымаў дэмазапіс ад удавы Ленана Ёка Она за год да таго, як ён, Джордж Харысан і Рынга Стар пачалі працаваць над «Анталогіяй». Гэта была адна з некалькіх песень на касеце з надпісам «Для Пола» (For Paul), якую Ленан запісаў незадоўга да сваёй гібелі ў 1980-м. Песні-накіды былі ў асноўным запісаныя на «бумбокс» (вялікі касетнік), калі Джон музіцыраваў на піяніна ў сваёй нью-ёркскай кватэры. Пасля запісаныя з дапамогай прадзюсара Джэфа Ліна, дзве з гэтых песень — Free As A Bіrd («Свабодны, як птушка») і Real Love («Сапраўднае каханне»), — былі выпушчаны ў 1995-м і 1996-м і сталі першым «новым» матэрыялам " Бітлз" за чвэрць стагоддзя. Гурт таксама паспрабаваў запісаць і Now And Then, песню пра каханне, якая была даволі тыповай для пазнейшай кар’еры Ленана, але з гэтага тады нічога не выйшла.

У апошнія некалькі гадоў Пол Макартні неаднойчы казаў аб сваім жаданні скончыць песню. «Я ўсё яшчэ думаю пра гэта, — сказаў ён у дакументальным фільме „Бі-бі-сі“ пра Джэфа Ліна ў 2012 годзе. — Так што я збіраюся праціснуцца на месца Джэфа і зрабіць гэта. Скончыць яе калі-небудзь». Думаецца, цяпер тэхналагічны прагрэс даў музыканту магчымасць гэта зрабіць. Сучасныя тэхналогіі дазволілі сэру Полу «спяваць дуэтам» з Ленанам у яго нядаўнім турнэ, а таксама дапамаглі стварэнню новых міксаў з аб’ёмным гучаннем для альбома Revolver гурта «Бітлз», які павінен быў быць перазапісаны летась. Удалося атрымаць ізаляваны голас Джона з плёнкі на старой касеце, сказаў Макартні ў інтэрв’ю «Бі-бі-сі». «У нас быў голас Джона і піяніна, якія падзялілі з дапамогай штучнага інтэлекту, — заўважыў музыкант. — Сказалі камп’ютару: «Гэта голас, гэта гітара. Прыбяры гітару».

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.